• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    — Адпаведна, наследнік з'яўляецца нябесным сынам Атона, — сказаў Птахор і выпіў віна, — бо царская жонка зачала сына пасля таго, як атрымала прадвесце ў храме Рахерахці. 3 Геліяполіса яна прывезла з сабой надзвычай прагнага да ўлады жраца, да якога адчувае вялікую прыхільнасць. Яго завуць Эйе, і яго жонка была карміцелькаю спадкаемцы. Эйе мае дачку, якую завуць Неферціці і якую выкармілі тыя
    самыя грудзі, што і спадкаемцу. 3 дзяцінства яны гулялі разам у палацы, як брат і сястра, і ты можаш сабе ўявіць, што з гэтага выйдзе.
    Птахор падліў сабе віна, уздыхнуў і прамовіў:
    — Гэх, нішто так не прыемна старому чалавеку, як папіваць віно ды маракаваць аб справах, якія зусім яго не датычаць. О Сінухе, мой сыне, каб ты ведаў, колькі таямніц крыецца за чалом старога трэпанатара царскіх чарапоў. Можа быць, там схаваныя самыя таемныя царскія справы. Шмат хто здзіўляецца, што на жаночай палове насуперак законам лекарскай навукі хлопчыкі ніколі не нараджаюцца жывымі. А той, што цяпер ляжыць з прасвідраваным чэрапам, калі быў пры сіле, ніколі не пляваў на чашу з віном і радаваўся жыццю. Ён быў вялікі паляўнічы і за сваё жыццё ўпаляваў тысячу ільвоў і пяцьсот дзікіх буйвалаў, a колькі маладых дзяўчат ён уклаў пад балдахін свайго ложка, не злічыць, бадай, і сам наглядчык царскага гарэма. Але сын у яго толькі адзін — ад Боскай Тэйе.
    Мне стала не па сабе ад выпітага віна. Я ўздыхнуў і пачаў разглядаць зялёны камень на сваім пальцы. Але Птахор працягваў бязлітасна:
    — Сваю Вялікую жонку ён адшукаў падчас палявання. Кажуць, Тэйе была дачкой простага птушкалова ў трыснягах Ніла, але фараон узвысіў яе за мудрасць і акружыў пашанай яе нізкародных бацькоў, напоўніўшы самымі каштоўнымі дарункамі іх магілы. I Тэйе не працівілася яго забавам, калі ў гарэме ўсё адно ніколі не нараджалася хлопчыкаў. У гэтым ёй, далібог, шанцавала, ды так незвычайна, што й немагчыма было б паверыць, каб тое не было праўдай. Але калі той, што сёння ляжыць на смяротным ложку, трымаў у сваёй руцэ выгнутае жазло і бізун, Боская жонка заўсёды была яму ў помач. Калі ж дзеля дзяржаўных меркаванняў, каб назаўсёды пакончыць з войнамі ў Нахарыне, краіне, дзе рэкі цякуць уверх, фараон ажаніўся з дачкою цара Мітанні, Тэйе здолела пераканаць яго, што ў прынцэсы на тым месцы, куды больш за ўсё прагне трапіць жаданне мужчыны, — казліны капыт, дый ад самой прынцэсы тхне казліным смуродам. Кажуць, што ад гэтага прынцэса ўрэшце і звар'яцела.
    Птахор паглядзеў на мяне, азірнуўся вакол і таропка сказаў:
    — Але ты, Сінухе, ніколі не давай веры падобным байкам, бо гэта плёткі зламысных людзей, а ўсім вядома дабрыня і мудрасць Вялікай царскай жонкі і яе ўменне збіраць вакол сябе і вакол трона здольных і таленавітых людзей. I гэта праўда.
    Птахор выліў некалькі кропель віна з чашы на падлогу і богабоязна ўзвёў вочы ўгору. Потым азірнуўся па бакох і засмяяўся:
    Здароў, носьбіт мухабойкі! выгукнуў ён,— Ці ты гэта? Праходзь, сядай, ды выпі кропельку з намі. Мы ж даўно не сустракаліся.
    Я ўскочыў і нізка схіліўся, датыкнуўшыся рукамі да паддогі, бо сваёю
    прысутнасцю нам зрабіў гонар чалавек, які захоўваў царскую пячатку і заўсёды насіў сімвалы царскай улады праваруч ад фараона. Ён прыйшоў адзін і рэгаліі ў руцэ выглядалі зусім не ўрачыста, а на твары ляжаў адбітак гора. Па шчоках цяклі слёзы, і гэта былі шчырыя слёзы, бо ён аплакваў фараона і ўласны лёс. На мяне ён нават не глянуў, бо паводле звычаю вяльможа не павінен звяртаць увагі на ніжэйшых. Яны вакол яго — як тое паветра. Сеўшы, ён выпусціў з рук жазло і бізун, цяжка ўздыхнуў і сярдзіта прамовіў:
    — Табе даруюцца многія дзівоты, лекар царскіх чарапоў, але і табе не пасуе смяяцца ў доме плачу і жальбы, — і ён зрабіў запытальны жэст рукой.
    — Да рання, — адказаў Птахор. — Але калі ўжо мы не ў глінянай хаціне, як сказаў адзін мудры чалавек, дык і табе належала б выпіць з намі чашу віна, бо віно дазволена піць і ў радасці, і ў смутку. Але, сябра мой, чаму ты адзін і блукаеш, як цень? Чаму слугі і вяльможы не кружаць вакол цябе роем, як мухі каля мядовага пірага?
    Захавальнік царскай пячаткі выцер слёзы і сумна ўсміхнуўся.
    — Улада — гэта трысняговая сцяблінка ў руках чалавека, — сказаў ён. — Трысцінка зламаецца, але мудрая птушка своечасова пераляціць на кончык другой трысцінкі. Я, мабыць, вып’ю з табою віна, Птахор, хоць гэта і не ў маіх звычаях, але ты правільна сказаў, што віно лечыць журботнае сэрца.
    — Так хутка? — спытаў Птахор. Захавальнік пячаткі развёў рукамі, паказваючы сваё бяссілле.
    — Мяне не дапусцілі нават да смяротнага ложка майго ўладара, — сказаў ён. — Клянуся Амонам, няўдзячнасць — вось адплата за ўсё на гэтым свеце. Вялікая царская жонка забрала фараонаву пячатку, і ахова слухаецца толькі яе. Каля яе неадлучна знаходзіцца гэты ілжывы жрэц, а спадкаемца... праўду кажучы... спадкаемца глядзіць толькі перад сабой, нібы цяля, якога пастух цягне, куды захоча.
    — Дарэчы, пра жрацоў, — сказаў Птахор, наліваючы віна захавальніку пячаткі, бо ўсе слугі, як толькі ён прыйшоў, зніклі. — Гаворачы пра жрацоў, я толькі што распавёў свайму сябру Сінухе, як некалі ў маладыя гады пабываў каля пірамідаў і, на ўзор іншых падарожнікаў, надрапаў на лапе Вялікага сфінкса сваё імя, каб яно не забылася ніколі.
    Захавальнік ветліва зірнуў у маім напрамку, але мяне не заўважыў.
    — Цьху, Атон! — сказаў ён і богабоязна зрабіў аберагальны знак Амона. — Уладар ужо шмат гадоў туды не завітваў, і завесы на браме ягонага храма даўно паржавелі. Але ён вырашыў запрасіць чужаземнага бога, каб той яго вылечыў. Такая была яго прыхамаць.
    Ён зноў зірнуў на мяне і гэтым разам, напэўна, убачыў, бо паспяшаўся дадаць:
    — Багам дазваляюцца такія прыхамаці, бо прырода багоў — сама па сабе ўжо прыхамаць.
    — Але і спадкаемца гаворыць пра Атона, — зазначыў Птахор.
    — Спадкаемца? — пагардліва прамовіў захавальнік пячаткі. — Спадкаемца трона —хворы вар'ят. Папомніце мае словы, не паспее фараон адправіцца ў Дом смерці, як Вялікая царская жонка прывяжа сабе бараду, апяражацца ільвіным хвастом і пачне чыніць суд з царскай каронай на галаве. Вядома, яе падбухторвае жрэц. Але можаце ёй перадаць мае словы: калі яна хоча цараваць у Егіпце, то павінна заключыць саюз з Амонам.
    Ён выпіў віна, і яго вочы павільгатнелі.
    — Напраўду, — сказаў ён, — у багоў шмат прыхамацяў. Я прыносіў Амону ахвяру за ахвярай, шанаваў вярхоўнага жраца, як роднага бацьку; будучы вярхоўным будаўніком, я забудаваў увесь Егіпет храмамі Амона, а падзяку атрымаў толькі ад Сэта са злымі духамі.
    Ён выпіў яшчэ і заплакаў.
    — Я ўсяго толькі стары сабака, — усхліпваў ён. — Я стары верны сабака, стары аблезлы сабака. О, я быў падстаўкай пад ногі майму ўладару, і ён пяшчотна ўтоптваў маю галаву ў пыл пад сваімі нагамі. — Ён зноў выпіў, шпурнуў залаты бізун на паддогу і пачаў рваць на сабе дарагое ўбранне. — Усё наймарнейшая марнасць, — прамовіў ён. — Але ў мяне ёсць магіла, яна добра ўпарадкаваная, і яе ўжо яны не змогуць у мяне адабраць. Яны не змогуць пазбавіць мяне вечнага супакою праваруч ад майго ўладара, хоць я ўсяго толькі стары аблезлы сабака.
    Ён апусціў галаву на рукі і зарыдаў. Птахор, каб супакоіць вяльможу, пачаў гладзіць яго па галаве, мацаючы па лекарскай звычцы бугры на чэрапе.
    — У цябе цікавая галава, — сказаў ён. — Проста дзеля свайго майстэрства я мог бы ўскрыць яе нават бясплатна.
    Захавальнік пячаткі вырваў з рук Птахора сваю галаву і спалохана паглядзеў на яго. Птахор зрабіў выгляд, што не зразумеў яго і знарок ліслівым тонам працягваў:
    — Праўда, зусім бясплатна, без аніякіх тваіх дарункаў, толькі дзеля нашай старой дружбы, бо ў цябе цікавы чэрап.
    Захавальнік пячаткі рэзка ўстаў, але пахіснуўся і мусіў абаперціся аб стол, ледзь стрымліваючы гнеў, але Птахор моцна трымаў яго за руку і настойліва працягваў:
    — Гэта ж адно імгненне. Я зраблю ўсё вельмі чыста, і ты ўжо заўтра зможаш пайсці следам за сваім гаспадаром у Краіну Захаду.
    — Ты блюзнерыш, — прамовіў захавальнік пячаткі. Ён зноў набыў вяльможны выгляд і падняў з паддогі бізун. — Ты не верыш у Амона, — сказаў ён, дзеля пэўнасці абапіраючыся на стол. — Гэта дрэнна, гэта
    вельмі дрэнна. Але я дарую табе твае выхадкі, бо ўжо не маю караючай улады.
    Ён пайшоў, матляючы ў левай руцэ бізуном і жазлом. Яго спіна выяўляла бясконцую стому і смутак. Як толькі захавальнік пячаткі сышоў, аднекуль адразу зноў узніклі слугі, палілі нам на рукі і нацерлі дарагім алеем.
    — Сінухе, мой сыне, правядзі мяне, бо я ўжо стары і ногі ў мяне аслабелі, — сказаў Птахор.
    Я вывеў яго на двор. Ноч ахінула зямлю, а на ўсходзе неба адсвечвала барвовымі водбліскамі фіванскіх агнёў. Садовыя кветкі струменілі свой водар, у небе трымцелі зоркі — усё гэта разам з выпітым віном кружыла галаву, і я зноў адчуў у крыві ліхаманкавы жар Фіваў.
    — Птахор, — сказаў я, — я прагну кахання, калі ў начным небе гараць вогненныя водблескі Фіваў.
    — Кахання няма, — рашуча адказаў Птахор. — Мужчына смуткуе, калі не мае жанчыны, з якою мог бы пераспаць. А калі ляжа з ёй ды пераспіць, то смуткуе яшчэ больш. Так яно было і будзе заўсёды.
    — Чаму? — спытаўя.
    — Гэта не ведаюць нават багі, — адказаў Птахор. — He кажы мне пра каханне, ато я прасвідрую табе чэрап. Я зраблю гэта бясплатна і не выпрошваючы ўзнагароды, і тым самым пазбаўлю цябе ад шматлікіх пакутаў.
    Тады я палічыў за лепшае выканаць абавязкі раба, падняў Птахора на рукі і занёс у адведзеныя нам пакоі. Ён быў такі стары і маленькі, што, несучы яго, я нават не задыхаўся. Я апусціў Птахора на ложак, і ён хутка заснуў, марна стараючыся адшукаць побач з сабою чашу віна. Я накрыў яго мяккімі футрамі, бо ноч была халодная, і зноў вярнуўся на квітнеючую тэрасу, таму што быў малады, а маладому не спіцца ў ноч смерці ўладара.
    Да маёй тэрасы, нібы шум чароту пад ветрам, далятаў гоман людзей, якія вырашылі правесці ноч пад сценамі палаца.
    2
    Мяне ахінаў водар кветак, неба палала на ўсходзе барвовымі агнямі Фіваў, а я сядзеў на тэрасе і ўспамінаў зялёныя, як вада Ніла пад летняю спёкай, вочы, калі раптам адчуў, што я не адзін.
    Вузенькі серп маладзіка толькі прарэзаўся, трапяткое зорнае святло слабела ў водблісках фіванскіх агнёў, і я не мог разглядзець, хто набліжаецца да мяне — мужчына ці жанчына. Але гэты нехта падышоў і зазірнуў мне ў твар. Я паварушыўся, і тут пачуўся па-дзіцячы звонкі, але ўладны голас: