• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    — Твая адданасць, Каптах, мяне вельмі кранае, — сказаў я, спрабуючы з'едліва пажартаваць. Можа, мяне сапраўды чакае далёкі шлях, але ж калі гэта і так, дык той шлях — напрасткі ў Дом смерці, а туды ты наўрад ці захочаш са мной ісці.
    — Заўтрашні дзень невядомы нікому, — урачыста сказаў Каптах. Ты яшчэ малады і зялёны, мой гаспадар, ты як цяля, якога маці не паспела начыста вылізаць. А таму я не магу адпусціць цябе аднаго ў цяжкае падарожжа да Дома смерці і ў Краіну Захаду. Калі гэта чакае цябе, дык і я пайду за табою, каб дапамагчы табе сваім досведам, таму што, нягледзячы на ўсе твае маладыя вар'яцтвы, я прыкіпеў да цябе сваім сэрцам і таму што ў мяне ніколі не было свайго сына, хоць, напэўна, я зачаў нямала дзяцей. Праўда, я ніколі іх так і не пабачыў, a таму хачу думаць, што ты мой сын. Я кажу так не дзеля таго, каб зняславіць цябе, а каб паказаць, як я да цябе стаўлюся.
    Яго нахабства зайшло надта далёка, але я не стаў біць яго палкай, бо ён ужо не належаў мне. Я зачыніўся ў сваім пакоі, захутаўся з галавой у коўдру і, як забіты, праспаў да самага рання, бо калі чалавечыя раскаянне і ганьба занадта вялікія, яны дзейнічаюць, як дурманнае зелле. Але прачнуўшыся ўранні, я адразу зноўуспомніў вочы і цела Нефернефернефер, і мне здалося, што я трымаю ў руках яе гладкую галоўку і адчуваю пад сабой яе грудзі. Я не магу сказаць, чаму так адбывалася. Можа, яна напраўду нейкім невядомым чынам зачаравала мяне? Зрэшты, я ў чараўніцтва не дужа веру. Тым не менш, я памыўся, апрануўся і нацёр твар духмяным алеем, рыхтуючыся пайсці да яе.
    2
    Нефернефернефер прыняла мяне ў садзе ля зарасніку лотаса. Яе вочы былі светлыя, вясёлыя і зеляней, чым вада ў Ніле. Убачыўшы мяне, яна ўсклікнула:
    Вой, Сінухе! Ты ўсё ж вярнуўся да мяне. Напэўна я не такая ўжо старая і брыдкая, калі не ўстыла табе. Чаго ты ад мяне хочаш?
    Я глядзеў на яе, як смяротна галодны глядзіць на хлеб, а яна схіліла галаву набок і капрызліва-злосным голасам сказала:
    — Сінухе, Сінухе, ты, я думаю, не збіраешся весяліцца са мною зноў. Я, праўда, жыву адна, але я не якая-небудзь нікчэмная жанчына і павінна аберагаць сваё добрае імя.
    — Учора я аддаў табе ўсю бацькаву маёмасць, — сказаў я. — Цяпер мой бацька, некалі паважаны лекар, стане бедняком і, напэўна, яму, сляпому, давядзецца жабраваць на вуліцах, а мая маці зробіцца прачкай.
    — Учора было ўчора, а сёння — гэта сёння, — сказала Нефернефернефер і паглядзела на мяне прыжмуранымі вачыма. — Але я зусім не патрабавальная, я з радасцю дазволю табе пасядзець побач і нават па-
    трымаць мяне за руку, калі хочаш. Сёння маё сэрца радуецца, і я хачу, каб ты падзяліў са мной гэтую радасць, хоць я наўрад ці насмелюся весяліцца з табой нейкім іншым чынам. — Яна гарэзліва зірнула на мяне і лёгенька правяла рукой па маіх грудзях. — Ты нават не пытаешся, чаму радуецца маё сэрца, — з папрокам працягвала яна. — Але я магу табе гэта сказаць. Дык ведай, што да нас у горад прыехаў адзін знатны чалавек з Ніжняга Егіпта і прывёз залаты сасуд вагай амаль сто дэбенаў, а на тым сасудзе шмат прыгожых і забаўных карцін. Праўда, ён вельмі стары і такі сухарэбры, што яго косці, напэўна, праб'юць мне бакі, але я спадзяюся, што заўтра ўжо гэты сасуд упрыгожыць мой дом. Я не якаянебудзь нікчэмная жанчына і павінна аберагаць сваё добрае імя.
    Паколькі я нічога не сказаў, яна глыбока ўздыхнула і летуценна агледзела лотасы ды іншыя кветкі ў садзе. Потым яна павольна скінула адзенне і пагрузілася ў басейн. Яе галава ўздымалася над вадой побач з лотасамі і была прыгажэйшая за ўсе лотасьі ў свеце. Пагайдваючыся на вадзе перада мною, яна закінула рукі за галаву і сказала:
    — Ты сёння вельмі маўклівы, Сінухе. Я часам не сапсавала табе настрой? Калі гэта так, то я з радасцю выпраўлю сваю хібу.
    Я не вытрываў і сказаў:
    — Ты выдатна ведаеш, чаго я хачу, Нефернефернефер.
    — Твой твар расчырванеўся, а жылы так і пульсуюць на скронях, Сінухе, — адказала яна. — Можа, будзе лепш, калі ты распранешся ды ўвойдзеш у басейн, каб астудзіцца разам са мной, сёння такая спёка. He муляйся і не бойся, тут нас ніхто не ўбачыць.
    Я распрануўся і пагрузіўся ў ваду побач з ёю так, што яна датыкнулася да мяне пад вадой сваім клубам. Але як толькі я захацеў авалодаць ёю, яна са смехам вырвалася і пачала пырскаць вадою мне ў вочы.
    — Я выдатна ведаю, чаго ты хочаш, Сінухе, — сказала яна, — хоць мая вялікая цнатлівасць і не дазваляе мне глядзець на цябе. Але спачатку ты павінен падараваць мне што-небудзь, бо я не якая-небудзь нікчэмная жанчына.
    Тут я не вытрымаў і закрычаў:
    — Ты зусім страціла розум, Нефернефернефер! Ты выдатна ведаеш, што абабрала мяне дашчэнту. Я саромеюся самога сябе і ўжо ніколі не адважуся сустрэцца са сваімі бацькамі. Але я ўсё яшчэ лекар, і маё імя запісана ў Кнізе жыцця. Можа, я калі-небудзь і змагу зарабіць сваім майстэрствам столькі, каб зрабіць табе падарунак, варты тваёй прыгажосці. Але цяпер злітуйся з мяне, бо нават у вадзе маё цела гарыць агнём і я, гледзячы на цябе, да крыві кусаю свае рукі.
    Яна лёгка пагайдвалася на вадзе, і яе грудзі падымаліся над паверхняй, як дзве дзівосныя кветкі.
    — Лекару ўяго працы патрэбны рукі ды вочы, праўда, Сінухе? А без
    рук і вачэй ён о ўжо зусім і не лекар, няхай нават яго імя хоць тысячу разоў будзе запісана ў Кнігу жыцця. Што ж, можа, я і павесялілася б з табою сёння, калі б ты даў выкалаць сабе вочы і адрэзаць рукі, каб я магла павесіць іх на вушаку ў зале, як знак сваёй перамогі, і каб мае госці ставіліся да мяне з належнай пачцівасцю і ведалі, што я не якаянебудзь нікчэмная жанчына. — Яна паглядзела на мяне з-пад зацененых зялёным веяў і працягвала, нібы мімаходзь:
    — А можа, гэтага зусім і не трэба, бо ад тваіх вачэй не будзе ніякай карысці, а рукі пачнуць смярдзець ды збіраць вакол сябе мух. Няўжо мы сапраўды не можам прыдумаць, што б ты мог падараваць мне яшчэ, Сінухе? Гледзячы на тваё аголенае цела пад вадой, я трачу апошнія сілы і цярпенне. Ты, праўда, няўклюдны і недасведчаны, але я спадзяюся за дзень навучыць цябе шмат чаму такому, пра што ты не маеш ніякага ўяўлення. А я ж ведаю незлічонае мноства спосабаў, якія вельмі даспадобы мужчынам, дый жанчыны зазнаюць ад іх вялікае задавальненне. Падумай пра гэта, Сінухе.
    Але як толькі я захацеў дагнаць яе, яна хуценька выскачыла на бераг і спынілася ў ценю пад дрэвам, страсаючы ваду з рук.
    — Я ўсяго толькі слабая жанчына, а мужчыны такія хітруны і хлусы, — сказала яна. — I ты, Сінухе, таксама падманваеш мяне. Сэрца маё поўніцца журбою, і я не магу стрымаць слёзы, як толькі падумаю аб тым, што надакучыла табе. Гэта так, іначай ты не стаў бы хаваць ад мяне, што ў тваіх бацькоў ёсць выдатная цалкам выкупленая магіла і яны ўнеслі ў храм усе патрэбныя грошы, каб іх целы былі падрыхтаваныя да вечнага жыцця і забяспечаныя ўсім неабходным у падарожжы да Краіны Захаду.
    Пачуўшы гэта, я да крыві разадраў пазногцямі свае грудзі і закрычаў:
    Цябе і праўда завуць Табубуэ, цяпер я веру!
    На гэта яна сумна адказала:
    — Ты не павінен папракаць мяне за тое, што я не хачу быць нікчэмнай жанчынай. Дый я не запрашала цябе ў свой дом, ты прыйшоў сам. Ну ды няхай, цяпер я ведаю, што ты мяне не кахаеш, а прыходзіш толькі, каб пасмяяцца з мяне, калі ўжо такая дробязная справа нас раздзяляе.
    Слёзы пацяклі па маіх шчоках, я задыхаўся ад пакуты, але падышоў да яе, і яна лёгка дакранулася да мяне сваім аголеным целам.
    — Адна думка пра такое — ужо грахоўная і бязбожная, — сказаў я. — Як я магу пазбавіць сваіх бацькоў вечнага жыцця і дазволіць, каб іхнія целы ператварыліся ў нішто, падобна рабам, беднякам ды злачынцам, чые целы выкідаюць у раку? Ты не павінна прасіць мяне пра такое.
    Але яна прыгарнулася да мяне ўсім аголеным целам і настойліва
    сказала:
    — Аддай мне магілу сваіх бацькоў, і тады я змагу прашаптаць табе на вуха: «мой браце», — і мае абдымкі ахопяць цябе пяшчотным полымем, і я навучу цябе тысячам розных рэчаў, пра якія ты нават не маеш уяўлення і якія так радуюць мужчын.
    Я ўжо больш не валодаў сабой. Я заплакаў і сказаў:
    — Добра, хай будзе так, як ты хочаш, і хай будзе векавечна праклятае маё імя, але я не магу працівіцца табе — такім моцным чарадзействам ты мяне зачаравала.
    Але яна запярэчыла:
    — Ніколі больш не кажы мне пра чарадзейства, бо я не якая-небудзь нікчэмная жанчына, я жыву ў сваім доме і клапачуся аб сваёй добрай славе. Але паколькі ты ў дрэнным настроі і ў журбе, я зараз жа пашлю слугу за вучоным пісарам-заканазнаўцам, а мы тым часам паядзім і вып'ем віна, каб потым, калі ўсе паперы будуць законным чынам падрыхтаваныя, нашыя сэрцы ўзрадаваліся і мы змаглі б павесяліцца як след.
    Яна звонка засмяялася і пабегла ў дом. Я апрануўся і пайшоў следам, і слугі палілі мне на рукі, нізка схіліўшыся і апусціўшы да каленяў рукі. Але за спінай яны смяяліся з мяне, я гэта добра чуў, аднак рабіў выгляд, што іх насмешкі падобныя да зыку мухі ў маіх вушах. Як толькі Нефернефернефер спусцілася ўніз, яны адразу сціхлі, і мы з ёй пачалі есці і піць, і нам падалі пяць мясных страваў і дванаццаць выпечак, a таксама змешанага віна, якое хутка ўдарыла ў галаву. Прыйшоў вучоны законнік і напісаў усе неабходныя паперы, і я перадаў Нефернефернефер магілы маіх бацькоў у Горадзе мёртвых разам з усімі грашыма, якія яны перадалі ў храм за неабходныя рытуалы, і такім чынам мае бацькі страцілі вечнае жыццё і магчымасць трапіць у Краіну Захаду пасля смерці. Я прыклаў да папіруса бацькаву пячатку і распісаўся за яго, а пісар сказаў, што сёння ж занясе паперы ў царскі архіў, каб яны набылі сілу. Ён аддаў Нефернефернефер распіску, якую яна нібы мімаходзь зачыніла ў сваім чорным куфэрку, а потым так шчодра заплаціла законніку за яго клопат, што той пайшоў, нізка кланяючыся і апусціўшы да каленяў рукі.
    Пасля таго, як пісар пайшоў, я сказаў:
    — 3 гэтага моманту я зняслаўлены перадлюдзьмі і багамі, Нефернефернефер. Дык давядзі ж цяпер, што зробленае мною варта сваёй цаны.
    Але яна толькі ўсміхнулася і сказала:
    — Выпі віна, мой браце, і хай узвяселіцца тваё сэрца.
    А калі я захацеў авалодаць ёю, яна мяне адхіліла і падліла яшчэ ў маю чашу віна. Праз пэўны час яна паглядзела на сонца і прамовіла: