Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Я зірнуў на Харэмхеба, але ён ужо адвярнуўся і абыякава памахваў залатым бізуном, гледзячы некуды паўз мяне па-над глінянымі мурамі Ерусаліма, па-над барвянымі пад захадным сонцам скаламі і па-над аліўкавымі садамі, пакрытымі шэрым пылам. Ён глядзеў некуды далей, міма
ўсяго гэтага краявіду, і яму бачыліся далёкія землі, — яго галава ўзнялася, і вочы запаліліся змрочным полымем.
— Я разумею цябе, — сказаў я пасля доўгага роздуму. — У мяне таксама сэрца апошнім часам неспакойнае, як птушка ў клетцы. Таму я і прыехаў да цябе паглядзець на вайну і паспытаць яе смак, хоць мой слуга перасцерагаў мяне. Я зусім не супраць наведаць далёкія землі, на якія ступалі ногі нямногіх егіпцян, бо Сіміра — горад маленькі, яна надакучыла мне, і пакуль ты прамаўляў, я сам здзіўляўся, як я мог там затрымацца на такі доўгі час? Але чалавеку цяжка самому рашыцца адправіцца куды-небудзь, ён заўсёды марудзіць, застаючыся на месцы, пакуль яго не падштурхне загаднае слова іншага чалавека. Аднак ты мне не гаспадар і не можаш загадваць, дый я не разумею, навошта табе ўсё гэта ведаць, калі ты будзеш сядзець у Залатым палацы фараона і забаўляцца з жанчынамі.
— Паглядзі на мяне! — загадаў ён.
Я паглядзеў на яго, і раптам ён вырас у маіх вачах: яго позірк запаліўся змрочным агнём, і ён стаў падобны да бога — так, што ў мяне нават затрымцела сэрца. I я схіліўся перад ім, апусціўшы да каленяў рукі, а ён спытаў:
Ну, цяпер ты верыш, што я твой гаспадар?
— Сэрца мне кажа, што ты мой гаспадар, але чаму так — не ведаю, — касцянеючым языком адказаў я, і мне стала страшна. — Можа табе, напраўду, наканавана ўладарыць над людзьмі, як ты кажаш. Таму я згодзен выправіцца ў падарожжа. Mae вочы будуць тваімі вачыма, мае вушы — тваімі вушамі, але не магу сказаць, ці будзе табе з гэтага якая карысць, бо я поўны невук у тым, што цябе цікавіць. Я ўсяго толькі добра спрактыкаваны лекар, і нічога болей. Тым не менш я зраблю ўсё, што змагу, і не за тваё золата, а за тое, што ты мой сябар і гэтага жадаюць багі, калі яны толькі ёсць на свеце.
— Табе ніколі не давядзецца пашкадаваць, што ты мой сябра, — сказаў ён. — А золата я ўсё-ткі табе дам, бо калі я нешта разумею ў людзях, яно спатрэбіцца табе ў вялікай колькасці. Што да прычынаў, чаму мне гэтыя звесткі даражэйшыя за золата, то іх табе зусім не абавязкова ведаць. Mary толькі сказаць, што вялікія фараоны заўсёды пасылалі спрактыкаваных людзей да двароў іншых правіцеляў. Шкада, што цяперашнія фараонавы пасланцы — бараны. Яны ўмеюць толькі збіраць спадніцы ў зборкі і насіць узнагароды, а ведаюць толькі, у якім парадку — праваруч, ці леваруч ад фараона — стаіць. Калі ты сустрэнешся з імі, не звяртай на іх ніякай увагі, хай іхнія словы будуць зыканнем мухі ў тваіх вушах.
Калі мы развітваліся, ён скінуў з сябе ўсю веліч, дакрануўся рукамі да маіх шчок, ілбом да маіх плячэй і сказаў:
— Твой ад'езд — цяжар на маім сэрцы, Сінухе, бо я гэткі ж самотны, як ты, і таямніц майго сэрца не ведае ні адзін чалавек.
Я думаю, што кажучы гэта, ён мроіў аб прынцэсе Бэкетамон, чыя прыгажосць зачаравала яго.
Ён даў мне шмат золата, значна больш, чым я думаў, напэўна ўсё золата, якое здабыў у Сірыйскім паходзе, і загадаў сваім воінам праводзіць мяне да гавані, баронячы ад рабаўнікоў. На ўзбярэжжы я змесціў сваё золата ў вялікім гандлёвым доме і атрымаў узамен гліняную таблічку, што было цалкам бяспечна, бо ніякія рабаўнікі не маглі яе скарыстаць. Я падняўся на карабель і накіраваўся назад у Сіміру.
Хачу яшчэ згадаць толькі, што перад ад'ездам з Ерусаліма я ўскрыў чэрап аднаму воіну, які ў п'янай бойцы каля храма Атона атрымаў дубінай па галаве. Небарака ляжаў ледзь жывы, не могучы варухнуць ні рукой, ні нагой, ані вымавіць слова. Ад маёй дапамогі ён не паправіўся, хоць пачаў крыху рухаць рукамі, і яго цела стала гарачым. Але на другі дзень ён сканаў.
ПАПІРУС ШОСТЫ
Дзень фальшывага цара
і
Перш чым пачаць новую кнігу, я мушу ўзнесці хвалу даўно мінуламу часу, калі я, набіраючыся мудрасці, бесперашкодна падарожнічаў па многіх краінах, бо той час ніколі не вернецца. Я падарожнічаў па свету, які сорак гадоў не ведаў войнаў, воіны абаранялі гандляроў і караванныя шляхі ад рабаўнікоў, а марскія шляхі ахоўваліся ад піратаў ваеннымі караблямі фараона. Межы былі адкрытыя, купцы і падарожнікі, якія прывозілі з сабою золата, былі жаданымі гасцямі ва ўсіх гарадах, людзі не абражалі адзін аднаго, сустракаючыся, яны кланяліся, апускаючы да каленяў рукі, і пераймалі адзін у аднаго розныя звычаі, а людзі адукаваныя размаўлялі і пісалі на многіх мовах.
Палі ў чорных землях паліваліся і прыносілі вялікія ўраджаі, а чырвоныя землі паіў боскі Ніл. Статкі спакойна пасвіліся на пашах, і пастухі не насілі з сабою дзіды, а гралі на дудачках ды спявалі вясёлыя песні. Вінаграднікі квітнелі, дрэвы згіналіся пад цяжарам пладоў, жрацы тлусцелі і блішчалі ад вохных масцяў, і дым ад незлічоных ахвяраў узносіўся да неба. Багі таксама квітнелі і тлусцелі ад шматлікіх ахвяраў, якія ўсе ім прыносілі. Багатыя рабіліся яшчэ багацейшымі, магутныя — яшчэ магутнейшымі, а беднякі — яшчэ бяднейшымі, як вызначылі багі з даўніх часоў, і ўсе былі задаволеныя і не наракалі на свой лёс і сваё жыццё. Такім паўстае ў маёй памяці той даўні час, які ніколі не вернецца. Я быў малады, і мае ногі не стамляліся ад доўгіх падарожжаў, мае вочы гарэлі цікаўнасцю і жаданнем пабачыць новае, маё сэрца прагнула новых ведаў і глытала іх вялікімі дозамі.
Каб давесці, што так было арганізавана паўсюдна, я магу сказаць, што гандлёвая палата вавілонскага храма без ваганняў выдала мне золата па глінянай таблічцы, якую я атрымаў у гандлёвым доме Сіміры, і ў кожным вялікім горадзе можна было купіць віно, прывезенае з гор або з-за мора, у гарадах Сірыі найлепшым лічылася горнае віно з Вавілона, а ў Вавілоне выкладвалі золата за сірыйскія віны. Хто меў золата, той мог купіць сабе рабоў рознага колеру і росту, дзяцей, мужчын і маладых жанчын, каб весяліцца з імі, але той, хто золата не меў, мусіў працаваць, і яго скура рабілася шурпатай і грубай, а рукі пакрываліся мазалямі. А калі хто хацеў залезці ў дом багатага чалавека і ўкрасці золата, каб павесяліцца, п'ючы віно і купляючы рабоў, таго хапалі і 160
вешалі на гарадскім муры дагары нагамі на застрашэнне іншым.
Уславіўшы такім чынам шчаслівыя старыя часы, калі і сонца свяціла ярчэй і вецер быў болей ласкавы, я распавяду пра свае падарожжы і пра ўсё, што пабачылі мае вочы і пачулі мае вушы. Але спачатку скажу пра сваё вяртанне ў Сіміру.
Калі я вярнуўся і ўвайшоў у дом, Каптах выбег насустрач і кінуўся мне ў ногі са словамі:
— Хай блаславіцца той дзень, які прывёў майго гаспадара дадому! Ты ўсё ж вярнуўся, а я думаў, што ты загінуў на вайне, не паслухаўшы мяне і паехаўшы паглядзець, што гэта такое. Але наш скарабей напраўду магутны бог, бо збярог цябе, і сёння добры дзень. Маё сэрца поўніцца радасцю ад таго, што бачу цябе, шчасце ліецца слязьмі з маіх вачэй і я не магу супакоіць сябе, хоць і не стану цяпер спадкаемцам усяго твайго золата, размешчанага ў гандлёвых дамах Сіміры. Але я не шкадую аб страце багацця, бо без цябе я падобны да ягняці, якое страціла маці і можа толькі бляяць, а дні мае без цябе былі сумныя і цёмныя. Пакуль цябе не было я не ўкраў у цябе больш, чым звычайна, я абараняў твае інтарэсы, даглядаў твой дом і множыў тваё багацце, так што цяпер ты багацейшы, чым раней.
Ён памыў мае ногі, паліў вады на рукі і дагаджаў, як толькі мог. Ён увесь час плакаў і галасіў, пакуль я не загадаў:
— Падрыхтуй усё да вялікага падарожжа, якое, магчыма, прадоўжыцца не адзін год і будзе поўнае цяжкасцямі, бо нам трэба трапіць у Мітанні, Вавілон і на выспы.
Каптах імгненна змоўк, і яго твар стаў шэры ад страху.
— Хай засведчыць скарабей, што мой гаспадар звар'яцеў, — загаласіў ён з новаю сілай, — што мне трэба яго звязаць і паставіць яму п'яўкі! Мы так добра жывем у Сіміры, мы заваложваем свой хлеб мёдам, гарадскія купцы і чыноўнікі паважаюць нас, а дзевы з храма Астарты навучыліся ад маракоў розным новым штучкам, якія вельмі падабаюцца мужчынам і прымушаюць іх целы трапятацца, як трапечацца выкінутая на бераг рыба, так што табе лепш пайсці ў храм і прынесці ахвяры, каб забыць гэтыя неразумныя словы.
Я сказаўяму:
— He па сваёй прыхамаці я выпраўляюся ў гэтае падарожжа, але чаму — не скажу, бо ты раб і дурань. Але хай будзе так, як ты хочаш: заставайся тут, даглядай дом і маёмасць ды весяліся з храмавымі жанчынамі, якіх я не хачу называць дзевамі. А я паеду адзін, калі табе не хочацца ехаць са мною. Я не буду цябе прымушаць, бо тады ў далёкім падарожжы ад цябе будзе болей шкоды, чым карысці.
Каптах зноў загаласіў:
— Далібог, лепш бы мне і не нарадзіцца на гэты свет. I лепш бы мне
не бачыць шчаслівых дзён, бо чым лепш чалавек жыве, тым цяжэй яму адмовіцца ад салодкага жыцця. Каб ты ехаў у падарожжа на адзін або два месяцы, як рабіў гэта раней, я не сказаў бы нічога і застаўся б у Сіміры. Але тваё падарожжа прадоўжыцца гадамі, і, магчыма, ты ніколі не вернешся, і я цябе ніколі не ўбачу. Таму я павінен суправаджаць цябе, узяўшы з сабою нашага скарабея. У такім падарожжы табе спатрэбіцца ўдача, а без нашага скарабея ты не зможаш устояць і рабаўнікі праткнуць цябе сваімі дзідамі. Без мяне і майго жыццёвага досведу ты будзеш падобны да цяляці, якому звязалі ногі і.якога злодзей збіраецца знесці на сваіх плячах, без мяне ты будзеш падобны да чалавека, якому завязалі вочы, і ён дарэмна мацае навокал рукамі, без мяне цябе з задавальненнем абрабуе кожны, а я гэтага не хачу, бо калі хто і абкрадае цябе, дык хай гэта буду я — я буду рабіць гэта асцярожна, не забываючы і пра твае інтарэсы. I ўсё ж лепш бы нам застацца дома.
Год ад года Каптах рабіўся ўсё болей нахабным: ён ужо казаў «наш дом» ды «наш скарабей» і нават «нашае золата». I мне ўжо да таго надакучылі яго нахабства і жаласлівыя крыкі, што я ўзяў палку і добра прылажыўся да яго растаўсцелай задніцы — каб у яго была сапраўдная прычына пагаласіць.
Я сказаў:
— Сэрца мне вяшчуе, што давядзецца табе калі-небудзь вісець на муры за сваё нахабства. Вырашай сам, паедзеш са мною ці застанешся тут, але зараз змоўкні, бо ад твайго ляманту ў мяне баляць вушы, і не перашкаджай мне рыхтавацца да падарожжа.