• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Харэмхеб добра чуў гэтыя размовы, але маўчаў, і толькі ўсміхаўся, памахваючы бізуном.
    Храм быў маленькі, спешна злеплены з гліны і бярвення, зусім не падобны да нашых звычайных храмаў алтар стаяў пасярэдзіне і даху над ім не было, як не было і выявы бога, а таму воіны разгублена круцілі галовамі, стараючыся згледзець, дзе можа стаяць статуй. Харэмхеб прамовіў:
    — Бог нашага фараона — хай на вякі зберажэцца ягонае цела — круглы і падобны да сонца. Ён красуецца ў небе, і вы можаце глядзець на яго, калі вытрываюць вашыя вочы. Ён бласлаўляе вас сваімі даўгімі
    рукамі, але здаецца мне, што пасля цяжкага пераходу яго рукі будуць нагадваць вам гарачыя голкі ў спінах.
    Воіны незадаволена забурчалі, кажучы, што фараонаў бог ад іх надта далёка, а яны хочуць такога, перад якім можна было б упасці і, адважыўшыся, памацаць яго рукамі. Але яны змоўклі, як толькі ўвайшоў жрэц, кволы малады чалавек з непаголенай галавой, у белым плашчы на плячах. Яго вочы палалі натхненнем, калі ён ускладаў на алтар стракатыя вясеннія кветкі, духмянасці і віно. На гэта воіны засмяяліся ўголас, а жрэц гэтак сама натхнёна заспяваў ухвальную песню Атону, якую, нібыта склаў сам фараон. Песня была доўгая і аднатонная, воіны слухалі яе, раззявіўшы раты, але нічога не разумелі. А жрэц спяваў:
    Ты, дзівосны, уздымаешся з-за небакраю, жывы Атон, з усіх жывых найпершы!
    Ты ўсплываеш на ўсходнім небасхіле і хараством сваім поўніш землі, бо Ты вялікі і цудоўны ў нябеснай вышыні палаеш. Праменнем сваёй любові
    Ты абдымаеш створаныя Табою землі.
    Хай Ты ад нас далёка, але Тваё праменне паверхню ўсёй зямлі пакрыла, хай сам Ты ў вышыні, але нагамі ступаеш Ты па глебе.
    Потым ён так маляўніча заспяваў пра начную цемру ды львоў, якія выходзяць па начах са сваіх пячораў, пра змей, якія выпаўзаюць са сваіх нораў, што многія слухачы забаяліся. А ён спяваў пра ясны дзень, пра тое, як птушкі на світанні распраўляюць крылы, вітаючы ўсход Атона. Ён спяваў пра тое, што новы бог нараджае жыццё ў жаночым чэраве і надае магутную сілу мужчынскаму семю. Слухаючы яго, можна было паверыць, што ніводная справа на зямлі не абыходзіцца без удзелу Атона, і нават кураня не можа вылупіцца і заціўкаць без яго дапамогі. А жрэц працягваў:
    Твае шматлікія здзяйсненні схаваны адлюдскіх вачэй, о адзіны і непараўнальны ў сваёй уладзе Божа! Адзін Ты па сваім жаданні стварыў зямлю, людзей, жывёлаў, вялікіх і малых істотаў, усіх, хто па зямлі ступае, усіх, хто ў небе лётае на крылах.
    Стварыў Ты землі Сірыі, і Нубіі, і землі двух Егіптаў.
    Ты кожнаму даеш пад сонцам месца і кожнаму даеш, што неабходна, Ты адмяраеш кожнаму свой шлях і кожнаму свой век Ты адмяраеш. Ты раздзяліў народы ўсе па выглядзе, па колеры, па мове.
    Яшчэ ён абвясціў, што Атон стварыў як Ніл зямны, так і Ніл нябесны, ад чаго начальнікі пачалі бурчаць, што новы бог умешваецца ў справы Амона. Ён стварыў паравіны года і жыў у мільёнах абліччаў паўсюдна — у гарадах, вёсках і селішчах, на водных і зямных шляхах. Жрэц закончыў:
    Ты адзіны ў сэрцы маім і ніхто не спазнаў Цябе так, як твой сын фараон.
    Ты паведаў яму свае думы, і надаў яму сваю сілу.
    Ты трымаеш сусвет у руцэ, той сусвет, які сам Ты стварыў, у святле тваім людзі жывуць, Ты заходзіш — яны паміраюць, бо толькі Ты жыватворны, надаеш чалавеку жыццё. Зіхатлівым абліччам сваім Ты прыносіш вачам асалоду, а знікаеш на захадзе Ты, і паўсюдна жыццё замірае.
    I стварыў Ты зямлю дзеля сына твайго, што на свет нарадзіўся з абдымкаў тваіх, фараона, які жыве ў праўдзе сына Ра, што царуе ў дзвюх землях, Увесь свет Ты стварыў фараону і яго боскай жонцы, уладарцы дзвюх земляў, Неферціці, хай жыве яна век маладою!
    Воіны слухалі, калупаючы пальцамі пясок, а потым з палёгкай грымнулі гімн у гонар фараона, хоць адзінае, што яны разумелі з гімна, было тое, што ён складзены дзеля ўслаўлення фараона, які ёсць сын бога, і гэта, на іх думку, было справядліва, бо так вялося спрадвеку. Харэмхеб адпусціў жраца, і хлопец, натхнёны такім захапленнем войска, пайшоў пісаць данясенне фараону пра асвяшчэнне храма. А я лічу, што ні свяшчэнная песня, ні яе глыбокі сэнс не кранулі воінаў, якія стаялі і калупалі пальцамі пясок, бо наперадзе іх чакала бітва, у якой многім было наканавана сустрэць сваю смерць
    4
    Пасля асвяшчэння храма войска рушыла ў дарогу, а следам пацягнуліся запрэжаныя быкамі павозкі і нагружаныя цюкамі аслы. Харэмхеб паімчаў на калясніцы наперад, за ім, праклінаючы спёку, рушылі і вышэйшыя военачальнікі ў насілках. Я прыхапіў з сабой лекарскую скрын-
    ку і сеў на асла, наследуючы прыкладу свайго новага сябра, начальніка, які ведаў усімі вайсковымі прыпасамі.
    Войска ішло ўвесь дзень, спыніўшыся толькі на адзін кароткі адпачынак, падчас якога воінам дазволілі папіць і паесці. Усё часцей людзі падалі на дарозе і ўжо не маглі ўстаць, хоць камандзіры хвасталі іх бізунамі і білі нагамі. Воіны то спявалі, то брыдка лаяліся, а пад вечар, калі падаўжэлі цені навакольных гор, з цяснін па беспарадкавай калоне пачалі выпускаць свае трапныя стрэлы нябачныя лучнікі, і час ад часу хто-небудзь раптам падаў у пыл ці са стогнам хапаўся за плячо. Але Харэмхеб не затрымліваўся, а яшчэ шпарчэй гнаў войска наперад, так што воіны ўжо не ішлі, а ледзь не беглі. Лёгкія калясніцы пракладвалі наперадзе шлях, і неўзабаве мы ўбачылі на прыдарожжы забітых хабіраў у падраных плашчах, іх раты і вочы абселі мухі. Некаторыя воіны выскоквалі з калоны і пераварочвалі целы, каб паглядзець, ці няма чым пажывіцца, але ўзяць не было чаго — мёртвых ужо абчысцілі.
    Седзячы на асле і абліваючыся потам, мой новы сябар жаласным голасам прасіў мяне перадаць яго развітальныя словы жонцы і дзецям, бо прадчуваў, што сённяшні дзень у яго будзе апошні. Ён даў мне адрас сваёй жонкі ў Фівах і папрасіў паклапаціцца, каб яго цела не абрабавалі, — калі, вядома, хабіры не пераб'юць нас усіх да вечара.
    Нарэшце перад намі адкрылася шырокае поле, на якім хабіры разбілі свой лагер. Харэмхеб загадаў трубіць у трубы і пастроіў войска для атакі — капейшчыкаў у цэнтры і лучнікаў па баках. Лёгкія баявыя калясніцы ён адаслаў у тыл, і тыя хутка схаваліся ззаду за хмарамі ўзнятага пылу. Пры сабе ён пакінуў толькі некалькі цяжкіх калясніц. 3 далёкіх далін за гарамі ўздымаўся дым палаючых вёсак. Калі хабіры выступілі насустрач, здавалася, іх незлічоныя войскі запаўняюць усю раўніну, — так застрашальна зіхцелі на сонцы іх шчыты і дзіды, і іх ваяўнічыя клічы, як шум марскіх хваляў, напаўнялі паветра. Але Харэмхеб перакрыў іхні крык сваім голасам:
    — Перастаньце калаціцца ад страху, паганыя свінні! Хіба вы не бачыце, што хабіраў занадта мала дзеля сапраўднай бітвы! Перад вамі больш баб, дзяцей ды скаціны! I ўсё гэта стане вашай здабычай! У катлах вас чакае гарачая ежа, дык пастарайцеся, каб да вечара мы змаглі паесці, бо я галодны, як кракадзіл.
    Але шалёны і болей шматлікі за ўсе нашы дружыны натоўп хабіраў ужо на ўвесь дых ляцеў на нас, іх вострыя дзіды здаваліся такімі вострымі і так жахліва ззялі на сонцы, што ўся мая былая цікаўнасць да вайны адразу некуды знікла. Шэрагі капейшчыкаў не вытрымалі і падаліся назад. Яны, як і я, пачалі азірацца, шукаючы паратунку, але малодшыя начальнікі накінуліся на іх з бізунамі і лаянкай. I тады воіны зразумелі, што яны занадта стомленыя і галодныя, каб кінуцца наўцёкі, і ім
    застаецца адно — абараняцца з усяе сілы. Воіны зноў злучылі шэрагі, і лучнікі нецярпліва пачалі тузаць цеціву, чакаючы дазволу стрэліць.
    Наблізіўшыся, хабіры разам выгукнулі свой ваяўнічы кліч, і ён прагучаў так жахліва, што ногі ў мяне падагнуліся і кроў застыла ў жылах. Страляючы з лукаў, хабіры, пабеглі на нас, і я пачуў, як віскочуць стрэлы — нібы зыкаюць мухі: бз-з-з, бз-з-з. Нічога страшнейшага за посвіст стралы ля самага вуха мне не даводзілася чуць ніколі ў жыцці. Але я заўважыў, што па большасці стрэлы не чынілі нам ніякай шкоды, бо ці пераляталі па-над галовамі, ці траплялі ў шчыты. А калі пачуўся зычны голас Харэмхеба, дык дух мой зусім ажыў. Харэмхеб прагарлаў: «За мной, паганыя свінні!» — і ягоны вазніца хвастануў коней. За Харэмхебам панесліся астатнія калясніцы, лучнікі ў той жа момант выпусцілі першыя стрэлы, і капейшчыкі вырушылі наперад. Адначасова пачуўся такі моцны крык, які быў страшнейшы за баявы кліч хабіраў, бо воіны крычалі, каб заглушыць свой страх. I я далучыўся да агульнага крыку, гарлаючы на ўсю моц, што гэта прынесла мне значную палёгку. Калясніцы са страшным грукатам урэзаліся ў натоўп хабіраў, а наперадзе, над клубамі пылу і ўзнятымі дзідамі, развіваўся зроблены са страўсавых пёраў султан на бліскучым шаломе Харэмхеба. Услед за калясніцамі на ворага рынуліся капейшчыкі з ільвінымі хвастамі ці сокаламі наперадзе, а лучнікі рассыпаліся па раўніне і залпамі пускалі стрэлы ў шчыльны натоўп хабіраў. Неўзабаве ўсё жахліва перамяшалася, і вакол чуліся толькі грукат, крыкі і стогны паміраючых. Мой асёл ашалеў і панёс мяне ў самую гушчу бітвы. А я ў жаху крычаў і малаціў яго нагамі, але спыніць быў няздольны.
    Хабіры біліся ўпарта і бясстрашна. Нават збітыя з ног коньмі і ўжо не маючы сілы ўстаць, яны стараліся працяць дзідай кожнага, хто нахіляўся да іх, каб адсекчы руку ў знак перамогі, і не адзін егіпцянін так напаткаў сваю смерць. Пах крыві быў мацнейшы за пах поту і брудных целаў. Чарада крумкачоў над полем расла і апускалася ўсё ніжэй.
    Раптам хабіры жахліва закрычалі і пабеглі назад, убачыўшы, што егіпецкія воіны на калясніцах, якіх Харэмхеб адаслаў у тыл, аб'ехалі даліну і пачалі рабаваць іх лагер, ганяючыся за скацінай і хапаючы жанчын. Такога відовішча хабіры вытрываць не маглі, яны кінуліся ратаваць сваё стойбішча, але ў гэтым і была іх пагібель. Калясніцы павярнулі ім насустрач і амаль усіх падушылі, а з тымі, хто застаўся, справіліся Харэмхебавы капейшчыкі ды лучнікі. Калі сонца села, уся раўніна была пакрытая нежывымі целамі з адсечанымі рукамі. Лагер хабіраў палаў, адусюль чуўся рык разбеглых статкаў.
    Але ў баявым шаленстве пераможцы працягвалі забіваць усіх, хто трапляў пад руку, — і дзяцей, і жанчын, і абяззброеных воінаў, а лучнікі стралялі скаціну. Нарэшце Харэмхеб загадаў трубіць канец бітвы, і ка-