Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Усё зроблена па вашым жаданні. Супату памёр у Сінайскай пустэльні, але цень яго смерці не ўпаў Егіпет.
Пачуўшы гэта, яны ўзрадаваліся, і Эйе, зняўшы з сябе залаты ланцуг Носьбіта царскага жазла, надзеў яго на мяне, а Харэмхеб сказаў:
— Ідзі і паведамі пра гэта Бэкетамон, бо нам яна не паверыць, падумаўшы, што гэта я забіў хецкага прынца ад рэўнасці.
Я пайшоў да царэўны Бэкетамон, і яна адразу мяне прыняла. Яе твар быў ярка нафарбаваны, чырвоныя вусны гарэлі, але з цёмных вачэй струменілася смерць. Я сказаў:
— Твой абраннік, царэвіч Супату, памёр у Сінайскай пустэльні і вызваліў цябе ад дадзенага яму слова. Ён памёр ад хваробы жывата, і я, нягледзячы на ўсё сваё лекарскае мастацтва, не змог яго выратаваць, як і хецкі лекар таксама.
Царэўна Бэкетамон зняла залатыя бранзалеты з цэвак і, надзеўшы іх на мае рукі, сказала:
- Твая вестка, Сінухе, добрая, і я табе за яе дзякую. Цяпер я пасвечаная ў жрыцы Сэхмет, і мая чырвоная сукенка для свята перамогі пашытая. Але ж гэтая егіпецкая хвароба жывата нешта надта мне добра знаёмая: ад яе памёр мой брат Эхнатон, фараон, якога я любіла, як
родная сястра! Дык хай падзе за гэтыя хваробы мой праклён на цябе, Сінухе, будзь ты пракляты навечна, на ўсе часы, разам з тваёй магілай і тваім імем, якое хай будзе забытае ў будучыні, бо гэта ты зрабіў трон фараона месцам гульні злодзеяў і забойцаў, ты зганьбіў маю боскую царскую кроў!
Я схіліўся перад ёй у нізкім паклоне і, апусціўшы рукі да каленяў, адказаў:
— Хай так і збудзецца па тваім слове.
Я выйшаў, а яна загадала рабам памыць падлогу, дзе ступалі мае ногі, аж да самага выхаду з Залатога палаца.
4
Тым часам цела фараона Тутанхамона падрыхтавалі ддя вечнага змагання са смерцю, і Эйе загадаў жрацам як найхутчэй памясціць яго ў месца вечнага заспакаення, у грабніцу, высечаную ў Заходняй гары Даліны цароў. Разам з муміяй цара туды паклалі шмат розных дарункаў, але сапраўдных скарбаў сярод іх было мала, бо амаль усё каштоўнае Эйе прыбраў да сваіх прагных рук. Грабніца Тутанхамона выглядала беднай у параўнанні з іншымі, і малады фараон пасля смерці стаў выглядаць яшчэ болып нікчэмна, чым пры жыцці, калі гуляў у цацкі ў Залатым палацы. Як толькі на ўваход у грабніцу наклалі пячаткі, Эйе абвясціў, што перыяд жальбы скончыўся і загадаў узняць пераможныя сцягі абапал Алеі бараноў, а Харэмхеб выслаў калясніцы заняць усе плошчы і скрыжаванні ў Фівах. Зрэшты, ніхто і не спрабаваў выступаць супраць таго, што Эйе ўзышоў на трон фараонаў, — народ стаміўся ад вайны, знясілеўшы, як той бык, якога бясконца падганяюць уколамі дзідаў. Таму нікога ўжо не цікавіла, мае Эйе права на царскі трон ці не, і ніхто не чакаў ад яго нічога добрага.
Так каранаваўся Эйе, і падкупленыя вялікім хабарам жрацы памазалі яго свяшчэнным алеем у Вялікім храме і ўсклалі яму на галаву чырвоную і белую кароны — кароны ліліі і папіруса, кароны Верхняга і Ніжняга царства. Яны вынеслі Эйе ў залатым чоўне Амона да народа, і народ гучна ўславіў яго, бо новы фараон загадаў раздаваць людзям хлеб ды піва, і для фіванцаў гэта было напраўду вялікім дарункам, бо Егіпет збяднеў дарэшты. Я ведаў, як ведалі і многія іншыя, што ўлада Эйе ўяўная, а сапраўдным уладаром у Егіпце з гэтай хвіліны робіцца Харэмхеб, за якім стаяць дзіды ягонага войска. Шмат хто здзіўляўся, чаму Харэмхеб не ўзяў уладу адкрыта і сам, саступіўшы трон старому і нялюбаму Эйе.
Але Харэмхеб добра ведаў, што робіць, бо чаша людскога гневу яшчэ не апусцела, пакуты Егіпта яшчэ не скончыліся, і трывожныя весткі з зямлі Куш клікалі яго на новую вайну, гэты раз — супраць неграў.
Харэмхеб ведаў, што ўмацаваўшы ўладу на поўдні і паставіўшы на месца паваленыя памежныя камяні, яму давядзецца весці яшчэ адну вайну за Сірыю супраць хетаў. Таму ён хацеў, каб народ ва ўсіх бедах і пакутах вінаваціў Эйе, а яго, Харэмхеба, усхваляў потым як пераможцу, міратворцу і добрага ўладара.
А вось Эйе ні пра што такое не думаў, — улада і бляск царскіх каронаў зусім асляпілі яго, і ён з ахвотай пачаў ажыццяўляць другую частку дамовы з Харэмхебам, заключаную імі ў дзень смерці фараона Эхнатона. Таму жрацы прынеслі ў храм Сэхмет царэўну Бэкетамон, дзе апранулі яе ў барвовыя строі, аздобілі як багіню і ўзнялі на алтар. Харэмхеб са сваім войскам прыехаў да храма Сэхмет, каб адсвяткаваць перамогу над хетамі і вызваленне Сірыі. Фівы на ўвесь голас узносілі хвалу Харэмхебу, а ён раздаў перад храмам залатыя ланцужкі ды іншыя ўзнагароды сваім воінам і пусціў іх у горад святкаваць перамогу. Потым ён увайшоў у храм, і жрацы зачынілі за ім медную браму. Царэўна Бэкетамон з'явілася перад ім у выглядзе багіні Сэхмет, і ён авалодаў ёю, бо быў воінам і надта доўга чакаў.
Гэтай ноччу ў Фівах было свята ў гонар Сэхмет, і неба чырванела ад паходняў і яркіх свяцільняў, а Харэмхебавы зухі асушылі ўсе запасы віна і піва ў шынках, павыбівалі дзверы ў дамах уцехаў і перапалохалі ўсіх дзяўчат на вуліцах Фіваў. Шмат людзей гэтаю ноччу было паранена, некалькі дамоў воіны падпалілі ў гонар свята, але вялікіх беспарадкаў і разбурэнняў не было. А на світанні воіны зноў сабраліся перад храмам Сэхмет сустрэць Харэмхеба. Калі ён выйшаў з брамы, з усіх бакоў пачуліся гучныя крыкі і лаянка на розных мовах: было відаць, што львінагаловая Сэхмет паказала гэтаю ноччу свой звярыны нораў, бо ўсе рукі, плечы і твар у Харэмхеба пакрыліся крывавымі драпінамі ад ільвіных кіпцюроў багіні. Гэта вельмі развесяліла воінаў, і яны яшчэ больш палюбілі свайго вялікага ваяводу. А царэўну Бэкетамон жрацы, не паказваючы народу, аднеслі ў закрытых насілках назад у Залаты палац.
Тады воіны ўварваліся ў храм і падабралі з падлогі ласкуты барвовай сукенкі на амулеты, якія дапамаглі б дабіцца згоды ўпартых жанчын. Так прайшла шлюбная ноч майго сябра. He магу сказаць, ці прынесла яна Харэмхебу якую-небудзь радасць, бо неўзабаве ён рушыў з войскам на поўдзень да Першага парога, каб распачаць вайну ў зямлі Куш.
А жрэц Эйе, аслеплены сваёй уладай, радасна казаў мне:
— Вось і няма ў Кэмет нікога вышэйшага за мяне, і няма цяпер розніцы памру я ці не, бо фараон не памірае — ён жыве вечна, і гэтак сама вечна буду жыць я, а калі памру, дык узыду на залаты човен майго бацькі Амона і паплыву проста ў краіну Захаду. Гэта вельмі добра, бо мне зусім не хочацца, каб Асірыс узважваў маё сэрца на сваіх шалях, a
яго суддзі, справядлівыя павіяны, вінавацілі мяне ў жахлівых злачынствах, а потым кінулі маё Ба ў пашчу Ахмі. Я ўжо стары, і мае ўчынкі часта пазіраюць на мяне з начной цемры. Таму я радуюся, што я фараон, і мне не трэба баяцца смерці.
Так ён прамаўляў да мяне, бо мае справы і дзеі моцна звязалі нас разам, і я не мог ганіць яго, не ганячы сябе. А ён быў ужо вельмі стары і стомлены, пры хадзе яго калені дрыжалі, твар зморшчыўся і збляднеў, а некалі чорныя валасы пасівелі. Але я жорстка з яго насміхаўся, кажучы:
— Ты ўжо стары і павінен быць мудрэйшы за мяне. Я не веру, што вохныя масці жрацоў падораць табе вечнае жыццё. Нават з царскім вянцом на галаве ты застаешся такім, якім быў без вянца. Ты хутка памрэш, і цябе ніколі болей не будзе.
Яго вусны пачыналі дрыжаць, у вачах узнікаў жах, і ён плаксіва скардзіўся:
— Дык што, я дарма нарабіў столькі ліха, дарма сеяў вакол сябе смерць ва ўсе дні свайго жыцця? He, безумоўна, ты памыляешся, Сінухе, жрацы выратуюць мяне ад бяздоння апраметнай, яны зберагуць маё цела для вечнага жыцця, бо цяпер маё цела — боскае, і дзеі мае боскія, і ніхто не можа асуджаць мяне, бо я фараон!
Так у яго пачаў муціцца розум, і ўлада ўжо не прыносіла яму асалоды. У яго не засталося ў жыцці ніякае радасці: ад страху смерці ён не адважваўся адпіць нават глыток віна, харчуючыся аднымі сухарамі ды параным малаком; яго цялесная сіла даўно патрацілася і ён ужо не мог забаўляцца з жанчынамі, бо ў маладосці надта часта распаляў сябе любоўнымі зёлкамі, каб заваяваць прыхільнасць царыцы Тэйе. Цяпер ён усё больш баяўся таемных забойцаў і цэлымі днямі не дакранаўся ад ежы. Ён баяўся нават сарваць плод з галіны ў садзе Залатога палаца, баючыся, што і ён будзе насычаны атрутай. У сваім безупынным страху ён зрабіўся такім недаверлівым і жорсткім, што прыдворныя адышлі ад яго, а рабы разбегліся, і Залаты палац апусцеў яшчэ пры жывым фараоне.
Тым часам семя пусціла парасткі ў целе Бэкетамон, бо жрацы, каб дагадзіць Харэмхебу, дакладна выбралі самы спрыяльны час для зачацця, і яна ў бяссільнай злосці прычыняла свайму целу шкоду і высушвала сваю прыгажосць, каб толькі пагубіць дзіцё ў сваім чэраве, не думаючы нават пра сваё здароўе. Але жыццё ў яе целе аказалася мацнейшым за смерць, і прызначаны час яна ў вялікіх пакутах прынесла Харэмхебу сына, бо хлопчык нарадзіўся вялікі, а клубы ў маці былі надта вузкія. Павітухам і рабам давялося схаваць ад яе немаўлятку, каб яна не нарабіла шкоды. Пра дзіцё і яго нараджэнне расказвалі розныя байкі: адны, напрыклад, казалі, што яно нарадзілася з ільвінаю галавой, другія — што ў ён выйшаў з мацярынскага ўлоння ў медным баявым шле-
ме. Але я добра ведаў, што нічога звышчалавечага ў хлопчыка не было, ён быў проста моцны. Даведаўшыся пра добрую навіну, Харэмхеб прыслаў загад упісаць сына ў Кнігу жыцця пад імем Рамсэса.
Тады Харэмхеб усё яшчэ ваяваў у зямлі Куш, і яго калясніцы рухаліся ад поля да поля, наносячы неграм паразы, бо тыя не ўмелі ваяваць супраць калясніцаў. Харэмхеб паліў негрыцянскія вёскі, адсылаў жанчын і дзяцей у рабства ў Егіпет, а мужчын браў да сябе ў войска і рабіў з іх добрых воінаў, бо ў іх ужо не заставалася ні дзяцей, ні жонак. Так, яшчэ ваюючы ў зямлі Куш, Харэмхеб рыхтаваў войска для вайны з хетамі ў Сірыі.
Харэмхеб змог такім чынам забяспечыць Егіпет шматлікімі рабамі для апрацоўкі палёў, загадаў прыгнаць з зямлі Куш вялікія статкі гавяды, змог адрадзіць у Егіпце земляробства, і ў дзяцей з'явілася малако, a ў жрацоў — шмат ахвярных жывёлаў ды мяса. А ў краіне Куш цэлыя народы і плямёны пакідалі родныя мясціны і ўцякалі за памежныя камяні Егіпта ў дзікія лясы, у краі сланоў ды жырафаў, і многія землі спусцелі. Але Егіпту ад таго не было вялікае шкоды, бо і за часам фараона Эхнатона адтуль не атрымлівалі даніны, хоць пры вялікіх фараонах зямля Куш была надзейнай крыніцай егіпецкага багацця, болей надзейнай і багатай, чым Сірыя.