• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Часам маткі прыходзілі з дзецьмі, і калі кабета была зусім худая, а яе дзіцё кволае, з паедзенымі мухамі вачыма, я пасылаў раба Каптаха купіць мяса і садавіны і аддаваў харчы ім. Маё багацце ад гэтага не расло, затое на другі дзень перад дзвярыма ўжо стаялі пяць ці дзесяць такіх матак з дзецьмі. Але ж я не мог дапамагчы ўсім, і тады адпраўляў іх да храма Амона, дзе пасля асабліва вялікіх ахвярапрынашэнняў, калі жрацы былі проста няздольныя з'есці ўсё, беднякам раздавалі мяса.
    На сямідзесяты дзень па фараонавай смерці перад храмам было згаданае маё імя, і я думаў, што гэтая слава прынясе мне шмат багатых пацыентаў, але памыліўся. Да майго дома на насілках сапраўды прыбывалі заможныя наведнікі, але іх вабіла мая слава памочніка трэпанатара, і яны прапанавалі мне багатыя падарункі, калі я ўскрыю чэрап таму, хто стаіць між імі і багатаю спадчынай. Такім кліентам я раіў звярнуцца да царскага трэпанатара Птахора. А калі мне прыносілі невылечнага хворага, жыццё якому было толькі пакутай, я загадваў аднесці яго ў Дом жыцця, дзе яму маглі б скараціць пакуты.
    Кожную ноч на вуліцах Фіваў па-ранейшаму палалі паходні і ліхтары, у дамах уцех грала музыка і неба над горадам гарэла барвамі. Я паранейшаму хацеў цешыць сваё сэрца віном, але радасць да мяне ўжо не вярталася, і каб апранацца належным чынам і набываць віно, я мусіў закласці свой дом у храме.
    4
    Ізноў настала пара разліву, і рака падступіла да самых муроў храма, а калі вада спала, зямля пырснула зеленню, птушкі пачалі віць гнёзды, на азёрах зацвіў лотас, і акацыя распусціла ў паветры свой духмяны водар. Адным такім днём да мяне завітаў Харэмхеб. Ён быў апрануты ў
    царскі лён, на шыі красаваўся залаты ланцуг, а ў руках ён трымаў бізун, як знак немаленькага чына царскага военачальніка. Але кап'я ў яго ўжо не было. Я ўскінуў рукі ўгору, паказваючы, што шчыра рады бачыць сябра, і ён усміхнуўся, адказаўшы мне такім самым прывітаннем.
    — Я прыйшоў спытаць у цябе парады, Сінухе-Самотнік, сказаў ён.
    — He разумею, — здзівіўся я, — ты здаровы, як бык, смелы, як леў, і табе наўрад ці патрэбна парада лекара. Я табе не дапамагу.
    — Я прыйшоў спытаць параду ў сябра, а не ў лекара, — сказаў Харэмхеб і сеў.
    Аднавокі Каптах паліў яму на рукі, і я пачаставаў яго аладкамі, прысланымі мне маёй маці Кіпай, і дарагім замежным віном, бо маё сэрца сапраўды было рада сустрэчы.
    — Ты падняўся па службе,— зазначыў я, — у цябе высокі чын, і жанчыны, напэўна, прыязна ўсміхаюцца табе.
    Але Харэмхеб спахмурнеў і змрочна кінуў:
    — Усё гэта — дзярмо!
    Ён паступова закіпаў, яго твар разгараўся, і нарэшце ён злосна прамовіў:
    — Палац поўны мух. Яны засмецілі мне ўсю галаву. Вуліцы ў Фівах занадта цвёрдыя і раняць мне ногі, а сандалі намульваюць пальцы да крыві, — ён скінуў сандалі і пацёр ногі. — Я служу ў асабістай ахове, — сказаў ён, — але разам са мной у такіх самых чынах служаць дзесяцігадовыя хлапчукі, якім яшчэ не абстрыглі дзіцячыя пасмы, яны смяюцца з мяне па прычыне свайго высакародства. Іх рукі не могуць напяць лук, а меч у кожнага — проста ўпрыгожаная срэбрам і золатам цацка, прыдатная хіба што рэзаць мяса на кухні, а не праліваць кроў ворага. Яны ездзяць на калясніцах, не ўмеючы трымаць парадак, яны блытаюцца ў сваіх лейцах і налятаюць на суседнія калясніцы, счапляюцца з імі коламі. А простыя воіны п’юць віно, спяць з рабынямі з палаца, і не слухаюцца загадаў. У ваенных школах ім чытаюць даўно састарэлыя кнігі, прычым чытаюць тыя, хто сам ніколі не зведваў ні голаду, ні смагі, ні тым болей страху перад ворагам.
    Ён злосна пазвінеў залатым ланцугом на шыі і працягваў:
    — Што такое залатыя ланцугі ды іншыя ўзнагароды, калі яны здабытыя не ў баі, а кінутыя табе пад ногі фараонам? Царская маці прычапіла сабе на твар бараду, а на зад — ільвіны хвост, але як воін можа шанаваць у жанчыне ўладара? Ды ведаю, ведаю, — знакам спыніў ён мяне, калі я хацеў нагадаць яму, што вялікая ўладарка адправіла караблі ў краіну Пунт. — Усё павінна быць так, як было спрадвеку. Але я кажу, што за часам вялікіх фараонаў воінамі не пагарджалі так, як цяпер. Сёння, на думку фіванцаў, прафесія воіна — самая нікчэмная з усіх, і яны зачыняюць перад воінамі дзверы. Я проста марную час.
    Я дарэмна трачу сваю маладосць і сілы, бо вывучаю ваеннае майстэрства пад кіраўніцтвам тых, хто з лямантам кінецца наўцёк, толькі пачуўшы баявы покліч неграў. Яны адразу самлелі б, калі б над іх вухам прасвісцела страла. Яны схаваліся б пад матчыну спадніцу, пачуўшы грукат баявых калясніцаў. Клянуся сваім сокалам, толькі на вайне расце ваярскае майстэрства і толькі ў бразгаце зброі выпрабоўваецца мужчына і высвятляецца, чаго ён варты. Таму я думаю з палаца сысці.
    3 гэтымі словамі ён так хвастануў бізуном па стале, што ажно чашы пападалі долу, а мой слуга выскачыў на вуліцу, шукаючы паратунку.
    — Ты, мусіць, сапраўды хворы, сябра мой, Харэмхеб,— сказаў я.— Твае вочы гараць, нібы ў ліхаманцы, і цябе пакрывае пот.
    — Дык няўжо я не мужчына?! — выгукнуў ён, падымаючыся, і грукнуў сябе кулаком у грудзі. — Я магу спакойна падняць кожнай рукой па здароваму рабу і сутыкнуць іх у паветры ілбамі. Я магу насіць цяжкія пакункі, як гэта даводзіцца воіну, я магу прабегчы вялікі шлях без задышкі, я не баюся ні голаду, ні смагі, ні пустэльнай спёкі. Але ўсе яны лічаць гэта чымсьці ганебным, а жанчыны Залатога палаца захапляюцца толькі маладзёнамі, якім яшчэ няма патрэбы галіць бараду. Яны захапляюцца мужчынамі з тонкімі рукамі, безвалосымі грудзьмі і шырокімі, як у жанчыны, клубамі. Ім даспадобы мужчыны, якія хаваюцца ад сонца пад парасонамі, падмалёўваюць вусны чырвоным і кідаюць пяшчотныя позіркі, шчабечучы, як птушкі на дрэвах. Да мяне ж ставяцца з пагардай за тое, што я дужы, што сонца апаліла мне скуру, а рукамі я здольны выканаць любую работу.
    Ён змоўк і доўга сядзеў, утаропіўшыся перад сабою, потым выпіў віна і сказаў:
    — Ты самотны, Сінухе. I я таксама самотны. Я самотны, як ніхто, бо ведаю будучыню, я ведаю, што стану ўладаром многіх народаў, і аднойчы патрэбу ўва мне адчуюць абодва царствы Егіпта. Я самотны болей за іншых, але больш не магу цярпець сваёй адзіноты, Сінухе, бо маё сэрца рассыпаецца на вогненныя іскры, маё горла сціскаецца, і я больш не магу спаць па начах.
    Я быў лекарам і лічыў, што сёе-тое разумею ў мужчынах і жанчынах, а таму сказаў:
    — Яна, пэўна, замужам, і муж яе строга пільнуе?
    Харэмхеб зірнуў на мяне, і яго вочы так злосна бліснулі, што я паспешліва падняў з падлогі чашу і наліў яму віна. Супакоіўшыся, ён памацаў рукамі шыю і грудзі і сказаў:
    — Мне трэба сыходзіць з Фіваў, бо я задыхнуся ад тутэйшага гною, а хутка мухі мяне цалкам спаскудзяць.
    Потым ён паглядзеў мне ў вочы і ціхім голасам папрасіў:
    — Сінухе, ты лекар. Дай мне лекаў, якія перамаглі б маё каханне.
    — Ну, гэта няцяжка, — адказаў я. — Mary даць табе ягад, ты іх распусціш у віне і станеш такі гарачы і дужы, як павіян! Усе жанчыны будуць толькі стагнаць і заводзіць вочы, апынуўшыся ў тваіх абдымках. Калі хочаш, гэта няцяжка зрабіць.
    — He, не, ты няправільна мяне зразумеў, Сінухе. Сілы ў мяне хапае. А я хачу лекаў, якія вылечылі б мяне ад майго вар'яцтва. Я хачу лекаў, якія супакоілі б маё сэрца і зрабілі б яго цвёрдым, як камень.
    — Такіх лекаў не бывае, — адказаў я. — Адной усмешкі і позірку зялёных вачэй дастаткова, каб зрабіць бяссільнай усю лекарскую навуку. Я сам гэта добра ведаю. Але мудрыя людзі кажуць, што адзін злы дух выганяецца другім злым духам. He ведаю, праўда гэта ці не, але здагадваюся, што другі нячысцік можа быць мацнейшы за першага.
    — Што ты маеш на ўвазе? — з запалам спытаўся ён,— Мне ўстылі ўжо словы, якія можна вывернуць і так і гэтак.
    — Табе трэба знайсці другую жанчыну, якая выгнала б першую з твайго сэрца, — сказаў я. — Вось што я маю на ўвазе. У Фівах поўна прыгожых і прывабных жанчын, якія падмалёўваюць твары і апранаюцца ў танюсенькі лён. He сумняваюся, што сярод іх абавязкова знойдзецца адна, якая прыхільна ўсміхнецца і табе. Ты малады і дужы, ты высокі і стройны, і ты носіш залаты ланцуг. Я не ведаю, што раздзяляе цябе і тую, да якой імкнецца тваё жаданне. Яна замужам? Але ніякая, нават самая высокая сцяна не можа перашкодзіць каханню. Калі душа жанчыны загараецца страсцю, яна адолее сваёй хітрасцю ўсякія перашкоды. Сведчанні гэтаму ёсць у казках абодвух царстваў. Кажуць, што жаночая вернасць падобная ветру: яна застаецца нязменнай, толькі мяняе кірунак. I яшчэ кажуць, што жаночыя прыстойнасць і дабрадзейнасць падобныя воску — яны растаюць ад гарачай ласкі. Жанчына пакутуе ад ганьбы, калі ашукваюць яе, але радасна смяецца з таго, каго ўдалося ашукаць ёй. Так было і так будзе заўсёды.
    — Яна не замужам, — раздражнёна сказаў Харэмхеб. — Дарэмна ты тут кажаш пра вернасць, дабрадзейнасць і ганьбу. Яна проста не заўважае мяне, хоць я ўвесь час у яе перад вачыма. Яна не абапіраецца на маю руку, калі я падаю яе, каб дапамагчы ёй падняцца ў насілкі. Можа, яна мяне лічыць брудным, бо сонца да чарнаты выпаліла маю скуру?
    — Значыць, яна з высакародных? — спытаўя.
    — Нашто гаварыць пра яе, — адказаў Харэмхеб. — Яна прыгажэйшая за дзянніцу і зоркі на небе, але яна далей ад мяне, чым усе тыя зоркі. Мне лягчэй дастаць і абняць месяц, але не яе. Таму мне трэба яе забыць і пакінуць Фівы. Іначай я проста памру.
    — Ты часам не загарэўся жаданнем да Вялікай маці фараона? — пажартаваў я, каб неяк развесяліць сябра. Думаю, яна залішне старая і тоўстая, каб легчы з такім маладзёнам, як ты.
    У яе ёсць жрэц, — з пагардай сказаў Харэмхеб. — Я думаю, што яны жылі ў распусце яшчэ пры жыцці старога фараона.
    Я спыніў яго перасцерагаючым жэстам:
    — Відаць, ты сапраўды выпіў атруты з многіх калодзежаў на сваім шляху ў Фівы.
    He звярнуўшы на мае словы ўвагі, Харэмхеб сказаў:
    — Тая, да якой імкнецца маё жаданне, падмалёўвае вусны і шчокі чырвоным, у яе авальныя цёмныя вочы, і ніхто не дакранаўся да яе цела пад царскім ільном. Яе завуць Бэкетамон, і ў яе жылах цячэ кроў фараонаў. Вось, цяпер ты ведаеш пра маё вар'яцтва, Сінухе. Але не кажы гэта нікому і не нагадвай нават мне, бо іначай я прыйду і заб’ю цябе, дзе б ты ні быў, і ўсуну тваю галаву табе паміж ног, а цела закіну на сцяну. He вымаўляй пры мне нават яе імя, бо іначай я цябе сапраўды заб'ю.