• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    I, вядома, кожнаму будзе зразумела, што тыя знатныя егіпцяне, якіх пасылалі ў сірыйскія гарады сачыць за зборам падаткаў на карысць фараона ці камандаваць гарнізонамі, лічылі такія прызначэнні хутчэй карай, чым ганаровай пасадай, і з журбой марылі аб вяртанні да берагоў Ніла. Былі, праўда, і выключэнні, калі некаторых па іх слабасці прываблівала новае незвычайнае жыццё, і яны мянялі вопратку і светапогляд ды пачыналі прыносіць ахвяры чужым багам. Апроч незвычайнага ладу жыцця сірыйцаў і іх дзіўных звычаяў, жыццё егіпецкім правіцелям нямала атручвалі іх вечныя хітрыкі і махлярствы з аплатай падаткаў ды бясконцыя звады паміж мясцовымі князькамі. Але ў Сіміры быў храм Амона, і егіпецкая грамада жыла тут па сваіх звычаях, разам святкуючы ўсе свае святы, і ніяк не змешвалася з сірыйцамі. Егіпцяне імкнуліся ўявіць, што яны жывуць у Егіпце.
    Я пражыў у Сіміры два гады і за гэты час вывучыў вавілонскую мову і пісьмо, бо мне сказалі, што, ведаючы гэтую мову, я змагу праехаць па ўсяму абжытаму свету і адукаваныя людзі зразумеюць мяне. Як вядома, па-вавілонску пішуць на гліняных таблічках, выціскаючы значкі вострым канцом пісьмовай палачкі, і шмат якія ўладары розных краінаў перапісваюцца такім самым чынам. Чаму так я не ведаю. Можа, прычынай гэтаму служыць тое, што папірус лёгка згарае, а гліняная таблічка зберагаецца вечна і расказвае потым, як лёгка цары і ўладары забываюцца на свае святыя хаўрусы ды непарушныя дамовы.
    Кажучы, што ў Сірыі ўсё не такое, як у Егіпце, я меў на ўвазе таксама, што лекары тут самі шукаюць хворых, а не наадварот: хворы тут прымае толькі таго лекара, якія да яго прыйшоў сам, бо ў такім выпадку лічыцца, што ён прысланы багамі. Лекару плацяць загадзя, 1 гэта вельмі добра, бо часта бывае так, што, выздаравеўшы, хворы страчвае ўсякае пачуццё ўдзячнасці. Але ў знатных і багатых людзей ёсць звычай, згодна з якім яны трымаюць асабістых лекараў, плацячы ім грошы і адорваючы дарамі, пакуль здаровыя, а калі захворваюць, усякія выплаты і хабары канчаюцца да поўнага выздараўлення.
    Я меў намер займацца лекаваннем у Сіміры паціху, без усякага шуму, але Каптах сказаў: «Не». Ён хацеў, каб я ўклаў усе грошы ў багатыя строі і наняў вяшчальнікаў, якія абвясцілі б аб маім майстэрстве па ўсяму гораду, асабліва ў тых месцах, дзе збіраецца багата людзей. Вяшчальнікі павінны былі таксама паведаміць, што я не шукаю хворых, a яны самі павінны прыходзіць да мяне. I Каптах настойваў, каб я не прымаў тых, хто будзе прыходзіць без ніякага, няхай хоць бы і маленечкага кавалачка золата. Я адказаў на гэта, што ў чужым горадзе, дзе ніхто не ведае майго майстэрства, рабіць так — поўнае вар'яцтва. Але пераканаць Каптаха мне не ўдалося, бо, забраўшы што-небудзь у галаву, ён рабіўся ўпарты, як той асёл.
    Ён вымусіў мяне таксама пайсці да самых славутых лекараў Сіміры і сказаць ім:
    — Я — егіпецкі лекар Сінухе, якому новы фараон даў імя «Самотнік», і слава мая на радзіме вельмі вялікая. Я ўздымаю да жыцця памерлых і вяртаю зрок сляпым, калі гэта не ідзе насуперак волі майго маленькага, але магутнага бога, якога я важу з сабою ў маленькім куфэрку. Аднак лекарская навука не паўсюль аднолькавая, як неаднолькавыя і чалавечыя немачы. Таму я прыехаў у ваш горад, каб навучыцца лячыць тутэйшыя хваробы і набрацца вашых ведаў і вашае мудрасці. Я ніякім чынам не збіраюся перашкаджаць вам у вашым высакародным занятку, бо хто я такі, каб спаборнічаць з вамі? Золата для мяне — усё адно што пыл пад нагамі, і я прапаную вам прысылаць да мяне толькі тых хворых, якіх вы не можаце вылечыць самі, таму што супраць іх угнявіліся
    вашы багі, а паколькі вы не карыстаецеся нажом, то прысылайце да мяне такіх хворых, якіх можна вылечыць толькі з дапамогай нажа, а я пагляджу, ці можа мой маленькі, але магутны бог, вылечыць іх. Калі ж такі хворы выздаравее, я аддам вам палову тых дарункаў, што дастануцца мне ад яго, бо напраўду кажу вам — я прыехаў сюды не па золата, а па навуку і веды. А калі я не змагу вылечыць такога хворага, дык адашлю яго да вас разам з дарункамі, не ўзяўшы сабе нічога.
    Сімірскія лекары, якіх мне даводзілася сустракаць на вуліцах і рынках, дзе яны шукалі хворых, трэслі апранахамі, часалі бароды і адказвалі мне так:
    — Ты малады, але бачна, што твой бог падарыў табе мудрасць: твае словы прыемна кладуцца на наш слых. А тое, што ты кажаш пра золата і падарункі, падаецца асабліва мудрым. Даспадобы нам і твае словы пра лячэнне нажом, бо мы яго не выкарыстоўваем, а хворы, да якога дакрануўся нож, памірае хутчэй за таго, каго лячылі без нажа. Мы толькі просім цябе, каб ты ніколі не лячыў людзей чарадзействам, бо ў нашых чарадзеяў саміх сілы ўдосталь, і ў Сіміры ды іншых прыморскіх гарадах спаборнікаў на гэтым полі хапае.
    Тое, што яны казалі пра чарадзейства і магію было праўдай..На вуліцах кідалася ў вочы вялікая колькасць невукаў, якія не ўмелі ні чытаць, ні пісаць, але абяцалі вылечыць чарадзействам, і, трэба сказаць, даволі часта жыравалі ў дамах сваіх легкаверных пацыентаў, пакуль тыя не паміралі ці не папраўляліся. I тут была вялікая розніца паміж егіпецкімі і тутэйшымі звычаямі. У Егіпце, як гэта добра вядома, магіяй могуць займацца толькі храмавыя жрацы вышэйшых ступеняў, і сакрэты сваёй чарадзейнай сілы яны пад страхам жорсткага пакарання трымаюць у тайне ад усякіх самадзейных магаў.
    А вынікам маіх дзеянняў у Сіміры стала тое, што да мяне пачалі прыходзіць хворыя, якіх не змаглі вылечыць тутэйшыя лекары. А я іх вылечваў. Калі ж я гэта зрабіць не мог, то адсылаў хворага назад да сімірскіх лекараў. Як таго патрабуе звычай, дзеля ачышчэння я прынёс у дом свяшчэнны агонь з храма Амона, каб потым смела ўжываць нож, і пачаў рабіць аперацыі, гледзячы на якія, сімірскія лекары толькі здзіўлена часалі бароды. Мне ўдалося вярнуць зрок аднаму сляпому, якога беспаспяхова лячылі і лекары, і чарадзеі, намазваючы яму вочы слінаю з пылам. Я вылечыў яго так, як гэта рабілі ў Егіпце — з дапамогай іголкі, — чым заслужыў вялікую славу, хоць потым гэты хворы зноў аслеп, бо звычайна такое выздараўленне нядоўгае.
    Гандляры і багацеі Сіміры вялі лянотны лад жыцця, яны елі нашмат болей за егіпцян і тлусцелі, пакутуючы ад гэтага на задышку і боль у страўніку. Я лячыў іх з дапамогай нажа — так, што кроў лілася з іх, як са свіней. Вельмі прыдалася мне і навука егіпецкіх жрацоў аб лекавых
    травах і часе, калі месяц і зоркі найбольш спрыяюць іх збору. Веды мясцовых лекараў у гэтай галіне былі надта малыя, і я не давяраў іх зёлкам. Я даваў таўстунам свае настойкі, якія сунімалі ў іх боль у страўніку і здымалі задышку. Гэтыя лекі я прадаваў па вялікай цане — кожнаму адпаведна з яго багаццем, — не пасварыўшыся пры гэтым ні з чыноўнікамі, ні з мясцовымі лекарамі, якім я адсылаў падарункі. A KanTax, падтрымліваючы маю славу, прыкормліваў у доме шматлікіх жабракоў і казачнікаў, якія потым разносілі чуткі пра мяне па вуліцах і рынках, так што маё імя ведалі ва ўсіх канцах горада.
    Я зарабіў шмат грошай, і ўсё, што не патраціў на сябе ці на хабар і падарункі, уклаў у сімірскія гандлёвыя дамы, якія пасылалі караблі ў Егіпет, на марскія выспы ды ў зямлю Хатці. Такім чынам я меў сваю долю ў многіх караблях — дзе сотую, дзе пяцісотую, у залежнасці ад укладзеных грошай. Некаторыя караблі не вярталіся ніколі, але большасць усё ж прыходзіла назад, і гандлёвыя дамы падвойвалі і патройвалі маё золата, што пацвярджалася запісамі ў гандлёвых кнігах. Так у Сіміры рабілі ўсе і заўсёды, а вось у Егіпце гэты звычай быў невядомы. У Сіміры ж нават беднякі, збіраючыся па дзесяць ці дваццаць чалавек, складвалі сваю медзь, каб купіць тысячную долю карабля ці грузу, багацеючы або разараючыся ўшчэнт. I ў мяне не было патрэбы трымаць сваё золата дома, вечна баючыся злодзеяў і рабаўнікоў: маё багацце было ўкладзена ў гандлёвыя прадпрыемствы і запісана ў гандлёвыя кнігі, так што калі я ездзіў у якія-небудзь гарады накшталт Бібла ці Сідона, у мяне не было патрэбы везці з сабою золата — калі, знаходзячыся ў Бібле ці Сідоне, я хацеў купіць што-небудзь асабліва дарагое, мне дастаткова было проста зайсці там у гандлёвы дом і паказаць гліняную таблічку. Але найчасцей патрабавалася нават гэтага, бо золата мне падносілі ў дар за лекаванне хворыя, якія пасылалі па мяне ў Сіміру, страціўшы веру ў лекараў са свайго горада.
    Такім чынам поспех спадарожнічаў мне, багацце маё павялічвалася, а Каптах тлусцеў, апранаўся ў дарагія строі, намашчваў сябе дарагімі алеямі, і нават са мной пачаў размаўляць фанабэрыста і непрыветна, пакуль я не пабіў яго як след кійком. Але сказаць, чаму ўсё ішло так паспяхова я не магу. Я быў малады, поўны веры ў свае здольнасці і ўменне, нож не дрыжаў у маёй руцэ, і я браўся лячыць самых цяжкіх хворых, бо губляць мне было нечага. Я не грэбаваў ведамі і майстэрствам сімірскіх лекараў, я нават ужываў іхнія зеллі, калі бачыў у тым карысць, але асабліва паспяхова яны ўмелі замест нажа ўжываць распаленае жалеза, хоць гэта і прыносіла хворым цяжкія пакуты. Магчыма, што да поспехаў мяне прыводзіў свяшчэнны скарабей, якога KanTax ушаноўваў як бога, і я заказаў яму маленькі храм-жытло з золата і срэбра, а Каптах штодзённа прыносіў яму ахвяру са свежага каровіна-
    га гною, каб ён мог скручваць з яго шарыкі, як гэта звычайна робяць такія жукі, хоць я ніводнага разу не бачыў, што наш скарабей скруціў такі шарык. Я не быў упэўнены, што маім поспехам спрыяў скарабей, але ставіўся да яго ветліва і пачціва і не перашкаджаў Каптаху яму пакланяцца, Урэшце Каптах нават пачаў сябе ўяўляць жрацом нашага бажка, а не маім слугою.
    А на самой справе мой поспех быў такі вялікі толькі таму, што я нікому не зайздросціў і ні з кім не супернічаў, шчодрай рукой раздаючы падарункі і прымаючы хворых, якіх ужо ніхто не браўся лячыць. I веды былі для мяне даражэй ад золата. Асабліва веды сталі для мяне важней за ўсё, калі я зарабіў дастаткова золата і срэбра, каб весці бязбеднае жыццё і мог дазволіць сабе дзеля практыкі і навучання палячыць і беднякоў. Хворыя паміралі і ў мяне, бо майго майстэрства не заўсёды хапала, каб вылечыць усіх. Але гэта не шкодзіла маёй добрай славе. Пра тых, хто паміраў у мяне, звычайна казалі: «Так, значыць, хацеў Ваал, калі нават Сінухе-егіпцянін не змог яго вылечыць». Вось якая вялікая была ў мяне слава ў Сіміры.