Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Мы схіліліся да зямлі перад паміраючым фараонам, і кожны, хто бачыў смерць, ведаў, што тут ужо не дапаможа ніякае майстэрства Птахора. Аднак ва ўсе часы ўскрыццё чэрапа фараону лічылася апошнім сродкам, калі той не паспяваў памерці сваёю смерцю. Так павінна было адбыцца і гэтым разам, а таму мы ўзяліся за справу. Я адчыніў эбенавы куфэрак, яшчэ раз ачысціў у агні нажы, свярдзёлкі ды абцугі і падаў 56
Птахору свяшчэнны крамянёвы нож. Асабісты фараонаў лекар паспеў пагаліць і памыць галаву паміраючаму, і Птахор загадаў супыняльніку крыві сесці на ложак і моцна трымаць фараонаву галаву.
Тут Вялікая фараонава жонка Тэйе падышла да ложа і адмяніла загад. Да гэтага часу яна стаяла ўбаку, узняўшы рукі ў жалобе, нерухомая, нібы статуя багіні. За ёю стаялі малады наследнік Аменхатэп і яго сястра Бэкетамон, але я не адважваўся нават зірнуць на іх.
Цяпер жа, калі ў пакоі ўзнікла няёмкасць, я пазнаў іх па малюнках у храме. Наследнік быў майго ўзросту, але вышэйшы. Ён высока трымаў галаву, выставіўшы наперад падбароддзе і шчыльна заплюшчыўшы вочы. Яго члены былі хваравіта тонкія, веі і шчокі торгаліся. У прынцэсы Бэкетамон былі прыгожыя высакародныя рысы твару і вялікія авальныя вочы. Яе вусны і шчокі былі падмаляваныя чырвоным, а цела прасвечвала праз строі з царскага ільну, нібы цела багіні. Але болей значна і моцна выглядала Вялікая фараонава жонка Тэйе, маленькая і па-старэчы дзябёлая жанчына. У яе была вельмі смуглая скура, шырокі твар і выступаючыя скулы. Казалі, што яна паходзіла з простай сялянскай сям'і і што ў ёй цячэ негрыцянская кроў, але я нічога не магу сказаць пра гэта, бо ўсё чуў толькі ад іншых. Ведаю толькі, што яе бацькі не мелі ніякіх тытулаў; позірк у яе быў мудры, бясстрашны і востры і ва ўсёй паставе праглядала ўладнасць. Як толькі яна махнула рукой і зірнула на супыняльніка крыві, той, здаецца, імгненна ператварыўся ў пыл пад яе шырокімі смуглымі нагамі. Зразумела, гэта быў нізкародны валагон, які не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. Ён стаяў з жывёльна разяўленым ротам і тупым выразам на твары, сагнуўшыся і бездапаможна звесіўшы рукі. Ён не меў ніякіх заслуг, ані талентаў, але меў прыродную здольнасць спыняць крывацёк толькі сваёю прысутнасцю, дзеля чаго яго ўзялі ад сахі і быкоў платным служыцелем у храм. Нягледзячы на ўсе ачышчальныя працэдуры вакол яго заўсёды адчуваўся невынішчальны пах гною, і сам ён не мог сказаць нічога пра гэтую сваю здольнасць, як не мог і растлумачыць адкуль яна ўзялася. Гэта не было майстэрствам, ані вынікам трэніроўкі сілы волі. Гэта было ў ім, як каштоўны камень можа быць у кучы друзу, і гэтую здольнасць нельга было набыць ніякім вучэннем і ніякім практыкаваннем.
Я не дазволю яму дакрануцца да божышча, сказала Тэйе. — Калі трэба, я сама патрымаю галаву бога.
Птахор паспрабаваў запярэчыць, кажучы, што аперацыя будзе крывавай і непрыемнай, але боская фараонава жонка села на край ложка і беражліва падняла галаву свайго мужа, не зважаючы на сліну, што бесперапынна капала ёй на рукі.
— Ён мой, — прамовіла царыца, — і хай ніхто іншы не дакранаецца да яго. 3 маіх абдымкаў ён пяройдзе ў Царства мёртвых.
— Дык хай жа ён, бог, узыдзе на човен сонца, свайго бацькі, і плыве проста ў Краіну шчасця, — казаў Птахор, разразаючы крамянёвым нажом скуру на галаве фараона. — Ад сонца ён нарадзіўся і вернецца да сонца, і хай узнясуць у славе яго імя ўсе народы на вечныя часы. У імя Сэта і ўсіх злых сілаў, чаго чакае супыняльнік крыві!
Ён знарок гаварыў што папала, каб адцягнуць увагу царскай жонкі ад самой аперацыі. Так спрактыкаваны лекар прамаўляе да хворага, якому прычыняе боль. Нарэшце ён сярдзіта рыкнуў на супыняльніка крыві — той стаяў з дрымотна прыплюшчанымі вачыма, абапёршыся на вушак, бо кроў пачала заліваць фараону галаву і нават пацякла на адзенне царскай жонкі, ад чаго тая скаланулася, і яе твар стаў жоўташэрым. Супыняльнік крыві схамянуўся і адарваўся ад сваіх думак. Напэўна, ён задумаўся пра быкоў ды арашальныя канавы і, толькі цяпер успомніўшы свой абавязак, падышоў бліжэй. Ён узняў рукі і ўперыўся позіркам у фараона. Кроў адразу перастала, і я абмыў галаву.
— Выбачайце, уладарыня, — сказаў Птахор і ўзяў з маёй рукі свярдзёлак. — Вядома, ён скіруецца проста да свайго сонечнага бацькі ў залатым чоўне, хай блаславіць яго Амон.
Кажучы гэта, ён па-майстэрску спрытна круціў свярдзёлак у далонях, і той з храбусценнем уваходзіў у косць. Тут наследнік выступіў наперад і, уздрыгваючы тварам, прамовіў:
— He Амон, а Рахерахці, што з'яўляецца нам у вобразе Атона, блаславіць яго.
Я пачціва ўзняў рукі, хоць і не ведаў, пра што ён кажа, бо хто можа ведаць ё ўвесь тысячны сойм егіпецкіх багоў? I менш за ўсё гэта вядома пасвячэнцу Амона ніжэйшай ступені, якому і без таго хапіла клопату разабрацца хоць бы з усімі святымі тройцамі ды дзевяціцамі.
— Ну, вядома, Атон, — прымірэнча мармытаў Птахор. — Вядома, Атон. Як гэта ў мяне язык павярнуўся? — Ён зноў узяў крамянёвы нож і малаток з эбенавай ручкай і, ціха пастукваючы, пачаў аддзяляць косць. — I праўда, я памятаю, што ён у сваёй боскай мудрасці пабудаваў храм Атону. Гэта, здаецца, было неўзабаве пасля нараджэння прынца, ці не так, чароўная Тэйе? Ну вось, яшчэ хвіліначку...
Ён занепакоена паглядзеў на наследніка, што стаяў каля ложка, сціснуўшы кулакі. Яго твар сутаргава торгаўся.
— Па праўдзе, зараз было б нядрэнна выпіць крыху віна, гэта ўмацуе маю руку, дый прынцу гэта не пашкодзіла б. А на заканчэнне варта было б зламаць пячатку на гарлачы з царскім віном. Хоп!
Я падаў яму абцугі і ён з хрустам аддзяліў косць.
— Пасвяці, Сінухе.
Птахор з палёгкай уздыхнуў, бо самае дрэннае мінулася. Я таксама міжволі ўздыхнуў, здаецца, гэтае пачуццё палёгкі перадалося і непры-
томнаму фараону, бо яго члены варухнуліся, дыханне запаволілася, і ён яшчэ больш паглыбіўся ў забыццё. Мазгавое рэчыва было шэра-сіняга колеру і пацепвалася.
— Хм-м-м, — сказаў Птахор. — Што зроблена — тое зроблена, а далей хай аб ім клапоціцца ягоны Атон, бо гэта ўжо справа не людзей, a багоў.
Лёгка і асцярожна ён уставіў выразаную косць на сваё месца, замазаў шчыліну клеем, нацягнуў на яе скуру і перавязаў рану. Царская жонка апусціла галаву фараона на разное падгалоўе з каштоўнага дрэва і пытальна паглядзела на Птахора. Кроў засохла на яе руках і адзенні, але жанчына не звяртала на гэта ўвагі. Птахор бясстрашна сустрэў яе позірк і, нават не схіліўшыся ў паклоне, сказаў нізкім голасам:
— Ён дажыве да світання, калі дазволіць ягоны бог.
Потым ён узняў рукі ў знак жальбы, і я зрабіў тое самае. Але калі Птахор узняў рукі другі раз у знак спачування і спагады, я не адважыўся паўтарыць гэты жэст, бо хто я такі, каб выказваць шкадаванне царскай асобе. Я ачысціў на агні інструменты і паклаў іх назад у Птахораў эбенавы куфэрак.
— Ты атрымаеш вялікія дары, — сказала Вялікая царская жонка і зрабіла рукой знак, што мы можам ісці.
Нам падалі абед у адной з царскіх залаў, і Птахор павесялеў, калі ўбачыў ля сцяны цэлы шэраг гарлачоў з віном. Ён уважліва прачытаў надпіс на пячатцы і загадаў адкаркаваць адзін з гарлачоў, пасля чаго раб паліў нам на рукі. Я спытаў у Птахора, як ён адважыўся гэтак непачціва размаўляць з наследнікам і царскаю жонкай.
— Фараон, сапраўды, бог пры жыцці, — адказаў Птахор і ўсміхнуўся, ад чаго стаў падобны да старога павіяна. — Яму ў пашану, сапраўды, узводзяць храмы і прыносяць ахвяры нават на краі зямлі, але ты, як лекар, бачыў, што фараон — усяго толькі чалавек, смяротны і падобны да нас. I вялікая царская жонка таксама чалавек з усімі жаночымі рысамі. Mae прамовы — усяго толькі зык мухі ў вушах уладароў, і калі б я зыкаў гэтак сама, як зыкаюць астатнія мухі, ніхто з уладарных асобаў не схіліў бы да мяне сваё вуха. А так яны кажуць: «Птахор чалавек дзіўны, але сумленны. Даруем яму ягоныя дзівацтвы дзеля яго старасці і добрых намераў». I яны памятаюць мяне і даюць мне каштоўныя дарункі. Памятай і ты: калі хочаш, каб уладар пачуў твае словы, гавары з ім не так, як усе, а звяртайся, як да сабе падобнага. Тады ён або пачуе твае словы, або загадае выгнаць цябе палкамі з палаца, але ў любым выпадку цябе ён запомніць. А гэта вялікая справа, калі ўладар памятае пра свайго падданага.
Птахор выпіў віна і павесялеў. Супыняльнік крыві прагна піхаў рукамі ў рот мядовае мяса і, забыўшыся на сваю дрымоту, прыгаворваў:
— Мы тут не ў глінянай хаціне.
Ён таксама піў віно, але жлукціў яго столькі, быццам гэта было звычайнае піва, і вельмі хутка вочы ў яго заблішчалі, а твар счырванеў. Ён увесь час паўтараў:
— He, гэта табе не ў глінянай хаціне.
Раб зноў паліў яму на рукі, і ён паласкаўся так заўзята, што пырскі ляцелі па ўсёй зале. Птахор добразычліва зірнуў на яго і параіў пайсці паглядзець царскія стайні, калі ўжо выпала такая магчымасць: мы ўсё адно не маглі пакінуць палац, пакуль фараон не выпусціць дух ці не паправіцца. Такі быў звычай. А калі фараон памрэ, нам належала засведчыць смерць.
Супыняльнік крыві прыняў навіну блізка да сэрца і зажурыўся. Але потым узрадаваўся, што фараон усё-ткі памрэ не ў глінянай хаціне, і пайшоў глядзець стайні. Клікнуўшы раба, які мусіў суправаджаць супыняльніка крыві, Птахор сказаў, што лепей бы ён там і заначаваў — ён будзе сябе адчуваць там, як дома.
Калі мы засталіся сам-насам, я адважыўся спытаць у Птахора пра Атона, бо напраўду не ведаў, што Аменхатэп III пабудаваў у Фівах храм гэтаму богу. Птахор растлумачыў, што Рахерахці быў родавым богам Аменхатэпаў, бо найвялікшы сярод ваяроў-фараонаў Тутмос I убачыў у пустэльні каля сфінкса сон, у якім гэты бог з'явіўся перад ім і прадказаў, што яго павянчаюць дзвюма каронамі краіны Кэмет, хоць, мяркуючы па ўсім, Тутмос у той час не меў ніякай магчымасці дабіцца ўлады — тады было многа нашмат мацнейшых наследнікаў царскага пасада. I калі ў дні маладосці Птахор падарожнічаў да пірамідаў, ён на свае вочы бачыў паміж лапамі сфінкса храм, узведзены ў памяць аб тым цудоўным з'яўленні бога Тутмосу. Храм упрыгожвалі роспісы, на якіх сам вялікі фараон распавядаў, як гэта здарылася.
3 тае пары род Аменхатэпаў ушаноўваў Рахерахці, які жыў у Геліяполісе, у Ніжнім Егіпце, і з'яўляўся ў выглядзе Атона. Атон быў старадаўнім богам — нашмат старажытнейшым за Амона, — але забытым да тае пары, пакуль Боская царская жонка пасля паездкі ў Геліяполіс і ўзнясення малітваў у храме Атона не нарадзіла фараону наследніка. У гонар гэтага Атону ўзвялі ў Фівах храм, хоць яго ніхто, апроч царскай сям'і, не наведвае. Атон выступае ў храме ў выглядзе быка, які нясе на рагах сонца, а Гор — у выглядзе сокала.