• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Я спалохаўся сваёй смеласці і павярнуўся хутчэй сысці, але яна затрымала мяне, задуменна прамовіўшы:
    — Ты надта спяшаешся! Затрымайся крыху, можа, мы знойдзем, аб чым пагаварыць.
    Яна зноў паглядзела на мяне так, што маё сэрца растала ў грудзях і ў жываце стала пуста. Тады яна працягнула ўпрыгожаную бранзалетамі і кольцамі руку і ласкава дакранулася да маёй паголенай галавы.
    — Ці не холадна тваёй галаве без хлапечых віхроў? — і адразу пяшчотна дадала. — Ты кажаш праўду? Я, па-твойму, сапраўды прыгожая? Паглядзі на мяне ўважлівей.
    Я зноў паглядзеў на яе: яе строі былі з царскага ільну, і ў маіх вачах яна была настолькі прыгожай — прыгажэйшай за ўсіх жанчын, якіх я дагэтуль бачыў. I яна нават не спрабавала схаваць сваю прыгажосць. Я глядзеў на яе, забыўшыся пра рану ў сэрцы, пра Амона і Дом жыцця, і яе блізкасць агнём апякала ўсю маю істоту.
    — Ты нічога не кажаш, — сумна прамовіла яна. — Дый не трэба нічога казаць. Ты, напэўна, думаеш, што я старая і брыдкая і зусім не радую твае вочы сваёй прыгажосцю. Ну, дык ідзі ды пакліч Метуфера — так ты хутчэй пазбавішся ад мяне.
    Я не зрушыў з месца, але і не мог нічога сказаць, хоць разумеў, што яна проста з мяне смяецца. Велічныя калоны храма агортваў змрок. I толькі ў яе бліскучых вачах адбівалася святло, якое сачылася праз каменную рашотку пад столлю. Нас ніхто не бачыў.
    — А можа, яго і не трэба клікаць, — сказала дзяўчына і ўсміхнулася мне. — Мне хапіла б, каб ты сам пагадзіўся мяне пацешыць ці павесяліўся са мною, — у мяне ж нікога няма, хто мог бы мяне парадаваць.
    Тут я ўспомніў, што расказвала Кіпа пра жанчын, якія запрашаюць
    маладых прыгожых хлопцаў павесяліцца з імі. Гэты ўспамін быў такі раптоўны, што я з жахам адступіў назад.
    — Ну вось, я такі адгадала, што Сінухе напалохаецца, — сказала жанчына і падступіла бліжэй.
    Я падняў руку, нібыта спрабуючы абараніцца:
    — Цяпер я ведаю, хто ты. Твой муж выправіўся ў дарогу, а тваё сэрца — падступная пастка, і твае абдымкі горшыя за пякучы агонь.
    Сказаўшы гэта, але быў няздольны зрушыць з месца.
    Яна крыху збянтэжылася, але зноў усміхнулася і падышла да мяне зусім блізка.
    — Ты так думаеш? — ласкава прамовіла яна. — Але гэта няпраўда. Mae абдымкі зусім не абпальваюць, як агонь. Наадварот — кажуць, што яны вельмі салодкія. Паспрабуй сам.
    Яна ўзяла маю бязвольную руку і паклала яе на свае грудзі, і праз тонкую тканіну я адчуў іхняе хараство, мяне ажно ўсяго скаланула, і мае шчокі запалалі агнём.
    — Ты, усё ж, не верыш, — расчаравана прамовіла яна. — Напэўна, перашкаджае гэтае палатно, пачакай, я зараз прыбяру яго.
    Яна расхінула свае строі і прыціснула маю руку да аголеных грудзей так, што я адчуў, як тахкае яе сэрца і якія ў яе пругкія і прахалодныя грудзі.
    — Хадзі, Сінухе,— зусім ціха шапнула яна. — Хадзі са мною, мы вып'ем віна і павесялімся разам.
    Я не магу пакідаць межы храма, у адчаі прамовіў я. Пагарда да ўласнай баязлівасці выпальвала маё сэрца, я баяўся яе, як смерці, і адначасова шалёна яе жадаў. — Я павінен заставацца чысты да самага пасвячэння, іначай мяне выганяць з храма і ніколі не дапусцяць у Дом жыцця. Злітуйся з мяне!
    Я казаў гэта і ведаў, што пайду за ёй, калі яна яшчэ раз мяне пакліча. Але яна была спрактыкаванай жанчынай і зразумела маю трывогу.
    У роздуме яна агледзелася вакол. Мы ўсё яшчэ заставаліся сам-насам, хоць недзе паблізу хадзілі людзі, нейкі жрэц гучна расказваў падарожнікам, што прыехалі ў Фівы, пра багацце і дзівосы храма, абяцаючы паказаць новыя цуды, калі яны заплацяць яшчэ некалькі мядзяных кольцаў.
    — Які ты сарамлівы, Сінухе, — сказала яна. — Знатныя і багатыя людзі прапанавалі мне ўпрыгожванні і золата, каб я запрасіла іх павесяліцца са мною. Але ж ты хочаш застацца чысты.
    — Ты, мабыць, хочаш, каб я паклікаў Метуфера? — у адчаі спытаўся я, бо ведаў, што Метуфер не вагаючыся ўцёк бы з храма, хоць сёння была яго чарга не спаць усю ноч і маліцца. Ён мог дазволіць сабе такое, бо яго бацька быў царскі будаўнік, і я быў гатовы забіць яго за гэта.
    —	Здаецца, я ўжо не хачу, каб ты клікаў Метуфера, — адказала жанчына, гарэзліва паглядаючы мне ў вочы. — Цяпер, Сінухе, мне больш хочацца, каб мы разышліся сябрамі. I таму я скажу табе, як мяне завуць. Маё імя Нефернефернефер, бо мяне лічаць вельмі прыгожай, і той, хто вымавіць маё імя хоць раз, не ўтрымаецца, каб паўтарыць яго яшчэ двойчы і тройчы. Апроч таго, ёсць звычай, паводде якога сябры на развітанне дораць падарункі, каб не забыць адзін аднаго. Дык падаруй мне што-небудзь.
    Тут я зноў адчуў сваю беднасць, бо не меў зусім нічога ёй даць — ні самай маленькай аздобы, ні меднага кальца, — хоць прапанаваць такое я ёй не адважыўся б. Мяне з'ядаў пякучы сорам, і я стаяў, апусціўшы голаў і не ведаючы, што сказаць.
    —	Зрабі мне падарунак, які ажывіць маё сэрца, — сказала яна і, падняўшы пальцамі мой падбародак, ушчыльную наблізіла да мяне свой твар. Зразумеўшы, чаго яна хоча, я дакрануўся губамі да яе мяккіх пяшчотных вуснаў. Яна ціха ўздыхнула і прамовіла:
    —	Дзякуй, гэта цудоўны падарунак, Сінухе. Я не забуду яго ніколі. Але ты, напэўна, чужаземец з далёкіх краёў, і прыехаў нядаўна, бо не ўмееш яшчэ цалавацца. Іначай як божа быць, каб фіванскія дзяўчаты не навучылі цябе гэтаму мастацтву да таго, як табе абстрыглі твае хлапечыя віхры.
    Яна зняла з вялікага пальца пярсцёнак з золата і срэбра, з зялёным каменем і ўклала яго мне ў далонь.
    —	Я таксама павінна зрабіць табе падарунак, Сінухе, каб ты мяне не забываў, — сказала яна. — Калі будзеш пасвечаны ў сан і трапіш у Дом жыцця, ты зможаш выразаць на гэтым камяні свой сыгнет і станеш упоравень са знатнымі і багатымі. Запомні толькі, што камень гэты зялёны таму, што мяне завуць Нефернефернефер і вочы мае зялёныя, як Ніл спякотным летам.
    -	Я не магу ўзяць твой пярсцёнак, Нефер, — сказаў я і паўтарыў: «Нефернефер». Паўтарэнне яе імя было невыказным задавальненнем. — Я і так ніколі цябе не забуду.
    -	Дурненькі, — адказала яна, — бяры, калі я так хачу. Вазьмі яго хоць бы дзеля майго свавольства, можа, у будучым гэты пярсцёнак яшчэ прынясе мне вялікі прыспор.
    Яна паківала мне сваім тонкім пальцам, яе вочы смяяліся, і яна гарэзліва дадала:
    —	Памятай, заўсёды сцеражыся жанчын, чые абдымкі горшыя за пякучы агонь.
    Павярнуўшыся, яна рушыла прэч, але не дазволіла мне сябе правесці. 3 дзвярэй храма я бачыў, як яна села ў прыгожыя багатыя насілкі. Наперадзе пабег слуга, крыкамі расчышчаючы дарогу, а людзі рассту-
    паліся і перашэптваліся, гледзячы ўслед насілкам. Калі яна знікла, мяне апанавала такое адчайнае пачуццё пустаты, быццам я ляцеў у нейкую цёмную бездань.
    Праз некалькі дзён Метуфер згледзеў на маім пальцы пярсцёнак і нават не паверыў сваім вачам. Ён схапіў мяне за руку і ўтаропіўся на яго.
    — Вой, усе сорак чыстамудрых павіянаў Асірыса! Нефернефернефер, ці не так? Вось на цябе я ніколі не падумаў бы.
    Ён амаль з пачцівасцю глядзеў на мяне, хоць жрэц прымушаў мяне падмятаць падлогі і рабіць усю брудную працу ў храме, бо я не рабіў яму падарункаў.
    У тую хвіліну я ненавідзеў Метуфера так страсна і горка, як толькі можа ненавідзець неспакушаны юнак. Як мне хацелася яго распытаць пра Нефер, але да такога прыніжэння я не апусціўся. Я захаваўтаямніцу ў сваім сэрцы, бо хлусня заўсёды прывабней за праўду, а мроя святлей за зямную рэчаіснасць. Я ўглядаўся ў зялёны камень на сваім пальцы, успамінаў яе зялёныя вочы і прахалодныя грудзі, і мне здавалася, што ад майго пальца струменіцца водар яе духмянага алею. Я дакранаўся да яе, і яе пяшчотныя вусны датыкаліся да маіх і суцяшалі мяне, бо Амон да таго часу перада мной не з'явіўся і вера мая абрынулася.
    А таму я шаптаў з палаючым тварам: «Сястра мая!». I гэтыя словы лашчылі мае вусны, бо з самай сівой даўніны гэта азначала і будзе азначаць векавечна: «Каханая мая!»
    3
    Але я распавяду яшчэ, як Амон усё-ткі з'явіўся перада мною.
    Чацвёртай ноччу наступіла мая чарга ахоўваць спакой Амона. Нас было сямёра юнакоў: Мата, Мосэ, Бек, Сінуфер, Нефру, Ахмосэ і я, Сінухе, сын Сэнмута. Мосэ і Бек таксама збіраліся паступіць у Дом жыцця, і я ведаў іх раней, астатнія ж былі незнаёмыя.
    Ад посту і напружання душы я саслабеў. Усе мы былі настроеныя вельмі сур'ёзна, а таму без усмешак пайшлі за жрацом — хай забудзецца ягонае імя назаўсёды! — калі той павёў нас у зачыненую для ўсіх частку храма. Амон праплыў на сваім залатым чоўне на Захад, за горы, пратрубілі срэбныя вартавыя трубы, і дзверы храма зачыніліся. Жрэц, які прывёў нас, удосталь наеўся смачнага мяса ахвярных жывёлаў, салодкіх пладоў і хлеба, па яго твары цёк алей, а шчокі чырванелі ад віна. У душы пасмейваючыся над намі, ён падняў заслону і даў нам пабачыць святое святых. Сярод нішы, высечанай у велізарнай каменнай глыбе, стаяў Амон, каштоўныя камяні на яго кароне і нашыйных аздобах пераліваліся ў святле свяшчэнных лямпаў чырвоным, зялёным, сінім і здаваліся жывымі вачыма бога. На досвітку пад кіраўніцтвам жраца
    мы павінны былі нацерці яго духмяным алеем і апрануць у новыя строі, бо кожны ранак богу патрабавалася новае адзенне. Мне ўжо даводзілася бачыць Амона раней, калі яго выносілі ў залатым чоўне ў двор храма падчас вясенняга свята і людзі кідаліся ніц перад магутным божышчам. Я бачыў яго падчас найвышэйшай вады разводдзя, калі ён плыў на кедравым чоўне па святому возеру. Але тады я быў простым бедным вучнем і бачыў яго толькі здаля, а таму яго пурпуровае ўбранне ўразіла мяне не так ашаламляльна, як цяпер, пры святле лямпаў у непарушнай цішыні вялізнага свяцілішча. Барвяную вопратку насілі толькі багі, і калі я паглядзеў на высокае аблічча бога, у мяне ўзнікла пачуцце, нібыта на грудзі мне наваліліся каменныя пліты, і я пачаў задыхацца.
    —	Пільнуйце і маліцеся перад заслонай, — сказаў жрэц, ухапіўшыся за край гэтай самай заслоны, бо не зусім цвёрда трымаўся на нагах. — Можа ён і пакліча вас, бо мае звычку паказвацца тым, хто чакае пасвячэння, ён можа назваць іх імя і гаварыць з імі, калі палічыць іх гэтага вартымі.
    Потым ён хуценька зрабіў рукамі свяшчэнныя знакі, мармычучы святыя імёны Амона, адчапіўся ад заслоны і выйшаў, нават не схіліўшыся перад богам і не апусціўшы рукі да каленяў.
    Мы сямёра засталіся адны перад свяшчэннай заслонай у зачыненай зале, каменныя пліты яе падлогі моцна халадзілі нашы босыя ногі. Але як толькі жрэц пайшоў, Мосэ дастаў з-пад наплечнай накідкі лямпу, a Ахмосэ без усякага страху зайшоў у святая святых і прынёс адтуль свяшчэннага агню Амона, каб запаліць кнот.