Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Каптах таксама квітнеў і багацеў год за годам, і нарэшце ва ўсім Егіпце не стала чалавека багацейшага за яго. У Каптаха не было ні дзяцей, ні жонкі, а таму ён напісаў запавет, у якім усё сваё багацце пакідаў Харэмхебу. Ён зрабіў гэта, каб жыць спакойна і бесперашкодна павялічваць свой набытак. He дзіва, што і Харэмхеб з гэтай прычыны ніколі на яго не ціснуў і не дазваляў зборшчыкам падаткаў надта яму дапякаць.
Каптах часта запрашаў мяне ў свой дом, які стаяў у багатай частцы горада. Дом займаў цэлы квартал з садам, і ў Каптаха не было суседзяў, якія парушалі б яго спакой. Каптах еў з залатога посуду, вада ў яго доме цякла са срэбраных трубаў, як на Крыце, і купальня была срэбраная, а сядзенне ў прыбіральні — з чорнага дрэва, а каштоўныя камяні ў сценах дома стваралі прыемную для вока карціну. Ён частаваў мяне дзівоснымі стравамі і паіў віном пірамідаў, а падчас абеду яго забаўлялі музыкі ды спевакі, і самыя прыгожыя танцоўшчыцы Фіваў выконвалі незвычайна складаныя танцы, каб яго пацешыць. Ад жанчын яму было не надта многа радасці, бо яго жывот замінаў любоўным забавам, таму ён аддаваў перавагу радасцям чэрава.
Каптах часта наладжваў пачосткі ў сваім палацы, куды з вялікай ахвотай прыходзілі егіпецкія багацеі ды вяльможы, хоць гаспадар дома паходзіў з рабоў і дагэтуль не пазбавіўся многіх нізкіх звычак, напрыклад, выціраць нос пальцам ды адрыгаць за сталом. Але ён быў гасцінным гаспадаром і падносіў гасцям дарагія падарункі, а яго парады ў гандлёвых справах былі заўжды хітрамудрыя, і таму ўсе даражылі яго сяброўствам. Ён цешыў гасцей цікавымі і смешнымі апавяданнямі і
часта сам пераапранаўся ў вопратку раба ды смяшыў гасцей, бо быў настолькі багаты, што не баяўся насмешак з свайго мінулага і нават фанабэрыўся перад егіпецкімі вяльможамі тым, што некалі быў рабом.
— Мой гаспадар Сінухе, — казаў ён мне, — чалавеку трэба хоць трошкі забагацець, і ён ужо не стаць бедным, — ён будзе багацець, сам таго не жадаючы, такі ўжо дзіўны наш свет. А маё багацце пачалося з цябе, Сінухе, і таму я буду заўсёды лічыць цябе сваім гаспадаром, і табе ніколі не давядзецца жыць у нястачы, а тое, што ты не маеш ніякага багацця, дык для цябе нават лепш, бо ты ўсё адно не ўмееш з ім абыходзіцца і чыніш усякае глупства сабе на разарэнне. Гэта добра, што ты пусціў на вецер сваё багацце ў часы ілжэфараона, — затое цяпер я паклапачуся пра тваю выгоду і прасачу, каб ты ні ў чым не цярпеў нястачы і каб усе твае разумныя жаданні выконваліся.
Каптах прыхільна ставіўся да мастакоў, а яны высякалі з каменя яго выявы, надаючы яму вяльможны і вытанчаны выгляд. Яго постаць яны рабілі танчэйшай, ногі і рукі — меншымі, а скулы на твары — вышэйшымі. Статуя Каптаха заўсёды мела двое вачэй, сядзела паглыбленая ў роздум і трымала на каленях разгорнуты папірус, а ў руцэ — трысняговае пісала, хоць сам ён ніколі нават не спрабаваў навучыцца чытаць і пісаць, а ўсе складаныя разлікі і перапіску за яго вялі шматлікія пісарчукі. Гэтыя скульптуры вельмі забаўлялі Каптаха, а жрацы Амона, якіх Каптах шчодра адорваў пасля вяртання з Сірыі, паставілі адну яго статую ў вялікім храме, за што ён сам і заплаціў.
Ён загадаў пабудаваць у Горадзе мёртвых раскошную грабніцу, чые сцены ўпрыгожвалі шматлікія карціны з яго жыцця — з будняў ды святаў. На малюнках ён быў таксама з двума вачыма, без вялізнага жывата і выглядаў даволі вяльможна. Каптах і тут спадзяваўся ашукаць багоў і трапіць у Краіну Захаду не такім, якім ён быў у сапраўднасці, a такім, якім хацеў быць. Зрэшты, пры жыцці ён хацеў заставацца менавіта самім сабой, бо гэта было не так турботна, як быць вяльможам. Для сваёй грабніцы ён загадаў напісаць адмысловую Кнігу мёртвых, якой я не бачыў ніколі раней, — гэтая Кніга складалася з дванаццаці скруткаў папіруса з пісьмёнамі, малюнкамі ды чарадзейнымі замовамі для ўтаймавання духаў апраметнай, каб усякімі хітрыкамі зрабіць цяжэйшай шалю на вагах Асірыса і каб задобрыць справядлівых павіянаў. Усё гэта ён зрабіў проста на ўсякі выпадак, бо, на яго думку, «ніякая перасцярога ніколі не пашкодзіць», але пра смерць ён ніколі не думаў і больш за іншых багоў шанаваў нашага скарабея.
Я шчыра радаваўся багаццю Каптаха, як радаваўся цяпер багаццю і шчасцю кожнага, бо я ўжо не хацеў пазбаўляць людзей іх марных спадзяванняў, якія дазвалялі ім быць шчаслівымі. Чалавечае жыццё збольшага якраз і сатканае з такіх марных спадзяванняў. А праўда бывае такой
горкай і злою, што чалавеку лепш пазбыцца жыцця, чым страціць свае памылковыя, але салодкія мроі, Таму я больш не імкнуўся абуджаць іх ад гэтых мрояў, якія дораць ім шчасце і не робяць нікому ліха.
Але мой гарачы лоб не ахалоджвалі сны, радасць не давала заспакаення сэрцу, а праца не прыносіла задавальнення, хоць усе гэтыя гады я шмат працаваў і вылечыў безліч хворых. Некалькі разоў я ўскрываў чарапы, і людзі вылечваліся, хоць трое памерлі. Мяне славілі, як вялікага лекара, але нездавальненне не пакідала мяне. А можа я пераняў у Муці яе сварлівасць, і таму ніхто мне не мог дагадзіць і я на ўсіх няспынна бурчэў і лаяўся. Я лаяў Каптаха за ненажэрнасць, беднякоў дакараў за ляноту, багатых папракаў самалюбствам, суддзяў асуджаў за абыякавасць, — я нічым не быў задаволены і раздражнёна чапляўся да ўсіх. Толькі хворых і дзяцей я не дапякаў сваімі прамовамі, а проста лячыў, імкнучыся не прычыніць ім болю. А Муці я прымушаў раздаваць мядовыя аладкі хлопчыкам, бо іх вочы напаміналі мне вочы маленькага Тота. А людзі пра мяне казалі:
— Гэты Сінухе люты і паганы чалавек, яго печань разбухла і жоўць ліецца ў яго з рота, калі ён яго раскрывае. 3 гэтай прычыны ён і састарэў рана, і больш не радуецца жыццю. А яго злыя дзеі ідуць за ім следам і не даюць яму спаць па начах. Дык пашкадуем яго і не будзем чапаць, бо сваім языком ён джаліць не нас, а самога сябе.
Так напраўду яно і было: набурчаўшыся і налаяўшыся, я потым пачынаў пакутаваць ад сваёй злосці, плакаў і даваў лайдаку зерня, скідваў з плячэй лайно і аддаваў яго п'янтосу, прасіў прабачэння за свае словы ў багацея і верыў у справядлівасць суддзі. Так было таму, што я заставаўся слабым чалавекам і быў няздольны змяніць свой характар.
Сварыўся я і на Харэмхеба, бо ўсе яго справы і ўчынкі былі злом у маіх вачах. Асабліва я лаяў яго малойцаў, якіх ён прыкормліваў з фараонавых запасаў, а яны лайдачылі, пахваляліся ў шынках сваімі подзвігамі, прабівалі адзін аднаму галовы ды гвалцілі дзяўчат з бедных частак горада. У выніку вуліцы Фіваў сталі небяспечныя для жанчын. А калі беднякі скардзіліся Харэмхебу на гэта, ён выгароджваў сваіх памагатых, трактуючы іх паводзіны ў лепшым сэнсе і кажучы, што ягоныя воіны ўліваюць новую сілу ў егіпецкую кроў. Харэмхеб ненавідзеў жанчын і лічыў іх прыдатнымі толькі для нараджэння дзяцей.
Людзі, якія жадалі мне дабра, шмат разоў перасцерагалі, каб я адкрыта не лаяў Харэмхеба. Яны закрывалі раты далонямі, калі я пачынаў ганіць яго ў грамадскіх месцах, — яны баяліся за сябе і за мяне, і ўрэшце пакідалі мяне аднаго. А Харэмхеб з гадамі рабіўся ўсё больш недаверлівы, ён хацеў ведаць, што і дзе пра яго кажуць, і ўрэшце не засталося ніводнага люднага месца, ніводнай віннай крамкі, ніводнага шынка, дзе не было б ягоных выведнікаў. Трэба, зрэшты, прызнацца, што
такім чынам Харэмхебу стала вядома і шмат пра якія злоўжыванні, скардзіцца на якія просты люд не адважваўся, і ён жорстка караў вінаватых. Але больш за іншых цярпелі тыя, хто асмельваўся судзіць яго ўчынкі: іх спіны сплывалі крывёй ад бізуноў ды палак, а самых зласлоўных ссылалі на руднікі, а некаторых нават кідалі на спажыву кракадзілам. Сваіх выведнікаў Харэмхеб таксама карміў з фараонавай скарбніцы, каб яны не нажываліся на сваіх даносах і не атрымлівалі ў спадчыну маёмасць тых, хто ад іх пацярпеў. Таму, каб уратавацца ад даносаў, людзям не заставалася нічога, апроч як даваць фараонавым віжам добры хабар, а беднякі аддавалі ім сваіх дачок і жонак, і такім чынам выведнікі вялі бесклапотнае жыццё і старанна служылі свайму ўладару. А Харэмхеб казаў:
— Я кожнаму даў па ягонай меры, і беднякі атрымалі сваю меру напоўніцу, і ў іхніх хацінах цяпер ёсць удосталь алею і тлушчу. Маё сэрца радуецца, калі я зноў бачу на Егіпецкай зямлі сытых дзяцей, бо дзеці — гэта багацце краіны, і са здаровых хлопцаў вырастуць добрыя воіны, а моцныя дзяўчаты народзяць дзяцей больш, чым слабыя і галодныя. Але гультайства і празмернасць нараджаюць неспакой і зламыснасць, таму мая ўлада прымушае мяне быць заўсёды напагатове, іначай егіпецкі народ адчуе сябе залішне вольна.
Таму ён наўмысна нагружаў народ цяжкімі грамадскімі работамі: будаваў новыя дарогі, капаў новыя каналы, — каб ад беспрацоўя і дабрабыту людзі не пачалі задумваць выступленні супраць ягонай улады. Адным словам, народ у часы Харэмхеба апынуўся ў становішчы добра ўкормленага быка, чые бакі былі паколатыя дзідай і якому ніколі не дазвалялася як след адпачыць. Харэмхеб загадаў выбіць на сценах храмаў пісьмёны, якія ўсхвалялі яго мудрасць, здзяйсненні й перамогі, каб людзі кожны дзень бачылі напамін пра тое, як фараон аднавіў у Егіпце праўду, выкараніў несправядлівасць і кожнаму даў належнае, каб яго мера напоўнілася. Ён загадаў раздаваць багатыя дарункі казачнікам і песнярам, якія паўсюдна ўсхвалялі ягоныя дзеі і расказвалі цудоўныя казкі пра яго паходжанне і нараджэнне. Але казачнікі — народ увішны і хітры, у іх няма нічога святога, і таму яны аздабляюць свае казкі такімі ўзорамі, якія служаць добрай пацехай простаму люду. Ды Харэмхеб быў залішне самалюбны і не здагадваўся, што тыя, каму ён плаціць, смяюцца з яго ў сваіх легендах ды казках. Зрэшты, і слухачы таксама не ўсе разумелі казачнікаў і маглі з разяўленым ротам слухаць, як бог Гор, праходзячы міма роднага Харэмхебава горада ў час яго нараджэння, прысеў па патрэбе каля дарогі.
Але падазронасць Харэмхеба ўзрастала, і настаў дзень, калі яго воіны прыйшлі ў мой дом, абулі мяне ў сандалі, сяк-так загарнулі ў вопратку і, выпхаўшы дрэўкамі дзідаў на вуліцу, павялі да Харэмхеба. I зноў
была вясна, вада спадала, і ластаўкі нястомна насіліся над бурай ад глею ракой. Воіны прывялі мяне і паставілі перад Харэмхебам. За апошнія гады ён пастарэў, яго галава схілілася, твар пажаўцеў, а мышцы тырчалі вузламі на доўгім сухарлявым целе. Ён паглядзеў на мяне невясёлымі вачыма і сказаў: