• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Я развітаўся з бацькамі, сказаўшы, што мушу вяртацца ў Дом жыцця. На схіле дня я знайшоў храм Пта, потым, спытаўшыся дарогу ў кустода, дайшоў да школы мастакоў і папрасіў, каб мне паклікалі вучня Тутмеса. У адказ я пачуў, што яго са школы даўно ўжо выгналі. Прамаўляючы яго імя, вучні, чые рукі былі запэцканы ў гліне, плявалі перада мной на зямлю. Адзін з іх сказаў:
    —	Калі шукаеш Тутмеса, то хутчэй за ўсё знойдзеш яго ў піўнушцы ці ў доме ўцех.
    Другі прамовіў:
    —	Калі пачуеш, як хтосьці блюзнерыць і бэсціць багоў, дык і Тутмес будзе непадалёку.
    А трэці дадаў:
    — Там, дзе бойка, дзе набіваюць гузакі і сінякі, там і шукай свайго прыяцеля Тутмеса.
    Яны плявалі перада мной на зямлю, бо я назваўся Тутмесавым сябрам, але рабілі гэта пад пільным вокам настаўніка, а як толькі той ад-
    вярнуўся, параілі мне завітаць у таверну пад назвай «Сірыйскі збан».
    Я адшукаў тую таверну на мяжы бядняцкага квартала і раёна багацеяў, над яе дзвярыма быў надпіс, які ўсхваляў вінаграднікі Амона і розныя гатункі віна. А ўсярэдзіне ўсе сцены былі пакрытыя вясёлымі малюнкамі, на якіх павіяны лашчылі танцоўшчыц, а козы гралі на флейтах. На падлозе сядзелі мастакі і старанна малявалі на папірусах, a нейкі стары журботна глядзеў на апусцелы кухаль перад сабой.
    — Сінухе, клянуся глінянай таблічкай! — здзіўлена выгукнуў хтосьці, радасна ўзняўшы рукі і вітаючы мяне.
    Я пазнаў Тутмеса, хоць яго наплечная накідка была брудная і падраная, вочы пачырванелі, а на лбе красаваўся вялізны гузак. Ён схуднеў і выглядаў пастарэлым, вакол рота ўзніклі складкі, хоць ён быў яшчэ малады.
    Але ў яго ў вачах кіпела жывая смелая радасць. Гледзячы на мяне, ён схіліў галаву так, што нашыя шчокі дакрануліся, і ў тую хвіліну я адчуў, што мы па-ранейшаму сябры.
    — Маё сэрца поўнае смутку, і ўсё вакол — марнатраўства, — сказаў я сябру. — Я адшукаў цябе, каб мы разам маглі ўзвесяліць віном нашыя сэрцы, бо ніхто і нічога мне не адказвае, калі я задаю пытанне: «Чаму?»
    Але Тутмес прыўзняў фартух, паказваючы, што за віно заплаціць яму няма чым.
    — У мяне на прыцэўцы чатыры дэбены срэбра, — горда адказаў я.
    Тады Тутмес паказаў на маю галаву, якая была гладка выгаленая, бо мне хацелася, каб людзі бачылі, што я жрэц першай ступені, — больш мне было нечым ганарыцца. Цяпер я пашкадаваў, што не адрасціў валасы.
    — Я не жрэц, а лекар, — з прыкрасцю сказаў я. — На дзвярах напісана, што тут падаюць прывазное віно. Дык вось і пакаштуем, ці такое ўжо яно добрае.
    Я пабразгаў бранзалетамі на прыцэўцы, і гаспадар борздзенька падбег да мяне і схіліўся ў глыбокім паклоне, апусціўшы рукі да каленяў.
    — У сваім склепе я маю віно з Сідона і з Бібла. Пячаткі на сасудах яшчэ непарушаныя, і віно смачнае, нібы міра, — сказаў ён. — А можна змяшаць некалькі гатункаў у размаляваных чашах. Ад іх, як ад дзявочай усмешкі, кружыцца галава, а сэрца поўніцца радасцю і весялосцю.
    Гаспадар так доўга і нястомна пералічваў вартасці розных вінаў, што я ажно разгубіўся і пытальна зірнуў на Тутмеса. Той замовіў змяшанага віна. Раб паліў нам на рукі і паставіў на нізкім століку місу з падпражанымі зярнятамі лотаса. Тутмес падняў чашу, выліў некалькі кропель на зямлю і абвясціў:
    — Нябеснаму ганчару! Каб чума забрала мастацкую школу і яе настаўнікаў! — і ён пайменна пералічыў усіх самых ненавісных.
    Я таксама падняў чашу і выліў некалькі кропляў на дол.
    — У імя Амона, — сказаў я, — хай назаўсёды працячэ яго човен, хай лопнуць жываты ягоных жрацоў і хай чума забярэ ўсіх невукаў-настаўнікаў у Доме жыцця.
    Але я сказаў гэта прыцішаным голасам, азіраючыся вакол, каб ніхто не пачуў маіх словаў.
    — He бойся, — супакоіў мяне Тутмес. — У гэтым шынку столькі разоў білі Амонавых падслухоўцаў, што ім самім ужо ўстыла падслухоўваць. Калі ўжо мы тут, значыць мы ўсё адно кончаныя людзі. Я не здабыў бы й кавалку хлеба, ужо не кажучы пра піва, калі б не дадумаўся размалёўваць кніжкі дзецям багацеяў.
    Ён паказаў скрутак пашруса з малюнкамі, якія зрабіў да майго прыходу, і я не змог стрымаць смеху: на адным малюнку была крэпасць, у якой, калоцячыся ад жаху, хаваўся кот, а мышы ішлі ў атаку на крапасныя муры. А на друтім — бегемот спяваў, седзячы на вяршыні дрэва, на якое па прыстаўленых да ствала драбінах з цяжкасцю стараўся ўзлезці голуб.
    Тутмес глядзеў на мяне, і яго цёмныя вочы смяяліся. Ён разгарнуў папірус далей, і мне зрабілася не да смеху: там маленькі пляшывы жрэц цягнуў у храм на вяроўцы вялікага фараона, нібы той быў ахвярнай жывёлай, якую належала аддаць смерці. Потым ён паказаў мне малюнак, дзе маленечкі фараон у ліслівым паклоне схіляўся перад вялізным статуём Амона. Я пытальна зірнуў на сябра, а той паківаў і спьітаўся:
    — Хіба ўсё не так? Нават мае бацькі па сваёй неразумнасці смяюцца з такіх малюнкаў. 1 напраўду — смешна, што мышы нападаюць на ката, а яшчэ болей смешна, што жрэц цягне за сабой фараона. Але ж людзі дасведчаныя задумваюцца, і таму ў мяне будзе заўжды хапаць на хлеб і піва, — прынамсі, пакуль жрацы не прышлюць ахоўнікаў, каб тыя забілі мяне да смерці кіямі дзе-небудзь у цёмным завулку. Такое ўжо здаралася.
    — Давай вып'ем, — прапанаваў я, і мы пачалі піць віно, але весялей на душы не рабілася.
    — Няўжо пытанне «чаму» такое страшнае? — пацікавіўся я.
    Вядома, страшнае, адказаў Тутмес. У чалавека, які задае дзёрзкае пытанне «чаму?», не будзе ні дома, ні прытулку ва ўсёй краіне Кэмет. Ты ж ведаеш, што ўсё павінна заставацца такім, як раней, без ніякіх зменаў. Памятаеш, Сінухе, як я аж калаціўся ад радасці, калі трапіў у школу мастакоў? Я адчуваў сябе, нібы чалавек спалены смагай, які прыпаў да халоднай крыніцы, як галодны, што дарваўся да хлеба. I я даведаўся шмат карыснага. Я даведаўся, як мастак павінен трымаць аловак, як трэба працаваць разцом і як рабіць узор з воску да таго, як перанесці выяву ў камень, я навучыўся шліфаваць камень і складаць узоры з каляровых каменьчыкаў, я даведаўся, як трэба распісваць алебастр. Але як толькі я загарэўся прагай ажыццявіць свае
    мары ў жывых формах, перада мной адразу паўстала сцяна і мяне прымусілі мясіць гліну для іншых. Бо па-над усім стаіць адзіны нязменны ўзор. У мастацтве, гэтак сама, як у напісанні літар, пануе нязменны шаблон, і адступніка чакае праклён. Ён пануе паўсюдна, і той, хто адступае ад пракаветнага ўзору, не можа быць мастаком. Спрадвечна вызначана ўсё: як маляваць стаячага чалавека і як — сядзячага. Спрадвечна вызначана, як ставіць ногі конь і як бык цягне свой воз. Спрадвечна вызначана, як павінен працаваць мастак, а хто адступае ад тых канонаў, таго выганяюць з храмаў, у таго адбіраюць камень і разец. О Сінухе, любы мой сябра, я таксама пытаўся «чаму». Я зашмат пытаўся «чаму», таму і сяджу тут з гузакамі на галаве.
    Мы пілі віно, і на душы ў мяне лягчэла, а на сэрцы рабілася весялей, нібы ў ім вычысцілі нарыў: нарэшце я быў не адзін. Тады Тутмес казаў:
    —	Сінухе, мой сябра, мы нарадзіліся ў дзіўны час. Усё рухаецца і змяняецца, нібы гліна на ганчарным крузе. Мяняецца адзенне, словы і звычаі, людзі ўжо не вераць у багоў, хоць яшчэ і баяцца іх. Сінухе, мой сябра, напэўна, мы нарадзіліся перад канцом свету, бо свет надта ўжо састарэў — прайшла тысяча і яшчэ дзве тысячы гадоў з таго часу, як пабудавалі вялікія піраміды. Калі я думаю пра гэта, мне хочацца схіліць галаву на рукі і плакаць, як дзіцянё.
    Але ён не плакаў: мы пілі віно з размаляваных чашаў, а шынкар усё напаўняў і напаўняў іх, кожны раз кланяючыся і апускаючы да каленяў рукі. Час ад часу да нас падбягаў раб і паліваў на рукі. Маё сэрца стала лёгкае і імклівае, нібы ластаўка на пачатку вясны, мне хацелася ўголас чытаць вершы і абняць увесь навакольны свет.
    —	Пойдзем у дом уцех, — сказаў Тутмес і засмяяўся. — Пойдзем паслухаем музыку, паглядзім на танцоўшчыц і ўзвяселім нашыя сэрцы, каб больш не пытацца «чаму» і каб нам не давялося выпіць нашу горкую чашу напоўніцу.
    Я заплаціў гаспадару адным срэбным бранзалетам, але папрасіў абыходзіцца з ім асцярожней, бо ён яшчэ ўвесь вільготны ад мачы цяжарнай жанчыны. Гэтая думка вельмі мяне развесяліла, і шынкар, таксама да душы пасмяяўшыся, даў мне ў якасці рэшты такую гурбу клеймаванага срэбра, што я кінуў крыху і рабу. Той схіліўся перада мной аж да зямлі, а шынкар правёў нас да дзвярэй і папрасіў не забывацца на «Сірыйскі збан». Ён намякнуў таксама, што ведае шмат маладых і вясёлых дзяўчат без усялякіх забабонаў, якія будуць рады, калі я завітаю да іх з глякам віна з ягоных запасаў. Але Тутмес сказаў, што з сірыйскімі дзяўчатамі спаў яшчэ ягоны дзядуля, так што лепей назваць іх бабулькамі, чым сястрычкамі. Такі жартаўлівы настрой апанаваў нас пасля выпітага віна.
    Мы крочылі па вуліцах, дзень ужо дагарэў, і я пазнаёміўся з Фівамі,
    дзе ніколі не было ночы, бо людзі дзеля сваіх забаваў зрабілі гэтую частку горада такой жа светлай уначы, як і ўдзень. Перад дамамі ўцех палалі паходні, а на скрыжаваннях стаялі слупы з ліхтарамі на вяршынях. Рабы ўподбег праносілі насілкі, і крыкі бягучых наперадзе слуг змешваліся з музыкай і п'яным лямантам, якія даносіліся з дамоў уцех. Мы зазірнулі ў дзверы віннай лаўкі краіны Куш, адкуль чуўся аглушальны грукат, і ўбачылі неграў, якія што моцы лупілі рукамі і палачкамі па бубнах. 3 імі спаборнічаў бразгат прымітыўнай сірыйскай музыкі, якая нязвыкла біла па вушах, але сваім навязлівым рытмам распальвала кроў.
    Я ніколі яшчэ не хадзіў да дзяўчат і трошкі баяўся, але Тутмес смела завёў мяне ў дом пад назваю «Кот і вінаград». Гэта быў невялікі і чысты дамок з мяккімі кілімамі на сядзеннях, асветлены спакойным жоўтым святлом, там ігралі флейты і чуліся гукі струнаў, а маладыя і, на мой погляд, прыгожыя дзяўчаты адбівалі такт пафарбаванымі ў чырвоны колер далонямі. Калі музыка скончылася, дзяўчаты падселі да мяне і папрасілі пачаставаць іх віном, бо горлы ў іх перасохлі, як сухая салома. Зноў загучала музыка, і дзве аголеныя танцоўшчыцы пачалі складаны танец, які патрабаваў вялікага майстэрства. Я сачыў за імі з вялікай цікаўнасцю, бо хоць, будучы лекарам у Доме жыцця, і паспеў наглядзецца на голых жанчын, але там іх клубы і грудзі не калыхаліся так спакусліва.
    Зрэшты, ад музыкі мяне зноў апанавала журбота і я засумаваў невядома па чым. Прыгожая дзеўка ўзяла мяне за руку, прытулілася да мяне ўсім целам і сказала, што ў мяне вочы мудраца. Але ў яе вочы былі не такія зялёныя, як Ніл у разгары лета, і апранутая яна была не ў царскі лён, хоць і ў гэтай вопратцы яе грудзі былі адкрытыя позірку. Таму я працягваў піць віно, не зазіраючы ёй у вочы і не маючы ніякага жадання назваць яе сястрой ці папрасіць, каб яна са мною павесялілася. Апошнімі маімі ўспамінамі пра той дом сталі моцны грымак, атрыманы мною ад раззлаванага негра, і гузак на галаве, які я набіў, вылецеўшы за вароты. Здарылася дакладна так, як прадказвала мая маці. Без адзінага медзяка ў кішэні, у падраным адзенні і з гузаком на галаве я ляжаў на рагу вуліцы, пакуль мяне не падняў Тутмес. Толькі абапіраючыся на ягонае моцнае плячо, я змог дабрысці да Ніла, абмыцца і наталіць смагу рачной вадой.