Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Сінухе, мой дружа, з тае пары, як мы сустракаліся апошні раз, я пастарэў, і мяне непакоіць, што ты дрэнна пра мяне адгукаешся і несправядліва мяне вінаваціш. Ты называеш мяне крыважэрным і кажаш, што я прыйшоў пагубіць Егіпет. Але я дасягнуў, чаго я хацеў, — я вярнуў Егіпту былую сілу, і цяпер яму не пагражае ніякая небяспека, бо я абламаў наканечнікі хецкіх дзідаў. А заваёву Кадэша я пакіну свайму сыну Рамсэсу. Сам я стаміўся ўжо ад вайны і хачу перадаць яму моцную дзяржаву. Егіпет цяпер забруджаны, як бядняцкі хлеў, але хутка ты ўбачыш, як я пачну вывозіць з яго гной, аднаўлю праўду, выганю беззаконне і кожнаму дам належнае, каб яго мера была поўная. Напраўду, Сінухе, мой дружа, са мной у Егіпет вяртаюцца добрыя старыя часы, і ўсё пойдзе так, як раней. Таму я загадаў выкрасліць са спісу фараонаў нікчэмныя імёны Тутанхамона і Эйе, нібы іх не было ніколі, а пачаткам свайго царавання я назаву ноч смерці Вялікага фараона, калі я прыйшоў у Фівы з дзідай у руках, а перада мною ляцеў мой сокал.
Харэмхеб выглядаў невясёлым, ён падпіраў галаву рукой і яго твар рассякалі прарэзаныя вайной зморшчыны. У яго вачах не было радасці, калі ён казаў:
Напраўду, свет быў зусім не такі, калі мы былі маладыя, калі бядняк атрымліваў сваю меру напоўніцу і ў гліняных хацінках хапала алею і тлушчу. Але старыя часы вернуцца ў Егіпет разам са мною, Сінухе, і краіна зноў стане квітучаю і багатай. Я буду пасылаць караблі ў Пунт. Я аднаўлю работы ў каменяломнях і закінутых рудніках, пабудую новыя яшчэ болей велічныя, чым раней храмы, і зноў насычу фараонаву скарбніцу золатам, срэбрам і меддзю. Напраўду, Сінухе, праз дзесяць
год ты не пазнаеш Егіпет! Ты больш нідзе не сустрэнеш знявечаных жабракоў. Слабыя не павінны стаяць на дарозе ў моцных і здольных, я выпушчу слабую кроў Егіпта, я знішчу рабаўніцтва і несправяддівасць, бо егіпецкі народ павінен стаць магутным, здаровым і здольным заваяваць увесь свет.
Але мяне не ўзрадавалі яго словы — у мяне схаладзелі ад іх усе вантробы, а сэрца апусцілася ў калені, і я моўчкі стаяў перад ім. Гэта раззлавала яго, ён спахмурнеў, хвастануў бізуном па назе і сказаў:
— А ты ўсё такі ж кісляк, Сінухе. У маіх вачах ты падобны да бясплоднай калючкі, і я не разумею, чаму вырашыў, што твой выгляд мяне парадуе. Я запрасіў цябе прыйсці першым — я нават не паспеў узяць на рукі сыноў і абняць жонку. Вайна зрабіла мяне самотным і самота мне наканавана ўладай, у Сірыі ў мяне не было нікога, з кім бы я мог падзяліцца скрухай і радасцю, а размаўляючы, я заўсёды мусіў узважваць кожнае слова і думаць, чаго хачу ад свайго суразмоўцы. Ад цябе ж, Сінухе, я не хачу нічога, апроч сяброўства, аднак, здаецца, твае сяброўскія пачуцці згаслі і ты не рады бачыць мяне.
Я схіліўся перад ім у глыбокім паклоне, і маё самотнае сэрца паклікала яго. Я сказаў:
— Харэмхеб, з усіх сяброў нашай маладосці ты адзін застаўся жывы пасля ўсяго, што адбылося. Я заўсёды буду любіць цябе. Улада цяпер у тваіх руках, ты хутка ўскладзеш на сябе абедзве фараонаўскія кароны, і ніхто не зможа пагражаць твайму трону. Таму я малю цябе, Харэмхеб, вярні Атона! Дзеля нашага сябра Эхнатона, вярні яго! Дзеля нашага супольнага жахлівага злачынства, вярні яго, каб усе людзі зрабіліся братамі, каб не было розніцы між людзьмі і каб людзі больш ніколі не ваявалі!
Харэмхеб з жалем патрос галавой:
— А ты ўсё такі самы дурань, Сінухе. Як ты не можаш зразумець, што ЭхнатоН, кінуўшы камень у ваду, ускаламуціў яе, а я яе супакоіў, і хутка паверхня зноў зробіцца гладкая, нібы й не было ніякіх пырскаў. Няўжо ты не разумееш, што мой сокал прывёў мяне ў Залаты палац у ноч смерці Вялікага фараона, каб Егіпет не загінуў, а збярогся пасля яго смерці: багі пажадалі, каб егіпецкае царства не знікла. Таму я вярну мінулае: чалавек ніколі не задаволены цяперашнім часам, яго цешаць толькі мінулае ды спадзяваннем на будучыню. А я аб'яднаю мінулае з будучыняй. Я выцісну багацеяў, якія занадта растлусцелі, я выцісну багоў, якія занадта разбагацелі, — каб у маім царстве багатыя не былі занадта багатымі, а бедныя — празмерна беднымі, і каб ніводзін чалавек, ніводзін бог не маглі б супрацьстаяць маёй уладзе. Але я марна кажу гэта табе — чалавеку, які, няздольны зразумець мае думкі, сам мае думкі нікчэмныя і слабыя. А ў слабасці і немачы няма права на
жыццё ў гэтым свеце! Слабых затопчуць моцныя, і гэта будзе справядліва. Гэтак сама моцныя народы з дужымі нагамі затопчуць слабых, бо большы заўсёды адбіраў долю ў меншага. Так было і так будзе ва ўсе часы.
Так мы рассталіся з Харэмхебам, і з гэтай хвіліны мы болын не былі сябрамі. Калі я пайшоў, Харэмхеб накіраваўся ў пакоі сваіх сыноў, радасна абняў іх і пагушкаў, высока падкідваючы ўгору дужымі рукамі, а тады пайшоў да царэўны Бэкетамон і сказаў ёй:
— Мая боская жонка, ты, як маладзік, заўсёды ззяла ў маім сэрцы, і я вельмі сумаваў без цябе. Але нарэшце мая справа здзейсненая. Хутка ты станеш Вялікай фараонавай жонкай і сядзеш на трон побач са мной, як табе і належыць паводле права свяшчэннай крыві. Шмат крыві пралілося дзеля цябе, Бэкетамон, шмат гарадоў згарэла, і стогны людскія ўздымаліся да неба там, дзе праходзілі мае воіны. Дык ці заслужыў я гэтым узнагароду?
Бэкетамон ласкава ўсміхнулася і адказала, сарамліва дакрануўшыся да яго пляча:
— Ты сапраўды заслужыў узнагароду, Харэмхеб, вялікі егіпецкі ваявода. Таму я загадала пабудаваць у сваім садзе альтанку, якой яшчэ не было на свеце. Я хацела сустрэць цябе належным чынам, і кожны камень для гэтай альтанкі здабыла сама, маркоцячыся без цябе. Пойдзем туды, каб ты мог атрымаць узнагароду з маіх абдымкаў і я магла даць табе радасць.
Харэмхеб узрадаваўся такім яе словам, і Бэкетамон, праменячыся сціпласцю, узяла яго за руку і павяла ў сад. Прыдворныя ў жаху разбегліся, пахаваліся і, стаіўшы дыханне, чакалі, што зараз адбудзецца, a рабы і конюхі кінуліся прэч, і палац зусім спусцеў. Бэкетамон увяла Харэмхеба ў альтанку, і, калі ён у нецярпенні памкнуўся абняць яе, ціха ўхілілася і сказала:
— Стрымай на імгненне сваю мужчьінскую прыроду, Харэмхеб, каб я магла распавесці табе, якою вялікаю працай збудавала гэту альтанку. Спадзяюся, ты памятаеш, што я табе сказала, калі ты згвалціў мяне апошні раз? А цяпер паглядзі на гэтыя камяні і ведай, што кожны камень ад падлогі да сценаў — а іх вялікае мноства — напамінае мне пра тых мужчын, з якімі я цешылася, аддаючыся ім. Дзякуючы гэтым забавам, я і збудавала альтанку — каб ушанаваць цябе, Харэмхеб! Вунь той вялікі белы камень мне прынёс чысцільшчык рыбы, які мяне вельмі добра пацешыў, а той вунь, зялёны, я атрымала ад гаўнавоза. А вось гэтыя восем карычневых камянёў, што ляжаць побач, падараваў мне гандляр зелянінай, які быў сапраўды ненасытны і вельмі хваліў мае здольнасці. Калі табе хопіць цярпення, Харэмхеб, я раскажу пра кожны каменьчык: наперадзе нас чакаюць доўгія гады жыцця, але нават у
дні нашай старасці, я думаю, мне хопіць аповедаў на кожны дзень, — калі ты зноў захочаш мяне абняць!
Харэмхеб спачатку не паверыўяе словам, падумаўшы, што гэта нейкі дурны жарт. Але паглядзеўшы ў яе вузкія вочы, убачыў у іх нянавісць, якая была страшнейшай за смерць. I тады ён паверыў. А калі паверыў і асэнсаваў сказанае, ашалеў ад злосці і выхапіў хецкі нож, каб забіць тую, якая яго зняславіла такім жудасным чынам. Але Бэкетамон з усмешкай агаліла грудзі і сказала:
— Давай, Харэмхеб, бі мяне нажом, бі па царскіх каронах на сваёй галаве! Я — жрыца Сэхмет, і ў маіх жылах цячэ свяшчэнная кроў. Забі мяне — і ў цябе не будзе законнага права на трон вялікіх фараонаў.
Гэтыя словы імгненна ўтаймавалі Харэмхеба. У сваіх адносінах з царэўнай ён мусіў захоўваць лад і згоду, бо толькі шлюб даваў яму права на трон. Так Бэкетамон звязала яго, і ён нічога не мог зрабіць. А яе помста была поўнай, і Харэмхеб не асмельваўся нават зруйнаваць альтанку, якая ўзнікала перад яго вачыма кожны раз, калі ён выглядаў з вокнаў сваіх пакояў. Разважыўшы, ён падумаў, што лепш зрабіць выгляд, быццам нічога не адбылося і ён нічога не ведае пра прыгоды сваёй жонкі Бэкетамон. Бо калі б ён загадаў разбурыць альтанку, то гэтым паказаў бы, што яму ўсё вядома. Таму ён вырашыў, што смех за спінай будзе лепш, чым адкрытая ганьба. Але з тае пары ён больш не дакранаўся да Бэкетамон, нічым яе не турбуючы, і жыў у самоце. Да гонару Бэкетамон трэба сказаць, што і яна больш не будавала новых будынкаў, задаволіўшыся альтанкай.
Пасля таго, што здарылася з Харэмхебам, я не думаю, каб ён меў шмат радасці ад сваіх каронаў. Ён зрабіўся недаверлівы і цалкам не давяраў ніводнаму чалавеку, думаючы, што ўсе смяюцца з яго ў яго за плячыма. Так і насіў ён гэтую стрэмку ў сэрцы, не ведаючы спакою, і не мог весяліцца з іншымі жанчынамі, бо надта вялікай была абраза, каб у яго засталася ахвота з кім-небудзь забаўляцца. Ён заглушаў свой боль і самоту працай, аддаючы ўсе сілы, каб ачысціць Егіпет ад бруду і паставіць праўду на месца несправядлівасці.
7
Будзе справядліва, калі я раскажу і пра добрыя здзяйсненні Харэмхеба, бо народ услаўляў яго імя і ўжо за першыя гады царавання лічыў яго роўным з Вялікімі фараонамі Егіпта. Ён прыціснуў багатых і знатных і не дазваляў, каб хто-небудзь у Егіпце быў занадта багатым і ганарыстым у сваім багацці і знатнасці і не мог супернічаць з ім ва ўладзе, а такое заўсёды вельмі падабаецца народу. Ён караў няправедных суддзяў і вярнуў беднякам іх старадаўнія правы, ён усталяваў новыя правілы збору падаткаў і даў зборшчыкам цвёрды заробак з царскай
скарбніцы, каб яны не нажываліся, вымагаючы хабар з простага люду.
Ён не ведаў спакою і бесперапынна ездзіў з адной вобласці ў другую, з вёскі ў вёску. Ён усталёўваў справядлівасць, і яго шлях быў адзначаны адрэзанымі вушамі і насамі несправядлівых зборшчыкаў падаткаў. I далёка ад месца, дзе ён чыніў суд, разносіўся свіст бізуноў і стогны асуджаных. Беднякі маглі самі звяртацца да яго, і ніхто з царскіх чыноўнікаў не мог перашкаджаць ім выказваць свае скаргі, а тады Харэмхеб выносіў свой справяддівы вырак. Ён зноў пачаў пасылаць караблі ў далёкі Пунт, і зноў жонкі і дзеці мараплаўцаў цясніліся ля прычалаў і па старым звычаі драпалі сабе твары камянямі, а Егіпет непамерна багацеў, бо з дзесяці караблёў штогод вярталіся тры, якія прывозілі казачныя скарбы. Ён будаваў новыя храмы і аддаваў багам належнае паводле іх годнасці й права, не выказваючы асаблівай прыхільнасці ніводнаму храму, апроч Гора, чый храм у яго на радзіме, у горадзе Хетнечут, упрыгожвала яго асабістая статуя, і ён прыносіў ёй у ахвяру быкоў. Просты люд услаўляў Харэмхеба і яшчэ пры жыцці складаў пра яго легенды.