Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Я шмат разоў папярэджваў цябе, Сінухе, але ты не прыслухаўся да маіх словаў і па-ранейшаму кажаш людзям, што рамяство воіна — самае ганебнае і нізкае з усіх рамёстваў, што хлопчыку лепш памерці ў матчыным чэраве, чым нарадзіцца ваяром, што жанчыне дастаткова дваіх ці траіх дзяцей і няма патрэбы нараджаць больш, што лепш выгадаваць траіх у дастатку і шчасці, чым дзевяцёх ці дзесяцёх у галечы. Ты казаў таксама, што ўсе багі аднолькавыя, а іх храмы — палацы цемры, і толькі ілжывы бог праклятага фараона стаіць вышэй за ўсіх. Ты казаў, што чалавек не павінен купляць і прадаваць іншых людзей, як рабоў, што зямля належыць тым, хто яе апрацоўвае і збірае з яе ўраджай, і што напоўненыя збожжам свірны таксама належаць ім, нават калі гэта храмавая ці фараонава маёмасць. Яшчэ ты казаў, што мая ўлада нічым не адрозніваецца ад улады хетаў, і яшчэ шмат чаго неразумнага, за што каго-небудзь іншага даўно ўжо паслалі б у каменяломні ці аддупцавалі б палкамі, але з табой я быў цярплівы і цярпеў доўга, бо ты быў маім сябрам, Сінухе, і пакуль быў жывы Эйе, ты быў мне патрэбен, як адзіны сведка супраць яго. Але цяпер ты мне не патрэбны, наадварот — робішся небяспечны, бо надта шмат ведаеш. Калі б ты быў крыху разумнейшы, то трымаў бы язык за зубамі і цешыўся з таго, што маеш, — а ў цябе ж ёсць усё, і ты ні ў чым не адчуваеш нястачы. Але замест таго ты толькі ганіш мяне, і я такое цярпець больш не буду.
Па меры таго, як ён гэта казаў, яго гнеў узрастаў, і ўсё больш пахмурнеючы, ён пачаў хвастаць сябе па назе залатым бізуном:
— Напраўду, ты стаў падобны да каменьчыка ў маім сандалеце, да авадня на маім плячы, і я не магу цярпець, што ў маім садзе расце калючы бясплодны куст з атрутнымі шыпамі, Цяпер у зямлі Кэмет пануе вясна, вада стаіць нізка, і ластаўкі ладзяць гнёзды ў глеі, буркочуць галубы і цвіце акацыя. Гэта дрэнны час, бо вясна заўсёды абуджае неспакой і непатрэбную балбатню, кроў кідаецца ў галаву ўзрушаным хлапчукам, яны хапаюць з зямлі каменне і б'юць ахоўнікаў, а мае статуі ў храмах пэцкаюць гноем. Таму мне не застаецца нічога іншага, як выслаць цябе з Егіпта, Сінухе, каб ты больш ніколі не ўбачыў зямлі Кэмет. Калі ж я дазволю табе застацца, то аднойчы настане дзень, калі я вымушаны буду загадаць цябе забіць, а мне гэтага не хочацца, бо ты калісьці быў маім сябрам. Твае неразумныя словы могуць паслужыць іскрай, якая падпаліць сухі трыснёг, а трыснёг не патухне, пакуль не згарыць на попел. Злое слова можа быць небяспечнейшае за дзіду, і я
хачу ачысціць зямлю Кэмет ад злых словаў, як добры земляроб ачышчае агарод ад пустазелля. Я цяпер добра разумею хетаў, якія садзілі чарадзеяў на паль і выстаўлялі абапал дарогі. I я не дазволю Егіпту зноў загарэцца пажарам ні за людзей, ні за багоў! I таму я выганяю цябе, Сінухе, са сваёй краіны, бо ты, напэўна, і не быў ніколі сапраўдным егіпцянінам ты нейкі дзіўны вырадак, у жылах якога цячэ змяшаная кроў, таму і гняздзяцца ў тваёй хворай галаве розныя дурныя думкі.
Можа, ён і меў рацыю, можа, усе пакуты майго сэрца якраз і надараліся ад таго, што свяшчэнная кроў фараонаў змяшалася ўва мне з паміраючай крывёй мітаннійскай зямлі, зямлі вячэрняга змроку. Я спачатку быў захіхікаў ад яго словаў і прыкрыў рот рукамі, але потым жахнуўся ад пачутага: Фівы былі маім родным горадам, я тут нарадзіўся і вырас і не хацеў жыць нідзе ў іншым месцы. Мой смех раззлаваў Харэмхеба, які думаў, што я ўпаду перад ім ніцма і буду маліць аб літасці. У гневе ён зламаў царскі бізун і крыкнуў:
— Дык хай будзе так! Я выганяю цябе з Егіпта на вечныя часы, і калі ты памрэш, тваё цела не будзе пахавана ў Егіпце, хоць я і дазваляю зберагчы яго для вечнага жыцця па нашых звычаях. Але цябе пахаваюць на ўсходнім беразе, ад якога караблі адыходзяць у Пунт, — дзе я прызначаю месца твайго выгнання. Сірыя дзеля гэтага не падыходзіць — яна ўсё яшчэ нагадвае гарачы прысак, з якога не варта раздзімаць полымя. Зямля Куш таксама табе не падыходзіць, бо ты кажаш, быццам негры і егіпцяне роўныя, і можаш укласці гэтыя дурныя думкі ў галовы неграм. А вось бераг мора якраз табе будзе добры: ён бязлюдны, і там ты можаш маліцца, колькі хочаш, і можаш прамаўляць да чырвоных хваляў і чорнага ветру пустэльні, да крумкачоў, шакалаў і змеяў. Воіны адмераюць прастору, дзе табе будзе дазволена рухацца, але калі толькі ты выйдзеш за азначаныя межы, цябе заколюць дзідамі і ты памрэш. У астатнім ты не будзеш адчуваць нястачы: у цябе будзе мяккі ложак, далікатная ежа, і кожнае тваё разумнае пажаданне неадкладна будзе выконвацца. Самота — вось твая кара, і я не хачу рабіць яе болей жорсткай, бо калісьці ты быў маім сябрам. Але цяпер я павінен пазбавіцца ад тваёй небяспечнай і дурной балбатні.
Я не баяўся самоты, бо быў самотным усё жыццё і самота была мне наканаваная ад нараджэння. Але маё сэрца напоўнілася горыччу і сумам ад думкі, што я больш ніколі не ўбачу Фіваў, што мая нага больш ніколі не ступіць на мяккі глей зямлі Кэмет і мне больш ніколі не давядзецца напіцца вады з Ніла. Таму я папрасіў Харэмхеба:
— У мяне не шмат сяброў, бо людзі пазбягаюць мяне за маю з'едлівасць і злы язык, але, можа, ты дазволіш развітацца з імі. Я таксама хацеў бы развітацца з Фівамі, апошні раз прайсці па Алеі бараноў,
падыхаць паветрам, змешаным з дымам ахвярных алеяў, прайсці паміж рознакаляровых калонаў вялікага храма і па бядняцкіх кварталах, дзе разносіцца пах смажанай рыбы, калі адвячоркам жанчыны распальваюць вогнішчы перад сваімі глінянымі хацінкамі, а стомленыя мужчыны вяртаюцца дадому.
Можа, Харэмхеб і выканаў бы маю просьбу, калі б я расплакаўся, упаўшы ніцма перад яго тронам: ён быў славалюбны і ганарысты, і сапраўднай прычынай ягонага гневу было разуменне, што ў глыбіні душы я не магу ім захапляцца і не лічу яго законным фараонам. Але якім бы слабым і баязлівым чалавекам я ні быў, я не хацеў перад ім схіляцца, бо ведам не пасуе па-рабску схіляцца перад уладай. Таму я толькі паспешна закрыў рот рукой, бо ў хвіліны вялікага страху я нястрымана пазяхаў і тым, напэўна, адрозніваўся ад іншых. Харэмхеб адказаў:
— He, я не дазволю ніякіх непатрэбных развітванняў ды апошніх «бывай» — я воін, і ўсе гэтыя развітальныя ласкі мне не даспадобы. Твой ад'езд будзе неадкладны і лёгкі: я адсылаю цябе зараз і прама адсюль, бо не маю патрэбы ні ў іпуме, ні ў выказванні на твой адрас гарачых пачуццяў (бо ты ў Фівах значна болей славуты, чым думаеш). Таму ты зараз жа рушыш у дарогу ў закрытых насілках, а калі хтонебудзь захоча паехаць у выгнанне разам з табою, я пярэчыць не буду. Але гэтаму чалавеку давядзецца назаўжды застацца ў месцы твайго выгнання, і нават калі ты памрэш, яму таксама давядзецца чакаць сваёй смерці там. Зламысныя і шкодныя думкі лёгка перадаюцца ад чалавека да чалавека. А я не хачу, каб тваё вар’яцтва вярнулася ў Егіпет з кімнебудзь яшчэ. Калі ж, кажучы пра сяброў, ты маеш на ўвазе таго раба з паламанымі пальцамі ці п'янюгу-мастака, які маляваў багоў, прысеўшы на кукішкі нібы па патрэбе, ці некалькіх неграў, што прыходзілі да цябе, дык развітацца з імі ты не зможаш, бо яны выправіліся ў такое далёкае падарожжа, з якога ўжо ніколі не вернуцца.
У гэтыя хвіліны я ненавідзеў Харэмхеба, але яшчэ больш ненавідзеў сябе, бо мае рукі па-ранейшаму неслі смерць, хоць я не жадаў таго. Я не сумняваўся, што Харэмхеб загадаў забіць або паслаць на руднікі тых нешматлікіх сяброў, якіх я сабраў вакол сябе дзеля памяці аб Атоне. Таму я нічога не адказаў Харэмхебу, а моўчкі пакланіўся, апусціўшы да каленяў рукі, і потым воіны вывелі мяне з залы. Ён двойчы растульваў вусны, нібыта збіраючыся нешта сказаць, нават ступіў крок да мяне, але стрымаўся, хвастануў бізуном па назе і прамовіў:
— Фараон сказаў!
I тады воіны пасадзілі мяне ў шчыльна запнутыя з усіх бакоў насілкі і панеслі прэч з Фіваў. Мяне неслі на ўсход, па пустэльні, па пракладзенай Харэмхебам дарозе, забрукаванай камянямі. Мяне неслі дваццаць
дзён — да гавані, з якой раз на год караблі адплывалі ў Пунт. Але ў гавані было шмат жыхароў, і таму воіны панеслі мяне далей па ўзбярэжжы і неслі яшчэ тры дні — да спусцелай вёсачкі, дзе раней жылі рыбакі. Там яны адмералі мне прастору, па якой я мог хадзіць бесперашкодна, і пабудавалі дом, у якім я правёў шмат гадоў, пакуль не састарэў і не стаміўся ад жыцця. У мяне было ўсё, патрэбнае для заможнага жыцця, і ўсё, неабходнае для пісьма, выдатны папірус і куфэркі з чорнага дрэва, у якіх я зберагаю ўсё напісанае і свае лекарскія прылады. Але ўжо гэты скрутак, які я заканчваю, будзе пятнаццатым і апошнім. Мне няма больш чаго распавесці, я стаміўся пісаць. Стамілася мая рука, і стаміліся мае старыя вочы, якія ўжо ледзь разбіраюць накрэсленыя на папірусе знакі.
Я думаю, што не змог бы жыць, калі б не пісаў, і пакуль я пісаў, я зноў пражыў усё жыццё, хоць і не шмат добрага змог пра яго распавесці. Але я распавядаў дзеля самога сябе, дзеля таго, каб жыць, каб асэнсаваць пражытае і зразумець, навошта ж я жыў. На жаль, зразумець гэта мне не дадзена, і цяпер, калі я дапісваю пятнаццаты скрутак, я разумею гэта яшчэ менш, чым раней, калі пачынаў пісаць першы. Але само пісьмо суцяшала мяне ўсе гэтыя гады, калі я кожны дзень бачыў перад сабой толькі мора, я бачыў яго чырвоным і чорным, і зялёным пасярод дня і светлаю ноччу, а ў час самай спякоты — сінім, сінейшым нават за каштоўныя камяні, і я стаміўся ад гэтага відовішча, бо мора надта вялікае і застрашальнае, каб чалавеку глядзець на яго ўсё жыццё, — нават галава пачынае круціцца ад яго велічы, і сэрца абрываецца ў бяздонне, калі глядзіш на мора ў вячэрніх прыцемках.
I ўсе гэтыя гады я разглядаў чырвоныя горы і вывучаў пясчаных блох, маімі знаёмцамі зрабіліся змеі ды скарпіёны, яны не ўцякалі ад мяне, уважліва слухаючы мае словы, калі я размаўляў з імі. Аднак я лічу, што яны дрэнныя сябры чалавеку, і хутка яны мне ўстылі, нават больш за бясконцы шум марскіх хваляў.
Павінен яшчэ сказаць, што ў першы год майго жыцця тут, у закінутай вёсцы, сярод збялелых рыбіных костак і апусцелых хат, да мяне з Фіваў разам з фараонавым караванам, што прывёз грузы на караблі, якія збіраліся плыць у Пунт, прыехала Муці. Яна нізка схілілася перада мной, апусціўшы да каленяў рукі, і горка заплакала, бо мой стан быў жахлівы: я схуднеў, шчокі праваліліся, жывот знік, і да ўсяго я ставіўся абыякава, я проста сядзеў на беразе і глядзеў на мора, пакуль у мяне ў галаве не пачынала круціцца. Але даволі хутка Муці супакоілася і пачала, як заўсёды, бурчаць і лаяць мяне: