Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
магілы, бо ўсё існае — вялікая марнасць, і можа нам нават лепш ператварыцца ў нішто, чым перажываць беды і небяспеку на цяжкім шляху ў Краіну Захаду. Памятай толькі, што наша смерць была лёгкай і мы, паміраючы, блаславілі цябе. Хай цябе бароняць ад небяспекі ўсе багі Егіпта, хай хаваюць ад смутку і журбы тваё сэрца, і хай будзе ў цябе столькі ж радасці ад тваіх дзяцей, колькі нам было ад цябе, Гэтага жадаюць табе бацька Сэнмут і маці Кіпа».
Пачуўшы гэта, схаладзелы камень майго сэрца ажыў і сагрэўся, і слёзы паліліся ў дарожны пыл перада мною. А пісарчук сказаў:
— Вось гэты ліст. Праўда, на ім няма пячаткі і подпісу твайго бацькі, бо ён проста не мог яго падпісаць, але ты мне павінен паверыць, што ўсё запісана тут слова ў слова, як прадыктаваў твой бацька, і найлепшым доказам маёй праўдзівасці хай паслужаць плямы ад слёз тваёй маці на гэтых пісьмёнах.
Ён паказаў мне ліст, але мае вочы былі поўныя слёз, і я нічога не бачыў. Тады ён згарнуў ліст у трубачку і ўклаў мне ў руку, сказаўшы:
— Твой бацька Сэнмут быў праведным чалавекам і маці — добрай жанчынай, хоць і магла часам па жаночай звычцы сказаць злое слова. Таму я і ўзяўся пісаць гэты ліст, хоць загадзя ведаў, што твайму бацьку не будзе чым мне аддзячыць, і цяпер перадаю гэты ліст табе, хоць папірус, на якім ён напісаны, добры і яго можна было б адчысціць і скарыстаць яшчэ раз.
Я крыху падумаў і сказаў:
— Мне таксама няма чым табе аддзячыць, добры чалавеча. Вазьмі хоць мой плашч, няхай ён пакамечаны і брудны, але зроблены з добрай тканіны.
3 гэтымі словамі я зняў з сябе плашч і працягнуў яго пісарчуку, a той, з недаверам памацаўшы тканіну, са здзіўленнем ускінуў рукі і прамовіў:
— Твая шчодрасць вялікая, о Сінухе, што б не казалі пра цябе людзі. 1 калі яны будуць казаць, што ты дашчэнту абрабаваў бацькоў і пакінуў іх без пахавання, я за цябе заступлюся. Але я не магу ўзяць твой плашч, на ім вельмі дарагая тканіна, а без плашча сонца выпаліць табе спіну, як спіны рабоў, і яна пакрыецца балючымі пухірамі.
Але я настойваў:
— Вазьмі яго, і хай цябе блаславяць усе багі Егіпта і вечна зберагаецца тваё цела, бо ты сам не ведаеш, якую добрую справу ты мне зрабіў.
Тады ён узяў плашч і пайшоў, высока падняўшы апратку над галавой і смеючыся ад радасці. А я накіраваўся ў Дом смерці, і з вопраткі на мне была толькі паяснічная павязка, як у рабоў ці валагонаў. Я ішоў туды, каб правесці ў Доме смерці трыццаць дзён і трыццаць начэй, дапамагаючы мыйшчыкам трупаў.
4
Я меркаваў, што як лекар ужо дастаткова нагледзеўся на смерць і пакуты і прывык датыкацца да нарываў і гнойных ранаў, але пачаўшы служыць у Доме смерці, я зразумеў, што я проста дзіцё і нічога не ведаю. Ад беднякоў не было шмат клопату: яны спакойна ляжалі, выдзяляючы востры пах, у вялікіх чопах з лугам і соллю. Я хутка навучыўся працаваць крукам, якім паварочвалі іхнія целы. А вось целы знатнейшых людзей патрабавалі большага майстэрства: каб прапалоскваць іх вантробы і потым распіхваць іх па гліняных сасудах, трэба было ўвогуле не мець ніякіх пачуццяў. Але найбольшая трываласць аказалася патрэбнай, каб прыняць нечаканае адкрыццём, што Амон рабуе мёртвых больш, чым жывых, бо цэны на бальзамаванне залежалі ад багацця нябожчыка, а бальзамоўшчыкі падманвалі родзічаў, пералічваючы шматлікія дарагія віды алею, бальзамаў ды масцяў, якімі яны нібыта карысталіся, а напраўду заўсёды ўжываўся той самы кунжутны алей. Напоўніцу і з вялікім майстэрствам апрацоўваліся толькі целы самай высокай знаці, а іншым у поласці пырскалі адмысловы алей, які раствараў усе вантробы, а на іх месца запіхвалі чарот, насычаны смалой. Беднякам жа не рабілі і гэтага — а праз трыццаць дзён іх проста выцягвалі крукамі з чопаў, давалі высахнуць на двары і вярталі родзічам.
Жрацы сачылі за Домам смерці, але нягледзячы на тое мыйшчыкі і бальзамоўшчыкі кралі ўсё, што траплялася пад руку, і лічылі гэта за сваё законнае права. Яны кралі лекавыя травы, дарагі алей, масці і тканіну, у якую загортвалі мумій, а потым прадавалі гэта, каб скарыстаць ізноў. I жрацы нічога не маглі зрабіць: працаўнікі ведалі сваю справу, а знайсці новых было не так лёгка. Толькі праклятыя багамі людзі ды злачынцы, якія хаваліся ад уладаў, наймаліся працаваць у Дом смерці. Праз пэўны час іх пачыналі ўжо здалёк пазнаваць па густым паху солі, лугу і трупаў, які так моцна ўядаўся ў іх скуру, што людзі іх пазбягалі, не пускаючы ні ў шынкі, ні ў дамы ўцех.
Але ж я сам напрасіўся да іх у памагатыя, і таму мыйшчыкі трупаў лічылі мяне за такога самага ізгоя і не хавалі сваіх махлярстваў.
Калі б на мне не ляжалі яшчэ больш грахоўныя ўчынкі, я проста ўцёк бы адтуль у жаху, убачыўшы, як яны здзекуюцца з целаў знатных людзей, выразаючы з іх розныя часткі, каб прадаць чарадзеям. Калі толькі Краіна Захаду існуе, — а мне хацелася б у гэта верыць дзеля маіх бацькоў, — дык, думаю, многія нябожчыкі вельмі здзівяцца, убачыўшы, якімі пакалечанымі яны вымушаны пачынаць свой цяжкі шлях, хоць пры жыцці ахвяравалі храму нямала золата на прыстойнае пахаванне.
Але самая вялікая радасць панавала ў Доме смерці, калі туды трапляла цела маладой жанчыны няважна, была яна прыгожая або брыд-
кая. Яе труп не кідалі адразу ў ванну з растворам, а на адну ноч заносілі ў спальныя пакоі да мыйшчыкаў, і тыя сварыліся і біліся між сабою, кідаючы жэрабя, каму першаму выпадзе пацешыцца з ёю, бо ў звычайных людзей да іх была такая агіда, што нават самыя танныя вулічныя дзеўкі не хацелі весяліцца з імі ні за якое золата, і нават негрыцянкі пазбягалі іх. Раней, калі пасля вялікіх ваенных паходаў рабы каштавалі няшмат, мыйшчыкі збіралі грошы і куплялі сабе рабыню для агульнага карыстання, але вельмі хутка рабыня проста вар'яцела ад жахлівага жыцця ў Доме смерці і так крычала, што жрацы мусілі забараніць продаж рабынь у Дом смерці. Пасля гэтага мыйшчыкі пачалі самі сабе гатаваць ежу і мыць вопратку, а цешыліся толькі з трупамі маладых жанчын. Яны апраўдваліся тым, што некалі, у часы вялікага царства, адна прынесеная ў Дом смерці кабета ажыла ў абдымках мыйшчыка трупаў — гэта быў вялікі цуд, здзейснены Амонам на радасць бацькам і мужу жанчыны. Таму яны лічылі сваім святым абавязкам увесь час паўтараць гэтыя спробы стварыць новы цуд і сагравалі сваім брыдкім цяплом жанчын, прынесеных у Дом смерці, але толькі ў тых выпадках, калі жанчыны былі не надта старыя, бо іначай ад іх уваскрашэння нікому не было б ніякае радасці. He магу сказаць, ці ведалі пра гэта жрацы, бо ўсё адбывалася патаемна пад покрывам ночы, калі брама ў Дом смерці была зачыненая.
Той, хто прыходзіў у Дом смерці і наймаўся мыйшчыкам трупаў, ужо заставаўся там назаўсёды і, жывучы сярод мерцвякоў, рэдка выходзіў на вуліцу, каб не бачыць людской пагарды. У першы дзень працы ў мяне склалася думка, што ўсе яны праклятыя багамі стварэнні, а іх размовы і здзекі з нябожчыкаў прывялі мяне ў жах. Але ў першы дзень мне ў вочы кінуліся толькі самыя бессаромныя і нахабныя. Узрадаваўшыся майму з'яўленню, яны адразу загадалі мне выконваць самую брудную і цяжкую працу. Але з часам я пачаў прыкмячаць, што сярод мыйшчыкаў і бальзамоўшчыкаў ёсць вялікія майстры сваёй справы, чыё майстэрства перадаецца лепшым ад лепшых, якія лічаць сваю справу самаю важнай і ставяцца да сваіх абавязкаў з вялікай адказнасцю. У кожнага з іх — падобна да лекараў з Дома жыцця — была свая адмысловая галіна: адзін займаўся галавою нябожчыка, другі — чэравам, трэці сэрцам, чацвёрты — лёгкімі, і так кожны рыхтаваў розныя часткі цела да вечнага жыцця.
Сярод усіх выдзяляўся стары на імя Рамосэ, чыя задача была самаю цяжкаю. Адмысловымі абцугамі ён даставаў праз нос мазгі ў нябожчыка і прамываў яго чэрап ачышчальным алеем. Ён са здзіўленнем адзначыў спрыт маіх рук і пачаў навучаць мяне свайму майстэрству, а бліжэй да сярэдзіны майго побыту ў Доме смерці ўзяў мяне да сябе памочнікам і маё становішча адразу палегчала. Калі мыйшчыкі здаваліся мне
людзьмі, апантанымі злымі духамі, ці проста быдлам, бо іх размовы і думкі былі не падобныя да таго, што гавораць і думаюць іншыя людзі, якія жывуць пры святле сонца, дык Рамосэ нагадваў мне старога жаўлака, які ціха жыве ў сваім панцыры. Яго спіна была згорбленая, як жаўлакоў панцыр, а рукі і твар — пакрытыя глыбокімі зморшчынамі, як скура ў гэтай жывёлы. Я дапамагаў яму ў працы, якая лічылася самай паважанай і чыстай ва ўсім Доме смерці, 1 яго ўлада была такою вялікай, што астатнія ўжо не адважваліся мяне абражаць і кідаць у мяне кавалкамі вантробаў і нечыстотаў з трупаў. Адкуль у яго была такая ўлада, я не ведаю, але голасу ён ніколі не павышаў.
Пабачыўшы, як астатнія мыйшчыкі крадуць і як нядбайна абыходзяцца з целамі беднякоў, — хоць і за іх бралі даволі вялікую плату, — я вырашыў, што любою цаной дапамагу бацькам 1 ўкраду ддя іх вечнае жыццё. Мая віна перад імі была такія вялікія, што крадзеж ніяк ужо не мог павялічыць яе. Рамосэ ахвотна навучыў мяне, што, як і колькі можна ўкрасці з трупа знатнага чалавека, бо ён працаваў толькі з трупамі знатных людзей, а я быў яго памочнікам. Нарэшце я змог выцягнуць з чопа для бедных целы сваіх бацькоў, напоўніць іх прасмоленым чаротам і завінуць у палатно. Але на болыпае я ўжо быў няздольны, бо і ў крадзяжы былі свае межы, пераступаць якія не мог нават Рамосэ.
Пад час нетаропкай і ціхай працы ў злавесных пячорах Дома смерці я пазнаў ад яго шмат мудрасці. Час ад часу я насмельваўся спытаць яго то адно, то другое, і нават маё пытанне «чаму» зусім яго не спалохала. Чалавек — вялікі прыстасаванец і да ўсяго можа прызвычаіцца, а таму паступова мой нос звыкнуўся з нясцерпным смуродам, а Рамосэва мудрасць развеяла мае страхі.
Аднойчы я папытаўся, чаму мыйшчыкі ўвесь час блюзнераць, брыдкасловяць і б'юцца за жаночыя трупы, быццам няздольныя думаць пра што-небудзь іншае, апроч сваіх жывёльных страсцей? Здаецца, жывучы дзень пры дні ў суседстве са смерцю, яны павінны былі б супакоіцца і суцішыць свае жаданні? Рамосэ мне адказаў:
Гэта нізкія людзі, і іх жаданні капошацца ў брудзе і праху. Бо што такое сатлелае чалавечае цела, калі не прах і не бруд? Але і тут жыве прага жыцця. I гэтая прага жыцця, якая месціцца ў брудзе і праху, спарадзіла жывёл і людзей, а на маю думку, нават багоў. I чым болып набліжаецца чалавек да смерці, тым больш загараецца ў яго брудзе і праху прага жыцця. Таму смерць супакойвае мудрага, а нізкага прыпадабняе да драпежнага звера, які, нават працяты стралой, усё яшчэ сцякае семем у пясок. Сэрцы гэтых людзей таксама працяты стралою, іначай яны ніколі не апынуліся б у Доме смерці. А таму не здзіўляйся іхнім паводзінам, а лепш пашкадуй іх. Што да цела нябожчыка, то яго яны параніць ці зняважыць не могуць яно ўжо схаладнела і не адчу-