Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Гэтаты, Самотнік?
Па голасе і тонкай паставе я пазнаў наследніка і кінуўся перад ім на зямлю, не адважваючыся прамовіць ні слова. Але наследнік з прыкрасцю пхнуў мяне нагой і сказаў:
— Падымайся, не курчы з сябе дурня! Нас ніхто не бачыць, і табе не абавязкова кідацца перада мной ніцма. Зберажы свае паклоны дзеля божышча, чыім сынам я ёсць, бо гэта адзіны бог, а ўсе астатнія багі — толькі розныя формы яго ўвасаблення. Табе гэта вядома? — He чакаючы адказу, ён на імгненне задумаўся і дадаў:
— Усе багі, за выключэннем Амона, таму што Амон ілжывы бог.
Я зрабіў адмоўны жэст і вохнуў, паказваючы, як мяне палохаюць такія словы.
— Кінь! — сказаў наследнік. — Я бачыў, як ты стаяў ля майго бацькі і падаваў нож і малаток старому дзіваку Птахору. I я назваў.цябе Самотнікам. А мая маці назвала Птахора Старою малпай. Калі вам давядзецца прыняць смерць, дык, перш чым пакінуць палац, вы атрымаеце такія імёны. Але тваё імя прыдумаў я.
Я спачатку падумаў, што наследнік сапраўды хворы вар'ят і кажа абы што, але ўспомніў, што і Птахор таксама казаў, што нас чакае смерць, калі фараон памрэ, і супыняльнік крыві паверыў яму. Адрастаючыя валасы на маёй галаве заварушыліся, і я засланіўся рукой, бо не хацеў паміраць.
Наследнік стаяў побач, рукі ў яго торгаліся, і праз перарывістае гарачае дыханне чуліся словы:
— Мяне гняце непакой... Я хацеў бы апынуцца дзе заўгодна, толькі не тут... Хутка перада мной з'явіцца маё божышча, я гэта ведаю і баюся гэтага... Пабудзь са мною, Самотнік, бо, калі мой бог з'явіцца, ён сцісне сваёй сілай маё кволае цела і мой язык забаліць...
Я задрыжаў, падумаўшы, што наследнік хворы і трызніць. Але ён загадаў: «Хадзем!» — і я рушыў за ім. Мы спусціліся з тэрасы, абмінулі царскае возера, і з-за каменных муроў палаца да нас, як шум марскога прыбою, данеслася гамана засмучанага народу. Мы прайшлі паўз царскія стайні і псярні і выйшлі з палаца праз брамку для слуг, так што варта не звярнула на нас ніякай увагі. Мне было вельмі страшна, бо Птахор казаў, што, пакуль фараон не памрэ, нам нельга пакідаць палаца, але пярэчыць наследніку я не адважваўся.
Напружваючыся ўсім целам, ён, нібыта слізгаючы, ішоў так шпарка, што я ледзь паспяваў следам. На ім была толькі паяснічная павязка, і ў месячным святле было добра відаць яго белую скуру, тонкія лыткі і шырокія, як у жанчыны, клубы. Я бачыў яго адтапыраныя вушы і твар, на якім адбіваліся жарсць і пакута, быццам там, удалечыні, ён бачыў нешта недаступнае ўсім іншым.
Мы спыніліся на беразе ракі, і ён сказаў:
— Возьмем лодку. Я павінен ісці на Ўсход, насустрач свайму нябеснаму бацьку.
He выбіраючы, ён сеў у адзін са шматлікіх трысняговых чаўноў, я ўскочыў следам, і мы пачалі веславаць упоперак цячэння. Хоць човен у нас быў крадзены, нас ніхто не спыніў. Ноч была неспакойная, па рацэ сюды-туды сноўдалі лодкі, а неба наперадзе ўсё больш барвянела ў водблісках фіванскай паланіцы. Дасягнуўшы другога берага, ён кінуў човен і, не азіраючыся, рушыў наперад, нібы ішоў гэтай дарогай не першы раз. Мне нічога не заставалася, як пайсці следам, хоць маё cappa сціскалася ад страху. Гэтай ноччу на вуліцах было шмат людзей, бо ў Фівах ужо было вядома, што фараон памірае, а таму варта не спыніла і не аклікнула нас.
Ён нібыта хацеў знясіліць сябе шпаркай хадой, і я дзівіўся трываласці яго слабага цела. Я ледзь паспяваў за ім, і хоць ноч была даволі халодная, у мяне па спіне струменіўся пот. Становішча зорак змянілася, маладзік на небасхіле блізіўся да далягляду, а наследнік усё ішоў ды ішоў, з даліны мы падняліся да бясплоднай пустэльні, Фівы засталіся ззаду, і вось у небе на ўсходзе перад намі паўсталі тры чорныя гары, тры адвечныя ахоўнікі Фіваў. Я прыкідваў, дзе і як можна здабыць насілкі і вярнуцца ў палац, бо разумеў, што на дарогу назад сілы яму не хопіць.
Нарэшце ён апусціўся на пясок і задышліва сказаў спалоханым голасам:
— Трымай мяне, Сінухе, бо мае рукі дрыжаць і ў мяне калоціцца сэрца. Час блізіцца, сусвет спусцеў і не засталося нікога, апроч мяне і цябе, але ты не можаш пайсці са мною туды, куды я кірую. Хоць я й не хацеў бы застацца зусім адзін.
Я ўзяў яго за рукі і адчуў, што ўсё яго цела дрыжыць і торгаецца, пакрытае халодным потам. Усё вакол нас было чужым і пустым, і здалёк чуўся брэх шакала, нібы той брахаў на смерць. Зоркі паволі бляднелі, а паветра стала нейкае мёртва-шэрае. Раптам наследнік вырваўся з маіх рук, устаў і падняў твар да гор, насустрач сонцу.
— Бог набліжаецца, — ціха сказаў ён, і яго хваравіты твар загарэўся полымем самазабыцця. — Бог набліжаецца, — паўтарыў ён гучней.
— Бог набліжаецца! — выгукнуў ён у пустэльню, і ў гэтую хвіліну вакол нас успыхнула яркае святло, горы перад намі запалалі залатым агнём, і ўзышло сонца.
Тады ён пранізліва крыкнуў і, самлеўшы, я ўпаў на пясок. Яго цела закалацілася ў курчах, рот скрывіўся, ногі пачалі сутаргава мясіць пясок. Але гэтага я ўжо не баяўся: у двары Дома жыцця я ўжо не раз чуў падобныя крыкі і ведаў, што гэта і што трэба рабіць. Шкада толькі, што ў мяне не было палачкі — уставіць яму між зубоў, але я адарваў кавалак сваёй паяснічнай павязкі і, склаўшьі яго ў некалькі столак, прасу-
нуў яму ў рот, а тады пачаў расціраць наследніку мышцы. Я ведаў, што апрытомнеўшы ён адчуе сябе слабым і хваравіта стомленым, а таму пачаў азірацца, шукаючы дапамогі, але Фівы былі далёка, а паблізу не віднелася нават якой-кольвек маленькай хацінкі.
У гэты час побач са мной з пранізлівым крыкам праляцеў сокал. Ён нібы вылецеў прама з вогненных сонечных промняў і зрабіў над намі высокі круг.
Потым ён зноў апусціўся ніжэй і, здавалася, намерыўся сесці наследніку на лоб. Я быў так уражаны, што інстынктыўна зрабіў свяшчэнны знак Амона. А можа, наследнік, кажучы мне пра свайго бога, меў на ўвазе Гора, і бог з'явіўся яму ў выглядзе сокала? Наследнік застагнаў, і я нахіліўся, каб дапамагчы яму. А калі ўзняў галаву, то ўбачыў, што сокал прыняў аблічча чалавека. Перада мною ў праменях a ўзыходнага сонца стаяў прыгожы богападобны юнак. У руках ён трымаў кап'ё, а на ім была бядняцкая вопратка. Я, вядома, не надта верыў, што перада мною бог, але на ўсякі выпадак кінуўся ніц на зямлю.
— Што здарылася? — спытаў юнак гаворкай Ніжняга Егіпта і паказаў на наследніка. — Гэты хлопец хворы?
Мне зрабілася сорамна, і, я ўстаўшы на калені, я павітаўся з ім, як са звычайным зямным чалавекам.
— Калі ты рабаўнік, — сказаў я, — дык ад нас ты нічым не разжывешся, але са мной, сапраўды, хворы хлопец, а калі ты нам дапаможаш, думаю, багі цябе блаславяць.
3 яго вуснаў пачуўся сакаліны крык, і аднекуль з вышыні прама яму на плячо каменем я ўпаў сокал. Я падумаў, што варта было б перасцерагчыся, бо, можа, гэта ўсё-такі бог, няхай і з самых малых. Таму я загаварыў пачціва і ветліва і папытаўся, хто ён, адкуль і куды кіруе.
— Я сын сокала Харэмхеб, — ганарліва адказаў ён. — Mae бацькі простыя сыравары, але ўпры маім нараджэнні было прадказана, што я буду загадваць многімі. Цяпер жа я проста ішоў, куды ляцеў сокал, і такім чынам апынуўся тут. У горадзе мне не знайшлося прытулку, бо з надыходам ночы фіванцы баяцца чалавека з кап’ём. А ўвогуле я збіраюся наняцца ў фараонава войска, бо кажуць, што фараон хварэе, дык, мабыць, яму патрэбны моцныя рукі на абарону ягонай улады.
Цела ў юнака было моцнае, як у маладога ільва, а позірк — пранізлівы, як смертаносная страла. I я з зайздрасцю падумаў, што знойдзецца нямала жанчын, якія скажуць яму: «Прыгажунчык, табе не хацелася б пацешыць мяне ў маёй адзіноце?»
Тут наследнік жаласна застагнаў. Ён пачаў абмацваць сабе твар, a яго ногі яшчэ сутаргава торгаліся. Я выняў у яго з роту тканіну і пашкадаваў, што не маю з сабой вады, якой яго можна было б асвяжыць. Харэмхеб паглядзеў на яго і з халоднай цікаўнасцю запытаўся:
— Ён памірае?
— He, — раздражнёна адказаў я. — Ён хворы на свяшчэнную хваробу. Харэмхеб паглядзеў на мяне і сціснуў кап'ё.
— Табе не варта пагарджаць мною, хоць я хаджу басанож і пакуль што бедны, — сказаў ён. — Я даволі добра пішу і чытаю і стану ўладарыць над многімі. Які бог усяліўся ў яго?
У народзе лічыцца, што вуснамі хворага на свяшчэнную хваробу гаворыць бог — таму ён і задаў такое пытанне.
— У яго свой адмысловы бог, — адказаў я. — Па-мойму, ён крыху ненармальны. Спадзяюся, калі ён апрытомнее, ты дапаможаш мне данесці яго да горада. А там знойдзем насілкі, на якіх я дастаўлю яго дамоў.
— Яму холадна, — сказаў Харэмхеб. Ён зняў з сябе плашч і накрыў ім наследніка. — Ранне ў Фівах халоднае, але ў мяне гарачая кроў, і яна грэе мяне. Апроч таго, я ведаю шмат багоў і магу назваць табе з іх нямала, якія былі да мяне прыхільныя. А мой асабісты бог Гор. Мусіць, гэты хлопец з багатай сям'і, бо скура ў яго белая і далікатная, дый рукі ніколі не ведалі працы. А хто ты сам?
Ён гаварыў шмат і з запалам, чым выдаваў у сабе бядняцкага сын, якому давялося перажыць па дарозе да Фіваў нямала нягодаў і людской непрыветнасці.
— Я лекар, — адказаў я. — I апроч таго, я пасвечаны ў сан малодшага жраца Амона.
— Ты, я мяркую, прывёў яго ў пустэльню, каб вылечыць, — сказаў Харэмхеб. — Але табе варта было б яго апрануць цяплей. Толькі не падумай, што я сумняваюся ў тваім лекарскім майстэрстве, — ветліва дадаў ён.
Халодны чырвоны пясок палаў у промнях а ўзыходнага сонца, наканечнік Харэмхебава кап'я пабліскваў барвовым полымем, і над намі з крыкам кружыў сокал. Наследнік сеў, зубы ў яго ляскалі, ён ціха стагнаў і здзіўлена азіраўся.
— Я бачыўЯго, — нарэшце абвясціў ён. — Гэтае імгненне цягнулася, як цэлае стагоддзе, я не меў узросту, і Ён прасцёр над маёй галавою тысячу рук, каб мяне блаславіць, і ў кожнай руцэ працягваў адвечны знак жыцця. Як мне Яму не верыць?
— Спадзяюся, ты не параніў язык, — заклапочана спытаў я. — Я стараўся цябе ўберагчы, але ў мяне не было палачкі, каб уставіць табе між зубамі.
Але мой голас у яго вушах быў падобны да зыку мухі. Ён зірнуў на Харэмхеба вялікімі бліскучымі вачыма, і ўсмешка здзіўлення ўпрыгожыла яго твар.
— Цябе паслаў Атон, Адзіны? — крыху збянтэжаным голасам спы-
таў наследнік.
— Мой сокал паказваў мне шлях, а я ішоў следам, — адказаў Харэмхеб. — Так я і апынуўся тут, а больш я нічога не ведаю.