Сімволіка беларускай народнай культуры
Янка Крук
Выдавец: Беларусь
Памер: 350с.
Мінск 2003
Якая з гэтых бінарных апазіцый першасная, а якая вытворная, сказаць беспамылкова немагчыма, хаця старажытныя міфалагічныя сюжэты прымушаюць думаць, што асноватворным магло быць супрацьстаянне маё—чужое, за якім бачылася становішча эмбрыянальнай камфортнасці, абароненасці, надзейнасці (космас жытла, маё) і нязведаны, нязвыклы свет паза межамі асвоенай тэрыторыі (антысвет чужынцаў). У непасрэднай блізкасці ад антыноміі маё—чужое стаіць прыродна-
экзістэнцыяльнае супрацьстаянне жыцця і смерці. У больш познія часы гэтыя катэгорыі набываюць ацэначна-каштоўнаснае або этыка-прававое асэнсаванне і трансфармуюцца ў катэгорыі дабра і зла. Касмаганічны акт першатварэння, адлюстраваны ў беларускай міфатворчасці, не тлумачыць, чаму менавіта такім чынам адбылася палярызацыя каштоўнасных арыенціраў у структураванні культурнай айкумены, аднак іх прасторавая суаднесенасць даволі выразная: злева(-), справа(+), спераду(+), ззаду(-). Гэты ж самы прынцып пакладзены і ў аснову матрыцы ружы вятроў. Зразумела, калі адштурхнуцца ад тэкстаў замоў, у якіх народны лекар на ўзроўні слоўнай экстрапаляцыі пераносіць сябе ў рытуальнае месца радавых святкаванняў, то даволі выразную пазначанасць атрымае класічны арыенцір: тварам на усход(+). У такім выпадку маркіраванасць ружы вятроў будзе цалкам адпавядаць жыццёваму космасу чалавека: усход і поўдзень — знак захад і поўнач — знак
БІНАРНАЯ АПАЗІЦЫЯ ПРАВАЕ—ЛЕВАЕ: культурныя кантэксты
Знаёмства з беларускай этнакультурнай традыцыяй паказвае, што супрацьпастаўленне правы—левы з’яўляецца адным з найбольш пашыраных як у структуры рытуальна-абрадавых комплексаў, так і ў побытава-сітуатыўным плане. Перш за ўсё звернемся да абрадавых кантэкстаў і прасочым, якім чынам гэты культуралагічны прынцып уплываў на паводзіны ўдзельнікаў абраду і на структураванне прасторавага локуса святочнага дзеяння.
1. Рытуальна-абрадавыя кантэксты апазіцыйнасці правае—левае
Неабходна адразу адзначыць, што дыхатамія правае—левае найбольш выразна і шматбакова праяўляецца пры супастаўленні абрадавых структур, якія ляжаць у аснове шматдзённых сямейна-радавых святкаванняў вяселля і памінак. Практычна ўсе іх вузлавыя моманты падпарадкаваны аднаму алгарытму развіцця, аднак у залежнасці ад таго, якая эмацыянальная дамінанта пераважае (жыццясцвярджальная ці развітальная), адно і тое ж дзеянне мяняе свой знак на супрацьлеглы.
1.1. Распачынаецца сервіроўка святочнага стала. Калі ён рыхтуецца з нагоды важнай падзеі ў зямным жыцці чалавека
(радзіны, чарговы дзень нараджэння, вяселле, юбілей сумеснага жыцця, провады ў войска, наваселле і інш.), то абрус кладзецца на стол правым бокам, лыжка і відэлец — выемкай уверх (да сонца, каб сонца “купалася”); калі ж рытуальная трапеза адбываецца з нагоды паслясмяротнага ўшанавання каго-небудзь з родных або блізкіх, то абрус засцілаюць левы.м бокам, а лыжку пераварочваюць выемкай уніз (відэлец увогуле на стол не клалі).
1.2. Дыяметральнай супрацьлегласцю адрозніваўся рытуал пасадкі гасцей за вясельны і жалобны стол. Так, за вясельны стол галоўныя персанажы святкавання (маладыя) заходзілі, рухаліся следам за сонцам — злева направа. А вось за жалобны — усе прысутныя заходзілі ў адваротным накірунку — супраць сонца, на захад. Аднак напрыканцы трызны ўсе госці (за выключэннем самага старога) уставалі адначасова і выходзілі ўжо па сонцы, што павінна было азначаць толькі адно: няхай жыццё доўжыцца ў гэтай хаце.
1.3. Гэты ж самы прынцып захоўваецца яшчэ ў дзвюх рытуальных сітуацыях.
1.3.1. Пасля таго як закончыцца выкуп нявесты і перад тым, як маладыя адправяцца да вянца, бацька дапамагаў дачцэ выканаць абрад развітання са сваім домам, культурна-абрадавым эпіцэнтрам якога быў стол. Ён апяразваў дачку ручніком і тройчы па сонцы абводзіў яе вакол стала, а затым вёў да парога.
1.3.2. У другой палове 20 ст. гэты рытуал атрымаў новае жыццё ў гарадскіх умовах. Перад тым як адправіць парадзіху ў раддом, муж тройчы па сонцы абводзіў жонку (будучую маці) вакол стала.
1.4. Перад тым як вясельны картэж адправіцца да храма на вянчанне, маці маладой тройчы па сонцы абыходзіла ўсіх удзельнікаў абраду і абсыпала іх зернем жыта.
1.5. Калі вясельны картэж уязджаў у вёску, да хаты маладой ён павінен быў пад’ехаць толькі з таго боку, з якога ўзыходзіла сонца.
1.6. Вароты на могілках заўсёды з’арыентаваны на захад, таму труну з нябожчыкам заносяць на могілкі і падносяць да магілы толькі з захаду.
1.7. На ўсёй тэрыторыі Беларусі існуе звычай сустракаць маладых перад парогам хаты. Маці трымае на руках хлебсоль, а бацька два кілішкі і штоф з гарэлкай. Піць яе маладым забараняецца. Таму як толькі бацька налье і прапануе выпіць, маладыя пасмакуюць (прыгубяць) і, зразумеўшы, што гэта не іх пітво, выльюць гарэлку правай рукой праз левае плячо.
Дэтэрмінаванасць прыярытэтнага ў культуры накірунку “злева направа” можа быць шматаспектнай: псіхалагічнай, фізіялагічнай, біялагічнай. Аднак, думаецца, што ўсе варыянты падпарадкаваны ўніверсальнай касмалагеме: руху Сонца па небасхіле (хаця вядома, што на самой справе Зямля рухаецца вакол сваёй восі і вакол Сонца ў левы бок). Калі на працягу светлавога дня Сонца рухаецца злева направа (што і вызначае спецыфіку разгортвання рытуалаў жыццепрадуцыравальнага характару), то ноччу, калі трапляе ў царства смерці — Танатаса, яно павінна прайсці шлях у адваротным накірунку — справа налева, каб раніцай зноў з’явіцца на гарызонце на ўсходзе.
Гэтаму касмаганічнаму прынцыпу падпарадкаваны шматлікія дзеянні не толькі ў рытуальна акцэнтаваных, але і побытава-будзённых сітуацыях. Напрыклад, калі гаспадыня сшывала дзве полкі ў посцілках, у спадніцы, у настольніку, зашывала навалачку або сяннік, то іголку яна абавязкова трымала “на сябе” і шво доўжылася злева направа. Калі ж адпаведныя дзеянні выконваліся ў час падрыхтоўкі рытуальных атрыбутаў для пахавання, усё рабілася ў адваротным накірунку — справа налева.
2. Бінарная апазіцыя правае—левае: этыка-нарматыўныя кантэксты
Касмаганічны ўніверсум структуравання прасторы на правае — левае ахопліваў практычна ўсе сферы дзейнасці старажытнага чалавека. У катэгорыях народнай педагогікі і этыкі гэта апазіцыя трансфармавалася ў супрацьстаянне Дабра і Зла, Шчасця і Гора (Бяды), Долі і Нядолі. Аб гэтым сведчаць славянскія народныя казкі і быліны. Герой стаіць на скрыжаванні дарог, яму неабходна зрабіць выбар, у якім накірунку пайсці далей. Камень-валун, які выконваў ролю маркёра цэнтра асвоенай прасторы, падказваў: налева пойдзеш — смерць знойдзеш, направа пойдзеш — жывым будзеш.
3. Апазіцыя правае — левае як увасабленне мужчынскага і жаночага пачаткаў
Адной з найбольш пашыраных праяў апазіцыі правае— левае з’яўляюцца шматлікія сацыякультурныя кантэксты, у якіх адпаведным чынам разведзены мужчынскі (правае) і жаночы (левае) пачаткі.
3.1. Адным з асноўных атрыбутаў народнага касцюма з’яўляецца пояс, які сімвалізаваў завершанасць адзення і выконваў ролю надзейнага магічна-ахоўнага сродку, без якога нельга
было збірацца ў далёкую дарогу і нават выходзіць на вуліцу. Паясы адрозніваліся сваім арнаментам, шырынёй, даўжынёй і спосабам павязвання ў залежнасці ад сацыяльнага статусу яго ўладальніка. Звычайна жанчыны завязвалі вузел з левага боку, мужчыны. — з правага. Аналагічным было павязванне рытуальных ручнікоў у асноўных удзельнікаў беларускага вяселля, а таксама мацаванне кветак у дружак маладой і дружкоў маладога. Гэты ж самы прынцып канструявання адзення захаваўся ў еўрапейскіх народаў да нашага часу. Мужчыны зашпільваюць сваю вопратку на правы бок, а жанчыны — на левы.
3.2. Вельмі высокім статусам семіятычнасці быў надзелены святочны стол — вясельны або памінальны. Вясельны абрад сімвалізаваў саюз, паяднанне двух родаў, таму госці садзіліся за сталом сямейнымі парамі, побач. За памінальным сталом збіраліся з нагоды смерці аднаго з членаў сям’і. Смерць раз’ядноўвала. Таму стол ставілі толькі ў адзін рад, а госці садзіліся за ім парамі, але не побач, а насупраць адзін аднаго. Жанчыны — бліжэй да сярэдзіны хаты (злева ад уваходу), a мужчыны — уздоўж сцяны (справа ад уваходу).
3.3. Старажытная ведыйская апазіцыя правае—левае была запазычана хрысціянствам, у традыцыі якога атрымала ўскладненую трактоўку: а) этычную (як супрацьпастаўленне Дабра і Зла) і сацыякультурную (з правага боку чалавека ахоўвае Анёл, а з левага — спакушае Д’ябал). А паколькі першая жанчына свету спакусіла Адама і тым самым справакавала першародны грэх, яе месца ва ўсіх рытуальных сітуацыях было пазначана адмоўным знакам (з левага боку). Менавіта таму падчас вянчання ў храме нявеста стаіць злева ад маладога.
3.4. Аднак найбольш сістэматызаваным праяўленнем апазіцыянальнасці правага і левага як мужчынскага і жаночага пачаткаў з’яўляецца структура хрысціянскага календара. Калі схему яго прадставіць у выглядзе кола, то акажацца, што свяпіы, звязаныя з жыццём Ісуса Хрыста (Раство, Вадохрышча, Стрэчанне, Вялікдзень, Ушэсце і дзень нараджэння Івана Хрысціцеля, які пахрысціў Ісуса), будуць пазначаны з правага боку, а вось святы, якія датычаць жыцця Багародзіцы (дзень яе нараджэння, дзень смерці, Увядзенне ў храм і Пакровы), размесцяццаз левага боку ад вертыкальнага дыяметра. Гэты канструктыўны прынцып быў пакладзены ў аснову храмавай архітэктонікі.
ЧАЛАВЕК У СТРУКТУРЫ МІФАПАЭТЫЧНАЙ МАДЭЛІ СВЕТУ (ЭКОЛАГА-КУЛЬТУРАЛАГІЧНЫЯ АСПЕКТЫ РЭГЛАМЕНТАВАННЯ ПАВОДЗІН)
Дзве дзіўныя рэчы даволі доўгі час не даюць мне спакою. Па-першае, чаму сталася так, што аварыя на Чарнобыльскай АЭС (якая знаходзіцца няхай сабе і на мяжы, але ўсё ж на тэрыторыі Украіны) больш за ўсё прынесла пакутаў беларускаму народу? Па-другое, улетку 1997 года над Беларуссю пранёсся страшэнны буран, які моцна надарваў нашу народную гаспадарку, а мноства людзей пакінуў без жытла. I вось што здзіўляе: прыродная стыхія пранеслася менавіта ў купальскую ноч (маецца на ўвазе ноч летняга сонцавароту). Аб чым усё гэта сведчыць? I ці апошнія прыродныя катаклізмы выпрабоўваюць духоўны патэнцыял нашага народа? Адказам можа быць экзістэнцыяльная дылема: ці то мы сваімі паводзінамі ў другой палове 20 ст. парушылі адвечныя законы прыроднакасмічнага і сацыякультурнага суладдзя, выпрацаваныя на працягу тысячагоддзяў нашымі продкамі, ці то нам (зноў-такі дзякуючы духоўнай спадчыне мінулага) наканавана незвычайная гістарычная перспектыва, гарызонты якой адкрыюцца толькі пасля шэрагу касмічных выпрабаванняў, скіраваных на катарсічныя іспыты нашай душы і свядомасці.