• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Каптах запярэчыў:
    — He заракайся, мой гаспадар, бо заўтрашні дзень невядомы нікому. Чалавек, які аднойчы пашў вады з Ніла, не натоліць смагу ніякай іншай вадою. Але ты разважыў і вырашыў мудра і робіш яшчэ мудрэй, што
    бярэш мяне з сабою, бо без мяне ты падобны да дзіцяці, якое не можа само сябе спавіць. He ведаю, якое злачынства ты ўчыніў, што ў цябе аж вылазяць вочы, калі ты пра яго кажаш, але ты яшчэ малады і ўсё забудзецца. Чалавечыя здзяйсненні і ўчынкі што камяні, кінутыя ў ваду: спачатку даюць моцны ўсплёск, а па часе на паверхні зноў ціхая, спакойная роўнядзь, а ад каменя і следу няма. Тое самае і з чалавечай памяццю. Хай толькі міне дастаткова часу, і ўсе забудуцца пра цябе і твой учынак, а ты, я спадзяюся, на той час станеш такім багатым і магутным, што зможаш абараніць і мяне, калі ў мяне раптам узнікнуць праблемы праз росшук беглых рабоў.
    —	Я з'еду і ніколі больш не вярнуся, — рашуча паўтарыў я, але ў гэты момант новая гаспадыня злосным голасам паклікала Каптаха.
    Я адышоў да рогу вуліцы і стаў там яго чакаць. I неўзабаве ён з'явіўся з кошыкам, у якім ляжаў нейкі скрутак, а ў руцэ ў яго бразгалі кавалачкі медзі.
    —	Маці ўсіх кракадзілаў паслала мяне на рынак, — вельмі ўзрадавана сказаў Каптах. — Праўда, як заўсёды, яна дала мне мала медзі, але й маленькая дабаўка — таксама падмога ў падарожжы, а да Сіміры, пэўна, дарога не малая.
    У кошыку, як высветлілася, былі яго новая вопратка і парык. Мы пайшлі да прыстані, і там ва ўзбярэжных чаратах Каптах пераапрануўся, а я купіў яму раскошны посах — такія носяць слугі знатных людзей і вяшчальнікі, што бягуць паперадзе багатых насілак. Потым мы падышлі да прычала, ад якога адыходзілі сірыйскія караблі, і знайшлі вялікае судна, ад носа да кармы якога цягнуўся тоўсты, з чалавечую руку таўшчынёй, канат, а на мачце паласкалася палотнішча — знак адыходу. Капітан быў сірыец і вельмі ўзрадаваўся, што я лекар, бо, па-першае, ён надта паважаў егіпецкую лекарскую навуку, а па-другое, у яго было шмат хворых матросаў. Скарабей сапраўды нёс нам удачу: занесшы нас у карабельны спіс, капітан нават не ўзяў грошай за дарогу, a толькі за харчаванне. 3 тае пары Каптах пачаў ушаноўваць скарабея як бога, націраў яго добрым алеем і загортваў у дарагую тканіну.
    Карабель адышоў ад прычала, рабы налеглі на вёслы, і праз васемнаццаць дзён падарожжа мы дасягнулі мяжы двух царстваў, а яшчэ праз васемнаццаць — дайшлі да месца, дзе Ніл падзяляецца на два рукавы, што ўпадаюць у мора, якое адкрылася перад намі яшчэ праз два дні. Па дарозе мы міналі шматлікія гарады і храмы, бачылі багатыя палі і вялікія статкі, але багацце Егіпта не радавала маё сэрца і я прагнуў толькі аднаго — каб мы рухаліся шпарчэй і як мага хутчэй пакінулі Чорную зямлю. Калі ж перад намі раскінулася бязмежная марская прастора, Каптах занепакоіўся і спытаў, ці не лепей было б сысці на бераг і дабрацца да Сіміры сушай, няхай нават такі шлях быў нялёгкі і нам
    пагражалі б рабаўнікі. Яго занепакоенасць узрасла, калі весляры і матросы, паводле звычаю, пачалі лямантаваць, скардзіцца і да крыві падрапалі вострымі камянямі твары, нягледзячы на тое, што капітан забараняў ім гэта, не жадаючы палохаць шматлікіх пасажыраў. Карабель называўся «Дэльфін». Капітан загадаў адлупцаваць весляроў і матросаў, але гэта ніяк не сцішыла іхняга ляманту. Тады многія падарожнікі пачалі горка скардзіцца і прыносіць ахвяры сваім багам: егіпцяне заклікалі на дапамогу Амона, а сірыйцы рвалі бароды і маліліся багам Сіміры, Сідона і Бібла, у залежнасці ад таго, адкуль хто быў родам. Але часцей па дапамогу звярталіся да Ваала.
    Я параіў Каптаху прынесці ахвяры нашаму богу, калі ён баіцца, і той разгарнуў скарабея, укленчыў перад ім і кінуў у мора кавалак срэбра, каб улагодзіць марскіх багоў. Ён шчыра аплакваў свой гаротны лёс і страчанае срэбра. Матросы перасталі гарлаць і паднялі ветразь, карабель нахіліўся і пачаў гайдацца, а весляры атрымалі хлеб і піва.
    Калі судна загайдалася, Каптах змяніўся з твару — ён зрабіўся шэрым, перастаў крычаць і ўчапіўся ў карабельныя вяроўкі. Неўзабаве ён сказаў, што страўнік у яго падняўся да самых вушэй і, відаць, настае яго смяротны час. Але хоць гэта я падбухторыў яго на такое страшнае падарожжа, праклінаць ён мяне не хацеў. Ён спадзяваўся, што багі будуць да яго літасцівыя, а марская вада дастаткова салёная, каб зберагчы яго цела і каб ён мог трапіць у Краіну Захаду. Але маракі, пачуўшы такія словы, пасмяяліся са старога і сказалі, што марская глыбіня кішыць усялякімі страшыдламі, якія пашкуматаюць ягонае цела раней, чым яно апусціцца на марское дно.
    Вецер мацнеў, гайданка рабілася ўсё больш адчувальнаю, а капітан вывеў карабель у мора так далёка, што берагі зніклі з вачэй. Тады захваляваўся і я, бо не разумеў, як капітан знойдзе дарогу да берага. Я ўжо не смяяўся з Каптаха, у маёй галаве ўсё закруцілася, і мяне апанавала нейкае дзіўнае пачуццё. Неўзабаве Каптах званітаваў, а потым лёг, скруціўшыся на дошках палубы, і больш не прамаўляў ні слова. Занепакоены, я агледзеўся і ўбачыў, што шмат хто з пасажыраў таксама ванітуе, што твары ў людзей зялёныя, і яны стогнуць, кажучы, што паміраюць. Тады я падышоў да капітана і сказаў, што багі, напэўна, угнявіліся і праклялі яго карабель, бо нягледзячы на ўсё маё лекарскае майстэрства, людзі паміраюць: відаць, нейкая невядомая страшная хвароба ўспыхнула на караблі. Я ўпрошваў капітана павярнуць судна да берага, пакуль яго яшчэ можна знайсці, іначай як лекар я не змагу адказваць за наступствы. Хоць мне было няёмка ўмешвацца ў справы, якія тычыліся капітана, я звярнуў яго ўвагу на жахлівую непагадзь і на тое, што карабель пад напорам навалы вось-вось разваліцца.
    Але капітан супакоіў мяне, сказаўшы, што гэта ніякая не бура, a
    ўсяго толькі спадарожны вецер, які дапамагае нам рухацца хутчэй, і параіў мне не гнявіць багоў падобнымі разважаннямі. А ўзнікненне хваробы, якая апанавала падарожнікаў, ён патлумачыў тым, што, напэўна, гаспадары карабля ў Сіміры прынеслі багатыя ахвяры марскім багам, каб падарожнікі, якія заплацілі за харчы на ўвесь час падарожжа, не маглі ўтрымаць унутры ўсё з'едзенае і не жэрлі зашмат, як драпежныя звяры, а тым самым не чынілі б уласнікам карабля вялікіх выдаткаў.
    Яго тлумачэнні не вельмі мяне суцешылі, і я насмеліўся спытаць капітана, ці знойдзе ён дарогу да берага, бо вакол хутка цямнела. Той адказаў, што ў яго ў каюце ёсць цэлая гурма розных багоў, якія дапамагаюць яму знайсці дарогу як уначы, так і ўдзень, толькі б ноччу свяцілі зоркі, а днём — сонца. Але я не паверыў у гэтыя байкі, бо наўрад ці ёсць на свеце такія багі.
    Я пасмяяўся з яго і спытаў, чаму тады я таксама не захварэў, як астатнія падарожнікі. Ён адказаў, што гэта натуральна, бо я заплаціў за харчы асобна і не прычыню гаспадарам карабля ніякіх выдаткаў. А пра Каптаха ён сказаў, што слугі і рабы — гэта зусім іншая справа. Яны могуць захварэць, а могуць і застацца здаровымі, тут як ужо выпадзе. Ён пакляўся сваёй барадой, што кожны падарожнік стане здаровы, як маладая козачка, як толькі ступіць на бераг у Сіміры, а таму мне няма чаго баяцца за сваю славу лекара. Аднак, гледзячы на вартае жалю становішча пасажыраў, мне цяжка было паверыць у яго словы. Але чаму я не захварэў сам, сказаць не магу. Магчыма таму, што ледзьве народжаным быў кінуты ў трысняговы човен гайдацца на хвалях Ніла, — іншага тлумачэння ў мяне няма.
    Я спрабаваў вылечыць Каптаха і падарожнікаў, як толькі мог, але на ўсе мае спробы яны адказвалі грубай лаянкай. А Каптах ад мяне адвярнуўся, і ад яго даносіліся гукі, быццам вялікі бегемот ачышчаў свой страўнік, хоць з Каптахава стаўніка вычышчаць ужо не было чаго. Ніколі раней ён не адварочваўся ад місы з ежай, а таму я спалохаўся, што ён памрэ, і гэта вельмі мяне засмуціла, бо я прывык да яго дурных размоваў і разважанняў.
    Настала ноч, і я, нарэшце, заснуў, хоць гайданка, плёскат хваляў і рыпенне ветразяў мяне вельмі палохалі. Так прайшло некалькі дзён, і ніхто з падарожнікаў не памёр, наадварот — многія пачалі нават хадзіць па палубе і добра есці. Толькі Каптах усё яшчэ ляжаў на сваім месцы і не дакранаўся да ежы, але і ён пачаў падаваць прыкметы жыцця, бо пачаў маліцца нашаму скарабею і, здаецца, паверыў, што дабярэцца да цвёрдай зямлі жывы.
    Калі ж на сёмы дзень падарожжа паказаўся бераг, капітан сказаў, што мы пасля Яфы і Ціра, дзякуючы спадарожнаму ветру, ідзём прама
    ў Сіміру. Адкуль ён ведаў усё гэта — мне і па сённяшні дзень невядома. Але ўранку сапраўды паказалася Сіміра, і капітан прынёс багатыя ахвяры марскім багам і багам гаспадароў карабля. Ветразі спусцілі, весляры занурылі вёслы ў ваду, і карабель увайшоў у сімірскую гавань.
    Як толькі мы дасягнулі ціхай вады, Каптах стаў на ногі і пакляўся скарабеем, што больш ніколі яго нага не ступіць на мост карабля.
    ПАПІРУС ПЯТЫ
    Хабіры
    і
    Тут я павінен распавесці пра Сірыю і тыя гарады, дзе мне давялося пабываць, але найперш трэба сказаць, што там, у чырвоных землях, усё зусім не такое, як у Чорнай зямлі Кэмет. Рэкі тут не цякуць па зямлі, a падаюць з неба і паліваюць зямлю. Каля кожнай даліны ўздымаюцца горы, а за гарамі зноў ідуць даліны, і ў кожнай даліне жыве асобны народ, і ў кожнага народа ёсць свой уладар, які плаціць даніну фараону, ва ўсякім разе плаціў у тыя часы, пра якія я вяду свой аповед.
    Усе гэтыя народы размаўляюць на розных мовах і гаворках, жыхары ўзбярэжжа кормяцца ад рыбнай лоўлі ці ад марскога гандлю, а ва ўнутраных землях — займаюцца земляробствам ці проста рабуюць адзін аднаго, і егіпецкія гарнізоны ніяк не могуць перашкодзіць гэтаму. Тубыльцы носяць стракатыя, па-майстэрску вытканыя з воўны строі, прычым адзенне пакрывае іх з галавы да ног, мусіць, таму што тут значна халадней, чым у Егіпце, а можа, яшчэ і таму, што яны саромеюцца агаляць сваё цела, за выключэннем тых выпадкаў, калі спраўляюць свае патрэбы — проста на вуліцы, што прыводзіць егіпцян у жах. Яны адрошчваюць доўгія валасы і бароды, харчуюцца заўсёды ў доме, а іхнія багі, якіх шмат у кожнага горада, патрабуюць і чалавечых ахвяраў. Зараз, калі я распавёў пра ўсё гэта, кожнаму будзе зразумела, што тут, у чырвоных землях, усё зусім не такое, як у нас, у Егіпце, а чаму так, я сказаць не магу, бо мне гэта невядома.