Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Пасля двух гадоў вайны Харэмхеб вярнуўся ў Фівы з вялізнай здабычай, засыпаў жыхароў Фіваў падарункамі і наладзіў дзесяцідзённае святкаванне перамогі. Усялякая праца ў горадзе спынілася, а п'яныя воіны поўзалі па вуліцах, бляялі казламі, а потым у належны час многія фіванскія жанчыны нарадзілі цемнаскурых немаўлят. А Харэмхеб браў свайго сына на рукі, вучыў яго хадзіць і з гордасцю казаў мне:
— Глядзі, Сінухе, гэта ад мяне нарадзіўся новы царскі род, і ў жылах майго сына цячэ боская кроў, хоць сам я нарадзіўся ў хляве на кучы гною.
Пайшоў Харэмхеб і да Эйе, але той зачыніў перад ім дзверы ў свае пакоі, падпёршы іх зэдлікамі, крэсламі і нават уласным ложкам. I крычаў з-за іх дрыготкім старэчым голасам:
— Ідзі прэч, Харэмхеб! Я фараон! Я ведаю, што ты прыйшоў забіць мяне і завалодаць маім тронам!
Але Харэмхеб толькі прыветна засмяяўся і адным штуршком разбурыў усе барыкады за дзвярыма. Ён абняў Эйе за плечы і, па-сяброўску страсянуўшы яго, сказаў:
— Ды не буду я забіваць цябе, стары ты ліс! Ты ж мне цяпер, як бы і цесць, і тваё жыццё мне даражэйшае за ўсё на свеце! Праўда, у грудзях у цябе нешта хрыпіць, з роту цячэ сліна, а калені калоцяцца, але ты павінен трымацца, Эйе, і пакуль мяне тут няма, вытрываць яшчэ адну вайну, каб у Егіпта быў уладар, якога можна было б ненавідзець.
Але Эйе не паверыў Харэмхебу, ён з плачам абняў яго калені і пачаў маліць з яго злітавацца. Тады Харэмхеб пашкадаваў старога і пайшоў прэч, але пасля той сустрэчы прыставіў да яго прыслужнікамі сваіх людзей — каб за яго адсутнасцю стары не нарабіў бяды. Час Эйе скончыўся, цяпер гэта быў проста звар'яцелы стары з дрыготкаю галавой, на якой царскія кароны ў час урачыстых цырымоніяў ледзьве трымаліся.
Харэмхеб прывёз жонцы багатыя падарункі, сярод якіх былі і вялікія кашы з залатым пяском, і скуры ільвоў, якіх ваявода ўпаляваў сваімі рукамі, і страўсавы пёры, і жывыя малпы. Але Бэкетамон не захацела нават зірнуць на гэтыя скарбы і сказала яму:
— Перад людзьмі ты мне муж, і я нарадзіла табе сына. Задавальняйся гэтым і ведай, што калі ты яшчэ хоць раз дакранешся да мяне, я апаганю твой ложак, зняславіўшы цябе так, як ніводная жанчына яшчэ не ганьбіла свайго мужа. Дзеля тваёй ганьбы я буду забаўляцца з рабамі і насільшчыкамі, я лягу на рынку Фіваў з паганятымі аслоў, і не будзе такога прасталюдзіна, з якім я адмоўлюся легчы, калі ты хоць адзін раз яшчэ асмелішся дакрануцца да мяне, бо ва ўсім Егіпце няма чалавека болей нікчэмнага і брыдкага, чым ты, бо твае рукі смярдзяць крывёй і тваё цела прапахнула ёю так, што мне робіцца млосна, калі ты да мяне набліжаешся.
Але яе супраціўленне толькі распаліла Харэмхеба, ён цяжка дыхаў, гледзячы на яе вузкія клубы і злую ўсмешку, і не змог стрымаць свае рукі. Потым ён прыйшоў да мяне і паскардзіўся:
— Сінухе, чаму ўсё так, і якое зло я ўчыніў, што мая жонка не хоча падзяліць са мной шлюбны ложак? Ты ж добра ведаеш, як многа мне давялося здзейсніць, каб заваяваць такую славу дзеля яе прыхільнасці. Ты ведаеш, што я не так ужо часта цешыўся з маладымі палонніцамі, якіх прыводзілі да мяне ў шацёр, — я аддаваў іх сваім малойцам. Усіх жанчын, з якімі я меў справу за апошнія гады, можна пералічыць на пальцах. Дый не было мне ад іх шмат радасці, бо я ўвесь час думаў толькі пра яе, пра Бэкетамон — яна адна вабіла мяне і была прыгажэйшай за маладзік! Што гэта за насланнё, якое агнём паліць маё цела і, як змяя, атручвае маю душу?
— He звяртай увагі на дурную жанчыну, — параіў я, — яна пакутуе ад сваіх гонару і фанабэрыі яшчэ больш за цябе. У Фівах поўна маладых прыгожых жанчын, і любая рабыня дасць табе тое самае, што і яна.
— Ты кажаш супраць свайго сэрца, Сінухе, — запярэчыў ён. — Ты добра ведаеш, што сэрцу і каханню не загадаеш.
— Вось і не спрабуй загадваць яе каханню, — перасцярог я, — іначай не чакай дабра.
— Дай мне зелля, Сінухе, — не паверыў ён, — дай мне такога зелля,
каб я змог усыпіць яе і нацешыцца з ёю, бо гэтая жанчына шмат чаго мне вінаватая.
Але я адмовіўся даць яму такія лекі, і ён пайшоў да іншых лекараў, a тыя далі яму небяспечнае зелле, якое распальвае жаданне ў жанчыны і робіць яе бязвольнай. Такімі лекамі Харэмхеб таемна напаіў Бэкетамон і зрабіў з ёй усё, што хацеў, але пасля таго яна яшчэ мацней узненавідзела яго і сказала:
— Памятай, што я сказала табе, аб чым я цябе папярэдзіла!
Але Харэмхеб быў аслеплены і бяздумны, хоць наўрад ці ўсцешыўся пасля таго, як зрабіў з Бэкетамон усё, што хацеў. Неўзабаве ён сабраўся ў Сірыю, каб падрыхтавацца да вайны з хетамі. Ад'язджаючы, ён казаў:
— Памежныя камяні Егіпта былі пастаўленыя ў Кадэшу яшчэ вялікімі фараонамі, і я не супакоюся, пакуль мае баявыя калясніцы не ўварвуцца ў палаючы Кадэш!
Калі царэўна Бэкетамон зразумела, што семя Харэмхеба зноў пусціла парасткі ў яе целе, яна зачынілася ў сваім пакоі, не жадаючы нікога бачыць, каб у самоце несці цяжар сваёй ганьбы. Прыслужніцы і рабыні пакідалі ёй ежу перад зачыненымі дзвярыма, але яна ела так мала, што прыдворныя лекары баяліся за яе жыццё. Па набліжэнні пары нарадзіць, лекары пачалі патаемна сачыць за ёю, баючыся, што яна захоча радзіць адна, а потым пусціць дзіцё ў трысняговым чоўніку ўніз па рацэ, але нічога такога яна не зрабіла, а ў належны час выклікала лекараў і нарадзіла Харэмхебу другога сына. Яна назвала яго Сэтам, не пытаючыся ні ў каго дазволу. Яна так ненавідзела Харэмхеба, што і хлопчыка называла Народжаным ад Сэта.
Ачуняўшы пасля родаў, Бэкетамон загадала нацерці сябе алеем, размаляваць твар і апрануць у царскія строі, а потым загадала перавезці сябе ў чоўне на той бераг. Там яна адна пайшла на рыбны рынак і пачала размаўляць з вазніцамі, ваданосамі і чысцільшчыкамі рыбы:
Я царэўна Бэкетамон, жонка Харэмхеба, вялікага ваяводы Егіпта. Я нарадзіла яму двух сыноў, але ён нудны, лянівы, ад яго патыхае крывёй, так што мне мала ад яго радасці. Хадзем са мной, пацешце мяне і падарыце мне радасць, мне падабаюцца вашы далоні ў шнарах і мазалях, мне даспадобы пах гною, якім патыхае ад вашай скуры, мне даспадобы пах рыбы.
Людзі на рынку здзіўляліся і ставіліся да яе з асцярогай, стараючыся ўцячы, але яна ўпарта ішла следам, спакушала іх словамі, агаляла цела і ўгаворвала:
— Ці я недастаткова прыгожая? Чаго вы палохаецеся? Можа, я сапраўды ўжо старая і страшная, але я нічога ад вас і не прашу — усяго адзін невялікі каменьчык. Хай гэта будзе любы камень, які вам трапіц-
ца пад руку, але чым большы ён будзе, тым больш радасці я вам прынясу. Я буду старацца з усяе сілы падарыць вам асалоду.
Такога яшчэ не было ніколі ва ўсім Егіпце. Людзі на рынку пачалі пажадліва паглядаць на царэўну, іх вочы загараліся ад яе прыгажосці, багатая вопратка заварожвала, а водар яе цела адбіваў усе думкі, і людзі казалі адзін аднаму:
— Такога не было спрадвеку! Яна, напэўна, нейкая багіня, і мы зробім няправільна, калі будзем супраціўляцца яе жаданню. Мы бачым, што яе нельга параўнаць з нашымі жонкамі, а значыць і радасць ад яе будзе незямная.
А некаторыя казалі:
— Як бы там ні было, асалода будзе каштаваць зусім танна, бо нават танныя негрыцянскія дзеўкі прадаюць сябе, патрабуючы за паслугі медзь! А гэта, мабыць, нейкая жрыца, якая збірае камяні на новы храм кошкагаловай Баст, і мы зробім добрую справу, спраўдзіўшы яе жаданне.
Людзі вагаліся, сумняваліся, але ішлі за ёй у чаратовыя зараснікі, куды яна заваблівала. I чысцільшчыкі рыбы сказалі:
— He, далей мы не пойдзем. Можа, яны выйшла з вады і зацягне за сабой нас? А можа яна і ёсць кошкагаловая Баст, і яе галава ператворыцца ў галаву кошкі, і яна адкусіць нам мужчынскую годнасць, як толькі мы паглыбімся ў яе ўлонне, каб даць ёй асалоду?
Яны так казалі, але ішлі за ёй, зачараваныя яе прыгажосцю. А пагоншчыкі аслоў смяяліся і казалі:
— Хай яе галава зробіцца хоць рыбінай галавой! Мы не спалохаемся і яе кіпцюроў, каб толькі пазабавіцца з такой жанчынай!
Царэўна Бэкетамон прабыла ў зарасніках чароту ўвесь дзень і зрабіла ўсё, каб задаволіць кожнага, і людзі з задавальненнем неслі ёй камяні, нават вялізныя глыбы, якія дорага прадавалі з каменяломняў. I ўсе казалі адзін аднаму:
— Вось гэта жанчына! Такой мы ніколі не сустракалі — яе рот мае смак свежага мёду, грудзі падобныя да спелых яблыкаў, а ўлонне апальвае, як агонь, на якім смажаць рыбу!
Яны малілі яе прыйсці да іх на рынак і заўтра і абяцалі прынесці яшчэ больш камянёў, а яна ціха ўсміхалася і дзякавала за атрыманую асалоду. Да вечара яна набрала шмат камянёў і наняла вялікі човен перавезці іх да Залатога палаца.
На другі дзень яна ўзяла большы човен і загадала рабыням перавезці яе на другі бок ракі. Рабыняў і човен яна пакінула на прыстані, а сама пайшла на гароднінны рынак. Там яна пачала спакушаць сялян і падмятальшчыкаў вуліц, а таксама ахоўнікаў, кажучы ім:
— Я царэўна Бэкетамон, жонка Харэмхеба, вялікага ваяводы Егіпта. Ён зануддівы і лянівы, яго мужчынская сіла нічога не вартая, і ён не
можа прынесці мне асалоду. Ён адбірае ў мяне дзяцей, дрэнна са мной абыходзіцца і выганяе з дому, і ў мне няма даху над галавой. Хадземце са мной і падарыце мне радасць. Вы наўрад ці знойдзеце ў Фівах таннейшыя ўцехі нават ад негрыцянскіх жанчын, бо я патрабую ў аплату толькі звычайны камень!
Сяляне і чарнаскурыя ахоўнікі палохаліся яе словаў і казалі адзін аднаму:
— He можа яна быць царэўнай, бо ніводная царская дачка сябе так не паводзіць!
Але яна не пераставала спакушаць іх словамі, агаляла перад імі цела, а потым завяла ў чараты ля ракі, і яны кідалі працу, кажучы:
— He кожны дзень бедняку дастаецца такая смачная ежа! Яе скура не падобная на цёмную скуру нашых жонак, а яе вопратка — гэта вопратка вяльможных пані, і мы былі б дурнямі, адмовіўшыся ад такой спакуслівай прапановы! Пацешым яе як след, калі няма ў яе ў жыцці больш ніякай радасці.
Яны ўдосталь пацешыліся з царэўнай, прыносячы ёй камяні, што ляжалі пад парогам шынкоў, а ахоўнікі выварочвалі камяні з царскіх будынкаў. Але потым яны забаяліся:
— Калі гэта і праўда жонка Харэмхеба, дык ён, вярнуўшыся, заб'е нас усіх, калі даведаецца. Ён жа перавышае па лютасці льва, ён ганарлівы і самалюбны, хоць сам не можа задаволіць сваю жонку. Але калі нас будзе шмат, ён не зможа забіць усіх мужчын у Фівах. Дык няхай у яе будзе як мага больш камянёў!