Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Але навошта я распавядаю пра тое, што спасціг значна пазней? Ці не лепей успомніць шурпаты ствол сікаморы і шолах лістоты, калі я адпачываў у яе густым ценю, хаваючыся ад палючай спёкі? Чаму б не ўспомніць і пра маю ўлюбёную цацку, драўлянага кракадзіла, якога я цягаў за сабою паўсюль па каменнай вуліцы: ён разяўляў сваю чырвоную пашчу і ляскаў сківіцамі, а ўсе суседскія дзеці збягаліся паглядзець на гэтае дзіва. Шмат мядовых прысмакаў, бліскучых каменьчыкаў і мядзяных драцінак я атрымаў ад дзяцей за тое, што дазваляў ім пацягаць сваю цацку і пагуляць з ёю. Такія цацкі былі толькі ў сем'ях знаці, і мой бацька атрымаў яе ад царскага цесляра за тое, што прымочкамі пазбавіў яго ад нарыву, які яму не даваў сядзець. Звычайна ўранні мая маці брала мяне з сабою на рынак. Праўда, ёй не трэба было рабіць шмат пакупак, але каб выбраць вязку цыбулі, яна магла патраціць цэлую меру вадзянога гадзінніка, а на выбар новага абутку траціўся перадабедзенны час усяго тыдня. Па яе размовах можна было зразумець, што яна багатая і набываць хоча толькі ўсё самае лепшае. А калі не купляе ўсяго запар, дык толькі каб прывучыць мяне да ашчаднасці, Так яна казала. «Не той багаты, хто валодае золатам і срэбрам, а той, хто задавальняецца малым»,— пераконвала яна мяне, але ў той жа час яе старыя гаротныя вочы з захапленнем глядзелі на стракатыя ваўняныя
тканіны з Сідона і Бібла, тонкія і лёгкія, як пух. Яе пацямнелыя, загрубелыя ад працы рукі пяшчотна краналі ўпрыгожванні са слановай косці і страўсавых пёраў. Гэта ўсё непатрэбныя дробязі — запэўнівала яна мяне і, напэўна, сябе. Але мая дзіцячая душа паўставала супраць такіх павучанняў: я з вялікім задавальненнем купіў бы сабе мартышку, што абдымала за шыю свайго гаспадара, ці стракатую птушку, што выкрыквала сірыйскія і егіпецкія словы. I я нічога не меў супраць нашыйных залатых ланцужкоў і залачоных сандаляў. Толькі нашмат пазней я зразумеў, што ў глыбіні душы бедная старая Кіпа была таксама не супраць зрабіцца багатай.
Але паколькі яна была ўсяго толькі жонкай беднага лекара, яна задавальняла свае мары казкамі. Вечарамі перад сном яна ціхім голасам расказвала мне ўсе казкі, якія ведала. Яна распавядала пра Сінухе і пра мараплаўца, які пасля караблекрушэння трапіў да змяінага цара і вярнуўся дадому з вялікім багаццем, яна распавядала пра багоў і чарадзеяў, пра заклінальнікаў і старажытных фараонаў. Мой бацька часта бурчэў на яе, кажучы, каб яна не дурыла мне галаву ўсякай лухтой і глупствам, але як толькі ён пачынаў храпці, маці расказвала свае гісторыі далей — больш, напэўна, дзеля свайго задавальнення, чым дзеля маёй забавы. Нават цяпер я памятаю тыя спякотныя летнія вечары калі сяннік абпальваў цела і сон ніяк не прыходзіў, я чую яе нізкі закалыхваючы голас і мне зноў робіцца ад гэтага спакойна і ўтульна. Наўрад ці родная маці была б са мною дабрэйшай і болей пяшчотнай, чым прастадушная Кіпа, якая верыла ў забабоны і казачныя цуды, дзякуючы якім усе сляпыя і пакалечаныя казачнікі заўсёды маглі зарабіць неблагі абед.
Казкі захаплялі маю душу, але іх поўнаю супрацьлегласцю было жыццё на вуліцы — вотчыне мух, напоўненай разнастайнымі пахамі і смуродам.
Вецер з порта разносіў па вуліцы хвалюючы пах кедраў і водар духмянай смалы. А часам на зямлю падала кропелька вохнага алею, калі знатная дама выьхядвала са сваіх насілак, каб палаяцца на вулічных хлапчукоў. Вечарамі, калі залаты човен Амона схіляўся да Заходніх гор, з усіх тэрасаў і гліняных хацінак над вуліцай уздымаўся чад ад смажанай у алеі рыбы, які мяшаўся з пахам свежага хлеба. Я з дзяцінства прызвычаіўся да гэтага паху бядняцкай часткі Фіваў і палюбіў яго так, што забыць ужо не змагу ніколі.
Падчас абедаў на тэрасе я атрымліваў першыя навучанні з бацькавых вуснаў. Стомленай хадою ён прыходзіў з вуліцы праз сад або выходзіў з прыёмнага пакою, і ад ягонай вопраткі востра пахла лекамі і масцямі. Маці палівала яму на рукі, мы садзіліся за стол, і маці падавала ежу. Бывала, што ў гэты час па вуліцы праходзіла хеўра п'яных маракоў, якія гарлалі песні і лупілі палкамі па сценах дамоў. Часам яны
спыняліся і спраўлялі патрэбы пад кустамі акацыі. Мой бацька быў чалавек асцярожны і нічога не казаў, пакуль яны не праходзілі міма. Толькі тады ён павучаў мяне:
— Толькі варты жалю негр ці брудны сірыец спраўляе патрэбы на вуліцы. Егіпцянін робіць гэта ў сценах дома.
Або ён казаў:
— Віно — гэта дарунак багоў, які весяліць сэрца, калі піць яго ў меру. Адна чаша нікому не шкодзіць, дзве робяць язык балбатлівым, a той, хто бярэцца за цэлы гарлач, прачнецца ў вулічным рыштку, пабіты і абрабаваны.
Часам да тэрасы далятаў водар духмяных масцяў — гэта міма нашага дома праходзіла адна прыгожая жанчына; яе цела агортвала празрыстая тканіна, шчокі, вусны і бровы былі ярка нафарбованыя, а вочы свяціліся вільготным бляскам, якога я ніколі не бачыў у іншых жанчын. Аднойчы ўбачыўшы, што я зачаравана гляджу на яе, мой бацька сурова сказаў:
— Сцеражыся жанчыны, якая скажа: «Прыгожы хлопчык»,— і павабіць цябе за сабой, бо яе сэрца — сіло і пастка, а абдымкі абпальваюць мацней, чым агонь.
He дзіва, што пасля такіх павучанняў я ў дзіцячай сваёй прастадушнасці пачаў з жахам глядзець на сасуды з віном і прыгажунь, не падобных да тых кабет, што я бачыў звычайна вакол. Зрэшты, адначасова, і тое і другое, як усё невядомае і страшнае, выклікала ў маёй душы прыцягальнае і небяспечнае зачараванне.
3 дзяцінства бацька дазваляў мне быць з ім у час прыёму хворых. Ён паказваў мне прылады, нажы і сасуды пад лекі, расказваючы, як і чым трэба карыстацца. Калі ён аглядаў хворага, я стаяў побач і падаваў яму то сасуд з вадой, то павязкі, то алей ці віно. Мая маці, як і ўсе жанчыны, не магла глядзець на раны і нарывы, а таму ўвесь час дзівілася маёй дзіцячай цікаўнасці да розных хваробаў. Дзіцё не можа разумець пакутаў і болю, пакуль само іх не паспытае. Чыстка нарываў здавалася мне захапляючай справай, і я з гонарам распавядаў пра ўсё ўбачанае хлопцам на вуліцы, і праз гэта яны ставіліся да мяне з павагай. Калі прыходзіў новы хворы, я заўсёды ўважліва сачыў, як бацька яго аглядае, слухаў і запамінаў усе бацькавы пытанні і чакаў, як ён скажа на заканчэнне: «Гэтуюхваробу мы вылечым», — ці: «Бяруся дапамагчы». Але былі і такія хворыя, лячыць якіх ён і не пачынаў, а пісаў на папірусе колькі радкоў і адсылаў іх у храмавы Дом жыцця. Калі такі наведнік сыходзіў, бацька звычайна ўздыхаў, трос галавою і прамаўляў: «Небарака!»
He ўсе, хто звяртаўся да майго бацькі, былі беднякамі. 3 дамоў уцех да яго прыносілі на перавязку мужчын у адзенні з тонкага льну, з караблёў часам прыходзілі сірыйскія капітаны — палячыць хворы зуб ці
флюс. Таму я не здзівіўся, калі на прыём прыйшла жонка гандляра прыправамі, уся ў упрыгожаннях і з каштоўнымі камянямі на каўняры. Бацька ўважліва яе агледзеў, слухаючы няспынныя стогны і скаргі на незлічоныя немачы, а потым, на вялікае маё расчараванне, пачаў нешта пісаць на лісточку. Я ж думаў, што бацька вылечыць гэтую хворую, за што атрымае шмат падарункаў і розных прысмакаў. Таму я толькі сумна ўздыхнуў, паківаў галавой і шапнуў: «Небарака!»
Хворая спалохана здрыганулася і з жахам зірнула на бацьку. Але той, перанёсшы на лісток некалькі радкоў са старых пісьмёнаў і малюнкаў са старажытнага скрутку, перамяшаў у сподачку алей і віно, апусціў у іх лісток і папаласкаў яго, пакуль чарніла не растварылася ў сумесі. Потым пераліў прыгатаваную мікстуру ў маленькую гліняную баначку і аддаў яе жонцы гандляра прыправамі, загадаўшы прымаць лекі кожны раз, калі забаліць галава ці жывот. Калі жанчына пайшла, я пытальна зірнуў на бацьку. Той трошкі збянтэжыўся, некалькі разоў кашлянуў і сказаў:
— Ёсць шмат хваробаў, што вылечваюцца ад чарніла, якім былі напісаны магутныя заклінанні.
Болей ён не сказаў мне нічога, а праз пэўны час прамармытаў сам сабе: «Ва ўсякім разе такія лекі хвораму не пашкодзяць».
Калі мне споўнілася сем гадоў, я атрымаў паяснічную павязку падлетка і маці павяла мяне ў храм, дзе падносіліся ахвяраванні. У той час храм Амона быў самы вялікі храм у Егіпце. Ад храмавай сажалкі багіні Месяца праз увесь горад да яго ішла алея, абапал якой стаялі сфінксы з галовамі бараноў. Вакол храма з усімі яго будынкамі ўздымаліся магутныя цагляныя сцены, утвараючы сапраўдны горад у горадзе. На версе высокіх, як горы, пілонаў паласкаліся рознакаляровыя сцягі, а велічэзныя статуі фараона па баках медных варотаў вартавалі ўваход на тэрыторыю храма.
Мы прайшлі праз вароты, і маю маці з усіх бакоў пачалі тузаць за рукавы гандляры Кнігамі мёртвых; яны то шапталі ёй штосьці на вуха, то гучна гарлалі, прапануючы зрабіць пакупку. Маці завяла мяне ў сталярню, дзе стаялі выразаныя з дрэва фігуркі рабоў і прыслужнікаў, якія па заклінанні жрацоў мусілі на тым свеце адказваць за свайго гаспадара і рабіць за яго ўсю працу, каб яму і пальцам варухнуць не давялося. Але нашто я распавядаю ўсім вядомыя рэчы, бо цяпер усё стала зноў як раней, не змянілася толькі чалавечае сэрца. Маці заплаціла патрэбную плату, каб паглядзець, як прыносяць ахвяру. Жрацы ў белай вопратцы спрытна закалолі і рассеклі быка, між рагоў у якога на сплеценай з чароту вяровачцы вісела пячатка, пацвярджаючы, што бык не мае ніякіх заганаў і на ім няма ніводнай чорнае валасінкі. Жрацы былі дзябёлыя, іх паголеныя галовы ільсніліся ад алею. На прынясенні
ахвяры прысутнічала каля дзвюх соцень чалавек, але жрацы не звярталі на іх увагі і спакойна размаўлялі пра нешта сваё. Я з цікаўнасцю разглядаў карціны бітваў на сценах і быў уражаны велічынёю калонаў храма. Я не мог зразумець, чым усхваляваная мая маці: калі мы вярталіся дахаты, у яе на вачах былі слёзы. Дома яна зняла з мяне дзіцячыя пантофлі, і я атрымаў новыя сандалі, якія мне моцна мулялі. Але калі я на гэта паскардзіўся, бацька добразычліва пасмяяўся і сказаў, што хлопчык з прыстойнай сям'і не можа хадзіць па горадзе басанож — час цяпер змяніўся. Ён расказаў, што яшчэ за яго дзедам нават вялікія начальнікі маглі павесіць сандалі на шыю і хадзіць босыя. Звычаі тады былі болей простыя і здаровыя, чым цяпер, Жанчыне хапала вузкай сукенкі без рукавоў, а сёння кожная кабета, якая дбае пра сваю годнасць, патрабуе шырокіх строяў са стракатымі каўнярамі. Раней, калі б мужчына надзеў вопратку з сабраным у зборкі накрухмаленым фартухам ды яшчэ з шырокімі рукавамі, яго засмяялі б. Далібог, дзед цяпер не пазнаў бы Фіваў, каб паўстаў з магілы паглядзець на горад, наўрад ці ён зразумеў бы нават сённяшнюю гаворку, настолькі мова засмецілася сірыйскімі назвамі і словамі. Чым больш чалавек ужывае чужамоўных словаў, тым больш вытанчаным ён сам сабе здаецца, так гаварыў мой бацька.