• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Я спалохана паглядзеў на поўны гарлач віна, за які Інтэб мерыўся ўзяцца, і пачаў нецярпліва тузаць бацьку за шырокі, прапахлы лекамі рукаў. Я баяўся, што ад гэтага віна мы прачнёмся ў якой-небудзь канаве, пабітыя і абрабаваныя. Бацька засмучана паглядзеў на гарлач, ціхенька ўздыхнуў і павёў мяне прэч. Інтэб старэчым голасам зацягнуў нейкую сірыйскую ваенную песню, а голы, да чарнаты спалены сонцам вулічны хлопчык слухаў яго і смяяўся.
    Так я, Сінухе, пахаваў сваю мару аб вайсковай кар'еры і ўжо не працівіўся, калі на другі дзень бацька і маці павялі мяне ў школу.
    4
    Мой бацька, вядома ж, не меў дастаткова сродкаў, каб аддаць мяне ў вялікую храмавую школу, дзе навучаліся сыны — а часам і дочкі — знаці, багацеяў і жрацоў вышэйшых ступеняў. Маім настаўнікам стаў стары жрэц Анех, які жыў праз два кварталы ад нас і праводзіў заняткі на старой тэрасе свайго дома. Ягонымі вучнямі былі дзеці рамеснікаў, гандляроў, партовых наглядчыкаў і малодшых афіцэраў, чыёй славалюбнаю марай была кар'ера пісарчука. Анех некалі быў пісарам на складзе ў храме нябеснай Мут і, такім чынам, мог даць пачатковыя навыкі пісьменства дзецям, якія пазней будуць запісваць вагу тавараў, колькасць мераў зерня, пагалоўе скаціны ды выпісваць рахункі за харчы для воінаў. У Фівах, гэтым вялізным горадзе, былі дзесяткі, ато і сотні такіх школак. Навучанне было таннае, бо вучні былі павінны проста забяспечваць утрыманне старога Анеха. Сын вугальшчыка прыносіў драўляны вугаль у яго агмень, сын гандляра зернем забяспечваў мукой, сын ткача — вопраткай, а мой бацька лячыў яго ад шматлікіх старэчых
    немачаў і даваў лекі ад болю — настоі разнастайных траваў, якія трэба было прымаць з віном.
    Такая залежнасць рабіла Анеха рахманым настаўнікам. Хлопчыка, які задрамаў над пісьмоваю дошчачкай, не дралі за валасы, замест гэтага ён павінен быў назаўтра прынесці старому што-небудзь смачнае. Часам сын гандляра зернем прыносіў з дому гарлач піва. Такімі днямі мы асабліва ўважліва слухалі свайго настаўніка. Стары Анех захоплена расказваў пра дзівосныя прыгоды на тым свеце, баяў казкі пра нябесную Мут ці пра Пта, творцу ўсяго існага, ды пра іншых багоў, якіх ён ведаў. Мы задаволена пасмейваліся, думаючы, што за півам ён ужо на ўвесь дзень забыў пра цяжкія заданні і нудныя практыкаванні ў пісьме. Толькі нашмат пазней я зразумеў, што Анех быў мудрэйшы і разумнейшы настаўнік, чым я меркаваў. Паданні, якія ён ажыўляў сваім падзіцячаму чыстым уяўленнем, мелі сваю мэту. Такім чынам ён вучыў нас маральным законам старога Егіпта. Ніякі зладзейскі ўчынак не застанецца беспакараным. Настане час, і перад высокім тронам Асірыса будзе бязлітасна ўзважана сэрца кожнага чалавека. Кожны, чые зладзейскія ўчынкі выявяцца на вагах бога з галавою шакала, будзе кінуты на з’ядзенне Пажорцу, а Пажорца — гэта кракадзіл і бегемот у адной асобе, але страшнейшы за іх абодвух.
    Ён расказваў таксама пра лютага бога з тварам, павернутым назад, жахлівага перавозчыка праз воды Царства мёртвых, без чыёй дапамогі ніводзін нябожчык не трапіць у край вечнага спакою. Гэты бог вяслуе, гледзячы толькі назад, а не наперад, як робяць зямныя весляры-перавозчыкі на Ніле. Анех прымусіў нас вывучыць напамяць заклінанні, пры дапамозе якіх можна ўлагодзіць і задобрыць Таго, хто глядзіць назад. Ён прымушаў нас па некалькі разоў па памяці перапісваць усе пісьмёны з гэтымі заклінаннямі і з вялікай цярплівасцю выпраўляў нашы памылкі. Ён настойліва даваў нам зразумець, што самая маленькая памылка адрыне нас ад шчаслівага жыцця на тым свеце. Калі мы дадзім Таму, хто глядзіць назад, ліст з памылкамі, нас назаўсёды пакінуць блукаць на змрочных берагах цёмных водаў, ато яшчэ горш — мы можам трапіць у жудасныя цясніны Падземнага царства.
    Я наведваў школу Анеха некалькі гадоў. Пасылаючы мяне туды, мой бацька меў свае разлікі. На яго думку, прымусіць чалавека займацца справай, да якой у яго не ляжыць душа, проста немагчыма. I калі б я не выявіў здольнасцяў, ён і не прымушаў бы мяне стаць пісарам. А вось калі б я паказаў зацікаўленасць да заняткаў, то Анех пазней парэкамендаваў бы мяне ў храмавую школу, і ўжо адтуль мне адкрываўся б жыццёвы шлях, па якім і хацеў накіраваць мяне бацька. У іншым выпадку для пракорму мне заставалася б кар'ера дробнага пісарчука ці наглядчыка вайсковых складаў. Праўда, тады я гэтага не ведаў.
    Самым цікавым маім прыяцелем у школе быў Тутмес, хлопчык, старэйшы за мяне на два гады, чый бацька камандаваў групай баявых калясніцаў. Тутмес з дзяцінства ўмеў даглядаць коней і ведаў прыёмы барацьбы. Яго бацька насіў знак камандзіра групы калясніцаў — бізун з уплеценымі ў яго меднымі ніткамі. Ён марыў зрабіць з сына вялікага палкаводца, а таму адправіў яго вучыцца майстэрству пісьма. Але слаўнае сынава імя, Тутмес, не стала прадвесцем таго, на што так спадзяваўся бацька: паступіўшы ў школу Тутмес занядбаў свае практыкаванні з калясніцамі і кіданне дроцікаў. Знакі пісьменства даваліся яму лёгка, і пакуль іншыя няшчасныя дзеці старанна гнуліся над сваімі дошчачкамі, ён пачынаў маляваць на сваёй розныя карціны. Ён маляваў калясніцы, уздыбленых коней і воінаў, якія біліся на полі бою. Ён прынёс у школу гліны і ажывіў Анехавы казкі, аздобіўшы іх вобразамі піўны гарлач. Ён вылепіў выяву пацешнага Пажорцы з раззяўленай пашчай, які хацеў праглынуць маленькага, лысага, згорбленага дзядка з круглым жыватом, у якім лёгка пазнаваўся Анеха. Але Анех не раззлаваўся. Дый ніхто не мог злавацца на Тутмеса. У яго быў шырокі твар простага селяніна і кароткія, тоўстыя ногі, але ў яго вачах заўсёды свяціўся радасны агеньчык, а яго ўмелыя рукі спрытна ляпілі з гліны фігуркі звяроў і птушак, якія вельмі нас забаўлялі. Спачатку я шукаў яго дружбы таму, што ён быў звязаны з вайскоўцамі, і хоць высветлілася, што Тутмес мала цікавіцца ваеннай кар'ерай, нашае сяброўства з часам толькі мацнела.
    Падчас вучобы са мной адбылося адно дзіва. Гэта здарылася раптоўна, і я сёння ўспамінаю тое імгненне, як прарочы знак. Быў ласкавы вясенні дзень, без спёкі, у паветры звінела птушынае шчабятанне, буслы рупліва правілі свае гнёзды на стрэхах гліняных хацін. Вада ўжо сышла, і зямля зазіхацела яркаю зеленню. На гародах рассаджвалі флянсы. Такі дзень спакушаў на прыгоды, і мы не маглі спакойна сядзець на старой рассохлай Анехавай тэрасе, дзе нават ад лёгкага дотыку са сцен выкрышваліся цагліны. Я безуважна крэсліў абрыдлыя знакі, што высякаюць на камянях, а побач — скарапісныя скарачэнні, якімі пішуць на папірусе. I раптам выява аднаго забытага Анехава слова, дзіўная і незразумелая, зварухнула нешта ўва мне, і напісанае ажыло. Слова раптам выразна паўстала з малюнка, са слова выдзеліўся кожны склад, са складу — літара. Спалучэнне малюнкаў-літараў нараджала новыя словы, жывыя і дзіўныя, якія ўжо ніякім чынам не звязваліся з малюнкамі. Адзін малюнак мог бы зразумець нават просты палівальшчык палёў, але сэнс двух малюнкаў, пастаўленых побач, зразумець здольны быў толькі той, хто валодае майстэрствам пісьма. Думаецца, кожны, хто спасцігаў навуку пісьменства і вучыўся чытаць, перажываў падобныя ўражанні. Гэтае спасціжэнне было для мяне сапраўднай прыгодай,
    нават больш прывабнай і захапляльнаю, чым гранат, скрадзены з гандлярскага кошыка, болей салодкай, чым сушаны фінік, і такою пяшчотнаю, як вада, знойдзеная змучаным смагаю чалавекам.
    3 той пары мяне ўжо не трэба было ўгаворваць. 3 той пары я гэтак сама прагна паглынаў Анехаву навуку, як ссохлая глеба паглынае ваду ў час разводдзя Ніла. Я хутка навучыўся пісаць. Памалу я навучыўся чытаць і тое, што пісалі другія. На трэцім годзе навучання мне давяраўся стары, зношаны скрутак папіруса, і я чытаў з яго, каб іншыя вучні пісалі пад маю дыктоўку розныя павучальныя гісторыі.
    У той самы час я заўважыў, што я не такі, як іншыя. Мой твар быў вузейшы, скура святлейшая, і па целаскладзе я выглядаў болей кволым, чым іншыя хлопчыкі. Я быў больш падобны да дзяцей знаці, чым тых людзей, сярод якіх жыў, і калі б я меў такія самыя строі, як багатыя хлопчыкі, якіх рабы насілі на паланкінах ці суправаджалі па вуліцах, мяне наўрад ці можна было б ад іх адрозніць. Часам гэта выклікала насмешкі. Сын гандляра зернем, паспрабаваўшы аднойчы мяне абняць за шыю, сказаў, што я — як дзяўчынка. Ад яго дрэнна пахла, і яго блізасць была мне да таго непрыемная, што я мусіў пырнуць яго пісалам. Я хацеў сябраваць з Тутмесам, але ён ніколі да мяне нават не датыкаўся.
    Але аднойчы Тутмес нясмела сказаў: «Не хочаш трошкі пасядзець перада мной — я цябе вылепіў бы».
    Я прывёў яго да нас у двор, і пад сікаморай ён вылепіў з гліны фігуру, вельмі падобную да мяне, і палачкай напісаў на сырой гліне маё імя. Мая маці Кіпа вынесла нам аладак, а калі ўбачыла выяву, моцна спалохалася і сказала, што гэта чарадзейства. Але бацька запярэчыў, сказаўшы, што, калі Тутмес пойдзе вучыцца ў храмавую школу, дык стане царскім мастаком. Я жартам схіліўся перад Тутмесам, апусціўшы да каленяў рукі, як робяць, вітаючы знатных людзей. Вочы ў Тутмеса заблішчалі, але ён уздыхнуў і сказаў, што бацька патрабуе, каб ён вярнуўся ў вайсковы дом і паступіў у школу малодшых камандзіраў баявых калясніц, бо для малодшага камандзіра ён чытае і піша ўжо дастаткова добра. Мой бацька пайшоў, Кіпа яшчэ доўта нешта бурчэла сама сабе на кухні, а мы з Тутмесам ласаваліся тлустымі і смачнымі аладкамі. Нам было вельмі добра.
    Я быў тады яшчэ шчаслівы.
    5
    I вось настаў дзень, калі мой бацька апрануўся ў найлепшае, толькі што памытае Кіпай адзенне і ўсклаў на шыю вышыты жонкай шырокі каўнер. У гэтым убранні ён накіраваўся ў вялікі храм Амона, хоць патаемна, у глыбіні сэрца, не любіў жрацоў. Але без іх дапамогі і ўдзелу
    нічога не адбывалася — не толькі ў Фівах, але і ва ўсім Егіпце. Жрацы чынілі суд і выносілі прысуды, так што нават які-небудзь нахабнік, звярнуўшыся да суда жрацоў храма, мог паскардзіцца на царскі прысуд і атрымаць апраўданне. У руках жрацоў было ўсё навучанне вышэйшым прафесіям. Яны прадказвалі, наколькі падымецца вада ў час разліву, і вызначалі велічыню будучага ўраджаю, а тым самым і велічыню падаткаў па ўсёй краіне. Але навошта я тлумачу гэта, калі ўсё зноў вярнулася да былых парадкаў і ўрэшце нічога не змянілася.