Сімволіка беларускай народнай культуры  Янка Крук

Сімволіка беларускай народнай культуры

Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
115.97 МБ
Аднак асноўныя падзеі разгортваліся вакол печы падчас гатавання самага галоўнага атрыбута вясельнай урачыстасці — каравая. Прыгожы, шматступенны рытуал быў багата аздоблены спецыяльнымі песнямі, у якіх апяваліся каравайніцы,
рэчы, неабходныя для выпечкі святочнага хлеба, і асабліва печ, у якой народзіцца новых хлеб — сімвал новай сям’і, жыцця маладых у новым сацыяльным статусе.
Нараджэнне і першыя гады жыцця дзіцяці таксама цесна звязаны з рытуалаформай печы. Напрыклад, пры першым рытуальным купанні нованароджанага ў начоўкі клалі 9 вугальчыкаў.4 На працягу першай паловы года ваду пасля купання дзіцяці вылівалі ў падпечак.5 У многіх мясцінах Беларусі валасы пасля першага падстрыгання немаўляці спальвалі на прыпечку.6 А ўсе малочныя выпаўшыя зубы кідалі ў запечак, прыгаворваючы: “Мышка, мышка! На табе зуб касцяны, а дай мне жалезны!”
Такое ж важнае месца займала печ і ў пахавальнай абраднасці беларусаў. Так, вяртаючыся з могілак пасля пахавання. родныя і блізкія нябожчыка збіраліся на памінальную трапезу. Але перш чым сесці за стол, усе прысутныя па чарзе падыходзілі да печы і аберуч датыкаліся да яе брыля.7 Святкаванне Восеньскіх Дзядоў распачыналася тым, што гаспадар падыходзіў да загнета, заглядваў у комін і зваў душы сваіх продкаў.8
Печ выконвала прыкметную ролю і ў каляндарнай абраднасці. Напрыклад, у Чысты чацвер попел выграбалі з печы і неслі ў курнік (каб добра несліся куры) або летам пасыпалі ім капусту (каб яе не паелі чэрві). Трэба адзначыць, што з асаблівай увагай дамачадцы адносіліся да неабходнасці пастаянна захоўваць цяпло. Лічылася, калі гарачыя вугальчыкі, загорнутыя попелам на ноч, патухнуць, сям’ю напаткае няшчасце. Дазвалялася патушыць агеньчык у печы толысі на Вялікдзень і Купалле — у тыя найвялікшыя святы, якія адпавядалі фазам найвышэйшага росквіту Сонца.
На палескіх абшарах рассялення беларусаў добра вядомы абрад “жаніцьба коміна”, які праводзіўся двойчы на год: у дні веснавога і восеньскага раўнадзенства.9 Вясной праз спецыяльны рытуал нашы продкі дзякавалі печы за захаванне цяпла на працягу доўгай і халоднай зімы. Ушанаванне печы напярэдадні зімы было скіравана на тое, каб зноў-такі заручыцца яе падтрымкай на новы перыяд замірання прыроды.
Аб тым, што печ з’яўлялася сімвалам сямейнага ачага, сведчаць міфалагічныя легенды, з якіх мы, напрыклад, ведаем, што за печчу жыў дамавік — дух-ахоўнік хаты і сям’і. Магчыма, менавіта ён праз дзірку ў смаліне на прыпечку дапамагаў зняць сурокі або чары, калі маці пралівала ваду, якой лячыла сына ці дачку. Гэтую ж думку пацвярджае і строгае папярэджванне госцю або дамачадцу, які нечакана сказаў благое слова ў
прысутнасц. дзяцей. Гаспадар хаты тут жа заўважаў: “Печ у хаце!” Або нехта з прысутных сам успамінаў пра забарону і рабіў агаворку: “Сказаў бы, ды печ у хаце!”
Цікава адзначыць, што ў мінулыя часы колькасць гаспадарак у вёсцы ўлічвалася менавіта па колькасці “дымоў”.
ПАДКОВА НА ШЧАСЦЕ
Хто з нас з дзяцінства не памятае дзвюх прыкмет, якія тычыліся рэгламентацыі паводзін па-за межамі хаты: не хадзі праз “цыганскія” вароты (арку, утвораную тэлеграфным слупам і яго дадатковай падпорай); калі знойдзеш падкову, прынясі яе дадому — шчасце паселіцца ў ім. Але ж атрымліваецца: адзін і той жа сімвал хавае ў сабе два супрацьлеглыя пачаткі — Дабро і Зло? А можа нашы далёкія ці ўжо блізкія продкі нешта наблыталі? Для таго каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, неабходна ўзгадаць як мага болыл рытуальных дзеянняў, сітуацый або становіілчаў, цэнтральным атрыбутам якіх з’яўляецца арка ў розных яе праявах.
Аказваецца, гэта сімвалічная форма шырока выкарыстоўваецца не толькі ў народных абрадах, але і ў рытуалах, якімі абстаўляюць працэдуру лячэння народныя знахары, не толькі славянскія, а наогул еўрапейскія. Прывяду некалькі прыкладаў, якія сустракаюцца Ў этнаграфічнай літаратуры мінулага стагоддзя.
Каб пазбавіць дзіця ад грыжы або перамагчы рахіт, дзейнічалі наступным чынам. Двума клінамі расшчаплялі ствол ясеня настолькі, каб праз утвораную адтуліну (арку) можна было прасунуць хворае дзіця. Затым кліны выбівалі, а дрэва моцна перавязвалі вяроўкамі. Лічылі, як толькі дрэва зрасцецца, дзіця адолее хваробу.
Вядома, напрыклад, што ў Балгарыі, як толькі пачыналася эпідэмія коклюшу, адна з вясковых лекарак шукала вярбу, выграбала з-пад яе каранёў зямлю так, каб утварылася аркалаз, і ўсе дзеці з гэтай вёскі прапаўзалі праз яе. Лічылася, што гэта рытуальнае дзеянне перасцеражэ ўсіх удзельнікаў рытуалу ад эпідэміі. Амаль што такім жа чынам лячылі большасць дзіцячых хвароб у Даніі.1
Надзвычай цікавым спосабам лячэння коклюшу карысталіся ў мінулым стагоддзі ірландцы. Трэба было знайсці менавіта трохгадовую асліцу і дзевяць разоў перадаць дзіця з рук у рукі голым пад жыватом і над спіной жывёліны. Затым выдаіць у яе тры сталовыя лыжкі малака, выстрыгчы з-пад жывата і са спіны па тры шарсцінкі, палажыць іх у малако на
тры гадзіны, а потым даць дзіцяці яго выпіць. Гэту працэдуру трэба паўтарыць тры раніцы запар.2
У розных мясцінах Беларусі даводзілася чуць, што сімволіка аркі павінна прысутнічаць у рытуале лячэння хворых на эпілепсію. Маўляў, дастаткова хвораму прапаўзці пад жыватом маладога (яшчэ не запрэжанага ў калёсы) каня, як хваробы хутка не стане. У Верхнядзвінскім раёне дзве старыя бабулі расказвалі, як у іх вёсцы “вылечылі” аднаго хлопца. Яго паклалі на парог, перад тым як з хаты выносіць нябожчыка, накрылі галаву чорнай хусцінай і пранеслі над ім труну.
Прывядзем некалькі прыкладаў рытуальнага выкарыстання аркі і ў беларускіх народных абрадах і гульнях. Яшчэ ў даваенны час беларускія дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту на Сямік (чацвер перад Тройцай) хадзілі ў лес і праводзілі абрад кумлення. Яны выбіралі дзве прыгожыя маладыя бярозкі, якія стаялі побач, прыгіналі іх вяршаліны і перапляталі між сабой. Затым дзяўчаты, якія сябравалі, браліся папарна за рукі і, спяваючы веснавыя песні, праходзілі праз арку. Гэта сімвалізавала іх цесную паяднанасць, гатоўнасць дапамагаць адна адной ва ўсіх справах. Калі адна з сябровак хутка выходзіла замуж, то другая абавязкова была ў яе старшай шаферкай.3
Сімволіка аркі літаральна пранізвала абрад беларускага вяселля. Пасля таго як дружына маладога выкупіць маладую, бацькі яе станавіліся перад парогам хаты і ўтваралі трыумфальную арку-(Ра-)дугу спецыяльным рытуальным ручніком. У чырвоныя канцы апошняга загортвалі па бохану хлеба, які трымалі адной рукой (маці — левай, бацька — правай), а другой — як мага вышэй уздымалі сярэдзіну ручніка. Маладыя, узяўшыся за рукі, праходзілі пад гэтым Млечным Шляхам (або летняй вясёлкай, якая ўздымалася да неба пасля дажджу).
Калі ж маладыя вярталіся з-пад вянца, то яны павінны былі праехаць праз вясковую браму (яшчэ адна арка, якая існавала на ўездзе практычна ва ўсе населеныя пунктьі Еўропы) або заязджалі на брычцы прама ў двор, праехаўшы пры гэтым праз сваю “родную” браму. Вясельны каравай (сімвал сонца, неба, якое паяднала маладых) клалі на вечка (параўнайце: век, вечнасць, век векаваць) дзяжы і на ручнік, а потым уносілі ў хату на высока ўзнятых руках хросныя бацькі.
Асаблівая павага надавалася яшчэ аднаму сімвалу аркі — дузе каня, на якім да вянца ехаў малады са сваёй світай, a назад — новаствораная шчаслівая пара. Дугу абавязкова ўпрыгожвалі рознакаляровымі стужкамі, жывымі або папяровымі кветкамі (калі вяселле было ўзімку), прывязвалі да яе некалькі гучных званочкаў, якія, паводле народных уяўленняў, павінны
былі сваім звонам адагнаць усялякую нячыстую сілу, прадухіліць чараванне мясцовых ведзьмакоў.4
Сімволіка аркі выкарыстоўвалася і ў час радзінаў. Муж парадзіхі імчаў да святара і прасіў адчыніць у храме Царскія Вароты. А ў той вёсцы, дзе храма не было, існавалі іншыя спецыфічныя рытуалы, якія былі скіраваны на тое, каб хутчэй даць палёгку цяжарнай жанчыне: яна паціхеньку павінна была прапаўзці пад лавай, зэдлікам або проста паміж ног свайго мужа.
А прымхлівае дзіця, якое часта пакутавала ад сурокаў. Раілі лячыць наступным чынам. Пасярэдзіне хаты ставілі стол і прасілі дзіця прапаўзці пад ім вакол кожнай ножкі, утвараючы васьмёркі.
Неабходна адзначыць, што сімволіка аркі суправаджала чалавека не толькі ў святочных падзеях. Яе прысутнасць можна заўважыць літаральна на кожным кроку ў паўсядзённым побыце. Напрыклад, чырвоны кут у хаце. Яго духоўным цэнтрам, той прыцягальнай сілай, якая прымушала забыцца на ўсё мітуслівае і падумаць аб Вечнасці, была ікона. Кожная дбайная гаспадыня абавязкова пакрывала яе “саматканым Млечным Шляхам” — прыгожа вышытым ручніком. I меў гэты ручнік форму небасхілу, вясёлкі, свяшчэннага покрыва, якое, быццам крылы анёла або бялюткае покрыва Маці Боскай, засцерагала сям’ю ад ваеннай навалы, эпідэмій, людской зайздрасці і сямейнага разладу.
Раніцай гаспадыня ставіла ў печ гаршкі з рознымі стравамі. Вусце печы і само паднябенне мелі тую ж аркападобную форму. Калыска, у якой немаўля набіралася моцы, каб хутчэй выйсці за парог і ўбачыць прасторы Космасу, з якога прыляцела яго душа, таксама была прыкрыта палажком у форме аркі. “Калыску”, у якой чалавека адпраўлялі ў апошні шлях, закрывалі цяжкім драўляным полагам — вечкам — зноў-такі Небам Вечнасці і Спакою.
У гонар вялікіх перамог у сталіцах еўрапейскіх дзяржаў (Парыж, Берлін, Санкт-Пецярбург) будавалі Трыумфальную арку як знак гераічнасці мясцовага люду.
Як гэта ні дзіўна, але і апошняя хвіліна нашага зямнога існавання і пераход на “той” свет звязаны з той жа, але перавернутай, аркай, якую ўтвараюць ручнікі, на якіх апускаюць труну з нябожчыкам у магілу.
Такім чынам, усе згаданыя рытуальныя і побытавыя кантэксты ўжывання сімвала аркі сведчаць, што праход (прапаўзанне, апусканне, перанясенне) праз яе азначаў прынцыпова важныя змены ў жыцці, разрыў з мінулым статусам і набыццё зусім іншага. Прычым арка, выгнутая ўверх, перасцерага-
ла, прыкрывала, заступалася за чалавека. Арка, выгнутая ўніз, сімвалізавала касмічны пераход у іншыя сферы быцця. 3 гэтага вынікае: падкову над уваходам трэба мацаваць толькі выпукласцю ўверх.
А чаму ж тады нельга праходзіць праз “цыганскія” вароты? Чаму ў народзе кажуць у такім разе: будзе балець галава, перастанеш расці або застанешся адзін у жыцці? Справа ў тым, што шматлікія кантэксты выкарыстання аркі мелі пераважна рытуальны характар: трэба было засцерагчыся ад эпідэміі або пазбавіцца ад хваробы — праходзь праз арку. I наадварот, калі ты здаровы, дужы і шчаслівы, то не праходзь праз яе, каб не страціць усё гэта і не наклікаць бяды.