Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Я глядзеў на яе аголеную спіну, і мой язык нібыта распух у роце, маё сэрца шалёна білася, і я паспяшаўся выбегчы прэч. Я адшукаў вучонага пісара-заканазнаўцу, які не марудзячы склаў усе патрэбныя паперы і паслаў іх на захаванне ў царскі архіў. А калі я вярнуўся назад, Нефернефернефер была ўжо апранутая ў царскі лён, на яе галаве красаваўся залаціста-чырвоны парык, на шыі, руках і нагах зіхцелі цудоўныя ўпрыгожанні, а перад ганкам чакалі раскошныя насілкі.
— Усё, што ў мяне ёсць, цяпер належыць табе, Нефернефернефер, усё — тваё, нават адзенне, што на мяне надзета. Давай жа разам есці, піць і весяліцца сёння, бо заўтрашні дзень невядомы нікому.
Яна ўзяла паперу, безуважна кінула яе ў эбенавы куфэрак і прамовіла:
— На вялікі жаль, Сінухе, толькі што ў мяне пачалася жаночая штомесячная нямогласць, і я не магу аддацца табе, як мне гэтага вельмі хацелася б. Таму лепш табе зараз сысці і даць мне як след ачысціцца. Апроч таго, мне надта баліць жывот і галава вельмі цяжкая. Прыходзь якім-небудзь іншым разам, і ты атрымаеш усё, што захочаш.
Я глядзеў на яе, не могучы прамовіць ні слова, і адчуваў у сваіх грудзях смерць. Яна ў нецярпенні тупнула нагой і сярдзіта прамовіла:
— Ідзі прэч, я спяшаюся!
А калі я паспрабаваў яе абняць, сказала:
— Асцярожна, не размаж мне на твары фарбу.
Я вярнуўся дадому і пачаў парадкаваць свае рэчы, каб да прыходу новага гаспадара ўсё было падрыхтавана. Мой аднавокі раб паўсюль
хадзіў за мной следам, безупынку трасучы галавой, і яго прысутнасць пачала мяне раздражняць. Тады я злосна сказаў:
— He хадзі за мной, я табе болей не гаспадар, цяпер табой будзе валодаць іншы. Так што пастарайся ставіцца да яго болей пачціва, чым да мяне, і не крадзі так многа, бо ў яго кіёк можа стацца болей балючым.
Тады ён пакланіўся мне да зямлі, узняў рукі ў вялікай журбе і са слязьмі сказаў:
— He адсылай мяне прэч, мой гаспадар, бо маё старое сэрца да цябе прыкіпела і разарвецца ад гора, калі ты мяне прагоніш. Я быў заўсёды табе адданы, хоць ты вельмі малады і даверлівы, а калі я што і ўкраў, дык заўсёды разлічваў, каб украдзенае не нашкодзіла тваёй выгадзе. У паўднёвую спёку я збіваў свае старыя ногі на вуліцах, выкрыкваючы тваё імя і ўслаўляючы тваё лекарскае майстэрства, хоць рабы іншых лекараў білі мяне палкамі і шпурлялі ў мяне ссохлым валовым гноем.
Маё сэрца гарэла салёнаю ранай і ў роце, калі я глядзеў на яго, была горыч, але я расчуліўся і, крануўшы яго за плячо, сказаў:
Устань, Каптах. — Яго імя я ўпершыню ўбачыў у прадажнай паперы, хоць раней, каб ён не заганарыўся і не палічыў сябе маёй роўняй, ніколі не называў яго так. Звычайна я клікаў яго «раб», «дурань», «лайдак» ці «злодзей».
Пачуўшы з маіх вуснаў сваё імя, ён заплакаў яшчэ мацней. Ён дакрануўся лбом да маіх рук і ног і паставіў маю нагу сабе на галаву, пакуль я нарэшце не раззлаваўся і не даў яму выспятка, загадваючы падняцца.
— Лямантам тут нічому ўжо не дапаможаш, — сказаў я. — Але ведай, што прадаў я цябе не са злосці, мне падабалася твая служба, хоць ты сам якраз часта выказваў нездавальненне, грукаючы дзвярыма і бразгаючы посудам на кухні, калі што было не па табе. Я не шкадую, што ты краў у мяне, бо красці ў гаспадара — гэта права раба. Так было і так будзе заўсёды. Я вымушаны быў цябе прадаць, хоць і не хацеў гэтага, бо тады ў мяне зусім нічога не заставалася б. Я прадаў дом і ўсё, чым валодаў, і нават адзенне на мне ўжо мне не належыць. Так што лямантам тут ужо не дапаможаш.
Тады Каптах устаў і пачаў дзерці пазногцямі галаву.
— Які ж сёння кепскі дзень! — заягліў ён, потым падумаў крыху і дадаў. — Ты вялікі лекар, Сінухе, хоць і зусім малады, і цэлы свет адкрыты перад табою. Лепш нам зараз скласці ўсе самыя каштоўныя рэчы, а калі цемра ўпадзе на зямлю, — уцячы. Потым мы можам схавацца на якім-небудзь караблі, калі стырнавы будзе не надта пільны, і паплысці ўніз па рацэ. У егіпецкіх землях шмат гарадоў, а калі законнікі адшукаюць цябе ці выявяць маё імя ў спісах уцеклых рабоў, мы перабярэмся яшчэ далей — у чырвоныя землі, дзе нас ніхто не ведае. Ці можам падацца на выспы ў Зялёным моры, дзе празрыстае віно і ласка-
выя жанчыны. Тое ж мы знойдзем і ў землях Мітанні ці Вавілона, дзе рэкі цякуць у адваротным кірунку і дзе вельмі шануюць егіпецкіх лекараў. Там ты зможаш забагацець, а я стану слугой паважанага гаспадара. Дык паспяшайся, мой гаспадар, каб у нас было досыць часу ўсё скласці да наступлення цемры. I ён пачаў тузаць мяне за рукаў.
— Каптах, Каптах, — адказаў я. — He назаляй мне сваёю дурной гаворкай. У маім сэрцы і так ужо пякельная цемра, і маё цела ўжо не належыць мне. Я скуты кайданамі, хоць і нябачнымі, але болей трывалымі, чым усе мядзяныя ланцугі. Я не магу ўцячы, бо кожная хвіліна, праведзеная ўдалечыні ад Фіваў, апякала б мяне мацней за вогненную печ.
Мой слуга сеў на падлогу, бо яго ногі пакрывалі балючыя мазалі, якія я час ад часу лячыў. I тады ён сказаў:
— Мабыць, Амон адвярнуўся ад нас, што, зрэшты, не дзіўна, бо ты вельмі рэдка прыносіў яму ахвяры. I хоць я сумленна ахвяраваў яму пятую частку таго, што краў у цябе, і дзякаваў за тое, што ў мяне такі прастадушны малады гаспадар, ён усё адно і ад мяне адступіўся. Што ж рабіць!? Значыць, нам трэба памяняць бога і як мага хутчэй прынесці ахвяры новаму. Можа, ён адгоніць ад нас злыя сілы і ўсё паверне назад, да колішняга дабрабыту?
— He вярзі абы што! — сказаў я, ужо шкадуючы, што назваў яго на імя, бо раб адразу адчуў сябе маім прыяцелем. — Твае словы мне, як зыканне мухі! Ці ты забыўся, што ў нас няма нічога, каб прынесці ў ахвяру, бо ўся наша маёмасць належыць іншаму?
— Гэта мужчына ці жанчына? — пацікавіўся Каптах.
— Жанчына, — адказаў я, бо прычынаў хаваць гэта ад яго не было.
Тады ён зноў залямантаваў і пачаў ірваць на сабе валасы:
— Лепш бы мне не радзіцца на свет! Лепш бы мая маці задушыла мяне пупавінай у час майго нараджэння. Бо няма горшай долі, чым служыць бессардэчнай жанчыне, а яна, безумоўна, бессардэчная, калі зрабіла з табой такое. Яна будзе ганяць мяне з рання да ночы на маіх старых хворых нагах, яна будзе калоць мяне шпількамі і лупцаваць палкай па старой спіне, пакуль я не закрычу і не заплачу. Вось што будзе са мной, хоць я шчыра маліўся Амону і прыносіў яму ахвяры ў падзяку за тое, што ён зрабіў мяне слутою такога маладога і неспрактыкаванага гаспадара.
— Яна зусім не бессардэчная, — сказаў я, бо настолькі страціў ужо галаву, што гатовы быў гаварыць пра Нефернефернефер нават са сваім рабом, не маючы іншага суразмоўцы, якому можна было б даверыцца. — Яна, голая ў ложку, — прыгажэйшая за маладзік, яе цела духмянае й гладкае ад алею і масцяў, а вочы зялёныя, як вада ў Ніле ў летнюю спёку. Твайму шчасцю будуць зайздросціць, Каптах, калі табе давядзецца жыць з ёю побач і дыхаць адным з ёю паветрам.
Але Каптах залямантаваў яшчэ горш:
— Яна, вядома, прадасць мяне насілывчыкам у порт ці ў каменяломні, дзе мае лёгкія ссохнуцца і кроў пацячэ з-пад пазногцяў, і я памру ў гразі, як пабіты асёл!
У сэрцы я разумеў, што ён, хутчэй за ўсё, кажа праўду, бо ў доме Нефернефернефер наўрад ці знойдзецца месца і кавалак хлеба такому, як ён. 3 маіх вачэй таксама паліліся слёзы, і я ўжо не ведаў, ці аплакваю яго лёс, ці плачу над сваёй доляй. Убачыўшы гэта, Каптах адразу змоўк і спалохана зірнуў на мяне. А я закрыў твар рукамі, не зважаючы, што мой раб бачыць мае слёзы. Каптах лёгка дакрануўся да маёй галавы і сумна сказаў:
— Ва ўсім толькі мая віна, бо я не змог абараніць свайго гаспадара. Але ж я не ведаў, што ён нявінны і чысты, як новая вопратка, да якой яшчэ не дакраналіся рукі прачкі. Іначай я не магу зразумець, што адбылося. Мне, праўда, заўжды было дзіўна, што мой гаспадар, вяртаючыся ноччу з шынка, ніколі не пасылаў мяне па вясёлую дзяўчыну, якая сагрэла б ягоны ложак. А жанчыны, якіх я падсылаў, каб яны перад табой распрануліся і схілілі цябе павесяліцца з імі, сыходзілі ўрэшце незадаволеныя і называлі мяне старым пацуком і гнойнай варонай. Хоць былі сярод іх маладыя і нават прыгожыя. Усе мае клопаты былі дарэмныя, і я па дурасці радаваўся, што ты, можа, ніколі не прывядзеш у дом жанчыну, якая біла б мяне па галаве ці, раззлаваўшыся, аблівала б мае ногі варам. Дурань я безгаловы! Калі ў трысняговую хату кінуць першую галавешку, яна ўмомант згарыць дашчэнту.
I яшчэ ён сказаў:
— Чаму ты пры сваёй недасведчанасці не спытаў у мяне парады, мой гаспадар? Я шмат чаго бачыў і шмат чаго ведаю ў жыцці, хоць ты пра гэта і не здагадваешся. Я таксама некалі спаў з жанчынамі і магу запэўніць, што хлеб, піва ды поўны жывот лепей, чым улонне самай прыгожай жанчыны. О, мой гаспадар, калі мужчына ідзе да жанчыны, ён павінен браць з сабой добры кіёк, іначай жанчына завалодае ім і закуе яго ў кайданы, якія ўразаюцца ў плоць, як тонкая нітка, і муляюць сэрца, як каменьчык нагу, калі трапіць у сандалі. Клянуся Амонам, лепш бы ты прыводзіў на ноч дзяўчат, мой гаспадар, тады мы ўберагліся б ад гэтага гора. А ты толькі дарэмна марнаваў час у шынках ды ў дамах уцехаў, калі нейкая жанчына за раз ператварыла цябе ў раба.
Ён гаварыў яшчэ доўга і шмат, пакуль яго словы не сталі падобныя да зыкання мухі ў маіх вушах. Нарэшце ён супакоіўся, згатаваў мне паесці і паліў на рукі, але я не мог есці, маё цела гарэла агнём, і ўвесь вечар я не думаў ні пра што іншае, апроч аднаго жадання.
Каптах тым часам добра падсілкаваўся і нават выпіў збан піва. А потым пачаў спяваць сумныя песні, рваць на сабе валасы і пасыпаць гала-
ву попелам, пакуль не заснуў у сябе ў кухні. Я ж спаць не мог, жар пёк усё маё цела. Тады я выправіўся прайсціся ў начной цемры і доўга кружляў вакол храма Баст, пазіраючы на паходні перад домам Нефернефернефер і на вясёлых гасцей, што, спускаючыся з насілак, уваходзілі да яе ў дом. Але памятаючы пра забарону, сам я зайсці не адважыўся.
Я кружляў вакол храма Баст, і мае думкі джгалі мяне, як смертаносныя гады. Дзяўчаты тузалі мяне за рукавы, смяяліся і штосьці шапталі ў цемры, пакуль я не змучыўся так, што ў адчаі пайшоў за адной следам. Яна папрасіла ў мяне падарунак, і я аддаў ёй апошні кавалак медзі, a калі мы падышлі да сцяны храма, яна лягла на зямлю, расхінула перада мною адзенне і раскрыла абдымкі. Але я не змог нічога зрабіць, хоць і жадаў гэтага, бо зямля пад мурамі смярдзела мачой. Дзяўчына ж яшчэ доўга ішла за мною, плявалася і бэсціла мяне на чым свет стаіць.