• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    яшчэ і на галаву. Тутмес прачнуўся таксама і пачціва паднёс яму кіслага малака і салёнай рыбы. Падсілкаваўшыся такім чынам, ён павесялеў і падышоў да слугі, які ўсё яшчэ моцна спаў на двары. Птахор пачаў біць яго палкай, пакуль той не прачнуўся і не ўскочыў, спрасоння ўвесь пакамечаны і перапэцканы травой і зямлёю.
    — Паганая свіння! — сказаў Птахор і яшчэ раз ударыў яго палкай. — Вось як ты клапоцішся пра свайго гаспадара і асвятляеш яго шлях паходняй! Дзе мае насілкі? Дзе маё чыстае адзенне? Дзе мае лекавыя ягады? Прэч з маіх вачэй, паганец, злодзей, свіння!
    — Я злодзей і свіння майго ўладара, — пакорліва адказаў слуга. — Што загадае мой гаспадар?
    Птахор аддаў яму загады, і слуга кінуўся на пошукі насілак. Птахор зручна ўсеўся пад сікаморай, абапёршыся спінаю аб ствол, і пачаў напеўна чытаць верш пра лотас, ранак і царыцу, якая купалася ў рацэ, a потым распавёў шмат чаго такога, што з задавальненнем слухаюць хлопчыкі. Кіпа таксама прачнулася, яна распаліла агонь і пайшла ў спальню будзіць бацьку. Яе голас чуўся нават на двары, а калі бацька паказаўся нарэшце ў дзвярах у чыстым адзенні, выгляд у яго быў даволі сумны.
    — У цябе прыгожы сын, — сказаў Птахор. — У яго постаць царскага сына, а вочы пяшчотныя, як у газелі.
    I хоць я быў яшчэ малы, але разумеў, што ён кажа гэта, каб мы забылі яго ўчорашнія паводзіны. Тады ён спытаў:
    — А што твой сын умее? Ці вочы яго душы такія ж прыгожыя, як вочы цела?
    Тады я прынёс сваю дошку ддя пісьма, а Тутмес — сваю. Няўважна пазіраючы на вяршыню сікаморы, царскі трэпанатар прадыктаваў мне верш, які я памятаю дагэтуль. Вось ён:
    Радуйся, юнак, сваёй маладосці, бо ў старасці горла — поўнае праху, і не смяецца набальзамаванае цела ў непрагляднай цемры сваёй магілы.
    Я стараўся як мог і спачатку запісаў верш па памяці звычайным пісьмом. Потым накрэсліў малюнкамі, а пад канец напісаў словы «старасць», «прах», «цела» і «магіла» усімі спосабамі, якімі толькі можна напісаць гэтыя словы: складамі і літарамі, Потым я паказаў дошку Птахору, і той не знайшоў у напісаным ніводнай памылкі. Я ведаў, што бацька ганарыцца мною.
    — Ну, а другі юнак? — спытаўся Птахор і працягнуў руку па дошку Тутмеса.
    Той нешта на ёй маляваў, седзячы трошкі ўбаку. Перш чым аддаць дошку, ён крыху павагаўся, але яго вочы смяяліся. Калі мы нахіліліся паглядзець, то ўбачылі намаляванага Птахора, які надзяваў на плечы
    майму бацьку свой каштоўны каўнер, на другім малюнку Птахор паліваў сабе галаву півам, а на трэцім — у абдымку з маім бацькам спяваў песню: гэты малюнак быў такі пацешны, што адразу было відаць, якую песню яны спяваюць. Мяне разбіраў смех, але засмяяцца я не адважваўся, баючыся ўгнявіць Птахора. А вось Тутмес, трэба сказаць, дагадзіць яму зусім не стараўся. На малюнках Птахор быў такі ж маленькі і лысы, крываногі і пузаты, як у сапраўдным жыцці.
    Доўгі час Птахор не казаў нічога, толькі востра глядзеў то на малюнкі, то на Тутмеса. Тутмес крыху спалохаўся і насупіўся. Нарэшце Птахор спытаў:
    — Што ты хочаш за сваю дошку, сынку? Я куплю яе.
    Але Тутмес пачырванеў і адказаў:
    — Мая дошка не прадаецца. Але сябру я яе падараваў бы.
    Птахор засмяяўся:
    — Добра, тады будзем сябрамі, і дошка мая.
    Ён яшчэ раз уважліва паглядзеў на дошку, усміхнуўся і разбіў яе на кавалкі аб камень. Мы ўсе здрыгануліся, а Тутмес збянтэжана папрасіў у Птахора прабачэння, калі нечым яго пакрыўдзіў.
    — Ці магу я крыўдаваць на ваду, у якой бачу свой адбітак? — лагодна сказаў Птахор. — Зрэшты, рука і вока мастака — гэта больш, чым вада. Я ведаю, як выглядаў учора, і не хачу, каб хто-небудзь мяне бачыў у такім выглядзе. Таму я і разбіў дошку. Але тое, што ты мастак, я прызнаю.
    Тутмес аж падскочыў ад радасці. Тады Птахор павярнуўся да майго бацькі і, паказваючы на мяне, урачыста прамовіў старадаўняе абяцанне лекара на пачатку лячэння:
    — Я бяруся яго паправіць.
    I дадаў, паказваючы на Тутмеса:
    — Зраблю ўсё, што магу.
    Яны абодва засмяяліся, вельмі задаволеныя. Бацька паклаў мне руку на галаву і спытаў:
    — Сінухе, мой сыне, ці хацеў бы ты стаць лекарам, як і я?
    Слёзы накацілі на мае вочы, і камяк засеў у горле. Я не мог нічога сказаць і толькі кіўнуў. Я круціў вакол галавой, і наш двор, і сікамора на ім, і выкладзены каменем басейн — усё здавалася мне такім чароўным.
    — Сінухе, мой сыне, — зноў сказаў бацька. — Ці хацеў бы ты стаць лепшым за мяне лекарам — болей дасведчаным, сапраўдным уладаром жыцця і смерці, якому чалавек незалежна ад свайго багацця і стану давяраў бы сваё жыццё з надзеяй і верай?
    — He такім, як ён ці як я, — дадаў Птахор, і яго спіна выпрасталася, а позірк стаў праніклівы і мудры, — а сапраўдным лекарам. Бо сапраўдны лекар вышэй за ўсіх. Перад ім і фараон стаіць голы, і багацей робіцца роўняю бедняку.
    —	Вядома, хацеў бы , — нясмела прамовіў я, бо яшчэ нічога не цяміў у жыцці, не ведаючы, што старасць заўсёды імкнецца захаваць свае мары, а расчараванні перакласці на маладосць.
    Тады Птахор паказаў Тутмесу залатую бранзалету ў сябе на прыцэўцы і загадаў:
    — Чытай!
    Тутмес па складах разабраў гравіраваныя малюнкі-іерогліфы, хвілінку памаўчаў і прачытаў:
    —	Хачу сабе поўную чашу.
    — He смейся, гарэзнік, — сур'ёзна і з пэўным папрокам сказаў Птахор. — Тут гаворка не пра віно. Калі хочаш стаць мастаком, ты павінен патрабаваць сваю чашу напоўніцу. У сапраўдным мастаку перад людзьмі з'яўляецца сам Пта, творца і будаўнік усяго існага. Мастак — гэта не проста вада ці люстэрка, а нешта большае. Праўда, мастацтва часта бывае ліслівае, а люстэрка — хлуслівае, але ў любым выпадку мастак — гэта болей чым вадзяная роўнядзь. Патрабуй сваю чашу напоўніцу, не задавальняйся толькі тым, што кажуць, а больш давярай сваім светлым вачам.
    Потым ён паабяцаў, што хутка мяне запросяць у Дом жыцця вучнем і што ён паспрабуе зрабіць усё магчымае, каб Тутмеса ўзялі ў мастацкую школу пры храме Пта.
    — А цяпер, хлопчыкі, — сказаў ён, — слухайце мяне ўважліва і адразу забудзьце, што я вам скажу, прынамсі, забудзьце, што гэта казаў вам царскі трэпанатар. Хутка вы трапіце ў рукі жрацоў, а праз пэўны час Сінухе і сам стане жрацом, як у свой час жрацамі ніжэйшай ступені сталі мы з яго бацькам, бо ніхто не мае права быць лекарам, не маючы сану жраца. Але трапіўшы ў рукі храмавым жрацам, будзьце недаверлівымі, як шакалы, і хітрымі, як змеі, каб не страціць сябе і не аслепнуць. 3 выгляду ж будзьце ласкавымі, як галубкі, бо толькі пасля дасягнення галоўнай мэты чалавек можа раскрыць сваё аблічча. Памятайце гэта.
    За размоваю мы дачакаліся, пакуль вярнуўся Птахораў слуга, які прынес гаспадару чыстае адзенне і нанятыя насілкі. Яго ўласныя насілкі рабы заклалі ў бліжэйшым доме ўцех і ўсё яшчэ спалі там. Птахор загадаў, каб слуга зараз жа пайшоў у той дом і выкупіў насілкі разам з рабамі. На гэтым ён развітаўся з намі, запэўніў бацьку ў нязменнай дружбе і рушыў дадому, у арыстакратычную частку горада.
    Так я трапіў у Дом жыцця пры вялікім храме Амона. А наступным днём Птахор, царскі трэпанатар, прыслаў Кіпе ў падарунак свяшчэннага скарабея, вытачанага з каштоўнага каменя, каб Кіпа магла пакласці яго пасля смерці пад ільнянымі спавівамі каля свайго сэрца. Ён не мог бы падарыць маёй маці большую радасць, і таму Кіпа яму ўсё прабачыла і перастала дапякаць майго бацьку за выпітае віно.
    ПАПІРУС ДРУГІ
    Дом жыцця
    1
    У тыя часы жрацы Амона ў Фівах трымалі ў сваіх руках права на ўсе віды вышэйшай адукацыі, і вывучыцца, каб займаць якую-небудзь значную пасаду, без пасведчання жрацоў было немагчыма. Кожнаму зразумела, што і Дом жыцця, і Дом смерці са старадаўніх часоў належалі храму і знаходзіліся ў яго сценах, гэтак сама, як вышэйшая багаслоўская школа, дзе рыхтавалі жрацоў самых высокіх ступеняў. Тое, што навучанне матэматыцы і астраноміі адносіцца да ведама жрацоў, яшчэ можна было зразумець, але жрацы падпарадкавалі сабе нават навучанне ў гандлёвых школах і школах законазнаўцаў, і сярод адукаваных людзей пачалі выказвацца думкі, што жрацы ўмешваюцца ў справы, якія спрадвеку належалі фараону і падатковаму ўпраўленню. Праўда, каб стаць гандляром ці чыноўнікам пасвячэння ў жрэцкі сан не патрабавалася, але таму, што амаль пятай часткай земляў у Егіпце валодалі храмы Амона і ўплыў жрацоў ва ўсіх праявах жыцця быў надзвычай вялікі, тыя, хто хацеў дабіцца поспехаў у гандлі ці вылучыцца на чыноўнай службе, з прадбачлівай мудрасцю здавалі іспыты на ніжэйшы жрэцкі сан і прысягаліся ў пакорнасці Амону.
    Самай вялікай навучальнай установай, вядома, была школа заканазнаўцаў, бо яе заканчэнне забяспечвала пачэснае становішча і давала магчымасць паспяховага прасоўвання ўверх на любой службе, ці гэта быў збор падаткаў, ці дзяржаўная або ваенная справа. Маленькая група астраномаў і матэматыкаў, паглыбіўшыся ў свае навукі, жыла асобным, безуважным да ўсяго жыццём, глыбока пагарджаючы выскачкамі, якія карцела займацца каморніцтвам ці разлікамі ў сферы ганддю. Але яшчэ болей адасобленымі былі тыя, хто вучыўся ў Доме жыцця і Доме смерці, нават на тэрыторыі храма акружаных уласнымі сценамі, і ўсе астатнія навучэнцы ставіліся да іх з пачцівасцю і страхам.
    Аднак перш чым пераступіць парог Дома жыцця, мне давялося вытрымаць багаслоўскі іспыт на жраца ніжэйшай ступені. На гэта пайшло тры гады, бо адначасова я хадзіў з бацькам да хворых, набіраючыся досведу дзеля будучай працы. Я жыў дома і бавіў час амаль так, як раней, толькі кожны дзень абавязаны быў хадзіць на якія-небудзь заняткі. Тыя, хто хацеў вывучыцца на заканазнаўцу і меў высокіх сяброў ці заступнікаў, маглі здаць іспыт на жраца ніжэйшай ступені ўсяго за
    некалькіх тыдняў. Апроч пачаткаў пісьма, чытання і лічэння, у яго ўваходзіла толькі веданне напамяць свяшчэнных тэкстаў і чытанне старажытных паданняў пра свяшчэнную тройку і дзевятку багоў, на чале якіх, вядома, стаяў цар усіх багоў Амон. Але мэта такога завучвання напамяць і бяздумнага паўтарэння тэкстаў заключалася ўрэшце ў тым, каб знішчыць у вучнях іх прыродную патрэбу мысліць самастойна і прывучыць бяздумна верыць механічна зазубраным фразам. Толькі слепа скарыўшыся ўладзе Амона малады вучань мог дасягнуць першай ступені жраца. Пасля кожнага іспыту група радзела і рабілася ўсё старэйшай па ўзросце. He ведаю, як і чаму вучылі далей — на трэцяй, чацвёртай і пятай ступенях, — бо ў вышэйшых санах жрацы мелі свае, свята ахоўваныя і патаемныя прыёмы і дзеянні. Ужо на другой ступені, напрыклад, жрэц павінен быў умець на вачах у натоўпу ператварыць свой посах у змяю. Вучыліся яны і іншым штукарствам, займаючыся на дварах перад храмам. У іх навучанне ўваходзілі пасты і медытацыі сярод ночы, яны маглі тлумачыць сны і відзежы. Пра канчатковыя мэты навучання нічога пэўнага ніхто не ведаў, апроч тых, хто сам прайшоў ужо ўсе ступені. Праўда, часам жрацы другой ступені балбаталі ўсякае-рознае, але на маёй памяці, каб жрацы вышэйшых ступеняў раскрывалі таямніцы багоў перад непасвечанымі, — такога не здаралася.