• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Усе свае залатыя сасуды я прамяняў бы на адзін гліняны глечык, каб толькі яшчэ адзін раз ступіць на мяккую глебу зямлі Кэмет. Сваё ільняное адзенне я памяняў бы на скураны фартух раба, каб толькі яшчэ адзін раз мець магчымасць пачуць, як шапаціць рачны чарот пад веснавым ветрам.
    Разліваецца Ніл і, як каштоўныя камяні, высяцца над зялёнай вадой гарады, прылятаюць ластаўкі, ходзяць па топкаму ілу жоравы, а мяне там няма. Чаму я не ластаўка, чаму я не журавель з моцнымі крыламі, каб паляцець, мінуўшы стражнікаў, назад у зямлю Кэмет?
    Я звіў бы сваё гняздо між размаляваных калонаў Амона, дзе палымяным золатам гараць абеліскі, дзе ўздымаецца ў неба водар чабору і густы дым прынесеных багам ахвяраванняў. Я звіў бы сабе гняздо пад страхою глінянай хаціны бедняка. Быкі цягнуць плугі, рамеснікі склей-
    ваюць папірус, гандляры нахвальваюць свае тавары, жук-скарабей коціць свой гноевы шар па высланай брукам вуліцы.
    Светлай была вада майго юнацтва, салодкім было маё маладое шаленства. Горкае і кіслае віно маёй старасці і ніякі самы смачны мядовы хлеб не заменіць мне чэрствы загубак хлеба маёй беднасці. Павярніцеся гады, панясіце мяне назад у мінулыя леты, паплыві Амон з захаду на ўсход, каб змог я зноў вярнуцца ў сваю маладосць! Я не памяняю ніводнага слова і не пазбегну ніводнага ўчынку. О маё стройнае чаратовае пяро, о гладкі папірус, дайце мне зноў вярнуцца ў шаленства маладосці і зноў перажыць мае марныя здзяйсненні!
    Гэта нашсаў я, Сінухе, выгнанец, бяднейшы за ўсіх беднякоў краіны Кэмет.
    2
    Сэнмут, якога я называў бацькам, быў лекарам беднякоў у Фівах. Кіпа, якую я называў маці, была ягонаю жонкай. Дзяцей у іх не было. Я трапіў да іх толькі ў дні іхняй старасці. Яны прастадушна называлі мяне дарам багоў і нават не падазравалі, якія няшчасці прынясе ім гэты дар. Мая маці, Кіпа, назвала мяне імем казачнага героя Сінухе: яна любіла казкі і ўяўляла, што я трапіў да яе, ратуючыся ад нейкай небяспекі — гэтак сама, як казачны Сінухе, які выпадкова падслухаў у шатры фараона страшную таямніцу, а потым мусіў уцякаць і шмат гадоў вандраваць па чужых краінах, церпячы шматлікія нягоды і беды.
    Але ўсё гэта было толькі вынікам яе прастадушнага ўяўлення, і яна шчыра спадзявалася, што мне ўдасца пазбегнуць бедаў і няшчасцяў на маім жыццёвым шляху. Аднак жрацы Амона сцвярджаюць, што імя чалавека — гэта прадвесце ягонага лёсу. I, напэўна, маё імя зацягнула мяне ў небяспечныя прыгоды і завяло ў далёкія краіны. Напэўна, праз яго я спасціг жудасныя таямніцы фараонаў і іхніх жонак, таямніцы, якія могуць давесці да пагібелі. I ўрэшце маё імя зрабіла мяне ўцекачом і выгнанцам.
    Зрэшты, наіўная ідэя небаракі Кіпы не болей наіўная, чым думка, што імя можа мець нейкае значэнне ў чалавечым лёсе. Я мяркую, што са мною адбылося б тое самае, нават калі б маё імя было Кепру, ці Кафран, ці Мосэ. I ўсё ж нельга адмаўляць, што Сінухе стаў выгнанцам, а вось Хеб, Сын сокала, каранаваўся пад імем Харэмхеба чырвонай і белай каронамі як уладар Ніжняга і Верхняга Егіпта. А таму кожны можа думаць аб прадвесці і знатамках свайго імя ўсё, што хоча. Кожны ў сваёй веры знойдзе сабе суцяшэнне ад жыццёвых бедаў і навалаў.
    Я нарадзіўся ў часы царавання вялікага фараона Аменхатэпа III, I тым самым годам нарадзіўся той, хто хацеў жыць у праўдзе I чыё імя
    цяпер нельга згадваць, бо гэта праклятае імя, хоць тады, безумоўна, ніхто гэтага не ведаў. А таму з выпадку яго нараджэння ў палацы было вялікае свята, фараон прынёс шматлікія ахвяры Амону ў храме, які быў некалі пабудаваны па яго загадзе, і народ весяліўся, не ведаючы, што чакае яго наперадзе. Вялікая фараонава жонка Тэйе доўга і безнадзейна чакала нараджэння сына, хоць ужо дваццаць два гады была Вялікай жонкай уладара і яе імя было высечанае ў храмах побач з імем фараона. Таму адразу пасля таго, як жрацы зрабілі яму абразанне той, чыё імя нельга згадваць, з вялікай урачыстасцю быў абвешчаны спадкаемцам царскай улады.
    Але ён нарадзіўся падчас веснавой сяўбы, а я, Сінухе, з'явіўся на свет яшчэ ўвосень, калі разводдзе было ў самай сіле. Дзень майго нараджэння невядомы, бо я прыплыў па Ніле ў маленькім трысняговым чоўне, абмазаным варам, і мая маці, Кіпа, знайшла мяне сярод узбярэжнага трыснягу амаль побач з парогам — так высока тады стаяла вада. У той жа момант прыляцелі ластаўкі і зашчабяталі ў мяне над галавой, але сам я маўчаў, і яна падумала, што я нежывы. Яна занесла мяне ў дом, пастаралася сагрэць ля агменя і дула мне ў рот, пакуль я не пачаў ціха плакаць.
    Мой бацька Сэнмут вярнуўся дадому пасля абыходу хворых, несучы дзвюх качак і кошык мукі. Ён пачуў мой енк і падумаў, што Кіпа прывяла ў дом кацяня, а таму пачаў яе лаяць. Але маці сказала: «Гэта не кот — гэта хлопчык. Радуйся, мой муж Сэнмут, у нас нарадзіўся сын».
    Мой бацька яшчэ больш раззлаваўся і сказаў, што яна звар'яцела, але калі Кіпа яму мяне паказала, мая бездапаможнасць кранула бацькава сэрца. Вось так яны прызналі мяне сваім сынам і прымусілі нават суседзяў паверыць, што мяне нарадзіла Кіпа. Зрэшты, гэта ўсё яе пустахвальства, а напраўду я і не ведаю, ці шмат хто ёй паверыў. А вось трысняговы човен, у якім я прыплыў, Кіпа зберагла, і ён вісеў пад столлю над маім ложкам. Што да бацькі, дык ён узяў найлепшы ў хаце мядзяны сасуд і занёс яго ў храм, каб мяне запісалі ў кнігу народжаных, як яго ўласнага сына, народжанага Кіпаю. Але абразанне мне ён зрабіў сам, бо баяўся даверыць гэта жрацам: іх нажы пакідалі гнойныя раны, і таму ён не дазволіў ім да мяне дакранацца. А можа, ён зрабіў гэта з ашчаднасці, бо жыў не надта заможна, лекуючы беднякоў.
    Вядома, я гэтага ўсяго сам не памятаў, мне пра гэта распавялі бацькі, і расказвалі яны гэта так падрабязна, так часта і заўсёды аднымі словамі, што ўрэшце я ім паверыў, дый не бачу падставаў, каб яны захацелі мне схлусіць. Аднак у маленстве я лічыў іх сапраўднымі сваімі бацькамі, і мае дзіцячыя гады не азмрочвала ніякая туга. Праўду мне паведамілі толькі тады, калі абстрыглі мае дзіцячыя кудзеры і я стаў падлеткам. Яны гэта зрабілі таму, што баяліся і шанавалі багоў, і мой
    бацька не хацеў, каб я ўвесь свой век пражыў у падмане.
    Але хто я такі і адкуль, хто мае сапраўдныя бацькі — я так ніколі і не даведаўся. Сёння я маю наконт гэтага пэўныя думкі — і пра іх я распавяду пазней, — але гэта толькі мае развагі і меркаванні.
    Дакладна мне вядома толькі тое, што я ў той час быў не адзінае немаўлятка, адпраўленае ўніз па рацэ ў прасмоленым трысняговым чоўне. Фівы са сваімі храмамі і палацамі, вакол якіх грудзілася безліч гліняных бядняцкіх хацінак, былі вялікім горадам.
    У часы вялікіх фараонаў Егіпет захапіў шмат краінаў і валодаў многімі землямі, але разам з павелічэннем і ўзбагачэннем краіны мяняліся звычаі і норавы, у Фівы панаехала шмат замежных гандляроў і рамеснікаў, якія будавалі ў горадзе храмы сваім багам. Аднак якімі вялікімі былі раскоша, бляск і багацце храмаў і палацаў, такою ж вялікаю была і нэндза па-за іх мурамі. Многія беднякі пакідалі сваіх дзяцей на літасць лёсу, але шмат і багатых жанчын, чые мужы былі ў ад'ездзе, адсылалі ў трысняговых лодачках уніз па рацэ сведчанні сваёй нявернасці шлюбным повязям. Можа, мяне падкінула жонка мараплаўцы, якая здрадзіла свайму мужу з сірыйскім ганддяром. А можа, я быў сынам чужаземцаў, бо мне не зрабілі абразання. Калі мне абстрыглі дзіцячыя кудзеры і мая маці схавала іх у маленькую скрынку, дзе зберагала і першыя мае сандалеты, я доўга разглядаў трысняговы чоўнік, які мне паказала Кіпа. Некалі жоўтыя сцяблінкі трыснягу патрэскаліся і счарнелі ад дыму агменя. Трысцінкі былі скручаныя вузламі, якія звычайна робяць птушкаловы, але болей нічога распавесці пра маіх бацькоў лодачка мне не магла. Так я атрымаў першую рану ў сэрцы.
    3
    Калі надыходзіць старасць, душа чалавека птушкай ляціць назад, да дзіцячых дзён. У дні старасці дзяцінства зіхціць у памяці светла і чыста, нібыта ўсё было тады прыгажэйшым і лепшым, чым сёння. I ў гэтым, напэўна, бядняк і багаты зусім не адрозніваюцца, бо няма ў свеце такога бедняка, які не ўбачыў бы ані пробліску святла і радасці ў сваім дзяцінстве, успамінаючы яго ў старым веку.
    Мой бацька Сэнмут жыў у шумным і бедным квартале вышэй па цячэнню ад храмавых муроў. Непадалёк ад яго дома, яшчэ вышэй па рацэ, былі вялікія каменныя прычалы, каля якіх разгружаліся нільскія караблі. На вузенькіх вулачках было шмат піўных і вінных крамак для прыезджых купцоў і мараплаўцаў, і тамсама размяшчаліся дамы ўцех, куды на сваіх насілках часцяком наведваліся заможныя мужчыны з цэнтра горада. Па суседстве з намі жылі зборшчыкі падаткаў, малодшыя афіцэры, шкіперы ды жрацы пятай ступені. Як і мой бацька, яны стваралі эліту квартала беднякоў, узвышаючыся над іншым бедным
    людам гэтак сама, як мур узвышаецца над роўнай паверхняй вады.
    Наш дом быў вялікі і прасторны ў параўнанні з глінянымі бядняцкімі хацінкамі, якія панурай чарадой цясніліся сцяна да сцяны ўздоўж вузенькіх завулкаў. Перад нашым домам быў нават невялічкі, на некалькі крокаў, сад, дзе расла сікамора, якую пасадзіў мой бацька. Кусты акацыі аддзялялі сад ад вуліцы, а вадаёмам быў абкладзены каменем басейн, куды вада набіралася толькі пад час разводдзя. У доме было чатыры пакоі, у адным з якіх маці гатавала ежу. Снедалі мы на тэрасе, праз якую можна было трапіць у пакой, дзе бацька прымаў пацыентаў. Мая маці любіла чысціню, і таму да нас двойчы на тыдзень прыходзіла прыбіральшчыца і яшчэ раз на тыдзень — памывачка, якая забірала нашае адзенне і ішла мыць яго ў пральні на беразе ракі.
    Пасярод неспакойнага беднага квартала, які ўсё болып напаўняўся прышлым людам, чыю разбэшчанасць я спазнаў, калі стаў юнаком, мой бацька разам з суседзямі трымаўся старых традыцыяў і зберагаў даўнія добрыя звычаі. Тым часам нават у цэнтры горада даўнія звычаі паступова занепадалі, асабліва сярод багацеяў і знаці, а мой бацька і людзі ягонага класу па-ранейшаму і з каменнаю непарушнасцю ўвасаблялі сабой стары Егіпет з яго шанаваннем багоў, сардэчнаю чысцінёй і бескарыслівасцю. Яны нібыта супрацыіастаўлялі сябе кварталу і людзям, сярод якіх жылі і працавалі, падкрэсліваючы сваю адасобленасць адмысловымі паводзінамі і ладам жыцця.