Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Павінен адзначыць яшчэ, што мітаннійцы зусім не ведалі межаў сваёй дзяржавы, бо хеты часта грузілі памежныя камяні на свае калясніцы і перастаўлялі іх, як хацелі. А калі мітаннійцы пачыналі пярэчыць, хеты смяяліся і прапаноўвалі ім сабраць камяні ды паставіць на ранейшае месца, калі ім так ужо хочацца. Але мітаннійцы не гарэлі жаданнем, бо, калі верыць таму, што яны расказвалі пра хетаў, ля межаў Мітанні яшчэ ніколі не было такога жахлівага і крыважэрнага народа. Па іх словах, для хетаў найвялікшай уцехай было слухаць стогны параненых ды глядзець, як з ранаў цячэ кроў, а калі мітаннійцы скардзіліся, што хецкія статкі вынішчаюць іхнія пасевы, хеты ламалі ім рукі і здзекліва прапаноўвалі перанесці памежныя камяні на ранейшае месца. Хеты ламалі мітаннійцам ногі і раілі як мага хутчэй бегчы са скаргамі да свайго цара. Апроч таго, яны здзіралі мітаннійцам з галавы скуру і нацягвалі яе на вочы, каб яны не бачылі, як хеты перасоўваюць памежныя камяні. Мітаннійцы расказвалі, што хеты апаскуджваюць і егіпецкіх багоў і такім чынам абражаюць егіпецкага фараона, а таму, на іх думку, фараон павінен прыслаць у Мітанні шмат золата дружыны наймітаў з дзідамі, каб пачаць вайну з хетамі, а паколькі самі мітаннійцы ваяваць не любілі, дык спадзяваліся напалохаць хетаў падтрымкаю фараона і тым самым прымусіць хетаў адступіць. Немагчыма пералічыць усе тыя беды, якія прычынілі мітаннійцам хеты з іх грубымі паводзінамі і дзікімі звычаямі. Мітаннійцы казалі, што хеты горшыя за саранчу, бо пасля налёту саранчы зямля зноў ажывае, а там, дзе прайшлі хецкія баявыя калясніцы, там ніколі ўжо нічога не вырастае.
Я не хацеў доўга затрымлівацца ў Мітанні, бо лічыў, што ўжо даве-
даўся пра ўсё патрэбнае, але мой гонар лекара быў прыніжаны, бо мясцовыя лекары сумняваліся ў праўдзівасці маіх расказаў пра трэпанацыю чэрапа. I тут на заезны двор, дзе я жыў, прыехаў адзін знатны чалавек, які скардзіўся на няспынны шум у вушах, падобны да шуму марскіх хваляў, і на моцны галаўны боль, ад якога ён нават траціў прытомнасць. Ён казаў, што не хоча больш жыць, бо хто б ні браўся, ніхто не змог яго вылечыць. Тады я прапанаваў яму:
— Калі ты дазволіш мне ачысціць твой чэрап, то, можа быць, ты паправішся. Але, па шчырасці, болей шанцаў, што ты памрэш, бо толькі адзін з сотні хворых застаецца жывы пасля такой аперацыі.
Ён мне адказаў:
— Я быў бы вар’ятам, калі б адмовіўся ад такога лячэння, бо так у мяне будзе хоць адзін шанец застацца жывым, бо іначай я проста кончу самазабойствам. Па праўдзе, я і не веру, што ты мяне вылечыш, затое, не ўчыніўшы самагубства, я не ўгняўлю багоў. А калі ты, насуперак усяму, мяне вылечыш, дык я ад радасці аддам табе палову свайго багацця, а гэта зусім не мала. Нават пасля маёй смерці ты атрымаеш вялікую ўзнагароду, так што ў любым выпадку ў пройгрышы не застанешся.
Я старанна агледзеў ягоную галаву, абмацаў яе з усіх бакоў, але ніводзін мой дотык не выклікаў болю. Тады Каптах прапанаваў:
— Пастукай малатком, усё роўна ты нічога не губляеш.
Я паслухаўся парады. Спачатку хворы ніяк не рэагаваў на мае пастукванні, але раптам дзіка закрычаў і страціў прытомнасць. Такім чынам я адшукаў месца, дзе трэба было ўскрываць чэрап, Я запрасіў мітаннійскіх лекараў і сказаў ім:
— Хочаце верце, хочаце не, але зараз я буду прачьішчаць гэтаму мужчыну чэрап і пастараюся яго вылечыць. Хоць, па шчырасці, у яго болей шанцаў памерці.
Я прынёс з храма Амона свяшчэнны агонь, ачысціўся ім сам і ачысціў знатнага хворага і ўсё ў пакоі. У самы светлы час дня я ўзяўся за працу: надрэзаў і адвярнуў на галаве скуру, а потым распаленым жалезам спыніў моцны крывацёк. Мне было вельмі шкада небараку, якому я прычыняў такі боль. Але хворы сказаў, што гэты боль — нішто ў параўнанні з тым, што ён адчувае штодзённа. Я даў яму выпіць віна, падмяшаўшы ў яго дурманнага зелля, і ўрэшце яго вочы ашклянелі, як у снулай рыбы, і на твары застыў радасны выраз. Тады я асцярожна ўскрыў чэрап. Хворы не страціў прытомнасць, ён пачаў глыбока дыхаць і сказаў, што, як толькі я выняў кавалак чарапной косці, яму адразу палепшала. Маё сэрца ўзрадавалася, калі я ўбачыў, што менавіта ў тым месцы, дзе я ўскрыў чэрап, аказалася яйка злога духа, або духа хваробы, як вучыў мяне Птахор. Гэтае яйка было непрыгожае, чырва-
наватае, велічынёю з ластаўчына. 3 дапамогай свайго майстэрства я абпаліў вакол усё, што звязвала яйка з мазгамі, выняў яго і паказаў лекарам. Тыя ўжо не смяяліся. Я закрыў рану срэбнай пласцінай і старанна прышыў скуру. Падчас усёй аперацыі хворы быў у прытомнасці, а калі я скончыў, ён устаў і і горача мне падзякаваў, бо не адчуваў ужо ні шуму ў вушах і ні былога страшэннага болю.
Аперацыя прынесла мне вялікую славу ва ўсёй Мітанні. Яна бегла наперадзе мяне і дасягнула Вавілона. Але хворы адразу пачаў піць віно і весяліцца, яго цела стала гарачым, ён пачаў трызніць, а потым у непрытомнасці ўцёк з дома і, зваліўшыся з гарадскога мура, скруціў сабе шыю. Але ўсе казалі, што маёй віны ў тым няма, і толькі ўслаўлялі маё майстэрства.
Мы з Каптахам тым часам нанялі лодку і паплылі ўніз па рацэ да Вавілона.
2
Землі, якімі валодае Вавілон, называюць па-рознаму — і Халдзеяй, і Хасеяй, у залежнасці ад таго, які народ насяляе тое ці іншае месца. Але я буду іх называць Вавілоніяй, каб усім адразу было зразумела, пра якую краіну ідзе гаворка. Зямля тут урадлівая, па ўсіх палях праведзена шмат арашальных каналаў, і яна распасціраецца шырокай раўнінай, аж колькі сягае вока. Усё тут не так, як у Егіпце. Егіпецкія жанчыны, напрыклад, мелюць зерне паміж круглымі камянямі, якія круцяць, стоячы на каленях, а ў Вавілоніі жанчыны, седзячы на зямлі, расціраюць яго паміж двух камянёў рукамі, што значна цяжэй.
Дрэвы ў гэтых землях амаль не растуць, і іх там так мала, што той, хто зламае дрэва, лічыцца злачынцам супраць багоў, Той жа, хто дрэва пасадзіць, заслугоўвае боскай прыхільнасці і блаславення. Людзі ў Вавілоніі таўсцейшыя і тлусцейшыя, чым у іншых землях, і як усе тоўстыя людзі, яны шмат смяюцца. Яны ядуць цяжкія мучныя стравы, а яшчэ гадуюць невялікіх птушак, якіх называюць курамі. Гэтыя птушкі штодзень нясуць яйкі велічынёй з кракадзілавы, хоць я разумею, што, пачуўшы гэта, мне ніхто не паверыць. Жыхары Вавілоніі лічаць гэтыя яйкі асаблівым прысмакам. Яны спрабавалі пачаставаць і мяне, але я не адважыўся пакаштаваць такое дзіва і вырашыў задаволіцца звычнай мне стравай. Мясцовыя жыхары кажуць, што Вавілон — самы вялікі і старажытны горад у свеце, але я не веру гэтаму, бо ведаю, што гэта няпраўда, бо самы старажытны і вялікі горад на ўсёй зямлі — Фівы. Але я павінен прызнацца, што Вавілон уразіў мяне сваімі магутнасцю і багаццем, бо нават сцены там такія высокія і застрашальныя, як горы, а вежа, пабудаваная ў гонар багоў, дасягае да самага неба. Дамы тут пабудаваныя ў чатыры ці пяць паверхаў, так што атрымліваецца, быц-
цам людзі жывуць над галавой ды пад нагамі адзін у аднаго. А такіх багатых і раскошных крамаў і такой разнастайнасці тавараў, як пры вавілонскіх храмах, я не бачыў нават у Фівах.
Іх бога завуць Мардук, а ў гонар сваёй багіні Іштар яны пабудавалі браму, якая вышэйшую за пілоны храма Амона. Гэтую браму яны пакрылі бліскучымі стракатымі пліткамі, якія асляпляльна зіхцяць на сонцы. Ад брамы да вежы Мардука вядзе шырокая вуліца, а вежа пабудаваная ярусамі. Уздоўж ярусаў да самай вяршыні ідзе дарога, па якой могуць праехаць побач некалькі калясніцаў. А на вяршыні вежы жывуць зоразнаўцы, якім усё вядома пра нябесныя свяцілы, якія вылічваюць іх шлях і так прадказваюць шчаслівыя і нешчаслівыя дні, дапамагаючы кожнаму весці свае справы з улікам гэтага. Кажуць, што яны нават умеюць прадказваць людзям будучае, але дзеля гэтага чалавек павінен дакладна ведаць дзень і момант свайго нараджэння. Але ж я гэтага нічога не ведаў, і таму не змог скарыстацца з такой магчымасці, хоць мне вельмі хацелася.
Па гліняных таблічках мне выдавалі з храмавай скарбніцы столькі золата, колькі я хацеў, і я пасяліўся ля Брамы багіні Іштар у шматпавярховай гасцёўні, на даху якой раслі садовыя дрэвы і мірты, бруіліся ручаінкі, а ў маленькіх сажалках гарэзавалі рыбкі. У гэтым доме сяліліся высакародныя людзі, што прыязджалі ў Вавілон са сваіх памесцяў і не мелі дома ў горадзе. Сяліліся тут і замежныя паслы. Падлогі ў пакоях пакрывалі тоўстыя дываны, на ложках ляжалі мяккія звярыныя шкуры, а сцены ўпрыгожвалі стракатыя пліткі з легкадумнымі малюнкамі. Заезны дом называўся «Альтанка Іштар» і належаў вежы бога Мардука, як і ўсё астатняе ў Вавілоне, што мела хоць якую каштоўнасць. Калі палічыць усіх пастаяльцаў гэтага дома і ўсю прыслугу, то я ўпэўнены, што ў ім можна смела было б пасяліць цэлы квартал Фіваў, хоць гэтаму немагчыма не паверыць, пакуль сам не пажывеш у такім доме. Нідзе на свеце не сустрэць такой вялікай колькасці розных людзей, як у Вавілоне, нідзе на свеце не гучыць на вуліцах гэтулькі чужых моваў, а жыхары Вавілона сцвярджаюць, што ўсе дарогі на свеце ідуць праз іх горад, бо сам Вавілон — цэнтр сусвету. Яны сцвярджаюць, што іх краіна знаходзіцца зусім не на краі зямлі, як гэта лічаць у Егіпце, — яны кажуць, што далёка за ўсходнімі гарамі ёсць магутныя дзяржавы, адкуль у Вавілон прыходзяць узброеныя караваны з вельмі дзіўнымі таварамі, тканінай і дарагім крохкім посудам. Я павінен сказаць, што ў Вавілоне я бачыў людзей з жоўтымі тварамі і раскосымі вачыма, але іх твары былі жоўтыя зусім не ад фарбаў. Яны гандлявалі ў Вавілоне, прадаючы тканіны, якія па тонкасці нагадвалі царскі лён, але былі яшчэ болей гладкія і пераліваліся рознымі колерамі, як чысты алей. Па большасці ўсе жыхары Вавілона — гандляры, і яны нічога так не шануюць, як гандаль.
Нават іх багі гандлююць паміж сабою. Таму вавілоняне не любяць вайны, яны наймаюць воінаў і ўзводзяць сцены, каб абараніць свой гандаль. Яны хочуць, каб дарогі былі бяспечныя для гандляроў з усяго свету, бо гандаль прыносіць ім больш прыбытку, чым любая вайна, і няма на свеце лепшых гандляроў, чым вавілоняне. Аднак яны ўсё роўна ганарацца сваімі воінамі, якія аберагаюць муры і храмы горада. Гэтыя воіны штодзень выходзяць шчыльнымі радамі да брамы Іштар у бліскучых шаломах і з пазалочанымі шчытамі.