• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Нам належала вывучыць назву ўсіх частак цела, работу кожнага чалавечага органа і яго прызначэнне. Мы павінны былі навучыцца спрытна карыстацца нажом і зубнымі абцугамі, але найперш — прывучыць свае рукі распазнаваць чалавечыя хваробы як у западзях, так і праз скуру, навучыцца чытаць немачы па вачах пацыента. Мы павінны былі навучыцца прымаць роды ў жанчын, калі павітуха не магла ўжо нічым дапамагчы.
    Мы вучыліся прычыняць боль і ўтаймоўваць яго па меры неабходнасці. Нас вучылі адрозніваць лёгкую нямогласць ад цяжкай хваробы,
    пакуты душэўныя ад цялесных. Нам даводзілася адсейваць праўду ад падману ў аповедах пацыентаў, каб дайсці да ісціны і, умела задаючы пытанні, скласці правільную карціну захворвання.
    А таму зразумела, што чым больш я паглыбляўся ў вучобу, тым больш усведамляў, як мала ведаю. Такім чынам, вынікала, што лекар навучаецца толькі тады, калі пакорна ўсведамляе, што на праўдзе ён нічога не ведае. Аднак казаць пра гэта недасведчаным было не варта, бо самае важнае заключалася ў тым, каб хворы верыў у лекара і яго майстэрства. Гэта аснова ўсякага лекавання і ўсё на гэтым грунтуецца. А таму лекару ні ў якім разе нельга памыляцца, бо няўдалы лекар ганьбіць не толькі сябе — ён няславіць усіх лекараў.
    3 гэтай прычыны, калі ў багатых дамах пасля наведвання аднаго лекара ў асабліва цяжкіх выпадках запрашаюць яшчэ двух, a то і трох — дзеля нарады, — яны лепей схаваюць хібы першага, чым будуць выкрываць іх на сорам усяму лекарскаму саслоўю. Таму і кажуць, што ўсе лекары хаваюць сваіх хворых разам.
    Але тады я ўсяго гэтага яшчэ не ведаў і ўступаў у Дом жыцця з верай знайсці ў ім усю дабрыню і мудрасць зямлі. Першыя тыдні былі асабліва цяжкія, бо навічок — гэта служка ўсім астатнім і нават самы ніжэйшы служыцель Дома жыцця стаіць вышэй за яго і камандуе ім, як захоча.
    Першым чынам навічок павінен прывучыцца да чысціні, і няма такой бруднай працы, якую ён не выконваў бы, часам хварэючы ад агіды, пакуль нарэшце не прызвычаіцца. Затое неўзабаве ён ужо нават і ў сне памятае, што нож чысты толькі, калі яго ачысціць агнём, а вопратка — толькі калі яе праварыць у вадзе са шчолакам.
    Але ўсё, што тычыцца лекарскай навукі, ужо апісана ў іншых кнігах, і я ў гэта больш паглыбляцца не буду. Я распавяду пра тое, што пабачыў на свае вочы, што пачуў сваімі вушамі і пра што не пісаў ніхто іншы.
    Па заканчэнні доўгага выпрабавальнага тэрміну настаў дзень, калі мяне апранулі ў белыя строі, і пасля святога абраду ачышчэння я атрымаў дазвол практыкавацца ў прыёмным пакоі храма, дзе вучыўся вырываць зубы ў дужых мужчын, перавязваць раны, ачышчаць нарывы ды накладваць лубкі на зламаныя косці.
    Усё гэта не было для мне новым і, дзякуючы бацькавай навуцы, я вучыўся так паспяхова, што па некаторым часе стаў распарадчыкам і настаўнікам сваіх таварышаў. Я пачаў атрымліваць падарункі, як сапраўдны лекар, і загадаў выгравіраваць сваё імя на зялёным камяні, які мне падаравала Нефернефернефер, каб ставіць на рэцэптах сваю пячатку.
    Мне давалі ўсё цяжэйшыя даручэнні і дазволілі нават працаваць у залах, дзе ляжалі невылечныя хворыя. Я назіраў там, як працуюць славутыя лекары, як яны робяць самыя цяжкія аперацыі, пасля якіх дзе-
    сяць чалавек памірала і ачуньваў толькі адзін. Там я зразумеў, што для лекара смерць — звычайная справа, а для хворага часта — літасцівы сябар, і што пасля смерці твары ў хворых выглядаюць болей шчаслівымі, чым у гаротныя дні пакутлівага жыцця.
    Але я заставаўся сляпы і глухі, пакуль не настаў мой дзень абуджэння, як ужо некалі было ў дзяцінстве, калі для мяне раптам ажылі малюнкі, словы і літары. Настала хвіліна, калі мае вочы расплюшчыліся, і я, нібыта абудзіўшыся ад глыбокага сну, з радасным хваляваннем спытаўся: «Чаму?» А гэтае пытанне — чаму? — самы застрашальны ключ сапраўднае мудрасці. Для мяне яно было мацнейшае за трысцінку Тота і трывалейшае за любы высечаны на камяні надпіс.
    Здарылася гэта так. У адной жанчыны не было дзяцей і яна лічыла сябе бясплоднай, бо ёй споўнілася ўжо сорак гадоў. Але раптам у яе зніклі месячныя, і яна, спалохаўшыся, прыйшла ў Дом жыцця, бо думала, што злы дух увантробіўся ў яе і атруціў ейнае цела. Як і належала ў такіх выпадках, я ўзяў некалькі зярнят і пасадзіўу зямлю. Адны я паліў вадой з Ніла, другія — вадой з цела жанчыны. Выставіўшы зямлю з пасевамі на сонца, я загадаў жанчыне прыйсці праз некалькі дзён. Да таго, калі яна прыйшла, я ўбачыў, што зярняты прараслі, але палітыя вадой з Ніла ледзь узышлі, а другія далі багатую прорасць. Усё напісанае спраўдзілася, і я, сам гэтаму дзівячыся, сказаў жанчыне:
    — Радуйся, жонка, бо прасвяты Амон у бязмернай сваёй літасці блаславіў тваё ўлонне і ў цябе будзе дзіця, як у іншых блаславёных жанчын.
    Небарака аж заплакала ад радасці і падаравала мне срэбны бранзалет з рукі вагою два дэбены, бо даўно страціла ўсялякую надзею. Цяпер жа, паверыўшы, адразу спыталася:
    — Гэта будзе хлопчык?
    Мусіць яна думала, што я ведаю ўсё. Набраўшыся смеласці я адказаў, гледзячы ёй прама ў вочы:
    — Гэта будзе хлопчык.
    Верагоднасць супадзення была роўная палавіне, а мне ў той час шанцавала ў гульні. Жанчына ўзрадавалася яшчэ больш і падаравала другі срэбны бранзалет таксама вагаю два дэбены.
    Аднак калі жанчына пайшла, я задумаўся: як можа быць, каб ячменнае зярнятка ведала тое, што немагчыма даследаваць, спазнаць і ўбачыць, пакуль не выявяцца ўсе адзнакі цяжарнасці? Набраўшыся смеласці, я папрасіў свайго настаўніка растлумачыць мне гэта, але той паглядзеў на мяне, як на вар'ята, і сказаў толькі: «Так напісана». Аднак гэта быў зусім не адказ на маё вечнае пытанне: «Чаму?» Насмеліўшыся, я спытаў тое самае ў царскага лекара ў радзільным доме. Той адказаў:
    — Амон — уладар усіх багоў. Яго позірк пранікае ва ўлонне жанчыны, якая прыняла семя. Калі ён дазваляе адбыцца зачаццю, дык чаму б
    яму не дазволіць і ячменнаму зерню прарасці ў зямлі, палітай водамі з цела цяжарнай жанчыны?
    Ён паглядзеў на мяне, як на апошняга дурня, але і гэта быў не адказ на маё спрадвечнае пытанне: «Чаму?»
    Тады мае вочы прасвятлелі і я ўбачыў, што лекары з Дома жыцця ведаюць толькі старыя тэксты ды ўсталяваныя здаўна звычаі і абрады — і болей нічога. А калі я пытаўся, чаму гнойныя раны трэба прыпякаць, а простыя лячыць мазямі і павязкамі, або чаму цвіль і павуцінне загойваюць нарывы, мне проста адказвалі: «Так рабілі спрадвечна». 3 такой самай прычыны і лекар, які лячыў людзей з дапамогай нажа, меў права зрабіць толькі сто восемдзесят дзве раней апісаныя аперацыі, і ён рабіў іх адпаведна свайму досведу і ўменню, лепей ці горш, хутчэй ці павольней, без болю ці прычыняючы залішні боль, але нічога больш ён рабіць не мог, бо толькі гэтыя аперацыі былі апісаныя і намаляваныя ў старых кнігах, а іншых раней не рабілі.
    Некаторыя людзі худнелі, іх твары цалкам трацілі колер, а лекар не мог вызначыць у іх ніякай хваробы, ані пашкоджання, — і потым яны ажывалі і нават выздараўлівалі, калі, за вялікія грошы, ім давалі з'есці печань ахвярнай жывёлы. Аднак пытацца, чаму так, было нельга. Бывала, што ў людзей балеў жывот, гарэлі рукі і твар. Яны атрымлівалі нутрагонныя ці болепатольныя лекі, але адны выздараўлівалі, а другія паміралі, і ніякі лекар не мог сказаць загадзя, хто паправіцца, а каму жывот раздзьме так, што ён памрэ. А чаму адзін памірае, а другі ачуньвае — ніхто не пытаўся, дый пытацца было нельга.
    Неўзабаве я заўважыў, што задаю шмат залішніх пытанняў: на мяне пачалі касавурыцца, а тыя, хто прыйшоў у Дом жыцця пазней, ужо мяне апярэдзілі і пачалі мне самі загадваць. Тады я скінуў белае адзенне, ачысціўся і выйшаў з Дома жыцця, і было ў мяне з сабою два срэбныя бранзалеты, агульнай вагаю два дэбены.
    5
    Сярод белага дня — упершыню за шмат гадоў — я выйшаў з храма, і мне адразу кінулася ў вочы, што, пакуль я вучыўся і працаваў, Фівы вельмі змяніліся. Я заўважыў гэта, ідучы па Алеі Баранаў і перасякаючы плошчу: паўсюль панавала новая, невядомая мне ўзрушанасць, вопратка на людзях стала больш дарагою і пышнай, гледзячы на плісаваныя спадніцы і парыкі, цяжка было адрозніць мужчыну ад жанчыны. 3 тавернаў і дамоў уцех ляцеў грукат сірыйскай музыкі, на вуліцах часцей чулася чужынская гамана, сірыйцы і багатыя негры ўсё нахабней трымаліся сярод егіпцян. Багацце, веліч і моц Егіпта былі бязмежныя, вораг стагоддзямі не ўступаў у егіпецкія гарады, і сярод людзей сярэдняга веку амаль не было такіх, хто спазнаў цяжар вайны. Зрэшты,
    не ведаю, ці дадало гэта людзям радасці: позіркі ва ўсіх былі трывожныя, паўсюль панавала неспакойная хапатлівасць і адчувалася нейкае напружанае чаканне, змяшанае з незадаволенасцю сённяшнім днём. Я блукаў па вуліцах Фіваў і быў адчайна самотны, маё сэрца поўнілася смуткам і жалем. Я прыйшоў дадому і ўбачыў, што мой бацька Сэнмут састарэў, яго спіна згорбілася, і ён ужо не мог разабраць літары на папірусе. Я ўбачыў, што мая маці Кіпа таксама састарэла, яна ледзь хадзіла па хаце і задышліва гаварыла толькі пра сваю магілу. А мой бацька ўжо купіў на свае зберажэнні магілу на дваіх у Горадзе мёртвых на заходнім беразе Ніла. Я бачыў яе, гэта была ахайная магілка з сырой цэглы, са звычайнымі малюнкамі і надпісамі на сценах. Побач і вакол месціліся яшчэ сотні і тысячы такіх магіл, бо жрацы Амона па дарагой цане прадавалі месцы прыстойным і ашчадлівым людзям, якія жадалі забяспечыць сабе несмяротнасць. На радасць маці я перапісаў дзеля іх Кнігу мёртвых, якую потым мусілі пакласці ў магілу разам з іх целамі, каб яны не заблукалі на далёкай дарозе ў Царства спачыўшых. Я перапісаў яе без памылак, і Кніга атрымалася выдатная, хоць і без малюнкаў, як у тых Кнігах, што прадаюць у кніжным двары храма Амона.
    Маці падала мне ежу, а бацька пачаў распытваць пра маё навучанне, і аказалася, што гутарыць нам больш не было пра што: дом стаў мне чужы, і вуліца стала чужая, і людзі на той вуліцы — таксама чужыя. Маё сэрца поўнілася ўсё большым смуткам, і тады я ўспомніў пра храм Пта і свайго сябра Тутмеса, які збіраўся стаць мастаком. «У мяне ў кішэні чатыры дэбены срэбра. Пайду-ткі я наведаю свайго сябра Тутмеса, павесялімся мы разам ды пацешым сябе віном, а на свае пытанні я ніколі не атрымаю адказаў».