• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    На трэці дзень Харэмхеб падзяліў войска. Адны пайшлі на Ерусалім, забраўшы рэшту здабычы, бо на месца бітвы прыехала мала ганддяроў,
    каб скупіць усіх рабоў, скаціну, збожжа ды посуд. Другія мусілі сабраць на раўніне статкі жывёлы, а трэція, з атрада ільвінага хваста, засталіся ахоўваць лагер з цяжкапараненымі. Сам Харэмхеб з дружынаю калясніц пагнаўся за хабірамі, бо даведаўся ад палонных, што тыя знеслі ў пустэльню свайго бога.
    Мяне ён, насуперак майму жаданню, узяў з сабой, і я, стоячы ў калясніцы і трымаючыся за яго пояс, праклінаў той час, калі нарадзіўся, бо ён ляцеў, як шалёны, і я баяўся, што калясніца вось-вось перакуліцца і я разаб'ю галаву аб каменне. А Харэмхеб толькі смяяўся і жартаваў, прыгаворваючы, што дае мне магчымасць напоўніцу паспытаць, што такое вайна, калі ўжо я сам хацеў гэтага і сюды заявіўся.
    Паспытаць вайны ён сапраўды мне даў. Я бачьгў, як калясніцы шалёным і бязлітасным ураганам наляцелі на хабіраў, якія ў той час весела спявалі, махаючы пальмавымі лістамі ды гонячы скрадзеныя статкі ў горы, каб схаваць іх там сярод скал у цяснінах. Харэмхебавы коні тапталі старых, жанчын і дзяцей, з усіх бакоў уздымаўся дым ад спаленых буданоў і шатроў, — так Харэмхеб праз кроў і слёзы даводзіў хабірам, што ім лепш сядзець у пустэльні і паміраць ад голаду, чым нападаць на багатую і ўрадлівую Сірыю, змазваючы алеем спаленую на сонцы скуру ды тлусцеючы на скрадзеным хлебе. Так я ўдосталь паспытаў вайны, якая была ўжо нават і не вайною, а простым забойствам, пакуль Харэмхебу самому не надакучыла. Тады ён дазволіў хабірам падняць перакуленыя памежныя камяні і паставіць іх на старое месца, нават не перасунуўшы далей у пустэльню, хоць мог бы зрабіць гэта. Ён патлумачыў:
    — Мне трэба пакінуць хабіраў на развод, каб было на кім вучыць ваяваць мае войскі. Калі перабіць іх усіх, дык і ваяваць не будзе з кім. Ужо сорак гадоў, як на ўсіх іншых землях пануе мір, усе народы жывуць у згодзе, і ўладары вялікіх дзяржаваў у лістах называюць адзін аднаго братамі і сябрамі, а фараон пасылае ім золата, каб яны ставілі яго статуі ў сваіх храмах. Таму я абавязаны зберагчы хабіраў, каб праз некалькі гадоў, калі яны забудуцца пра тое, што ім давялося паспытаць сёння, голад зноў пагнаў іх з пустэльні.
    Ён дагнаў на калясніцах і тых хабіраў, што неслі свайго бога, і сокалам наляцеў на іх ззаду. Насільшчыкі кінулі бога і, ратуючыся з-пад калясніц, уцяклі ў горы. А Харэмхеб загадаў пасекчы чужога бога на кавалкі і спаліў яго перад ільвінагаловай багіняй Сэхмет. Пры гэтым воіны білі сябе кулакамі ў грудзі і ганарліва выкрыквалі:
    — Вось так мы палім бога хабіраў!
    Гэтага бога звалі Іегова, ці Ягве, а паколькі ўхабіраў не было іншых багоў, то вяртаючыся ў пустэльню, яны засталіся зусім самотнымі і яшчэ больш збяднелымі, чым тады, калі з яе выйшлі. I ўсё-ткі яны спявалі ад радасці, што не ўмерлі, і размахвалі пальмавымі лістамі.
    5
    Харэмхеб вярнуўся ў Ерусалім, у якім на той час сабраліся жыхары, уцёклыя з памежных селішчаў, і прадаў ім іхнюю ж скаціну, збожжа і посуд, захопленыя ў хабіраў. А бежанцы лямантавалі, раздзіраючы на сабе адзенне:
    — Ды гэта яшчэ горшы рабаўнік, чым хабіры!
    Але вялікай бяды ім гэта не нарабіла: яны маглі пазычыць грошы ў сваіх храмах, у гандляроў і зборшчыкаў падаткаў, а тое, што не выкупілі ўцекачы, Харэмхеб прадаў гандлярам, што з'ехаліся ў Ерусалім з усёй Сірыі. Дзякуючы гэтаму, Харэмхеб змог узнагародзіць сваіх воінаў немалой колькасцю срэбра і медзі, і тады я зразумеў, чаму многія параненыя воіны памерлі, нягледзячы на ўсе мае намаганні. Каб атрымаць больш, ацалелыя забіралі ў параненых адзенне, аздобы і зброю, не давалі ім ні вады, ні ежы, і тыя хутчэй паміралі. Я зразумеў таксама, чаму шматлікія невукі-жыварэзы, адправіўшыся на вайну следам за войскам пад маркай вучоных лекараў, вярталіся ў Егіпет багатымі, хоць у паходах ад іх не было ніякай карысці.
    У Ерусаліме стаяў шум і гвалт, адусюль чулася грукатлівая сірыйская музыка. Багатыя на медзь і срэбра воіны пілі піва і весяліліся з размаляванымі дзеўкамі, біліся між сабой як галаруч, так і зброяй, наносячы раны і часцяком нават забіваючы. Яны рабавалі адзін аднаго і гандляроў, што трапляліся пад руку, у сувязі з гэтым на гарадскім муры кожны дзень каго-небудзь вешалі дагары нагамі. Але воінаў гэта не засмучала, яны толькі казалі:
    Так было, і так будзе заўсёды.
    Яны трацілі здабытае зброяй багацце на піва ды дзевак, пакуль гандляры не з'ехалі, дарэшты выцягнуўшы з іх усю медзь і срэбра. А Харэмхеб, які раздаў сваю долю здабычы воінам, прымусіў гандляроў заплаціць мыт за ўезд у горад і выезд, і такім чынам яшчэ больш забагацеў. Але радасці гэта яму не прынесла. Калі ж я прыйшоў развітацца перад ад'ездам у Сіміру, ён сказаў мне:
    — Паход закончыўся, не паспеўшы пачацца... Фараон у сваім лісце папракае мяне за тое, што я парушыў яго забарону і была пралітая кроў. Цяпер я павінен вярнуцца ў Егіпет і прывесці з сабой статак маіх паганых свінняў. Усе штандары з выявамі сокала ды ільвінымі хвастамі я мушу аддаць у храмы... Што з таго выйдзе — я нават сабе не ўяўляю: гэта ж адзінае ў Егіпце навучанае войска! Што да астатніх, яны ўмеюць толькі сраць пад гарадскімі мурамі ды лапаць на базары дзевак. Клянуся Амонам, лёгка фараону сядзець у Залатым палацы ды ўзносіць гімны свайму богу, верачы, што брацкай любоўю ён зможа падпарадкаваць народы! Калі б ён хоць раз пачуў стогны пасечаных воінаў ды лямант
    жанчын у вёсках, спаленых непрыяцелем, які нечакана прыйшоў з-за мяжы, можа тады ён пачаў бы думаць іначай.
    — Сёння Егіпет не мае ворагаў, бо ён самы багаты і самы магутны, — сказаў я. — Апроч таго, слава пра цябе ўжо разышлася па ўсёй Сірыі, і хабіры больш не адважацца перасунуць памежныя камяні. Дык чаму б і табе не распусціць войскі. Праўду кажучы, яны перапіліся, як дзікія звяры, і толькі ўсё ўшчэнт ламаюць, ад іх палатак нясе сцакамі, а на целах кішаць вошы.
    — Ты сам не ведаеш, што кажаш, — адказаў Харэмхеб, гледзячы перад сабой і сярдзіта чухаючы пад пахамі, бо палац мясцовага князька быў таксама поўны вошай. — Егіпет замкнуўся ў сабе, а гэта няправільна, бо навакольны свет настолькі вялікі, што ўжо сёння недзе прабіваюцца нябачныя нам парасткі, пладамі якіх будуць агонь і руіны. Я чуў, напрыклад, што цар амарэйцаў ліхаманкава збірае коней і купляе баявыя калясніцы замест таго, каб своечасова плаціць даніну фараону. Яго знаць адкрыта гаворыць, што некалі амарэйцы валодалі ўсім светам, а ў гэтым не болей праўды, чым у тым, што апошнія гіксосы жывуць у Амарэі.
    Гэты цар — Азіру, мой сябар. Ён чалавек марнаслоўны. Па яго просьбе я ў свой час пакрыў яму зубы золатам, — сказаў я. — He думаю, каб сёння яго думкі былі нечым занятыя, апроч той жанчыны, з якой ён нядаўна пабраўся шлюбам. Пры яе выглядзе ў яго слабеюць калені, і яна выцягвае з яго ўсю сілу.
    — Ты шмат чаго ведаеш, Сінухе, — сказаў Харэмхеб і выпрабавальна зірнуў на мяне. — Ты чалавек вольны і сам вырашаеш, чым табе займацца, ездзіш з горада ў горад, слухаеш і пазнаеш тое, чаго ніхто не ведае. Калі б я быў на тваім месцы і быў такі ж вольны, я аб'ездзіў бы ўсе краіны, каб павучыцца. Я паехаў бы ў Мітанні і наведаў бы Вавілон, паглядзеў бы, якія калясніцы робяць хеты, як навучаюць яны свае войскі, а потым з'ездзіў бы на марскія выспы і паглядзеў, ці сапраўды там такія магутныя воіны, як пра гэта гамоняць. Але я не магу зрабіць гэтага, бо фараон кліча мяне назад. Апроч таго, маё імя ўжо надта добра вядомае ў Сірыі, і я не змог бы пачуць тое, чаго хацеў бы. А ты, Сінухе, носіш сірыйскую вопратку і гаворыш на мове, на якой паўсюль размаўляюць адукаваныя людзі. Ты лекар, і нікому ў галаву не прыйдзе, што ты можаш разумець яшчэ што-небудзь, апроч сваёй лекарскай справы. Ты гаворыш проста, часам нібы дзіцё, і глядзіш, шырока расплюшчыўшы вочы, але я ведаю, што тваё сэрца закрытае, а ў душы ты трымаеш нешта, чаго ніхто не ведае. Ці слушна я кажу?
    — Можа, і слушна, — адказаў я, — але чаго ты ад мяне хочаш?
    Што, калі я дам табе шмат золата і пашлю ў тыя краіны, пра якія нядаўна казаў, каб ты разнес славу егіпецкіх лекараў па ўсім свеце, каб багатыя і знатныя людзі запрашалі цябе да сябе ў палацы, а ты зазіраў
    у іх сэрцы і пазнаваў іх таямніцы. Можа, і ўладары запрашалі б цябе, і ты мог бы праведаць і іх патаемныя думкі. Ты лячыў бы іх і адначасова быў бы маімі вачыма і вушамі, запамінаў бы ўсё, што яны будуць казаць, а потым, вярнуўшыся ў Егіпет, расказаў бы мне пра ўсё пачутае і пабачанае?
    — Я зусім не збіраюся вяртацца ў Егіпет, а тваё даручэнне — небяспечная справа, я не хачу вісець дагары нагамі на мурах якога-небудзь чужога горада.
    — Заўтрашні дзень невядомы нікому, — адказаў Харэмхеб. — Я думаю, што ты калі-небудзь усё адно вернешся ў Егіпет, бо той, хто хоць бы раз папіў вады з Ніла, не зможа наталіць смагу ніякай іншай вадою. Нават ластаўкі і журавы вяртаюцца туды на зіму, не могучы застацца ні ў якім іншым краі. Таму твае словы — усё адно, што зыканне мухі ў маіх вушах, а золата — гэта пыл пад маімі нагамі, і я лічу за лепшае памяняць яго на чужыя таямніцы. А твае словы наконт муроў у чужых гарадах — гэта поўнае абы што, бо я не вучу цябе парушаць законы чужых краінаў. Хіба вялікія гарады не завабліваюць чужаземных падарожнікаў, прапануючы ім паглядзець на свае чароўныя храмы, пасвяткаваць ды пазабаўляцца, і тым самым не выцягваюць у іх грошы, якія ідуць на карысць мясцовым ганддярам? У любой краіне ты жаданы госць, калі ў цябе ёсць золата Гэтаксама жаданае і тваё лекарства — асабліва ў тых краінах, дзе старых забіваюць сякерамі, а хворых адносяць паміраць у пустэльню, — ты чуў пра гэта. А пыхлівыя ўладары часта прымушаюць сваіх воінаў маршыраваць перад чужаземцамі, каб тыя, гледзячы на іх, схіляліся перад сілаю таго, хто валодае такім войскам. I не будзе нічога дрэннага, калі ты паглядзіш, як маршыруюць воіны, якая ў іх зброя, калі ты палічыш колькі ў іх баявых калясніц, якія яны — вялікія і цяжкія ці маленькія і лёгкія, змяшчаюць двух ці трох воінаў, бо мне даводзілася чуць, што часам у калясніцы садзяць яшчэ і шчытаносцаў. Вельмі важна ведаць, ці добра гадаваныя гэтыя воіны, ці намашчаныя яны добрым алеем, або — кашчавыя і худыя, і можа нават паедзеныя вошамі і маюць хворыя вочы, як тыя свінні. Кажуць, нібыта хеты начаравалі з-пад зямлі нейкі новы метал, і выкаваная з яго зброя пакідае глыбокія сляды на медных сякерах, што гэты метал сіняга колеру і завецца жалезам, але праўда гэта, ці не — я не ведаю. Можа, яны вынайшлі нейкі новы спосаб гартаваць медзь, нешта ў яе дадаючы, і я хацеў бы даведацца, што гэта за такі спосаб. Але важней за ўсё выведаць, што за чалавек тамтэйшы ўладар і якія ў яго дарадцы.