Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Такія мы дурні сядзець упоцемках, — сказаў Мосэ, і нам стала ўтульней, хоць было і страшнавата. Ахмосэ дастаў з-пад адзення хлеб і мяса, а Мата і Нефру пачалі гуляць у цыркі на каменнай падлозе, і рэха ягоных азартных крыкаў загуло па ўсім храме. Ахмосэ, наеўшыся, захінуўся ў сваю накідку і лёг спаць, але спачатку вылаяў цвёрдае каменне, а праз пэўны час да яго прыціснуліся Сінуфер і Нефру, бо спаць разам было цяплей.
Але я быў малады і не спаў, хоць ведаў, што жрэц тым вечарам, атрымаўшы ад Метуфера гляк віна, запрасіў яго да сябе ў келлю разам з яшчэ двума знатнымі юнакамі, якія таксама праходзілі пасвячэнне, a таму да самага рання правяраць нас не прыйдзе. Я не лёг спаць, хоць і раней чуў аповеды пра тое, што падчас пасвячэння юнакі зазвычай употай п'юць, ядуць ды гуляюць у цыркі. Мата пачаў расказваць пра храм ільвінагаловай Сэхмет, дзе нябесная дачка Амона з'яўлялася перад фараонамі-ваярамі і абдымала іх. Гэты храм стаяў за храмам Амона, але цяпер быў не ў пашане. Дзесяткі гадоў фараоны не зазіралі туды, і трава прарастала праз пліты на прыдворку храма. Але Мата сказаў, што быў бы не супраць правесці гэтую бяссонную ноч там,
абдымаючы аголенае цела багіні, а Нефру, падкідваючы на далонях цыркі, пазяхаў і лаяў сябе за тое, што не дапяў захапіць віна. Потым яны абодва заснулі, і я застаўся адзін бяссонна пільнаваць перад свяшчэннай заслонай.
Ноч цягнулася бясконца доўга, і пакуль іншыя спалі, мяне апаноўвалі глыбокая багавейнасць і смутак — такі я быў малады і так спадзяваўся, што, посцячы і выконваючы ўсе старажытныя настаўленні, змагу ачысціцца і Амон паўстане перада мною. Я паўтараў яго святыя імёны і напружана прыслухоўваўся да кожнага шолаху, але храм заставаўся пусты і халодны. Толькі пад ранне свяшчэнная заслона пачала гайдацца ад скразняку, а больш нічога так і не адбылося. Калі святло пачало пранікаць у храм, я патушыў лямпу і — глыбока расчараваны — разбудзіў таварышаў.
Воіны пратрубілі ў трубы, варта на сценах змянілася, і з панадворку пачаў даносіцца нізкі шум, нібы пад ветрам плешчацца вада, — так мы даведаліся, што настаў дзень і ў храме аднавілася штодзённая праца. Нарэшце прыйшоў наш жрэц, які ўсім сваім выглядам паказваў, што вельмі спяшаецца, і — на маё вялікае здзіўленне — разам з ім прыйшоў Метуфер. Ад іх тхнула моцным перагарам, яны трымаліся за рукі, а жрэц дзеля раўнавагі махаў ключамі ад святых куфраў. Перш чым павітацца з намі, ён з дапамогаю Метуфера паўтарыў свяшчэнныя лічбы.
— Пасвячэнцы Мата, Мосэ, Бек, Сінуфер, Нефру, Ахмосэ і Сінухе, — прамовіў жрэц, — ці напраўду вы не спалі і маліліся, як гэта было зададзена, каб заслужыць пасвячэнне?
— Напраўду, мы не спалі і маліліся, — адказалі мы ў адзін голас.
— Ці з'яўляўся перад вамі Амон, як гэта было і вам абяцана? — запытаўся жрэц і адрыгнуў, зіркаючы на нас порсткімі вачыма.
Мы паглядзелі адзін на аднаго і сумеліся. Нарэшце Мосэ нерашуча адказаў:
— Ён з'явіўся, як і абяцаў.
— Ён з'явіўся, — адзін за адным паўтаралі мае таварышы.
— Напраўду, ён з'явіўся, — цвёрда заключыў Ахмосэ ўрачыстым голасам.
Ён глядзеў жрацу проста ў вочы, а я не мог вымавіць ні слова, нібыта нейкая жорсткая рука сціснула маё сэрца, бо ўсё, што казалі мае таварышы падавалася мне блюзнерствам і зневажаннем бога.
Метуфер нахабна абвясціў:
— Я таксама не спаў і маліўся, каб заслужыць пасвячэнне, бо не магу быць тут яшчэ адну ноч, у мяне неадкладныя справы. Амон таксама з'яўляўся перада мною, і жрэц можа засведчыць гэта, яго постаць нагадвала агромністы вінны збан і бог шмат чаго мне сказаў пра такія святыя рэчы, якія я не магу расказаць вам, і яго словы лашчылі мой
слых падобна таму, як віно лашчыць вусны, і я прагнуў слухаць яго яшчэ і яшчэ да самага рання.
Тады Мосэ набраўся смеласці і сказаў:
— Мне ён з'явіўся ў абліччы свайго сына Гора, і святы сокал сеў на маё плячо і сказаў: «Будзь жа блаславёны, Мосэ, хай будзе блаславенне на тваёй сям’і, хай будзе блаславенне на тваёй працы, каб настаў такі дзень, калі ты будзеш сядзець у доме з дваімі дзвярыма і валодаць шматлікімі слугамі».
Пасля гэтага і іншыя пасвячэнцы пачалі таксама паспешліва расказваць, што сказаў ім Амон, яны палка гаманілі ўсе разам, а жрэц слухаў, падсмейваючыся і хітаючы галавой. He ведаю, ці яны напраўду расказвалі, што бачылі ў сне, ці проста хлусілі.
Я ж пачуваў сябе самотным, як сірата, і не казаў ні слова.
Нарэшце жрэц звярнуўся і да мяне. Ён сярдзіта насупіў падголеныя бровы і строга спытаў:
— Ну, а ты, Сінухе, ты што — не варты пасвячэння? Ці нябесны Амон не з'явіўся перад табой ні ў якім абліччы? Няўжо ты не бачыў яго нават у выглядзе маленькай мышкі, бо вялікі бог можа з'яўляцца ў тысячах абліччаў?
Гаворка ішла пра маё паступленне ў Дом жыцця, і я, набраўшыся смеласці, адказаў:
— На досвітку я бачыў, як загайдалася свяшчэнная заслона, а болей не было нічога і Амон не прамаўляў да мяне.
Тут усе зарагаталі, а Метуфер так развесяліўся, што ляпнуў рукамі па каленях і сказаў жрацу:
— Ён проста дурань.
Потым ён тузануў жраца за рукаў, абліты віном, і штосьці шапнуў яму на вуха.
Жрэц зноў сярдзіта паглядзеў на мяне і сказаў:
— Калі ты не чуў голасу Амона, я не магу дапусціць цябе да пасвячэння. Але гэта яшчэ можна паправіць, бо я хачу думаць, што ты, усё ж, малады шчыры вернік і маеш добрыя намеры.
Сказаўшы гэта, ён прайшоў у свяцілішча і знік. Метуфер падышоў да мяне і, пабачыўшы мой няшчасны твар, па-сяброўску ўсміхнуўся і сказаў:
— He бойся.
Але ў наступную хвіліну мы ўсе закалаціліся, бо ў змроку храма загрымеў жахлівы голас, у якім не было нічога чалавечага. Ён даносіўся адусюль: са столі, са сцен, ён лунаў паміж калонамі, і мы спалохана круцілі галовамі, стараючыся адгадаць, адкуль даносіцца гэты голас. А голас грымеў:
— Сінухе, Сінухе-засоня, дзе ж ты? Зараз жа паўстань перад маімі
вачыма і пакланіся мне, бо няма ў мяне часу чакаць цябе ўвесь дзень.
Метуфер адгарнуў заслону, упіхнуў мяне ў свяцілішча і, прыгінаючы маю галаву да самай падлогі, прымусіў стаць на калені. У такой позе звычайна віталі багоў і фараонаў. Але я хутка ўзняў галаву і ўбачыў, што ўсё свяцілішча напоўнілася яркім святлом, а голас ляцеў з вуснаў Амона і вяшчаў:
— Сінухе, ты свіння і малпа! Ці ты быў п'яны, што не пачуў, як я клікаў цябе? Належала б акунуць цябе ў нечыстотнік і глеем карміць да скону, але ты яшчэ малады, і я злітуюся з цябе, хоць ты дурны, лянівы і брудны, бо літую я кожнага, хто верыць у мяне, а іншых скідаю ў апраметную.
I шмат чаго іншага сказаў мне голас, лаючы, праклінаючы і бэсцячы мяне.
Але я не памятаю ўсяго, дый не хачу ўспамінаць: такое зняважлівае і горкае пачуццё апанавала мяне, калі я прыслухаўся і пазнаў у тым нялюдскім голасе голас жраца. Гэта мяне так уразіла і жахнула, што болей я нічога не чуў і не слухаў. Хоць голас змоўк, я так і застаўся ляжаць перад постаццю Амона, пакуль не з’явіўся жрэц і выспяткам падняў мяне з падлогі. Mae таварышы сталі паспешліва выносіць духмяныя алеі і курныя смолы, касметыку і пурпуровыя строі.
Абавязкі кожнага былі размеркаваныя загадзя, я ўспомніў пра свае і пабег у прытвор храма па сасуд са свяшчэннай вадой і свяшчэннымі ручнікамі, каб памыць божы твар, рукі і ногі. Але калі я вярнуўся, то ўбачыў, як жрэц пляваў Амону ў твар і выціраў яго сваім рукавом, пакрытым бруднымі плямамі. Потым Мосэ і Нефру нафарбавалі яму вусны, шчокі і бровы. Метуфер нацёр бога духмяным алеем, а потым, смеючыся, мазануў свяшчэнным алеем па твару сабе і жрацу. Нарэшце са статуя знялі вопратку, абмылі бога, абсушылі, і ўмасцілі яму дзетародны член і пачалі апранаць у чыстыя ўборы. На яго надзелі добра адпрасаваную спадніцу ў складкі, абвінулі фартухам, накінулі наплечную накідку і прасунулі рукі ў рукавы.
Калі абрад скончылі, жрэц сабраў старое адзенне, ручнікі і сасуды са святой вадой і занёс іх у сховішча, бо потым усё гэта рэзалі на кавалкі і кожны дзень прадавалі багатым паломнікам, а вада прадавалася, як лекавы сродак ад розных скурных хваробаў. Скончылі працу, мы выйшлі ў храмавы двор. Тут я званітаваў. У маім жываце было гэтак сама пуста, як пуста было цяпер на сэрцы і ў галаве, бо я больш не верыў у багоў. Але праз тыдзень маю галаву нацерлі свяшчэнным алеем і пасвяцілі ў жрацы Амона, я прынёс клятву жраца і атрымаў пасведчанне. На пасведчанні стаяла пячатка вялікага храма Амона, там было напісана маё імя, і гэта давала мне права паступлення ў Дом жыцця.
Так мы, — Мосэ, Бек і я — увайшлі ў Дом жыцця. Яго вароты расчы-
ніліся перад намі, і маё імя ўпісалі ў Кнігу жыцця, як перада мною — імя майго бацькі, Сэнмута, а перад ім — імя ягонага бацькі. Але я ўжо не быў шчаслівы.
4
Лічылася, што навучаннем у Доме жыцця вялікага храма Амона кіруюць царскія лекары кожны ў сваёй галіне. Але мы іх бачылі рэдка, бо кола іх пацыентаў было шырокае, яны атрымлівалі багатыя дары ад знатных і заможных людзей і жылі ў вялікіх дамах за горадам. Але калі ў Доме жыцця з'яўляўся хворы з цяжкай хваробай, якую пастаянныя храмавыя лекары не адважваліся лячыць па сваім разуменні, бо ў іх не хапала ведаў, тады прыходзіў царскі лекар і паказваў навучэнцам сваё ўменне. Такім чынам нават самы апошні хворы бядняк мог пакарыстацца паслугамі царскага лекара, на славу Амона.
У Доме жыцця з хворых бралі плату адпаведна іх маёмаснаму стану, і многія мелі пасведчанне ад гарадскога лекара, дзе значылася, што звычайны лекар няздольны вылечыць іх хваробу, а самыя бедныя прыходзілі ў Дом жыцця адразу, і з іх не бралі ніякай платы. Усё гэта было выдатна і справядліва, але я не хацеў бы быць адным з гэтых хворых беднякоў, бо на іх удасканальвалі майстэрства неспрактыкаваныя лекары ці дзеля практыкі іх лячылі вучні, яны мусілі пакутаваць ад абцугоў, нажа і агню без ніякага абязбольвання. Таму з пярэдніх пакояў храма, дзе прымалі самых бедных пацыентаў, часта чуліся стогны і лямант.
Нават таленавіты лекар павінен вучыцца і практыкавацца даволі доўга. Нам належала прайсці навуку аб леках і зёлках, ведаць лекавыя травы і найлепшы час іх збору, навучыцца правільна сушыць і здабываць з іх гаючыя сокі, бо лекар, калі трэба, павінен сам умець прыгатаваць неабходнае зелле. Многія мае таварышы, дый сам я, часта наракалі на гэта, мы не бачылі ў гэтых ведах ніякай карысці і лічылі іх непатрэбнымі: у Доме жыцця па напісаным рэцэпце можна было атрымаць любыя вядомыя лекі, як след змяшаныя і прыгатаваныя і, апроч таго, падзеленыя на дозы дзеля прыёму. Але пазней, пра што я потым распавяду, гэтая навука саслужыла мне добрую службу.