Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Ці не папярэджвала я цябе тысячу разоў, Сінухе, каб ты не лез у пятлю, як робяць усе мужчыны — яны ж глухія, як камяні! Толькі і робяць, што, як дурні, б'юцца галавой аб сцяну, а тая нават не пахіс-
нецца! Хопіць! Ты ўжо дастаткова набіў сабе лоб. Пара ўгаманіцца і жыць спакойна, калі толькі тая штуковіна, якую мужчыны, саромеючыся, хаваюць пад вопраткай, больш цябе не турбуе і не абпальвае тваю галаву вар'яцкім полымем. Бо ўсе беды на свеце толькі ад яе!
Але я пачаў дакараць яе і казаць, што ёй не варта было пакідаць Фівы, бо цяпер, прыехаўшы, яна на ўсё жыццё звязала сябе са мною, выгнанцам, і я, калі б ведаў пра яе намеры, ніколі не дазволіў бы ёй гэта зрабіць. А яна, смеючыся, сказала:
— Усё не так! I тое, што з табой цяпер адбываецца, — самае лепшае з усяго, што адбылося з табой у тваім жыцці. Я думаю, фараон Харэмхеб — твой сапраўдны сябар, калі паслаў цябе ў такое ціхае месца дажываць дні старасці. Я таксама стамілася ад фіванскай ліхаманкі ды бясконцых звадаў з суседзямі, якія не вяртаюць пазычаных гаршчкоў і выкідваюць смецце ў мой двор. Праўду кажучы, пасля пажару былы дом медніка ўжо не змог зноў стаць такім, як раней: смажанка ў ім заўжды падгарала, алей псаваўся і ялчэў у гарлачах, ад падлогі скразіла, аканіцы бясконца рыпелі. А тут мы ўсё можам пачаць спачатку і наладзіць, як захочам. Я ўжо нагледзела добрае месца, дзе пасаджу гародніну і зеляніну на прыправы, якія ты так любіш, мой гаспадар. I знайду працу гэтым лайдакам, якіх фараон прыставіў да цябе, — яны будуць кожны дзень хадзіць на паляванне, каб у цябе заўжды было свежае мяса, будуць лавіць рыбу і збіраць па беразе ракавіны і крабаў. А з часам я і сабе знайду мясцейка для адпачынку, калі ты мне дазволіш, мой гаспадар, бо, дабраўшыся сюды, я больш не збіраюся нікуды ехаць — я дастаткова паездзіла, пакуль не знайшла цябе. Падарожжы мне ўвогуле не даспадобы, бо раней я з Фіваў нікуды ніколі не ездзіла і нават на крок не ступала за фіванскую браму.
Так Муці мяне суцешыла і парадавала сваёй буркатнёй, і напэўна, толькі дзякуючы ёй я пачаў новае жыццё і ўзяўся пісаць. Яна натхняла мяне, хоць і не ўмела чытаць і лічыла мой занятак чарговай дурасцю. Але яна хацела, каб у мяне быў хоць нейкі занятак, які надаў бы сэнс майму існаванню ў выгнанні. Яна сачыла, каб я не надта шмат часу сядзеў за пісьмёнамі на змярканні і не псаваў вочы, а працаваў памалу і рабіў перапынкі ў працы, каб пачаставацца ласункамі, якія яна мне гатавала. Яна выканала сваё абяцанне і прымусіла фараонавых ахоўнікаў працаваць да знямогі, за што яны на яе лаяліся і ў яе за плячыма называлі вядзьмаркай. Але пярэчыць Муці яны не адважваліся, бо тады яна накідвалася на іх з лаянкай, а язык у яе быў вастрэйшы за наканечнік дзіды, якой падколваюць быка, і яна ніколі не забывалася згадаць пра тую маленькую рэч, якую мужчыны хаваюць пад вопраткай. Тады воіны не ведалі, куды дзецца ад сораму, і толькі калупалі зямлю пальцамі босых ног.
Я лічу, што ўплыў Муці на іх быў дабратворны, бо яна заўсёды знаходзіла ім занятак, і час іх службы мінаў вельмі хутка. А не маючы вольнага часу, яны не маглі задумаць майго забойства, каб вызваліцца такім чынам ад нялюбай працы і вярнуцца ў Фівы. Яны хацелі толькі адпачынку. Зрэшты, Муці не пакідала іх і без узнагароды, робячы смачны хлеб і гатуючы густую брагу. Дзякуючы Муці, якая частавала воінаў яшчэ і зелянінай са свайго агарода, іх стол зрабіўся такім разнастайным, што хваробы, на якія пакутавалі іх папярэднікі, былі ім невядомыя. Кожны год разам з караванамі, якія везлі тавары на караблі, што выпраўляліся ў Пунт, Каптах па сваёй ініцыятыве накіроўваў мне цэлы караван аслоў, гружаных рознымі рэчамі, і прысылаў поўнае апісанне падзеяў, якія за апошні час адбыліся ў Фівах. Такім чынам, маё жыццё не было жыццём у мяшку.
I вось цяпер, калі я расказаў усё, я адчуваю, што вельмі стаміўся ад. Кошкі Муці скачуць мне на калені, труцца аб маю руку, у якой я трымаю пяро, і пісаць далей немагчыма. Маё сэрца таксама стамілася ад доўгага апавядання, і цела стамілася і прагне вечнага спакою. Можа, я не ведаў шчасця, але быў не такі ўжо нешчаслівы ў сваёй самоце, і чым больш самотны і далёкі ад людзей я быў, тым выразней бачыў і разумеў іх учынкі і іхнюю марнасць. Бо ўсе здзяйсненні чалавека ва ўсе дні яго жыцця — марныя.
Хай будзе блаславёны гэты папірус і гэтае пісала, якія падаравалі мне магчымасць зноў адчуць сябе маленькім хлопчыкам і праплыць уніз па рацэ ў прасмоленым трысняговым чоўне. Я зноў быў дзіцём у доме майго бацькі Сэнмута, і слёзы Мэці, чысцільшчыка рыбы, зноў капалі мне на рукі гарачымі кроплямі. Я блукаў па дарогах Вавілоніі з Мінеяй, і чароўныя рукі Мэрыт абдымалі маю шыю. Я плакаў з усімі няшчаснымі і раздаваў зерне беднякам. I ўсё гэта я буду помніць, а ўсё нядобрае, зробленае мною, як і горыч стратаў, я ўспамінаць не хачу.
Усё гэта напісана мною, Сінухе-егіпцянінам, толькі дзеля сябе самога. He дзеля багоў, не дзеля людзей і не дзеля таго, каб маё імя збераглося навечна, а дзеля мяне, нікчэмнага смяротнага, дзеля майго сэрца, чыя мера ўжо напоўнілася. Я не магу спадзявацца, што напісанае мной зберажэ маё імя, бо ведаю, што ахоўнікі знішчаць гэтыя скруткі, калі я памру. Яны знішчаць гэтыя папірусы і зруйнуюць мой дом, выконваючы загад Харэмхеба, але я не магу сказаць, што гэта надта мяне засмучае, бо пасля таго, што мне давялося перажыць і пабачыць, я не вельмі імкнуся да зберажэння ў вяках свайго імя.
Аднак я зберагаю ўсе пятнаццаць скруткаў і папрасіў Муці сплесці пад кожны трывалы ўкладнік з пальмавых валокнаў, потым змясціў скруткі ў гэтых укладніках у срэбны куфэрак, паставіў яго ў куфэрак з цвёрдага дрэва, і той — у зачыненую медную скрынку, — гэтак сама,
як зрабілі некалі са свяшчэннымі скруткамі Тота, якія потым апусцілі ў такіх куфэрках на дно ракі. Ці ўцалеюць гэтыя скруткі і ці паспее Муці схаваць іх мне ў магілу, я не ведаю, дый мне ўжо ўсё адно.
Бо я, Сінухе, — чалавек, і я жыў у кожным, хто жыў да мяне, і буду жыць у тых, хто прыйдзе пасля. Я буду жыць у іх плачы і радасці, у іх журбе і страху, у добрым і злым, у праведным і распусным, у слабым і моцным. Я, чалавек, буду жыць вечна ў іншых людзях, а таму не хачу ні ахвяраў на сваёй магіле, ні бяссмерця майго імя. Так запісаў я, Сінухе-егіпцянін, той, які быў самотны ва ўсе дні свайго жыцця.
Змест
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
ПАПІРУС ПЕРШЫ. Трысняговы човен 5
ПАПІРУС ДРУГІ. Дом жыцця 31
ПАПІРУС ТРЭЦІ. Фіванская ліхаманка 56
ПАПІРУС ЧАЦВЁРТЫ. Нефернефернефер 98
ПАПІРУС ПЯТЫ. Хабіры 130
ПАПІРУС ШОСТЫ. Дзень фальшывага цара 160
ПАПІРУС СЁМЫ. Мінея 204
ПАПІРУС ВОСЬМЫ. Цёмны палац 231
ПАПІРУС ДЗЕВЯТЫ. Кракадзілаў хвост 264
ЧАСТКАДРУГАЯ
ПАПІРУС ДЗЕСЯТЫ. Паднябесны горад 309
ПАПІРУС АДЗІНАЦЦАТЫ. Мэрыт 357
ПАПІРУС ДВАНАЦЦАТЫ. Клепсідра адмярае час 422
ПАПІРУС ТРЫНАЦЦАТЫ. Царства Атона на зямлі 476
ПАПІРУС ЧАТЫРНАЦЦАТЫ. Свяшчэнная вайна 523
ПАПІРУС ПЯТНАЦЦАТЫ. Харэмхеб 576
Літаратурна-мастацкае выданне
Серыя «Літаратурная скарбонка»
Валтары Міка
СІНУХЕ-ЕГІПЦЯНІН
Жыццяпіс Сінухе, лекара фараона Эхнатона і Неферціці, за гады 13901335 да н.э., у пятнаццаці папірусах, напісаная ім самім
Адказны за выпуск Зміцер Колас
Падпісана да друку 23.10.2006. Фармат 60x84 '/іб. Папера афсетная. Гарнітура Балтыка. Друк афсетны. Ум. друк. арк. 36,5. Ул.-выд. арк. 40,26. Наклад 1000 асобнікаў. Заказ 71.
Выдавец Зміцер Колас
220023, Мінск, пр. Незалежнасці, 105-14. ЛІ № 02330/0133412 ад 14.10.2004 г.
Надрукавана ў друкарні ТАА «ЮНІПОЛ»
220039, Мінск, вул. Чкалава, 38, корп. 2.
ЛП № 02330/0056884 ад 30.04.2004 г.
Міка Валтары (1908-1979) — адзін з самых папулярных і вядомых пісьменнікаў Фінляндыі. Аўтар шматлікіх раманаў, аповесцяў, навелаў і артыкулаў. Раман «Сінухе егіпцянін» — першы з серыі гістарычных раманаў аўтара, якія вызначаліся вялікай рэалістычнасцю ў апісанні тагачаснага жыцця і падзеяў. Твор перакладзены на некалькі дзесяткаў моваў.
ISEN 985-6783-12-7