• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Тут наследнік згледзеў ё ў руках Харэмхеба кап'ё і нахмурыўся.
    —	У цябе кап'ё, — з дакорам прамовіў ён.
    Падняўшы кап'ё, Харэмхеб сказаў:
    —	Яго дрэўка з выдатнай драўніны, а наканечнік з каванай медзі прагне крыві фараонавых ворагаў. Маё кап'ё згарае ад смагі, а імя яму — Гарларэз.
    —	He трэба крыві, — адказаў наследнік. — Кроў жахае Атона. Няма нічога страшнейшага за патокі крыві.
    Яшчэ калі Птахор ускрываў фараонаў чэрап, я заўважыў, як наследнік шчыльна заплюшчыў вочы, але тады я не ведаў, што ён — адзін з тых, хто баіцца крыві і, пабачыўшы яе, можа нават знепрытомнець
    —	Кроў ачышчае народы і дазваляе ім стаць мацнейшымі, — адказаў Харэмхеб. — Багі мажнеюць ад крыві і мацуюць ёю сваё здароўе. Пакуль будуць войны, датуль будзе ліцца кроў.
    —	Болып ніколі не будзе войнаў, — запярэчыў наследнік.
    —	Хлопец, напэўна, з'ехаў з глузду, — засмяяўся Харэмхеб. — Войны былі і будуць заўсёды, бо вайна — адзіны сродак выпрабавання жыццёвай моцы народаў.
    —	Усе народы — Ягоныя дзеці, усе мовы і колеры скуры, Чорная і Чырвоная землі — роўныя, — прамовіў наследнік і паглядзеў на сонца. — Я ўзвяду Яго храмы ва ўсіх краінах і пашлю сімвалы жыцця ўладарам усіх земляў, бо я Ім народжаны, я бачыў Яго і да Яго вярнуся.
    —	Ён сапраўды вар'ят, — сказаў мне Харэмхеб, спачувальна трасучы галавой. — Цяпер я разумею, што яго трэба лячыць.
    —	Яго бог толькі што з'явіўся яму, — сур'ёзна прамовіў я, жадаючы перасцерагчы Харэмхеба, які ўжо тады прыйшоўся мне даспадобы. Свяшчэнная хвароба дазволіла яму ўбачыць свайго бога, і не нам судзіць тое, што сказаў яму бог. Кожны шукае дапамогі ў сваёй веры.
    — Я веру толькі свайму кап'ю ды сокалу, — адказаў Харэмхеб.
    Але ў гэты момант наследнік узняў рукі, вітаючы сонца, і яго твар раптам стаў прыгожы і натхнёны, быццам ён убачыў зусім не той свет, які быў вакол нас. He перашкаджаючы, мы далі яму памаліцца і потым павялі да горада. Ён не супраціўляўся. Прыпадак да такой ступені яго знясіліў, што ён ледзь перастаўляў ногі, хістаўся і ціха стагнаў. Урэшце мы панеслі яго, сплёўшы нашыя рукі, а сокал ляцеў наперадзе.
    Здалёк убачыўшы край засеянага поля, куды даходзілі арашальныя канавы, мы ўбачылі, што нас там ужо чакаюць царскія насілкі. Рабы адразу кінуліся на зямлю, а з насілак насустрач нам вылез высакарослы жрэц з паголенай галавой і змрочным смуглявым тварам. Я схіліўся перад ім, апусціўшы да каленяў рукі, бо, мяркуючы па тым, што распа-
    вядаў Птахор, гэта быў Эйе, жрэц Рахерахці. Але ён не звярнуў на мяне ніякай увагі. Распасцёршыся перад наследнікам, ён павітаў яго, як уладара. I я зразумеў, што фараон Аменхатэп III памёр. Тады рабы кінуліся дапамагаць фараону. Яго памылі, расцерлі яму стомленыя рукі і ногі і памазалі духмяным алеем. Потым апранулі ў царскія строі з тонкага ільну, а надзелі на галаву царскі галаўны ўбор. Пакуль усё гэта адбывалася, Эйе спытаў у мяне:
    — Ну, дык ці сустрэў ён свайго бога, Сінухе?
    — Сустрэў, — адказаў я. — Я аберагаў яго, каб не здарылася нічога дрэннага. Але адкуль ты ведаеш маё імя?
    Ён усміхнуўся і адказаў:
    — Мая задача і ёсць ведаць усё, што адбываецца ў палацы, пакуль не надыдзе мой час. Я ведаю тваё імя і ведаю, што ты лекар. Таму я і дазволіў табе аб ім паклапаціцца. Але я ведаю таксама, што ты жрэц Амона і прынёс яму клятву, — ён прамовіў гэта з падкрэсленай пагрозай.
    Я развёў рукамі і спытаў:
    — Якое значэнне мае клятва Амону?
    — Ты ўсё зрабіў правільна, — адказаў жрэц, — і не шкадуй аб гэтым. Проста ведай, што ён заўсёды робіцца неспакойны, калі бог набліжаецца да яго. Тады нішто не можа ўтрымаць яго на месцы, і ён не дазваляе ісці за сабой нават ахоўнікам. Тым не менш, усю гэтую ноч вам не пагражала ніякая небяспека. Толькі вось адкуль узяўся гэты кап’ёўшчык? — спытаў Эйе, паказваючы на Харэмхеба, які стаяў воддаль з кап'ём у руцэ і сокалам на плячы.— Можа, лепей, каб ён памёр, бо фараонавы тайны не павінны быць шырока вядомыя.
    — Ён накрыў фараона сваім плашчом, калі было холадна, — адказаў я. — Ён гатовы ўзняць кап'ё супраць фараонавых ворагаў. Я думаю, ад яго жывога вам будзе болей карысці, чым ад нябожчыка.
    Тады Эйе зняў з рукі бранзалет і няўважна кінуў яго Харэмхебу.
    — Можаш як-небудзь завітаць у Залаты палац, каб пабачыць мяне, кап'ёўшчык.
    Але Харэмхеб дазволіў бранзалету ўпасці ў пясок пад нагамі і паглядзеў на жраца з пагардай.
    Я выконваю толькі загады вялікага фараона, — сказаў ён. — I калі не памыляюся, фараон — гэта той, хто сядзіць у царскай кароне. Сокал прывёў мяне да яго, і мне дастаткова гэтага знаку.
    Эйе нават не раззлаваўся.
    — Золата — рэч дарагая і заўсёды патрэбная, — сказаў ён і, падняўшы з пяску залаты бранзалет, зноў надзеў яго сабе на прыцэўку. — Пакланіся ж свайму фараону. Толькі кап'ё табе давядзецца аддаць, калі хочаш пайсці за ім.
    Наследнік падышоў да нас. Твар у яго быў бледны і стомлены, але
    сам ён увесь свяціўся натхненнем і незвычайнаю радасцю, што вельмі парадавала маё сэрца.
    — Так, ідзіце за мной! — сказаў ён. Ідзіце за мной па новым шляху, бо мне адкрылася ісціна.
    Мы рушылі за ім да насілак, а Харэмхеб буркнуў сабе пад нос:
    — Ісціна — у кап'і.
    I ўсё ж ён згадзіўся перадаць кап'ё ахоўніку, які бег перад насілкамі. Нам дазволілі сесці на аглоблі, і мы рушылі. Насільшчыкі беглі на ўвесь дых, каля прыстані нас чакала лодка, і мы вярнуліся ў палац, не прыцягваючы нічыёй увагі, хоць народ тоўпіўся ля муроў царскага палаца.
    Нам дазволілі ўвайсці ў пакоі наследніка, і ён паказаў нам вялікія амфары з Крыта, распісаныя рыбамі і жывёламі, якія здаваліся жывымі на глінянай паверхні. Мне хацелася, каб гэтыя роспісы пабачыў Тутмес, бо яны сведчылі, што мастацтва можа быць не такім, як у Егіпце. Стомлены наследнік супакоіўся, ён гаварыў ужо разумна і паводзіў сябе з намі, як звычайны наш аднагодак, не патрабуючы асаблівай пашаны і залішніх знакаў пакорлівасці. Потым абвясцілі, што Боская фараонава маці ідзе пакланіцца маладому ўладару, і той развітаўся, паабяцаўшы пра нас не забываць. Калі мы выйшлі, Харэмхеб разгублена зірнуў на мяне:
    — Я вельмі хвалююся. I мне няма куды ісці.
    — Дык заставайся тут, — параіў я. — Фараон абяцаў пра цябе не забываць, але лепш быць паблізу, бо ў багоў памяць дрэнная.
    — Нашто мне заставацца сярод гэтых мух, — сказаў ён, паказваючы на рой прыдворных, якія гудзелі нібы сапраўдныя мухі ля дзвярэй у пакоі наследніка. — He, для хвалявання ў мяне іншая, сапраўдная прычына, — змрочна абвясціў ён. — Што будзе з Егіптам, калі яго фараон баіцца крыві і лічыць, што ўсе народы, мовы і колеры скуры — роўныя? Я народжаны воінам, і розум воіна кажа мне, што гэты шлях нічога добрага воінам не прадвяшчае. Ва ўсякім выпадку пайду я лепш пашукаю сваё кап'ё. Яно ў таго ахоўніка, што бег наперадзе.
    Развітваючыся, я сказаў Харэмхебу, што, калі яму спатрэбіцца сябар, ён зможа знайсці мяне ў Доме жыцця.
    Птахор чакаў мяне ў нашым пакоі з пачырванелымі вачыма і незадаволеным выглядам.
    — Чаму цябе не было на досвітку, калі фараон зрабіў свой апошні ўздых? — сказаў ён з папрокам у голасе. — Цябе не было, а я спаў, і ніхто з нас не ўбачыў, як фараонава душа ў выглядзе птушкі вылецела праз яго нос і паляцела проста да сонца, як пра тое кажуць шматлікія сведчанні. Я з вялікім задавальненнем падзівіўся б на гэта, бо вельмі люблю такія дзівосы, а ты не пабудзіў мяне. 3 якой дзеўкай ты праспаў усю ноч?
    Я падрабязна расказаў, што са мной адбылося, і ён з жахам ускінуў рукі.
    — Хай беражэ нас вялікі Амон! — усклікнуў ён. — Значыць, новы фараон сапраўды вар'ят.
    — He думаю, — запярэчыў я, бо, на дзіва, маё сэрца гарнулася да гэтага хворага юнака, якога мне давялося аберагаць уначы і які быў да мяне такі прыветны. — Па-мойму, ён проста спазнаў новага бога. Калі яму ўдасца самому разабрацца ў сваіх думках, то, магчыма, мы ўбачым у зямлі Кэмет розныя цуды.
    — Крый нас Амон ад такога! — з жахам сказаў Птахор. — Лепш налі мне віна, бо глотка ў мяне так перасохла, як пыл на дарозе.
    Слуга прывёў са стайняў супыняльніка крыві і той захоплена пачаў распавядаць, што коні фараона п'юць з медных сасудаў, а іх стойлы ўпрыгожаныя роспісамі і рознакаляровымі камянямі.
    — А вось быкоў пабачыць не давялося, — засмучана сказаў ён. — Баюся, у фараона наогул няма быкоў. Затое пакуль я спаў на посцілцы з мяккай саломы, я ўбачыў шмат дзіўных сноў. Я бачыў, што Сінухе вядзе белую кабылу ў храм на ахвяру, потым бачыў, што мая нябожчыца-маці, як жывая, завіхаецца ля печы ў Краіне Захаду.
    — Гэты сон лёгка растлумачыць, — сказаў Птахор.— Белая кабыла — гэта ты, а твая маці гатуе табе вітальную вячэру ў краіне спачылых, бо, калі не памыляюся, нам усім тром сёння наканаваная смерць.
    Супыняльнік крыві скарыўся перад такой непазбежнасцю.
    — Спадзяюся, у Краіне Захаду ёсць шмат вялікіх прыгожых быкоў, — сказаў ён. — Калі маці перасцерагала, каб я не ўпэцкаў адзенне, паблізу чулася мычанне вялікага статку. Ад гэтых гукаў я нават прачнуўся і адразу пачуў, што ў жываце ў мяне бурчыць, а паяснічная павязка ўся мокрая. Гэта ўсё праз віно. Я не прывык яго піць, піва мне больш даспадобы.
    Ён нагаварыў яшчэ шмат рознага глупства, пакуль нас не павялі ў Дом правасуддзя, дзе стары захавальнік пячаткі сядзеў у крэсле перад сарака скуранымі скруткамі, на якіх былі напісаныя законы. Каб мы не маглі ўцячы, абапал нас сталі ўзброеныя воіны, а захавальнік пячаткі пачаў чытаць са скруткаў законы і абвясціў, што нам таксама належыць прыняць смерць, бо пасля ўскрыцця чэрапа фараон не паправіўся. Я паглядзеў на Птахора, але ён толькі ўсміхнуўся, калі з'явіўся кат з мечам.
    — Пачніце з супыняльніка крыві, — сказаў Птахор, — ён спяшаецца больш: яго маці ўжо гатуе яму гарохавую кашу ў Краіне Захаду.
    Супыняльнік крыві па-сяброўску развітаўся з намі, зрабіў свяшчэнны знак Амона і пакорліва ўкленчыў перад скуранымі скруткамі. Кат рэзка — так, што ажно пачуўся прарэзлівы свіст, — занёс над яго галавою меч але потым, стрымаўшы ўдар, паволі апусціў яго і ледзь дакрануўся да
    шыі асуджанага. Але супыняльнік усё адно ўпаў на падлогу, і мы падумалі, што ён проста самлеў, бо на шыі ў яго не было ніводнае драпіны.
    Калі падышла мая чарга, я бязбоязна ўкленчыў, а кат, прыязна мне ўсміхнуўшыся і не жадаючы напалохаць, толькі паднес да маёй шыі меч, але нават не дакрануўся. Што да Птахора, дык той, відаць, палічыў сябе такім нізкарослым, што нават не стаў на калені, і кат проста млява махнуў над ім зброяй. Так мы «памерлі», прысуд быў здзейснены, і нам далі новыя імёны, якія выгравіравалі на цяжкіх залатых бранзалетах. На Птахоравым бранзалеце было напісана: «Падобны да павіяна», а на маім: «Самотнік». Пасля гэтага Птахору адмералі золатам яго лекарскую ўзнагароду і адважылі крыху золата мне. Нас убралі ў новыя строі, і я ўпершыню ў жыцці надзеў плісаваную спадніцу з царскага ільну і каўнер, абцяжараны срэбрам і каштоўнымі камянямі.