Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Але калі слугі паспрабавалі падняць з долу супыняльніка крыві і прывесці яго ў прытомнасць, аказалася, што ён нежывы. Я бачыў гэта на свае вочы і магу прысягнуцца. Але чаму ён памёр, я зразумець не магу, хіба што занадта моцна паверыў у смяротны прысуд і няўхільную смерць. Нягледзячы на сваю дурноту, ён умеў спыняць кроў, а такі чалавек не падобны да іншых.
I пры ўсеагульнай жалобе вестка пра яго дзіўную смерць разбеглася па ўсёй краіне, і кожны, хто яе чуў, не мог стрымаць рогату. Людзі ляскалі рукамі сабе па каленях і рагаталі, бо выпадак быў, сапраўды, ужо надта забаўны.
Я быў таксама палічаны афіцыйна памерлым і з гэтай пары не мог падпісаць ніводнага дакумента, не дадаўшы да імя Сінухе сваёй новай мянушкі «Самотнік». А ў палацы мяне на старое імя не называў ужо ўвогуле ніхто.
3
Калі я ў новых строях і з залатымі бранзалетамі вярнуўся ў Дом жыцця, настаўнікі, вітаючы мяне, нізка схіліліся і апусцілі да каленяў рукі. Але я ўсё-ткі быў навучэнцам, і таму быў абавязаны даць падрабязную справаздачу, як праходзіла ўскрыцце царскага чэрапа, і гэтак сама дакладна апісаць смерць фараона, пацвердзіўшы ўсё сваім подпісам. Гэта заняло ў мяне шмат часу, а закончыў я апісаннем, як фараонава душа ў выглядзе птушкі вылецела праз нос і паімчала проста да сонца.
У мяне ўпарта дапытваліся, ці не апрытомнеў фараон перад самаю смерцю і ці не прамовіў разам з апошнім выдыхам: «Хвала Амону!» — як гэта сцвярджалі шматлікія сведкі. Напружыўшы памяць, я ўрэшце палічыў за лепшае пацвердзіць і гэтае сведчанне, і з вялікаю радасцю потым чуў, як маё сачыненне чыталі перад народам ля храмаў на пра-
цягу сямідзесяці дзён, пакуль фараонава цела рыхтавалі ў Доме Смерці да вечнага жыцця. На ўвесь перыяд жалобы ўсе дамы ўцех, шынкі і піўныя ў Фівах былі зачыненыя, таму купіць віна і паслухаць музыку можна было, толькі трапіўшы ў іх праз чорны ход.
А калі мінула семдзесят дзён, мне абвясцілі, што я ўжо добра падрыхтаваны лекар і магу распачаць лекаванне хворых у любой частцы горада. Калі ж я хачу вучыцца далей і стаць лекарам у якой-небудзь спецыяльнай галіне — напрыклад, зубным ці вушным лекарам, акушэрам, кастаправам ці лекарам, які лечыць з дапамогай нажа, або выбраць любую іншую з чатырнаццаці галін лекарскага майстэрства, якім вучаць у Доме жыцця лепшыя знаўцы сваёй справы пад кіраўніцтвам царскіх лекараў, дык мне трэба толькі сказаць, якая мне больш даспадобы. Гэта сведчыла аб адмысловай прыхільнасці і паказвала, як шчодра Амон узнагароджвае сваіх служкаў.
Я быў малады і навукі Дома жыцця мяне больш не вабілі. Я заразіўся ліхаманкаю Фіваў, мне хацелася стаць багатым, славутым і паспець скарыстацца з таго, што імя Сінухе-Самотніка стала раптам добра вядомае. У мяне было дастаткова золата, і я купіў невялікі дом на ўскраіне багатага квартала, абсталяваў яго ў адпаведнасці са сваімі сродкамі і купіў раба, які, праўда, быў худы і аднавокі, але цалкам прыдатны, каб справіцца з абавязкамі служкі.
Яго звалі Каптах, і ён мяне пераконваў, што яго аднавокасць нават пойдзе нам на карысць, бо ён будзе распавядаць хворым у чарзе, што я купіў яго сляпога, а я яму потым выратаваў адно вока. За гэта я і купіў яго. Сцены ў прыёмным пакоі, дзе павінны былі чакаць хворыя, я загадаў размаляваць карцінамі. На адной мяне, Сінухе, навучаў сам мудры Імхатэп, бог-заступнік усіх лекараў. Як таго патрабавала традыцыя, я выглядаў перад богам вельмі маленькім, але знізу быў подпіс: «Мой самы разумны і здольны вучань — Сінухе-Самотнік, сын Сэнмута». На другой карціне я прыносіў ахвяру Амону, каб аддаць вялікаму богу належнае і каб хворыя мне давяралі. А яшчэ на адной — вялікі фараон у вобразе птушкі глядзеў на мяне з нябёсаў, а ягоныя слугі важылі для мяне золата і ўскладалі на мяне новыя ўборы.
Усе гэтыя малюнкі зрабіў мне Тутмес, хоць і не быў законна прызнаным мастаком, а яго імя не было занесенае ў кнігу храма Пта. Затое ён быў маім сябрам, таму і я зрабіў яму гэты заказ. А ён, шануючы нашую дружбу, выканаў роспіс цалкам паводле старых канонаў і з такім незвычайным майстэрствам, што, зірнуўшы на зіхоткія карціны, зробленыя, аднак, простым пурпурам ды таннаю охрай, кожны ў здзіўленні ўздымаў рукі і казаў: «Відаць, сапраўды, Сінухе-Самотнік, сын Сэнмута, варты даверу і будзе па-майстэрску лячыць сваіх пацыентаў».
I вось, калі ўсё было скончана і падрыхтавана, я сеў і пачаў чакаць
нявечных і хворых, каб распачаць іх лекаванне. Я доўга сядзеў у чаканні, але ніхто не прыходзіў. А калі настаў вечар, я пайшоў у вінную лаўку дадушы накупляў віна, бо ў мяне яшчэ заставалася колькі срэбра і золата са шчодрых дароў фараона. Я быў малады, лічыў сябе спрактыкаваным майстрам-лекарам, і будучыня мяне зусім не палохала. А таму разам з Тутмесам я весяліў сваё сэрца віном, і мы гучна абмяркоўвалі падзеі і справы ў абодвух землях Егіпта, бо апошнімі днямі паўсюль — на рынках, перад лаўкамі гандляроў, у шынках і ў дамах уцех — толькі пра гэта і гаманілі.
Усё паварочвалася так, як і прадказваў стары захавальнік царскай пячаткі. Калі цела старога фараона падрыхтавалі да вечнага жыцця і перанеслі ў магільны склеп у Даліне Цароў, а дзверы ў магільнік запячаталі царскай пячаткай, Вялікая царская маці села на трон са знакамі вышэйшай улады — з бізуном і жазлом у руках; да падбароддзя ёй, як і належыць фараону, была прывязаная барада, а стан апяразваў яшчэ адзін знак царскай улады — ільвіны хвост. Наследнік яшчэ не каранаваўся і не быў афіцыйна абвешчаны фараонам, казалі, што ён хоча ачысціцца і памаліцца багам, перш чым прыняць уладу над краінай. Аднак калі Вялікая царская маці прагнала старога захавальніка пячаткі і пасадзіла праваруч ад сябе амаль невядомага жраца Эйе, які такім чынам я ўздымаўся вышэй за самых знатных людзей у Егіпце і, заняўшы пасад перад сарака скуранымі скруткамі законаў у Доме правасуддзя, пачаў распараджацца зборшчыкамі падаткаў і царскімі будаўнікамі, — тады ўвесь храм Амона загуў, як растрывожаны вулей, і шмат дзе з'явіліся дрэнныя знакі-прадвеснікі, а багі перасталі прымаць царскія ахвяраванні. Людзі бачылі дзіўныя сны, і жрацы тлумачылі іх кожны па-свойму.
Вятры насуперак усім законам прыроды змянілі кірунак, і ў Егіпце два дні запар ліў дождж, і тавары на прыстанскіх складах прамоклі і сапсаваліся, а зерне ў кучах загніла. Вада ў некаторых азёрах і сажалках непадалёк ад Фіваў ператварылася ў кроў, і вялікія натоўпы людзей хадзілі глядзець на гэтае дзіва. Аднак людзі яшчэ не адчувалі страху, бо такое было заўсёды, калі жрацы пачыналі гневацца.
У тыя часы было шмат неспакою і плётак, але наёмным воінам фараона ў кашарах — егіпцянам, сірыйцам, сарданам і неграм — прыносілі багатыя дары ад Вялікай царскае маці, а іхнім начальнікам кідалі з балкона залатыя ланцугі і іншыя ганаровыя знакі, і парадак у краіне захоўваўся. Нічога не пагражала велічы Егіпта, бо ў Сірыі парадак падтрымлівалі размешчаныя там гарнізоны, а правіцелі Бібла, Сіміры, Сідона і Газы, якія правялі дзяцінства ля ног фараона і атрымалі выхаванне ў Залатым палацы, так смуткавалі па смерці фараона, нібы страцілі роднага бацьку, і пісалі Вялікай царскай маці пасланні, у якіх называлі сябе пылам пад яе нагамі.
Але на памежжы Нубіі, Судана і краіны Куш негры заўжды мелі звычку пачынаць войны пасля смерці старога фараона, нібыта хацелі выпрабаваць доўгацярпенне новага ўладара. Таму намеснік паўднёвых земляў, сын бога ў паўднёвых гарнізонах, пачуўшы аб смерці Аменхатэпа III, не чакаючы, сам перайшоў з войскам мяжу, спаліў шмат паселішчаў і вярнуўся з багатай здабычай: статкамі быдда, рабамі, ільвінымі хвастамі і страўсавымі пёрамі. Пасля гэтага дарогі ў краіну Куш зноў сталі бяспечныя, а зладзейскія плямёны змушаныя былі горка аплакваць смерць фараона, гледзячы на сваіх верхаводаў, павешаных дагары нагамі на мурах памежных умацаванняў.
На марскіх выспах таксама журыліся, аплакваючы смерць фараона, а ўладары Вавілона і краіны хетаў прысылалі да Вялікай царскай маці пасланні на гліняных таблічках, дзе выказвалі жальбу і спачуванне з нагоды фараонавай смерці і прасілі золата, каб паставіць у сваіх храмах выявы вялікаму Аменхатэпу III, бо гэты фараон быў ім як родны бацька і любы брат. А цар Мітанні прыслаў з Нахарына сваю дачку ў жонкі будучаму фараону, як тое самае зрабіў некалі яго бацька і як было дамоўлена з нябесным фараонам задоўга да яго смерці. Тадукіпа, як звалі прынцэсу, прыехала ў Фівы са шматлікімі слугамі, рабамі і асламі, якія везлі шмат дарагіх пажыткаў. Яна была шасцігадовым дзіцём, але наследнік узяў яе ў жонкі, бо Мітанні служыла сцяной між багатаю Сірыяй і паўночнымі краінамі, абараняючы ўсе караванныя шляхі з Двухрэчча да марскога ўзбярэжжа. Такім чынам жрацы нябеснай дачкі Амона — ільвінагаловай багіні-разбуральніцы Сэхмет страцілі радасць, і завесы на брамах іхняга храма заіржавелі.
I вось мы з Тутмесам любілі гучна абмяркоўваць усё гэта, цешачы свае сэрцы віном, слухаючы сірыйскую музыку і любуючыся на танцоўшчыц. У маёй крыві палала ліхаманка Фіваў, кожную раніцу да майго ложка падыходзіў аднавокі слуга, кланяўся мне, апускаючы да каленяў рукі, і падаваў хлеб, салёную рыбу і піва. Я ачышчаўся і садзіўся прымаць хворых, выслухоўваў іхнія скаргі і лячыў.
Але я так і не забагацеў са сваёй працы, бо наведнікаў было мала, a тыя, што прыходзілі, былі такія бедныя, што ім было лепш дапамагчы адразу, не вымушаючы траціцца на дарагія лекі, якія ўсё адно не дапамагалі, але нікому й не шкодзілі. Я вырываў зубы, перавязваў і прыпякаў язвы і раны, палягчаў боль у жываце і збіваў жар. Прыходзілі да мяне і жанчыны, якія скардзіліся на бясплоднасць і прасілі іх вылечыць; яны дзёрзка і панадна глядзелі мне ў вочы, а потым скідалі вопратку, але я раіў ім звярнуцца ў храм да жрацоў Амона, бо жаночую бясплоднасць маглі лячыць толькі яны. Хаваючы твары, да мяне прыходзілі маткі і прасілі дапамагчы іх дочкам, якія панеслі ад маракоў або чужаземных воінаў, але я не браўся дапамагаць ім, бо яны былі не такія
багатыя, каб пакрыць мае страты, калі б маё імя было выкрасленае са спісаў Дома жыцця, а мяне самога выгналі б з Фіваў. А жанчынам, якія прасілі вярнуць ім былую прыгажосць, я гатаваў бясшкодныя напоі. Дапамагаў я і тым кабетам, што скардзіліся на халоднасць і абыякавасць сваіх мужоў — я даваў ім лекавыя ягады, якія яны павінны былі цішком распусціць у віне, і яны часта вярталіся пасля з падарункамі, адпаведнымі сваім сродкам, хоць былі і такія, што прыходзілі са скаргамі, што іх мужы скіравалі сваё жаданне на іншых жанчын. Але тут я ўжо дапамагчы быў бяссільны, бо лекар можа абудзіць жаданне ў мужчыны і нават прымусіць яго называць жанчыну сястрой і адорваць яе рознымі ласкамі, а вось на якую жанчыну ён скіруе сваё жаданне — гэтага лекар прадбачыць і прадказаць не можа. Я проста разлічваў, што хутчэй за ўсё ён скіруе сваё жаданне на жонку, бо звычайна яна заўжды побач, і так яно ў большасці выпадкаў і здаралася, а таму мне часцей прыносілі падарункі, а не прыходзілі скардзіцца.