Сімволіка беларускай народнай культуры
Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
Сам торг з’яўляўся не толькі фінансава-камерцыйным актам. Аказваецца, ён быў прасякнуты спецыфічнымі дзеяннямі, якія маглі справакаваць дабрабыт або шкоду. Так, пакупнік прыдзірліва ўглядаўся, на якой частцы воза сядзела гаспадыня. Былі ўпэўнены, калі ўселася на пярэдняй восі або пасярэдзіне, то гэта сведчыла аб яе чараўніцтве з мэтай адабраць малако ў прадаваемай каровы. Часам гаспадыню прасілі злесці з воза. Калі тая згаджалася, меркавалі, што нічога дрэннага яна не рабіла, калі ж адчайна супраціўлялася, карову ў яе проста не куплялі.
Існавала і такое павер’е: калі прададзеную скаціну шкадаваць, то яна не прыжывецца ў новых гаспадароў. Пакупнік заўсёды прасіў прадаць карову разам з вяроўкай, на якой яе прывялі на базар (адсюль і прыказка: “Прапала кароўка, прападзі і вяроўка”). Аднак продаж вяроўкі мог скончыцца тым, што гаспадар-прадавец, магчыма, мог пазбавіцца спору ў сваім хляве. Таму на базар вялі на вяроўцы, спецыяльна купленай для гэтай падзеі; перадаваць аброць ці вяроўку трэба было не
голымі рукамі, а праз крысы верхняй вопраткі, а таксама толькі з правай рукі прадаўца ў правую руку пакупніка, якая абавязкова павінна быць зверху. Па тлумачэнні У.Даля, гэта было знакам таго, што гаспадар прадае жывёлу па добрай волі, не шкадуючы. Некаторыя навукоўцы схільны бачыць у гэтым рытуале вельмі глыбокія карані, якія ўходзяць у першавытворныя прынцыпы міфалагічнага светаўспрымання. Шматразова згадваемы прынцып “падобнае выклікае падобнае” дазваляе сцвярджаць, што абодва бакі выкарыстоўвалі крысо вопраткі толькі таму, што баяліся: голыя рукі могуць справакаваць пустэчу ў хляве. (Узгадаем працэдуру дзяльбы каравая на вяселлі. Маладых катэгарычна забаранялася віншаваць поціскам голай рукі — могуць быць або беднымі, або бяздзетнымі.)
Акт продажу заканчваўся тым, што пакупнік браў карову за вяроўку і тройчы па сонцу абыходзіў воз, а прадавец тым часам вяртаў яму некалькі капеек назад. Такім чынам усталёўвалася раўнавага гаспадарскага ўзаемазаахвочвання.
Калі карову куплялі непасрэдна ў двары гаспадароў, то яе рэкамендавалі забіраць у першай палавіне дня, але ні ў якім разе вечарам; калі торг адбыўся адвячоркам — толькі назаўтра раніцай. Такое абмежаванне звязана з разуменнем пэўных фаз дня. Пераход дня ў ноч лічыўся вельмі благігл часам і параўноўваўся па сваім значэнні з апошняй квадрай Месяца. Забіраючы карову, пакупнік або яго жонка імкнуліся прыхапіць з сабою жменьку зямлі з двара былога гаспадара (бралі зямлю з падваротні хлява або каля правага вушака дзвярэй) і затым рассыпаць яе па сваім двары: “прывязаць” карову да свайго двара.
Цікавыя рытуальныя дзеянні выконваліся гаспадарамі падчас прывядзення каровы ў новы двор. Гаспадыня звычайна сустракала яе хлебам-соллю і давала з’есці першы адрэзаны акраец. Лічылася добрай прыкметай, калі купленую карову будзе сустракаць цяжарная жанчына. У некаторых месцах жывёліну сустракалі гэтаксама, як маладых пасля вянчання: у варотах клалі кажух, вывернуты поўсцю наверх.
На Беларусі вядомы і звычай абліваць карову вадой, калі яе толькі заводзяць у двор, каб яна не “сумавала” па папярэдніх гаспадарах. У той дзень, калі карову прывялі да новых гаспадароў, катэгарычна забаранялася што-небудзь пазычаць (у тым ліку і грошы). Гэты звычай цесна пераплечі,ены з семантычна блізкімі сітуацыямі: нічога не пазычаць у той дзень, калі нарадзілася дзіця або ацялілася карова.
КАБ ХУТЧЭЙ АДІІАЛЯВАЛА
Практычна ўсе вядомыя захады гаспадароў, накіраваныя на злучку каровы, зноў-такі грунтаваліся на традыцыйных рытуальна-магічных дзеяннях, якія сімвалізавалі паяднанне, збліжэнне. Напрыклад, адным з найбольш надзейных спосабаў імітацыі дасягнення жадаемага быў сімвалічны акт кармлення каровы хлебам з соллю праз плот. Калі карову прыводзілі да быка, то гаспадар адвязваў вяроўку, якой вёў скаціну, і апяразваўся ёю сам. Моцным сродкам ад бясплоднасці лічылася і такое дзеянне: пасля таго як хлеб пасадзілі ў печ, бралі нож і саскрабалі з лапаты рэшткі цеста, якія перамешвалі з соллю і давалі карове, але не з рук, а перакідвалі праз дзвярную завесу. У заходніх раёнах Беларусі з гэтай нагоды рабілі так: бралі шнурок, на якім вясной падсушвалі вяндліну або саланіну, і навязвалі карове на шыю.
На працягу шматлікіх стагоддзяў гаспадарання чалавека ўзніклі і захаваліся ў народнай памяці прыкметы, па якіх можна было прадказаць, цёлкай ці бычком ацеліцца карова. Так, калі яна “пахадзілася” да паўдня ці на пустое вымя, ліжа сабе спіну, жвавая, то трэба было чакаць бычка; калі ж нядоенай або ў другой палове дня, ліжа сабе бакі, застаецца ціхай і спакойнай — цёлку. Нагадаю і такую незвычайную прыкмету: калі незадоўга да ацёлу хвост у каровы будзе мець звычайны выгляд, чакайце цёлку, калі ж заўецца — бычка.
Дбайныя гаспадыні на працягу ўсяго перыяду цельнасці прытрымліваліся цэлай сістэмы абмежаванняў і перасцярог. Аказваецца, у гэты час нельга было віць вяроўкі, пугу-пляцёнку, вязаць з матузоў дываны, гарадзіць пералаз, бо цяля ўродзіцца са звітымі або вывернутымі ножкамі. А каб перасцерагчы карову ад рознага чарадзейства або ліхога вока, трэба было вывесці яе ў двор і тройчы перакінуць праз спіну сякеру, толькі з таго боку, з якога даілі.
АЦЁЛ
Яшчэ раз хочацца паўтарыць, што ступень свяшчэннадзейства падчас нараджэння дзіцяці і з’яўлення на свет цяля была амаль што аднолькавай. Гэта быў адказны момант, ад якога залежыла здароўе не толькі цяляці, але і самой каровы. Больш таго, правільныя дзеянні з паследам прадвызначалі далейшы лёс рагулі.
У час ацёлу не пажаданай была прысутнасць чужых людзей, каб кепскія вочы не выклікалі прыпадак, таму адразу ж карову і цяля трэба было апырскаць вадою, асвечанай у храме
на Вадохрышча, і абсыпаць соллю, якую ў Чысты чацвер ставілі на ноч на скрыжаванні дарог. Лічыцца, што цяля будзе добра расці, калі адразу ж пасля ацёлу абкурыць саскі каровы грамнічнай свечкай. А каб карова не страціла малако, яе абсыпаюць асвечаным макам. Асобныя гаспадыні выконвалі больш складанае рытуальна-магічнае дзеянне. Як толькі расцеліцца першацёлка, трэба набраць поўную даёнку вады, роўна з берагамі, затым здаіць з кожнага саска накрыж па тройчы на тую ваду і даць яе папіць карове. Рэшткі лінуць на карову ад крыжа да галавы — ніякія чары не прычэпяцца да яе.
Нашы продкі былі перакананы, што малочнасць каровы ў многім залежыць ад дня ацёлу. Скажам, калі гэта панядзелак ці пятніца — малака будзе вельмі мала, хоць ты бяры і дразу вядзі рагулю на базар. Найбольш шчаслівымі лічыліся аўторак, серада і чацвер. Існавалі таксама прадказанні аб малочнасці, зыходзячы з напрамку размяшчэння цяляці адразу пасля ацёлу. Мой бацька разважаў так: калі галава скіравана на ўсход — вырасце вялікім і дужым; калі на захад — лепш зарэзаць або прадаць. 3 даўніх часоў вялікай пашанай карысталіся бычкі-блізняты: калі ўзараць на іх поле, заўжды будзе добры ўраджай, а збажыну ніколі не паб’е град; калі ж абараць на іх усю вёску, не будзе памораў.
Асаблівую павагу трэба было ўдзяляць “месцу” або “пасцелі”, якую пажадана тут жа закапаць у гной, каб карова не з’ела: верылі, што пасля гэтага малако будзе пеніцца аж да другога цялення. Калі карова доўга не магла ачысціцца ад “месца”, бралі стары венік або мятлу і праводзілі ім па крыжы, затым неслі на скрыжаванне дарог і закопвалі. Усё гэта імкнуліся выканаць так, каб ніхто не ўбачыў — інакш не будзе карысці.
Часам можна сустрэць і такі абрад. Гаспадыня брала паслед у рукі і тройчы абыходзіла карову супраць сонца. Затым двойчы апускала яго да ног жывёліны і нарэшце злёгку пляскала ім на ілбе каровы, прыгаворваючы: “Матуля-рагуля, як ты стаіш, так і стой. 3 нагі на нагу не пераступай, хвастом не махай, галавой не круці, лёгка даіся, дадому заўсёды вярніся”. Пасля гэтага паслед закопвалі ў праходзе, каб наступнай была цёлачка, або ў куце — каб быў бычок. Этнографы ўзгадваюць і крыху іншы варыянт такога абраду. Жанчына спачатку праводзіла паследам па хрыбце каровы ад галавы да хваста і казала: “Рагуля-баравуля, так стаяла твая бабуля, так стаяла твая матуля і табе так стаяць наказвала”. Гэта дзеянне паўтаралі тры разы, пасля чаго паслед закопвалі ў зямлю пад гной і ў тое месца ўбівалі кол са словамі: “Як гэты кол стаіць, так і ты стой”.
Да нашага часу вясковыя знаўцы народнай мудрасці выконваюць вельмі эфектнае прафілактычнае дзеянне: карове першага ацёлу спілоўваюць адзін або два рогі, прасвідроўваюць у іх невялікія дзірачкі і ўпускаюць туды “жывое срэбра” (ртуць). Гаспадыні перакананы: лепшага сродку ад сурокаў і розных чараванняў проста не існуе.
ЧАЛАВЕКI СУСВЕТ
СЛАВЯНСКАЯ МІФАПАЭТЫЧНАЯ МАДЭЛЬ СВЕТУ: бінарная апазіцыя правае—левае
У другой палове 20 ст. асноўныя накірункі фалькларыстычных даследаванняў на Беларусі канцэнтраваліся вакол уласна жанравых структур. Аднак падрабязнае структурнафункцыянальнае даследаванне на наступным этапе вымагае прац абагульняючага характару, у якіх было б дадзена філасофска-культуралагічнае асэнсаванне беларускай этнакультурнай традыцыі. Даўно ўжо наспела патрэба ў шырокамаштабных кампаратывісцкіх даследаваннях, скіраваных на вывучэнне культурных архетыпаў, іх семантыкі, семіятычных кодаў нашай культуры. Заключным звяном у ланцужку этнакультурных даследаванняў можа стаць вывучэнне светапоглядных асноў: асаблівасцей светаўспрымання, светаадчування, светаўсведамлення і нарэшце светабудовы ў цэлым. Вынікі такіх даследаванняў стануць трывалым падмуркам для стварэння беларускай (у кантэксце агульнаславянскай) этнакультурнай мадэлі свету, у якой дыяхронны (вертыкальны) зрэз будзе сінтэзаваць духоўныя полюсы, на якіх, з аднаго боку, сканцэнтраваны язычніцкі пантэон уладароў неба, а з другога — пантэон бостваў — уладароў зямлі (са сваёй уласнай падструктурай: хтанічны свет, стыхіі зямлі і вады і “свет” продкаў). У аснове гарызантальнай (сінхроннай) структуры знаходзіцца пантэон Духаў, якія “ажыўляюць” наваколле і гаспадарчыя пабудовы. Кожны крок чалавека, кожная інтэнцыя якой-небудзь дзейнасці абавязкова падпарадкоўваліся закону каштоўнаснай арыентацыі, які структураваў прастору на аснове прынцыпу этыка-рэгламентуючай і ацэначнай палюсарнасці: правае—левае, спераду—ззаду, маё—чужое, дабро—зло, жыццё— смерць, мужчынскае—жаночае і інш.