Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

Сінухе егіпцянін

Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
179.18 МБ
Я пазнаёміўся з храмам, і мая хлапечая душа была глыбока ўражаная яго веліччу і нязмерным багаццем. Натоўп, які з рання да позняга вечара напаўняў залы і пераходы храма, уяўляў сабой дзіўнае відовішча. Усе станы, усе мовы, усе колеры і адценні скуры, усе народы сцякаліся адусюль, каб узнесці хвалу Амону і вымаліць у яго ўдачу сабе, сваёй справе і родзічам. Яны прыносілі Амону багатыя дарункі, якія ён заслужыў, камусьці збярогшы здароўе, камусьці дапамогшы ў гандлі ці ўдалай здзелцы. Mae вочы стаміліся разглядаць незлічоныя скарбы, каштоўныя сасуды, вырабы са слановай косці і разнога чорнага дрэва. Мой нюх затупіўся ад водару курніц і каштоўных духмяных смол. Маім вушам надакучыла слухаць бясконцы гоман на розных мовах і казані жрацоў, у якіх народ не нічога ўжо разумеў. Веліч Амона абрынулася на мяне з такой сілай, што па начах я сніў страшныя сны і стагнаў у непрытомнасці.
Тых, хто здаваў іспыты на ніжэйшую жрэцкую ступень, падзялілі на групы ў залежнасці ад іспытаў, якія ім трэба было здаваць. Мы, як будучыя навучэнцы Дома Жыцця, стваралі асобную групу, але нікога з маіх блізкіх сяброў і таварышаў у ёй не было. Мудрая перасцярога, дадзеная Птахорам, моцна запала мне ў душу, і я замкнуўся ў сабе, пакорліва выконваючы любы загад і прыкідваючыся прыдуркам, калі іншыя жартавалі і па-блюзнерску, па-хлапечы дасцшнічалі. У нашай групе былі дзеці лекараў, якія лячылі толькі знаць. Свае парады і пры-
ёмы лекавання іх бацькі цанілі на вагу золата. Былі тут і дзеці простых вясковых лекараў, часта старэйшыя за іншых, ці нават зусім дарослыя. Прапаленыя сонцам і няўклюдныя, яны імкнуліся неяк прыхаваць сваю баязлівасць і старанна завучвалі ўрокі. Былі і дзеці з нізоў, надзеленыя прыроднаю прагай ведаў, якія любой цаной імкнуліся парваць з заняткам бацькоў і вырвацца са свайго стану. Але жрацы ставіліся да іх з падазронасцю і патрабавалі больш, чым ад іншых, бо не надта любілі тых, хто не хацеў задавальняцца наканаваным яму лёсам.
Абачлівасць пайшла мне на карысць, і ў хуткім часе я пачаў заўважаць, што сярод нас, навучэнцаў, жрацы маюць і сваіх віжаў, і сваіх прыслужнікаў. Неасцярожнае слова, выказаны ўголас сумнеў ці нават жарт у коле сяброў хутка рабіліся вядомыя жрацам, вінаваты выклікаўся на допыт і атрымліваў пакаранне. Некаторым хлопцам давялося паспытаць лупцоўку палкамі, а некаторыя былі нават выгнаныя з храма, і дзверы Дома жыцця былі перад імі назаўжды зачыненыя як у Фівах, так і па ўсёй егіпецкай зямлі. Маючы дастатковую ўпартасць і сілу духу, яны маглі стаць памочнікамі гарнізонных лекараў, што адпілоўвалі параненым рукі і ногі, хіба толькі дзе-небудзь у заваяваных землях, у краіне Куш ці ў Сірыі: егіпецкія лекары славіліся па ўсім свеце. Але пераважная большасць выкінутых скочвалася ўніз і, самае большае, магла спадзявацца на пасаду дробнага пісарчука, калі яны ўвогуле паспявалі да таго часу навучыцца пісаць.
Уменне пісаць і чытаць дало мне вялікую перавагу над многімі старэйшымі паплечнікамі. Я лічыў сябе цалкам падрыхтаваным, каб увайсці ў Дом жыцця, але маё пасвячэнне ў жрэцкі сан усё адкладвалася, a спытацца чаму я не адважваўся, бо гэта лічылася вальнадумствам і непакорлівасцю Амону. Я бавіў час, проста перапісваючы з Кнігі мёртвых тэксты, якія прадаваліся перад уваходам у храм. Мая душа паўставала супраць гэтага марнага занятку, і мяне агортваў сум. Шмат якія мае таварышы, будучы поўнымі няздарамі, тым не менш, ужо сталі навучэнцамі Дома жыцця. А я ж атрымаў ад бацькі намнога лепшую падрыхтоўку! Толькі потым я зразумеў, што жрацы Амона былі нашмат разумнейшыя за мяне. Яны бачылі мяне наскрозь, добра адчувалі маё ўпартае нежаданне ім падпарадкавацца і здагадваліся пра ўсе мае сумневы, а таму цягнулі, адкладаючы мой іспыт.
Мая журбота расла, сны былі неспакойныя, і вечарамі я часта шукаў адзіноты на беразе Ніла, назіраючы, як заходзіць сонца і ў небе запальваюцца зоркі. У мяне было пачуцце, быццам я цяжка хворы. Дзявочьі смех на вуліцы выклікаў у мяне трывогу і злосць. Я сумаваў, сам не ведаючы па чым, мядовая атрута з казак і вершаў пранікала мне ў душу, расслабляючы сэрца, і калі я заставаўся адзін, слёзы каціліся з маіх вачэй. Бацька пазіраў на мяне і нечаму ўсміхаўся сабе пад hoc, a
Kina з яшчэ большым натхненнем расказвала гісторыі пра каварных жанчын, якія ў адсутнасць мужоў запрашалі прыгожых юнакоў, каб весяліцца з імі.
Нарэшце было абвешчана, што мая чарга прайсці выпрабаванне настала. Цэлы тыдзень я павінен быў правесці ва ўнутраных пакоях храма, не пакідаючы яго тэрыторыі. Я павінен быў ачысціцца і поставаць, а таму бацька паспяшаўся абстрыгчы мае хлапечыя кудзеры і запрасіў суседзяў на пачостку ў гонар майго паўналецця. Цяпер я лічыўся дарослым і быў падрыхтаваны для ўзвядзення ў жрэцкі сан, хоць на праўдзе ўзрост меў туг не вялікае значэнне. Затое гэта ўзвышала мяне над бліжэйшымі суседзямі і аднагодкамі.
Кіпа зрабіла ўсё найлепшым чынам, але мядовыя аладкі мне здаваліся нясмачнымі, а весялосць суседзяў ды іхнія грубыя жартачкі не радавалі мяне. Вечарам, калі суседзі сышлі, мая журбота перадалася Сэнмуту і Кіпе. Сэнмут пачаў расказваць гісторыю майго нараджэння, Кіпа дапамагала яму, успамінаючы падрабязнасці, а я глядзеў на трысняговую лодачку, што вісела над іхнім ложкам. Яе пачарнелыя, паламаныя сцяблінкі прымусілі балюча сціснуцца маё сэрца. Выходзіць, сапраўдных бацькоў у мяне не было нідзе ў цэлым свеце. Я быў адзін пад гэтымі зоркамі, у гэтым вялікім горадзе. Можа, я ўсяго толькі нікчэмны чужаземец у краіне Кэмет? А можа, маё паходжанне — гэта нейкая ганебная таямніца? У мяне была рана ў сэрцы, калі я пайшоў у храм, несучы пасвячальную вопратку, якую мне старанна і з любоўю падрыхтавала Кіпа.
2
Нас было дваццаць пяць паддеткаў і маладых мужчын, якія рыхтаваліся да пасвячэння. Пасля абмывання ў храмавым возеры нам пагалілі галовы, і мы пераапрануліся ў грубае адзенне. Жрэц, які наглядаў за намі, аказаўся не вельмі прыдзірлівы. Па старым звычаі ён мог бы прымусіць нас прайсці шматлікія прыніжальныя працэдуры, але ў нашай групе былі сыны знатных людзей і дарослыя законнікі, якія ўжо даўно здалі свае прафесійныя іспыты, але дзеля забеспячэння лепшай кар'еры ім трэба было стаць яшчэ і прыслужнікамі Амона. Яны мелі шмат усялякай ежы і напаілі жраца віном, а некалькі чалавек нават уцяклі на ноч у дом уцех, бо пасвячэнне для іх было пустою фармальнасцю. Я ж быў няздольны заснуць, пакутуючы ад невядомай раны ў сэрцы, і мяне апаноўвалі сумныя думкі. 3 ежы я абмежаваўся толькі кавалкам хлеба і кубкам вады — чым, па звычаі, і павінен быў харчавацца — і чакаў, што будзе далей, поўны спадзяванняў і змрочных сумневаў.
Я быў зусім малады, і мне яшчэ вельмі хацелася верыць, Казалі, што падчас пасвячэння Амон з’яўляецца і размаўляе з кожным, хто праходзіць выпрабаванне, і ддя мяне было б вялікае аблягчэнне, каб я змог
пазбыцца сваіх сумневаў і спасцігнуць сутнасць усяго існага. Бо перад лекарам і фараон мусіць быць голы! Зрэшты, я яшчэ хлопчыкам, суправаджаючы свайго бацьку, пабачыў і хваробы, і смерць, а таму меў вастрэйшы позірк і заўважаў больш, чым мае аднагодкі. Лекар нічому не павінен надаваць празмернае святасці і ні перад чым не схіляцца, апроч смерці, — так вучыў мяне бацька. Таму я ставіў усё пад сумнеў, і ад таго, што я за тры гады ўбачыў у храме, мае сумненні толькі ўзраслі.
Але я думаў, што там, за заслонай, у цемры святога храма, ёсць нешта такое, чаго я яшчэ не ведаў. I можа, Амон, а ўзнікшы перада мной, супакоіць маё сэрца?
Я разважаў пра гэта, блукаючы па адкрытых простым наведнікам храмавых калідорах, разглядаючы каляровыя свяшчэнныя карціны і чытаючы свяшчэнныя пісьмёны, якія паведамлялі пра незлічоныя дарункі фараонаў вялікаму Амону пасля паспяховых ваенных паходаў. Тады мне і сустрэлася прыгожая жанчына, апранутая ў такія лёгкія і празрыстыя ільняныя строі, што скрозь іх прасвечвалі яе грудзі і клубы. Яна была тонкая і стройная, з падмаляванымі вуснамі, шчокамі і брывамі. Яна глядзела на мяне з бесцырымоннай цікаўнасцю.
— Як цябе завуць, прыгожы юнак? — спытала яна, гледзячы зялёнымі вачыма на маю шэрую накідку, якая ўказвала на тое, што я рыхтуюся да пасвячэння.
— Сінухе, — збянтэжана адказаў я, не адважваючыся паглядзець ёй у вочы. Але яна была такая прыгожая і ад кропелек алею на яе ілбе струменіўся такі незвычайны водар, што мне захацелася, каб яна папрасіла мяне правесці яе па храму. Да навучэнцаў часта звярталіся з такімі просьбамі.
Сінухе, — паўтарыла яна і, нібы ў роздуме, зноў паглядзела на мяне. — Значыць, ты спалохаешся і ўцячэш, калі даверыць табе таямніцу?
Яна мела на ўвазе казачныя прыгоды Сінухе, і гэта раззлавала мяне, бо яшчэ ў школе мяне часта дражнілі гэтаю казкай. Я выпрастаўся і паглядзеў ёй у вочы, і яе позірк быў такі дзівосны, цікаўны і светлы, што мой твар запалаў агнём і жар ахапіў усё цела.
— Чаго мне палохацца, — адказаў я. — Будучы лекар ніякіх таямніц не баіцца.
Вось як! — сказала яна з усмешкай. — Куранятка ціўкае, яшчэ не вылупіўшыся з яйка. А ці няма сярод тваіх таварышаў юнака на імя Метуфер? Ён сын царскага будаўніка.
Менавіта Метуфер паіў жраца віном, а потым з нагоды свайго пасвячэння падараваў яму залатую бранзалетку. Нешта балюча мяне ўкалола, але я сказаў, што ведаю яго і прапанаваў паклікаць. Можа, гэтая жанчына яго сястра ці сваячка, падумаў я. I гэтая думка прынесла палёгку. Я смела паглядзеў ёй у вочы і ўсміхнуўся.
— Але як я змагу паклікаць яго, калі не ведаю твайго імя? Як я змагу сказаць, хто яго пытаецца? — адважыўся сказаць я
— Ён сам ведае, — адказала жанчына, нецярпліва пастукваючы па каменнай падлозе сандаляй, багата ўпрыгожанай каштоўнымі камянямі, і я міжволі зірнуў на яе маленькія ножкі з прыгожа абточанымі, пакрытымі яркай чырвонаю фарбай пазногцямі, на якіх не было і следу дарожнага пылу. — Ён выдатна ведае, хто яго пытаецца. Можа, ён мне сёе-тое вінаваты. А можа, мой муж адправіўся ў падарожжа і я чакаю, каб ён суцешыў мяне ў гэтым няшчасці.
Думка, што гэтая жанчына мае мужа, засмуціла маё сэрца, але я смела сказаў:
— Ну што ж, незнаёмка, хай будзе па-твойму! Я зараз жа пайду і паклічу яго. I скажу, што яго кліча дзяўчына прыгажэйшая і маладзейшая за маладзік. Тады ён адразу здагадаецца, хто ты, бо, без сумневу, той, хто хоць раз пабачыў цябе, забыць е ўжо ніколі не зможа.