Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Майму бацьку, я думаю, было нялёгка пайсці на паклон да жрацоў. Ён усё жыццё пражыў лекарам беднякоў у бядняцкім квартале і зусім адвык ад храма і Дома жыцця. А тым днём яму, як і ўсім небагатым бацькам, давялося стаяць у чарзе перад канторай храма і чакаць, пакуль вярхоўны жрэц зробіць ласку прыняць яго. Як цяпер я бачу іх перад сабою, усіх тых бедных бацькоў у святочных строях. Яны сядзелі ў двары храма, поўныя ўзвышаных мараў аб тым, як наладзяць сваім дзецям жыццё, лепшае за тое, што давялося пражыць ім самім. Шмат хто з іх прыехаў у Фівы здалёк, яны доўга плылі на лодках, узяўшы з сабой харчы, яны трацілі грошы на хабар стражнікам ля храмавых варот і пісарам, каб толькі трапіць да залатакніжнага, нацёртага дарагім духмяным алеем жраца. Ён грэбліва верне нос ад іхняга паху, размаўляе з імі груба і няветла. Але ж Амону ўвесь час патрабуюцца новыя прыслужнікі. Яго багацце і моц няўхільна растуць, і яму трэба ўсё болей пісьменных служак, а кожны бацька лічыць боскаю літасцю, калі яму ўдаецца ўладкаваць сына ў храм, хоць на справе гэта ён прыносіць храму дарунак даражэйшы ад золата, аддаючы ў яго свайго сына.
Майму бацьку пашанцавала, бо, прачакаўшы амаль да надвячорка, ён убачыў, як праз двор ідзе яго стары прыяцель па вучобе Птахор, які на той час ужо стаў царскім трэпанатарам чарапоў. Бацька насмеліўся да яго звярнуцца, і той паабяцаў, што завітае да нас уласнай высокай асобай, каб зірнуць на мяне.
На дамоўлены дзень бацька купіў гусь і найлепшага віна. Кіпа пякла хлеб і лаялася. 3 кухні разносіўся такі багавейны водар гусінага тлушчу, што жабракі і сляпыя сабраліся перад нашым домам і пачалі граць ды спяваць, спадзеючыся атрымаць сваю долю. Урэшце Кіпа вымушаная была такі выйсці і, лаючыся, дала кожнаму па кавалку хлеба з гусіным тлушчам — толькі тады яны згадзіліся пайсці прэч. Мы з Тутмесам падмялі вуліцу ад нашага дома ў напрамку горада (бацька параіў Тутмесу на ўсялякі выпадак быць побач, бо раптам высокі госць захоча пагутарыць і з ім). Мы былі звычайныя хлопцы, але і мы адчулі ўрачыстасць моманту, калі бацька запаліў курыльню і веранда запоўнілася вохным водарам, як у храме. Я пільнаваў сасуд з духмянай вадой і адганяў мух ад белага льнянога ручніка, які маці, увогуле, берагла на
сваё пахаванне, але цяпер дастала са скрыні, каб Птахору было чым выцерці рукі.
Чакаць давялося доўта. Сонца зайшло, паветра пахаладнела. Курыльня на тэрасе дагарэла, і гусь сумна сквірчэў на патэльні. Мне хацелася есці, а ў маці твар выцягнуўся і застыў. Бацька маўчаў, а калі апусцілася цемра, запальваць свяцільнік адмовіўся. Мы сядзелі на тэрасе, і глядзець адно на аднаго нам не хацелася. Тады я спазнаў, якія боль і расчараванне могуць прычыніць багатыя і знатныя людзі — проста так, мімаходзь — бедным прасталюдзінам.
Нарэшце ў канцы вуліцы ўзніклі агні паходняў, і бацька ўскочыў. Ён кінуўся на кухню па гарачы вугельчык і паспяшаўся зноў запаліць абедзве алейныя свяцільні. Я, дрыжучы, прыціскаў да грудзей сасуд з духмянай вадой. Побач горача дыхаў Тутмес.
Царскі трэпанатар Птахор прыбыў у простых насілках, якія неслі два чорныя рабы. Перад насілкамі ішоў яўна п'яны слуга з факелам. 3 радасным клічам Птахор падняўся з насілак, каб прывітаць майго бацьку, а той схіліўся перад ім, апусціўшы да каленяў рукі. Прахор палажыў яму рукі на плечы, ці то жадаючы паказаць, што гэткая ўрачыстасць зусім не патрэбна, ці то каб проста абаперціся. Так, трымаючыся за бацькава плячо, Птахор даў выспятка носьбіту паходні і загадаў яму як след праспацца ў двары пад сікаморай. Негры кінулі насілкі пад кустом акацыі і селі, не чакаючы дазволу.
Па-ранейшаму трымаючыся за бацькава плячо, Птахор падняўся на тэрасу. Я паліў яму на рукі і падаў ільняны ручнік, але ён папрасіў, каб я сам выцер яму рукі, калі ўжо сам іх намачыў, а калі я выканаў гэтую просьбу, назваў мяне мілым хлопчыкам. Мой бацька пасадзіў яго на ганаровае месца, на крэсла са спінкай, якое нам пазычыў гандляр прыправамі. Госць сеў і агледзеўся вакол бліскучымі цікаўнымі вачыма. Пэўны час усе маўчалі. Потым Птахор выбачальна кашлянуў і папрасіў чаго-небудзь папіць, бо за доўгае падарожжа ў горле ў яго моцна перасохла. Бацька ўзрадавана наліў яму віна. Птахор недаверліва панюхаў чашу, але асушыў яе не хаваючы задавальнення, а потым з палёгкай уздыхнуў.
Гэта быў маленькі крываногі чалавечак з паголенай галавой; адрузлыя грудзі і жывот звісалі пад тонкаю вопраткай. Яго каўнер упрыгожвалі каштоўныя камяні, але і сам каўнер, і ўсё адзенне былі запэцканыя шматлікімі плямамі, і ад госця пахла віном, потам і нейкімі масцямі.
Кіпа падала яму аладкі з прыправамі, маленькіх рыбак у алеі, садавіну, смажаную гуску. Птахор ветліва крыху паеў, хоць было бачна, што нядаўна ён добра паабедаў. Ён пакаштаваў усяго патроху і хваліў кожную страву, што вельмі радавала Кіпу. На яго просьбу я вынес неграм яды і піва, але яны сустрэлі мой ветлівы пачастунак брыдкімі словамі і
спыталіся, ці доўга яшчэ іх таўстапуз збіраецца тут сядзець. Слуга натужліва хроп пад сікаморай, і будзіць яго я не меў ніякага жадання.
Вечар пайшоў даволі бязладна, бо і мой бацька, як ніколі, піў шмат віна, a Kina ад гэтага ўцякла ў кухню і сядзела там, абхапіўшы галаву і гайдаючыся туды-сюды ўсім целам. Прыкончьгўшы гляк з добрым віном, яны ўзяліся за тое, якое мой бацька ўжываў на прыгатаванне лекаў, a калі і яно скончылася, у ход пайшло звычайнае піва, бо Птахор абвясціў, што ён чалавек не грэблівы.
Яны ўспаміналі дні вучобы ў Доме жыцця, расказвалі жарты пра сваіх настаўнікаў і ў абдымку бадзяліся сюды-туды па тэрасе. Птахор распавядаў пра свой досвед царскага трэпанатара і запэўніваў, што гэта самая паганая лекарская прафесія, якая пасуе больш Дому смерці, чым Дому жыцця. Але затое яна не патрабуе шмат працы, а ён, як Сэнмут павінен памятаць, заўсёды быў лайдаком. Таму ён і вырашыў вывучыць чалавечы чэрап, бо, на яго думку, у вывучэнні гэта самая простая частка чалавечага цела, калі не лічыць зубы, горла ды вушы, на якія патрэбны адмысловыя знаўцы-лекары.
— Але, — сказаў ён, — калі б я быў сапраўдны мужчына, то быў бы звычайным сумленным лекарам і даваў бы людзям жыццё замест таго, што раблю цяпер. Цяпер мой лёс — прыносіць смерць, калі родзічам надакучыць даглядаць за старым або невылечна хворым. Я прыносіў бы жыццё, як ты, мой сябра Сэнмут. Я быў бы бяднейшы, але затое маё жыццё было б больш паважанае і цвярозае, чым цяпер.
— He верце яму, хлопцы, — сказаў нам бацька, бо Тутмес таксама побач, трымаючы ў руках маленькую чашу з віном. — Я ганаруся тым, што магу назваць сябе сябрам царскага трэпанатара Птахора, найвялікшага знаўцу сваёй справы ва ўсім Егіпце. Хіба я не памятаю тых цудоўных трэпанацыяў чэрапа, якія ён колісь рабіў і якія ратавалі жыццё шмат якім знатным асобам і прасталюдзінам, выклікаючы агульнае захапленне? Ён выпускаў злых духаў, якія даводзілі людзей да вар'яцтва, і вырэзваў іх круглыя яйкі з мазгоў у хворых. Удзячныя пацыенты адорвалі яго золатам і срэбрам, каштоўнымі нашыйнымі ланцужкамі і чашамі.
— Але яшчэ большыя паднашэнні мне дастаюцца ад удзячных родзічаў, — перарывістым голасам сказаў Птахор. — Бо калі мне і ўдаецца выпадкова вылечыць аднаго з дзесяці ці з пяцідзесяці, а, лепш сказаць, аднаго з сотні, дык усім астатнім я непазбежна прыношу смерць. Ты чуў хоць пра аднаго фараона, які пасля ўскрыцця чэрапа пражыў бы больш за тры дні? He, паспытаць майго крамянёвага нажа пасылаюць толькі невылечных хворых або вар’ятаў, і робяць гэта тым ахвотней, чым яны знатнейшыя і багацейшыя. Мая рука пазбаўляе іх ад пакутаў, а іншым дорыць спадчыну, маёнткі, скаціну і золата, мая рука ўзводзіць на трон фараонаў. Таму ўсе баяцца мяне і ніхто не адважваецца мне
запярэчыць: я надта шмат ведаю. Але чым больш ведаеш, тым больш скрухі ў тваёй душы, і таму я вельмі гаротны чалавек.
Птахор расплакаўся і выцер нос Кіпіным ільняным саянам.
— Ты бедны, але сумленны чалавек, Сэнмут, — усхліпваў ён. — За гэта я люблю цябе, бо я хоць і багаты, але жыву ў грахах.
Ён зняў з сябе каўнер з каштоўнымі камянямі і надзеў яго на шыю бацьку. Потым яны заспявалі, і я не мог зразумець у іх спевах амаль ніводнага слова, але Тутмес зацікаўлена слухаў, а потым шапнуў мне, што нават у казарме не чуў болып сакавітых і ёмкіх песень. Кіпа на кухні заплакала ўголас, а адзін негр, з тых, што сядзелі пад кустамі акацыі, падышоў, узяў Птахора на рукі і панёс да насілак, бо ўжо даўно было б пара класціся спаць. Але Птахор пачаў адбівацца, крычаць, што негр хоча яго забіць, і клікаў на дапамогу стражнікаў. Чакаць дапамогі ад майго бацькі было немагчыма, і таму мы з Тутмесам самі накінуліся на негра з палкамі. Той злосна вылаяўся, адпусціў Птахора і ўцёк разам з таварышам і насілкамі.
Тады Птахор выліў сабе на галаву гляк піва і запатрабаваў духмянага алею, каб ім намасціцца, а потым вырашыў пакупацца ў нашым дваровым вадаёме. Тутмес шапнуў, што старых пара класці спаць, і неўзабаве бацька з царскім трэпанатарам у абдымку паваліліся на Кіпін ложак, ледзь варочаючы языкамі, пакляліся ў вечнай дружбе і заснулі.
Кіпа плакала, ірвала на сабе валасы і пасыпала галаву попелам. Мяне непакоіла, што скажуць суседзі, бо шум і песні разносіліся далёка ў начной цішыні. Але Тутмес быў спакойны. Ён сказаў, што бачыў і большыя вар'яцтвы, калі ў казармах ці ў хаце ў ягонага бацькі збіраліся кіроўцы баявых калясніц і ўспаміналі былыя часы і карныя паходы ў Сірыю ці краіну Куш. Ён запэўніваў, што вечар прайшоў вельмі ўдала, бо старыя нават не паслалі ў дом уцех па дзяўчат і музыкаў. Яму ўдалося супакоіць Кіпу, і мы, прыбраўшы сляды банкету, пайшлі спаць. Слуга па-ранейшаму хроп пад сікаморай, а Тутмес лёг са мною. Ён абняў мяне за шыю і завёў гаворку пра дзевак, бо таксама выпіў віна. Але я быў на два гады маладзейшы, і мяне гэта не цікавіла. Я хутка заснуў.
Уранні я прачнуўся ад грукату і валтузні, якія чуліся ў спальні. Я зазірнуў туды і ўбачыў, што мой бацька яшчэ моцна спіць — у вопратцы і ў Птахоравым каштоўным каўняры, — а Птахор сядзіць на падлозе, абхапіўшы галаву рукамі, і жаласна пытаецца: «Дзе гэта я?»
Я пачціва схіліўся перад ім, апусціўшы рукі да каленяў, і сказаў, што ён знаходзіцца ў доме Сэнмута, бядняцкага лекара ў раёне порта. Гэта яго супакоіла, і ён — дзеля Амона — папрасіў піва. Я напомніў яму, што ўчора ён выліў апошні гляк сабе на галаву, што добра відаць па яго вопратцы. Тады ён падняўся, з важным выглядам нахмурыў бровы і выйшаў з пакоя. Я паліў яму на рукі, а ён, нахіліўшыся, папрасіў паліць