Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Я вярнуўся дадому зняможаны, нібы мяне адхвасталі пугай. Мой ложак здаваўся мне гарачым, як печка, і я стагнаў у сне. Уранні я вымыўся, апрануўся і нацёр твар духмяным алеем, рыхтуючыся пайсці да Нефернефернефер, бо адчуваў, што зараз памру, калі не ўбачу яе і не дакрануся да яе рукі. Вочы ў Каптаха пачырванелі ад слёз і выпітага піва, ён чухаў пасыпаную попелам галаву і кінуўся перада мной на зямлю, жадаючы затрымаць, але маё сэрца як скамянела. I каб выйсці, я наступіў на яго. Хоць лепш бы мне было нікуды не хадзіць.
ПАПІРУС ЧАЦВЕРТЫ
Нефернефернефер
і
Як толькі пачало світаць, я пайшоў да Нефернефернефер, але яна яшчэ спала. Спалі і яе служанкі. Яны брыдка аблаялі мяне і ў дадатак аблілі памыямі за тое, што я разбудзіў іх так рана. I я сядзеў перад яе варотамі, як апошні жабрак, пакуль з дома не пачуліся галасы. Толькі тады я зноў пастукаўся ў дзверы.
Нефернефернефер ляжала на ложку, твар у яе быў бледны і нейкі ссохлы, а зялёныя вочы памутнелі ад выпітага ўчора віна.
— Чаго ты мне назаляеш, Сінухе? — сказала яна. — Ты мне так надакучыў. Што табе трэба?
— Я хачу есці, піць і весяліцца з табой, — адказаў я з болем у сэрцы. — Ты мне сама абяцала.
— Гэта было ўчора, а сёння настаў новы дзень, — прамовіла яна ў адказ.
Рабыня зняла з яе пакамечанае адзенне і пачала ўмашчваць і расціраць гаспадыніна цела. Потым Нефернефернефер доўга разглядала сябе ў люстра і, нафарбаваўшы твар шмінкай, узяла ў рукі дыядэму са старога золата з перлінамі і каштоўнымі камянямі, каб прымераць яе.
— Якая прыгажосць! — сказала яна. — Гэтая аздоба варта сваёй цаны, хоць я і стамілася і ўсё маё цела знемаглося так, быццам я ўсю ноч правяла ў смяротнай бойцы.
Яна пазяхнула, выпіла з кубка віна, каб падбадзёрыць натомленае цела, прапанавала віна і мне, але я быў так апантаны жаданнем, што не адчуў у віне ніякага смаку.
— Ты ўчора падманула мяне, — сказаў я, — у цябе не было ніякай жаночай нямогласці, якая перашкодзіла б табе павесяліцца са мною. — Я сказаў гэта знарок, бо яшчэ ўчора адчуваў сэрцам хлусню.
— Я памылілася, — адказала яна. — Але ж час сапраўды надышоў, і таму я вельмі занепакоеная — ці не зацяжарала я ад цябе, Сінухе? У тваіх абдымках я так аслабла, а ты быў такі палкі.
Кажучы гэта, яна ўсміхалася і кпліва паглядала на мяне, і я зразумеў, што яна проста з мяне здзекуецца.
— Гэта і ёсць, відаць, тая аздоба, якую знайшлі ў магіле сірыйскага цара, — сказаў я. — Як я памятаю, ты ўчора казала нешта такое.
— Box, — сказала яна кволым голасам. — Дыядэма сапраўды знай-
шлася ў падгалоўі сірыйскага гандляра, але можаш не хвалявацца: ён быў тоўсты і тлусты, як парсюк, і смярдзеў цыбуляй. Я атрымала ўсё, што хацела, і не жадаю болып яго бачыць.
Яна зняла парык і карону, безуважна кінула іх на падлогу і зноў лягла ў ложак. Калі яна закінула за патыліцу рукі і пацягнулася ўсім целам, маім вачам адкрылася яе макушка, прыгожая і гладкая.
— Я стамілася да поўнай знямогі, Сінухе, — сказала яна. — А ты карыстаешся маім бездапаможным становішчам, гледзячы на мяне сваімі пажаддівымі вачыма. Табе трэба памятаць, што я не якая-небудзь нікчэмная жанчына і, хоць жыву адна, павінна аберагаць сваё добрае імя.
— Ты выдатна ведаеш, што мне болып няма чаго табе падараваць, бо ўсё, што я меў, цяпер належыць табе, сказаў я і схіліў галаву да краю ложка, каб падыхаць водарам яе надухмяненай масцямі скуры. Яна лёгка дакранулася да маіх валасоў, але хуценька адкінулася назад і засмяялася, круцячы галавой.
— Якія ж хітрыя і хлуслівыя ўсе мужчыны, — сказала яна. — Ты таксама мне хлусіш, але я нічога не магу з сабою зрабіць: ты мне падабаешся, а я ўсяго толькі слабая жанчына. Ты казаў неяк, што мае абдымкі апяклі цябе мацней за агонь, але ж гэта няпраўда. Можаш паспытаць маіх абдымкаў, і ты адчуеш іх пяшчоту і прахалоду. Можаш палашчыць і мае грудзі, бо яны стаміліся і прагнуць ласкі.
Але як толькі я сабраўся пацешыцца з ёю, яна злосна мяне адштурхнула і, сеўшы на ложку, сказала:
— Хоць я толькі слабая і самотная жанчына, але не дазволю, каб мною авалодаў ашуканец-мужчына. Ты ўтойваў ад мяне, што ў твайго бацькі Сэнмута ёсць дом непадалёк ад гавані ў бядняцкім квартале. Сам дом каштуе няшмат, але ж зямля, на якой ён пабудаваны, знаходзіцца побач з гаванню, дый за мэблю, калі прадаць на рынку, сёе-тое можна атрымаць. Калі б ты аддаў мне ўсю гэту маёмасць, дык я, мусіць, і змагла б паесці, папіць і павесяліцца з табою сёння, бо заўтрашні дзень невядомы нікому, а я ж павінна аберагаць сваё добрае імя.
— Але бацькава маёмасць мне не належыць, — у жаху запярэчыў я. — Ты не можаш патрабаваць ад мяне таго, што мне не належыць, Нефернефернефер.
Яна схіліла голаў і паглядзела на мяне сваімі зялёнымі вачыма. Яе твар быў зусім маленькі і бледны.
— Маёмасць твайго бацькі — гэта твая законная спадчына, Сінухе, — сказала яна. — I ты гэта выдатна ведаеш, бо ў тваіх бацькоў няма дачкі, чый якой меў бы перад табой перавагу ў атрыманні спадчыны. Ты іх адзіны сын. 1 ты стаіў ад мяне, што твой бацька зусім аслеп і перадаў табе сваю пячатку і права распараджацца яго маёмасцю, як сваёй уласнай.
Toe, што бацька перадаў мне сваю пячатку і папрасіў паклапаціцца аб яго маёмасці і дастатку, было праўдай: сам ён не мог ужо напісаць нават сваё імя. Кіпа і Сэнмут часта казалі, што іх дом трэба было б прадаць па добрай цане ды купіць маленькую хатку за горадам, дзе яны маглі б жыць, пакуль не наблізіцца час пахавання і не прыйдзе пара выпраўляцца ў вандроўку па шляху вечнага жыцця.
Я стаяў, не могучы прамовіць ні слова, і з жахам падумаў, як я магу здрадзіць бацькам, якія мне даверылі ўсё. Але Нефернефернефер, зірнуўшы на мяне з-пад паўапушчаных веек, шапнула:
— Вазьмі маю галаву ў свае рукі і дакраніся вуснамі да маіх грудзей — у табе ёсць нешта такое, што абяссільвае мяне, Сінухе. Дзеля цябе я гатовая забыцца на ўсякую выгаду і буду весяліцца з табой увесь дзень — нават за такі твой малы падарунак, як бацькава маёмасць, якая амаль нічога не вартая.
Я ўзяў яе галаву рукамі, і яна была такая маленькая, такая гладкая, такая прыгожая, што мяне ахапіла невымоўнае пачуццё шчасця і ўзрушанасці.
— Добра, хай будзе па-твойму, — сказаў я і пачуў, як дрыжыць мой голас.
Але калі я захацеў авалодаць ёю, яна сказала:
— Пачакай, ты паспееш трапіць у святліцу, якая па праве табе належыць, але спачатку пакліч вучонага пісара-заканазнаўцу, каб ён склаў патрэбныя паперы, бо я не давяраю абяцанкам мужчын: яны такія хітруны і хлусы, а мне трэба аберагаць сваё добрае імя.
Мне не спатрэбілася шмат часу, каб адшукаць пісара-заканазнаўцу, але кожны крок удалечыні ад Нефернефернефер здаваўся мне нечалавечай пакутай. Таму я прыспешыў пісарчука хутчэй скласці паперы, прыклаў да папіруса бацькаву пячатку і паставіў за яго свой подпіс, каб ужо сёння можна было адаслаць папірус у фараонаў архіў на захаванне. Але я не меў ужо ні срэбра, ні медзі, каб заплаціць заканазнаўцу, і той быў гэтым вельмі незадаволены, але згадзіўся атрымаць плату пасля продажу бацькавага дома, аб чым таксама запісаў у паперу.
Але калі я вярнуўся ў дом Нефернефернефер, слугі сказалі, што яна спіць, і я мусіў чакаць яе абуджэння да позняга вечара. Нарэшце яна прачнулася і дазволіла мне ўвайсці да сябе ў пакой, дзе я аддаў ёй распіску. Яна тут жа схавала паперку ў чорны куфэрак.
— Ты вельмі ўпарты, Сінухе, — сказала яна, — але я сумленная жанчына і выконваю свае абяцанні. Дык вазьмі ж тое, дзеля чаго прыйшоў.
Яна лягла на ложак і раскрыла свае абдымкі, але не весялілася разам са мною, а павярнуўшы галаву ўбок, глядзела ўлюстэрка і, пазяхаючы, прыкрывала рот далонню. Таму радасць, якой я так горача прагнуў, ператварылася ў халодны попел. А калі я ўстаў, яна сказала:
— Ты атрымаў тое, чаго хацеў, Сінухе, а цяпер дай мне спакою, бо ты мне апастылеў. Я не мела ад цябе ніякай радасці, бо ты няўклюдны і занадта гарачы, і рукі твае мне прычыняюць боль. Я не буду пералічваць усе пакуты, што ад цябе цярпела: усё адно ты не здольны на лепшае. А калі так, дык пакінь мяне нарэшце ў спакоі. Можаш, вядома, завітаць да мяне якім-небудзь іншым днём, але здаецца, я табе ўжо надакучыла.
Я быў спустошаны, як вылушчаная шкарлупіна, і, ледзь перастаўляючы хісткія ногі, пацягнуўся дадому. Я хацеў апынуцца ў цішыні цёмнага пакоя, дзе змог бы закрыць твар далонямі і выплакаць з сэрца журбу і расчараванне, але на маім ганку сядзеў чужынец у парыку і стракатым сірыйскім адзенні. Ён напышліва павітаўся са мною і папрасіў у мяне парады як у лекара.
— Я больш не прымаю хворых, — адказаў я. — Гэта ўжо не мой дом.
— У мяне на нагах балючыя мазалі, — настойваў госць, дамешваючы ў гаворку сірыйскія словы.— Твой мудры раб Каптах параіў мне цябе як адмысловага мазольнага лекара. Пазбаў мяне ад пакутаў, і ты не пашкадуеш.
Наведнік так моцна настойваў, што я запрасіў яго ў прыёмны пакой і паклікаў Каптаха, каб той прынёс гарачай вады памыцца. Але Каптаха не было дома, і толькі аглядаючы ногі сірыйца, я раптам пазнаў у іх мазолістыя Каптахавы ногі. Ён скінуў парык, адкрыў твар і гучна засмяяўся.
— Што за жартачкі? — узлаваўся я і выцяў раба кійком так, што яго весялосць імгненна змянілася жаласным лямантам. Але калі я адкінуў палку, ён сказаў:
— Калі я ўжо не твой раб, дык магу, не баючыся, сказаць, што збіраюся ўцычы і такім чынам правяраў, ці пазнаеш ты мяне ў гэтым убранні.
Я напомніў яму пра кары, якія чакаюць уцёклага раба, і дадаў, што калі-небудзь ён усё адно пападзецца, бо яму не будзе чым пракарміцца. Але ён адказаў:
— Я ўчора так напіўся піва, што ноччу пабачыў сон. У тым сне ты, гаспадар, ляжаў у распаленай печы, але прыйшоў я і моцна цябе вылаяў, а тады, узняўшы за каршэнь, апусціў у паток, які знёс цябе ўдалячынь. Удзень я хадзіў на рынак і спытаў у тлумачальніка сноў, што азначае печ, і той сказаў, што мой гаспадар у небяспецы і што праз маю дзёрзкасць мне дастанецца шмат удараў дубцом, а майму гаспадару наканаваны далёкі шлях. Гэты сон, далібог, праўдзівы, бо дастаткова зірнуць табе ў твар, як адразу робіцца ясна, што ты ў вялікай небяспецы, а дубца я ўжо атрымаў, значыць, і астатняе збудзецца. А таму, каб мяне не пазналі, я падрыхтаваў сабе гэтае ўбранне і вырашыў суправаджаць цябе ў вандраваннях.