• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Я дабраўся да Дому жыцця з прыпухлым ад п’янкі тварам і балючым гузаком, у пашкуматанай вопратцы і без ніякага жадання пытацца чаму. Тым днём я павінен быў працаваць у аддзяленні глухіх і хворых на вушы, а таму хуценька прывёў сябе ў парадак і апрануўся ў белае лекарскае адзенне. Аднак мой настаўнік і наглядчык, сустрэўшы мяне ў калідоры і зірнуўшы ў твар, пачаў мяне лаяць словамі, якія я даўно ўжо прачытаў у кнігах і ведаў напамяць.
    — Што з цябе выйдзе, — ушчуваў ён,— калі па начах ты ўцякаеш і п'еш без меры віно? Што з цябе выйдзе, калі ты бавіш час у дамах уцех, б'еш паленам па гаршчках і палохаеш людзей? Што з цябе выйдзе, калі ты калечыш людзей у бойках і ўцякаеш ад варты ?
    Але выканаўшы свой абавязак настаўніка, ён усміхнуўся, з палёгкаю ўздыхнуў і, завёўшы ў свой пакой, даў папіць зёлак, каб прачысціць страўнік. Я адчуў сябе лепей і зразумеў, што віно і ўцехі ў Доме жыцця не забараняюцца, калі не задаваць пытання чаму.
    6
    Так Фівы запалілі сваёй ліхаманкаю маю кроў і я пачаў любіць ноч болей за дзень, трапяткое полымя паходняў — болей за яркае сонца, сірыйскую музыку — болей за стогны хворых, а прывабны шэпт прыгожых дзяўчат — болей за старыя запісы ў зжаўцелых папірусах. I за гэта не пачуў ніводнага папроку, бо няблага спраўляўся са сваімі абавязкамі ў Доме жыцця, удала праходзіў іспыты, а рукі мае не трацілі цвёрдасці. Усё гэта было будзённае жыццё пасвячэнцаў, сярод якіх мала хто з меў дастаткова сродкаў, каб ажаніцца і завесці сваю гаспадарку. Таму настаўнікі і давалі нам зразумець, што лепш суняць свае бадлівыя рожкі ды аддавацца суцяшэнню плоці, радуючы гэтым сэрца. Але я не меў яшчэ справы з жанчынамі, хоць лічыў, быццам ведаю, што іх абдымкі пякуць мацней за агонь.
    Пара была неспакойная, вялікі фараон хварэў. Я бачыў яго старэчы высахлы твар, калі ў час восеньскага свята яго неслі ў храм. Упрыгожаны золатам і каштоўнымі камянямі, ён быў нерухомы, як выява вялікага бога, але яго галава схілялася пад цяжарам падвойнай кароны. Фараон хварэў, і ўсе зёлкі царскіх лекараў не дапамагалі яму, а таму пайшлі пагалоскі, што яго час мінуўся і неўзабаве трон зойме наследнік. Але фараонаў спадкаемец быў такі ж малады, як я.
    У храме Амона прыносілі ахвяры і чыталі модды, але Амон не хацеў дапамагчы свайму нябеснаму сыну нягледзячы на пабудаваны Аменхатэпам III у яго гонар вялікі храм, якога не было ад пачатку ўсіх часоў. Казалі, што фараон я ўгнявіўся на ўсіх багоў Егіпта і паслаў ганца да свайго цесця, цара Мітанні, з просьбаю прыслаць цудадзейную Іштар Ніневійскую з Нахарынскай зямлі, каб тая вылечыла яго. Але гэта была настолькі ганьба Амону, што ў храме і ў Доме жыцця ўсе казалі пра фараонаў загад толькі шэптам.
    Статуй Іштар быў прывезены ў Фівы, і я бачыў, як барадатыя жрацы ў дзіўных па форме шапках, абліваючыся потам пад грубымі шарсцянымі мантыямі, неслі яго праз горад пад гукі дудак і грукат бубнаў. Але на вялікую радасць егіпецкіх жрацоў чужаземныя багі не дапамаглі фараону, і калі настаў час разліву, у палац паклікалі царскага трэпанатара.
    За ўвесь перыяд навучання ў Доме жыцця я ні разу не бачыў Птахора, бо ўскрыццё чарапоў рабілася вельмі рэдка і мне яшчэ ніколі не даводзілася бачыць такія складаныя аперацыі. Цяпер жа Птахора спешна прынеслі ў Дом жыцця з ягонага лецішча. Ён ачысціўся ў адмысловым пакоі для ачышчэння, і я пастараўся апынуцца як мага бліжэй да яго. Ён быў па-ранейшаму лысы, зморшчын на твары стала больш, а шчокі паныла віселі абапал незадаволенага старэчага рота. Ён пазнаў мяне, усміхнуўся і спытаў: «Гэта ты, Сінухе? I даўно ты тут, сын Сэнмута?» Ён падаў мне куфэрак з чорнага дрэва, дзе зберагаліся яго інструменты, і загадаў ісці за ім следам. Для мяне гэта быў незаслужаны гонар, якому мог бы пазайздросціць нават царскі лекар, і я стараўся як мог.
    — Я павінен праверыць цвёрдасць рукі. — сказаў Птахор. — Ускрыем пару чарапоў тут і пабачым як пойдзе справа.
    Яго вочы слязіліся, а рукі крыху дрыжэлі. Мы зайшлі ў пакой, дзе ляжалі невылечна хворыя, паралізаваныя і хворыя з пашкоджаннямі галавы. Птахор агледзеў некалькі хворых і выбраў старога, смерць якому была б толькі збаўленнем ад бясконцых пакутаў, і магутнага раба з прабітай каменем у вулічнай бойцы галавою, які не мог ні гаварыць, ні рухацца. Ім далі дурманнага напою, аднеслі ў аперацыйны пакой і ачысцілі. Свае інструменты Птахор сам памыў і ачысціў свяшчэнным агнём.
    Маёй задачай было пагаліць хворым галовы танюткаю брытвай. Потым іх яшчэ раз ачысцілі і памылі, і ўцерлі ў скуру абязбольвальную мазь, а тады Птахор узяўся за справу. Спачатку ён разрэзаў скуру на галаве старога і, не зважаючы на моцнае кровацячэнне, адгарнуў яе ў бакі. Потым хуткімі спрытнымі рухамі прасвідраваў полым свердлам чэрап і выняў кавалак косці. Стары пачаў задыхацца, і твар ягоны пасінеў.
    — Я не бачу ў яго ў галаве ніякай заганы, — сказаў Птахор. Ён спрытна ўставіў на месца косць, зашыў рану і забінтаваў галаву, пасля чаго стары сканаў.
    — Рукі мае крыху дрыжаць, — прамовіў Птахор. — Хай бы хто маладзейшы прынёс мне чашу віна.
    Апроч настаўнікаў з Дома жыцця, за нашай аперацыяй сачылі ўсе навучэнцы, якія збіраліся лекаваць хваробы галавы. Выпіўшы віна, Птахор падышоў да прывязанага раба. Той сядзеў і шалёна круціў вачыма, нягледзячы на выпітае адурманьвальнае зелле.
    Птахор загадаў прывязаць яго мацней, а галаву замацаваць у спецыяльнай падстаўцы, якую не змог бы зрушыць з месца ніякі волат. Птахор разрэзаў скуру на галаве раба, але гэты раз пастараўся спыніць крывацёк. Сасуды па краях разрэзанай скуры прыпяклі, а кровацячэнне спынілі з дапамогай лекаў. Гэтым займаліся іншыя лекары, бо Птахор не хацеў натамляць рукі. Праўда, у Доме жыцця быў адмысловы памагаты, чалавек невучоны, які мог умомант спыніць кроў толькі сва-
    ёй прысутнасцю, але Птахор хацеў зрабіць паказальную аперацыю і зберагчы сілы для фараона.
    Ачысціўшы паверхню галавы, Птахор паказаў усім месца, дзе косць была ўціснутая ў чэрап. 3 дапамогаю свердла, пілы і абцугоў ён выразаў кавалак галаўной косці памерам з далонь, а потым паказаў усім, што паміж белымі складкамі мазгоў запяклося шмат нацёклай крыві. Незвычайна асцярожна, кропелька за кропелькай, ён убраў усю кроў, a потым гэтак сама асцярожна выдаліў з мазгавога рэчыва друзачку косці. Усё гэта цягнулася вельмі доўга, і кожны вучань мог прыгледзецца да работы майстра і пабачыць, як выглядаюць мазгі ўжыве. Потым Птахор закрыў адтуліну срэбнай пласцінкай, якую за гэты час зрабілі па форме выразанага кавалка косці, і замацаваў яе на галаве маленькімі запінкамі. Зашыўшы рану, ён перавязаў рабу галаву і загадаў: «Разбудзіце яго!» Хворы ўжо даўно страціў прытомнасць.
    Раба вызвалілі ад путаў, залілі ў глотку віна і далі панюхаць нейкае рэзкае зелле. У наступны момант ён сеў і пачаў лаяцца. Гэта быў цуд, у які немагчыма было б паверыць, калі б не бачыў сам на свае вочы: да аперацыі хворы доўгі час не мог гаварыць і рухацца.
    — Калі не памрэ праз тры дні, дык паправіцца, а праз пару тыдняў яшчэ і дасць дыхту таму, хто праламаў яму галаву, — сказаў Птахор. — Я думаю, ён не памрэ.
    Потым ён добразычліва падзякаваў усім за дапамогу, у тым ліку ўзгадаўшы мяне, хоць я толькі падаваў патрэбныя інструменты. Я й не здагадваўся, які быў яго намер, калі ён даручаў мне гэтую справу: аказваецца, падаючы мне эбенавы куфэрак, ён тым самым выбіраў мяне сваім падручным у палац фараона. Цяпер, калі я падаваў яму інструменты пад час дзвюх аперацыяў, я станавіўся ў гэтым болей карысным знаўцам, чым царскія лекары. Але я яшчэ не разумеў гэтага і вельмі разгубіўся, калі Птахор сказаў:
    — Ну што, Сінухе, цяпер мы, бадай, можам узяцца і за царскі чэрап. Ты гатовы?
    Так я, у сваім простым убранні лекара сеў побач з Птахорам у царскія насілкі. Супыняльнік крыві задаволіўся тым, што сеў на аглоблі, і царскія рабы панеслі нас на прыстань, прычым беглі так мерна, што насілкі нават не гайдаліся. Нас ужо чакаў вялікі царскі човен з адборнымі веслярамі, і яны веславалі так зладжана, што здавалася, човен ляціць у паветры, а не плыве па вадзе. 3 царскай прыстані нас гэтак сама шпарка панеслі ў Залаты палац, і я не здзіўляўся з гэткай паспешлівасці, бо па вуліцах Фіваў ужо маршыравалі воіны, а гандляры зносілі тавары ў склады і сховішчы і зачынялі дзверы ды аканіцы. Усё гэта прадказвала, што фараон неўзабаве сканае.
    ПАПІРУС ТРЭЦІ
    Фіванская ліхаманка
    і
    Вялізныя гурбы людзей збіліся пад сценамі Залатога палаца, і нават ля забароннага берага цясніліся шматвёславыя драўляныя баркі багацеяў і маленькія трысняговыя чаўны беднякоў. Калі мы наблізіліся, у натоўпе пачуўся неспакойны гоман, падобны на аддалены пошум вады пад ветрам, і з вуснаў у вусны пабегла вестка, што прыехаў царскі трэпанатар. Людзі пачалі гаротна ўздымаць рукі, несуцешныя стогны і енкі, апярэджваючы нас, несліся да палаца, бо ўсе добра ведалі, што ніводзін фараон не пражыў больш за тры дні пасля такой аперацыі.
    Ад Лілейнай брамы нас павялі ў царскія палаты, і ўсе прыдворныя нізка схіляліся перад намі, гатовыя выканаць любую нашую просьбу, бо на сваіх руках мы неслі смерць. Нас даставілі ў пакой, часова абсталяваны для ачышчэння, Птахор абмяняўся некалькімі словамі з асабістым фараонавым лекарам, узняў у жальбе рукі і абыякава прайшоў цырымонію ачышчэння. Свяшчэнны агонь пранеслі за намі праз доўгі шэраг дзівосных пакояў у царскую спачывальню.
    Вялікі фараон ляжаў пад залатым балдахінам на ложку, які падтрымлівалі фігуры ільвоў, а па кутах стаялі калоны з выявамі багоў-заступнікаў. Фараон ляжаў у непрытомнасці, гэта быў стары знямоглы чалавек без усякіх адзнак улады, яго бяссільнае цела было аголенае, высахлая старэчая галава звісала набок, ён цяжка хрыпеў, з рота выцякала сліна. Якія ж былі марныя і падобныя да ценю слава і зямная ўлада, калі цяпер фараона нельга было адрозніць ад звычайнага старога бедняка, які паміраў у прыёмным пакоі Дома жыцця! Толькі на сценах яго палаца ўсё яшчэ імчалі ўпрыгожаныя султанамі коні, упрэжаныя ў царскую калясніцу, а яго моцная рука напінала лук, і трапныя стрэлы праціналі неўтаймоўных ільвоў. Барвяным, залатым і сінім зіхцелі сцены яго спачывальні, і плавалі на падлозе рыбы, і ўзляталі з ціхім шолахам крылаў качкі, і гнуўся пад ветрам трыснёг.