Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Пасля гэтага Каптах супакоіўся, скарыўшыся лёсу, і мы пачалі збірацца. Паколькі ён пакляўся, што яго нагі больш не будзе на караблі, мы далучыліся да каравана, які ішоў у паўночную Сірыю, бо я хацеў паглядзець на кедравыя лясы ў Ліване, адкуль прывозілі дрэва для царскіх палацаў ды свяшчэннага чоўна Амона. Пра гэты шлях мне амаль няма чаго распавесці, ён быў аднастайны і рабаўнікі не нападалі на наш караван. Заезныя двары былі добрыя, мы смачна елі і пілі, часам на прыпынках да мяне прыходзілі хворыя, і я лячыў іх. Мне надакучыла ехаць на аслах, і я загадаў несці мяне на насілках. Каптах таксама не быў у захапленні ад язды верхам, але пасадзіць яго побач з сабой я не мог — ён быў усяго толькі маім рабом. Часам Каптах пачынаў скардзіцца на жыццё і казаў, што лепш бы яму памерці. Тады я напамінаў яму, што гэты шлях мы маглі б адолець значна хутчэй і зручней на караблі, але гэта яго не суцяшала. Сухі вецер раз'ядаў мой твар, і мне даводзілася бясконца змазваць яго, пыл забіваўся ў горла, бясконца кусаліся пясчаныя блохі, але ўсё гэта былі дробязі, і вочы мае радаваліся ўсяму, што мне даводзілася ўбачыць.
А я пабачыў кедравыя лясы і такія вялікія дрэвы, што ніводзін егіп-
цянін не паверыў бы, калі б я расказаў пра гэта. Таму я і не буду расказваць. Але павінен адзначыць, што ў тых лясах стаіць чароўны водар, у іх цякуць празрыстыя ручаіны, і я нават падумаў, што ніводзін чалавек не можа быць нешчаслівы, жывучы ў такіх дзівосных мясцінах. Я думаў так, пакуль не ўбачыў рабоў, якія ссякалі гэтыя дрэвы і дастаўлялі па горных схілах на марскі бераг. Тыя рабы былі вельмі бедныя, гнойныя раны пакрывалі іх рукі і ногі, на іх спінах чырванелі шнары ад бізуноў наглядчыкаў, і цэлыя хмары мух капашыліся ў гэтых ранах. Пасля ўбачанага я ўжо не думаў так, як раней.
А Каптах адразу ўзяўся падлічваць, колькі можна было б атрымаць у Фівах, выгрузіўшы гэтыя дрэвы з карабля. Ён вылічыў, што ў Егіпце за цану аднаго толькі дрэва просты чалавек мог бы ўсё жыццё карміць сям’ю, вывучыць сыноў на пісараў і прыстойна выдаць замуж дачок. Каптах узяўся лічыць дрэвы, але заблытаўся і пачаў нанова, а потым проста расплакаўся.
— Маё сэрца разрываецца, калі я бачу, што такое багацце гайдаецца пад ветрам без ніякай карысці, — сказаў ён і нават захінуў галаву адзеннем, каб не бачыць магутных кедраў. Я слухаў, як шумяць вяршыні магутнага лесу, і думаў, што толькі дзеля таго, каб паслухаць гэты шум, варта было прыехаць у гэтую краіну.
Нарэшце мы дабраліся да горада Кадэша з умацаваннем і вялікім егіпецкім гарнізонам. Але на сценах горада не было вартавых, равы зараслі пустазеллем, а салдаты ды афіцэры займаліся сваімі сямейнымі справамі і ўспаміналі пра службу толькі тады, калі з фараонавых складаў выдавалі збожжа, цыбулю і піва. Мы затрымаліся ў горадзе пакуль не зажылі Каптахавы раны ад язды верхам. А я тым часам вылечыў шмат хворых, бо егіпецкія лекары, што жылі ў горадзе, былі нічога не вартыя — іх імёны даўно ўжо сцерлі ў Кнізе жыцця, калі наогул калінебудзь туды заносілі. А таму хворых, якія мелі дастаткова золата, вазілі ў Мітанні да лекараў, якія вучыліся ў Вавілоне. У гэтым горадзе я бачыў помнікі, пастаўленыя вялікімі фараонамі, і чытаў надпісы, у якіх апісваліся вялікія перамогі цароў, гаварылася пра колькасць забітых ворагаў і ўпаляваных сланоў. Тут я заказаў сабе пячатку з каштоўнага каменя. Гэта было неабходна, каб мяне паважалі і шанавалі ў гэтых краінах. А пячаткі тут былі зусім не такія, як у Егіпце, — гэта быў не сыгнет, які носяць на пальцы, а цыліндрычная бочачка з дзірачкай пасярод, у якую прасоўвалі шнурок і насілі на шыі. Калі яе прыкладалі да глінянай таблічкі, на гліне заставаўся адбітак пячаткі. А бедныя і непісьменныя людзі замест пячаткі прыкладалі да гліны вялікі палец.
Але Кадэш быў такі бязрадасны і сумны горад, што нават Каптах захацеў як мага хутчэй прадоўжыць шлях, хоць да смерці баяўся свайго асла. Аднастайнае жыццё ў Кадэшу парушалі толькі караваны, што
прыходзілі ў горад, бо горад стаяў на скрыжаванні караванных шляхоў. Але ўсе памежныя гарады, каму б яны ні належалі, заўсёды ператвараюцца ў месцы выгнання воінаў і военачальнікаў з егіпецкіх, мітаннійскіх, вавілонскіх ці хецкіх армій, а таму выгнаннікі — як салдаты, так і афіцэры — праклінаюць свой лёс і дзень, калі з'явіліся на свет, і бясконца гуляюць у газардовыя іульні, учыняюць паміж сабой бойкі, п'юць дрэннае піва ды водзяцца з такімі жанчынамі, ад якіх болей шкоды, чым весялосці.
Такім чынам, мы рушылі далей і без ніякіх перашкодаў перасеклі мяжу ў Нахарынскім краі, дзе мы ўбачылі раку, якая цячэ ўверх, а не ўніз, як вялікі Ніл. Нам сказалі, што, прыехаўшы ў Мітанні, мы павінны заплаціць у царскую казну падатак. А даведаўшыся, што мы егіпцяне, усе пачалі ставіцца да нас з пашанай. Людзі падыходзілі і казалі:
— Вы тут жаданыя госці. Нашы сэрцы радуюцца, калі прыязджаюць егіпцяне. Але мы даўно не бачылі егіпцян, і нашы душы поўняцца трывогай і хваляваннем, бо надта ўжо доўті час ваш фараон не прысылаў да нас сваіх воінаў, зброі і золата. Кажуць, ён прапанаваў нашаму цару новага бога, пра якога мы нічога не ведаем. Але ў нас ёсць наша Іштар Ніневійская і шмат іншых багоў, якія абараняюць нас да гэтага часу.
Яны запрашалі мяне ў госці і паілі ды кармілі не толькі мяне, але і Каптаха, бо для іх ён таксама быў егіпцянін, хоць і мой слуга. Таму Каптах урэшце сказаў:
— Гэта добрая краіна. Давай застанемся тут назаўсёды. I ты, мой гаспадар, зоймешся тут лекаваннем, бо, па-мойму, людзі тут цёмныя і даверлівыя, і ашукаць іх будзе няцяжка.
Мітаннійскі цар і яго прыдворныя на гарачую летнюю пару перабраліся ў горы, але я не захацеў пайсці за імі, бо ўжо ледзь стрымліваў сваё нецярпенне, прагнучы ўбачыць Вавілон з яго незлічоным цудамі, пра якія я так шмат чуў. Але выконваючы загад Харэмхеба, я гутарыў з высакароднымі і простымі людзьмі, і ўсе яны казалі адно і тое ж, з чаго я зразумеў, што іх сэрцы поўняцца трывогай і неспакоем. У даўніну зямля Мітанні была магутнай дзяржавай, але цяпер страціла былую сілу, і яе з усіх бакоў атачалі ворагі: з усходу — Вавілон, з поўначы — дзікія народы, з захаду — хеты. Чым 15ольш я слухаў аповеды мітаннійцаў пра зямлю хетаў, тым больш разумеў, што павінен наведаць гэтую краіну. Але спачатку трэба было трапіць у Вавілон.
Насельнікі Мітанні былі невялікага росту, іх жанчыны вылучаліся прыгажосцю і вытанчанасцю, а дзеці здаваліся прыгожымі лялькамі.
Можа быць, сапраўды, мітаннійцы былі калісьці вялікім народам і панавалі над усімі плямёнамі на ўсходзе і захадзе, на поўначы і поўдні, але тое самае пра сябе кажуць усе народы. Я не верыў іхнім аповедам пра тое, што яны некалі перамаглі і разрабавалі Вавілон. Нават калі б
гэта была праўда, яны маглі б зрабіць гэта толькі з дапамогай Егіпта, бо з даўніх часоў — з часоў вялікіх фараонаў — Мітанні залежала ад Егіпта, а дочкі мітаннійскіх цароў на працягу двух пакаленняў станавіліся жонкамі егіпецкіх фараонаў і жылі ў Залатым палацы. Продкі Аменхатэпа на баявых калясніцах аб'ездзілі Нахарынскую зямлю ўздоўж і ўпоперак, а ў гарадах яшчэ зберагліся надпісы з апісаннем іх перамог.
Слухаючы аповеды і скаргі мітаннійцаў я прыйшоў да высновы, што гэтую краіну і стварылі толькі дзеля таго, каб яна аддзяляла і абараняла Сірыю ды Егіпет ад Вавілона і дзікіх народаў. I сапраўды, гэтая краіна стала шчытом Сірыі, а дзіды, накіраваныя на Егіпет, у першую чаргу мусілі працінаць яе сэрца. Толькі таму егіпецкія фараоны падтрымлівалі хісткі трон Мітанні і пасылалі сюды золата, зброю і дружыны наймітаў. Але мітаннійцы не разумелі гэтага. Яны ганарыліся магутнасцю сваёй дзяржавы і казалі:
— Дачка нашага цара Тадукіпа стала Боскаю жонкай фараона ў Фівах. Шкада, што яна раптоўна сканала — яна была яшчэ зусім дзіцём. Незразумела, чаму фараон больш не прысылае нам золата. Фараоны з даўняга часу любілі нашых цароў як сваіх братоў і ў знак гэтага пасылалі ім ваенныя калясніцы, зброю, золата і каштоўныя падарункі.
Але я бачыў, што гэтая стомленая краіна памірае, і над яе храмамі ды велічнымі будынкамі лунае цень смерці. Самі яны гэтага не разумелі: яны больш клапаціліся рознымі стравамі, якія гатавалі вельмі мудрагелістымі спосабамі, і старанна выбіралі новую вопратку — чаравікі з загнутымі ўгору насамі, высокія шапкі ды розныя ўпрыгожванні. Іх рукі былі гэткія ж тонкія, як у егіпцянаў, а скрозь далікатную скуру ў іхніх жанчын можна было бачыць, як у іх цячэ кроў па жылах. Яны гаварылі і паводзілі сябе вытанчана, а прыгожай хадзе іх вучылі з дзяцінства як жанчын, так і мужчын. Жыць у гэтай краіне было лёгка і прыемна, у дамах уцех крыкі і гвалт не рэзалі вушы, усё адбывалася ціха і прыстойна, і калі я піў віно з тамтэйшымі жанчынамі, то пачуваў сябе нязграбным і няўклюдным. Але цяжар клаўся на маё сэрца, калі я глядзеў на іх, бо цяпер, калі мне быў вядомы смак вайны, я лічыў, што, калі іх аповеды пра хетаў — праўда, гэта краіна асуджана на пагібель.
Іх лекары вызначаліся вялікім майстэрствам і ведалі шмат таго, чаго не ведаў я. Ад іх я атрымаў лякарства, якое выганяла глістоў не так пакутліва, як другія вядомыя мне лекі, яны ўмелі з дапамогай іголкі вяртаць зрок сляпым, і я навучыўся працаваць іголкай лепей, чым paHeft. Але пра трэпанацыю чэрапа яны нават не чулі, і не верылі маім аповедам, кажучы, што толькі магутныя багі могуць залячыць пашкоджаную галаву, але і тады чалавек не стане такі як раней, а таму яму лепш памерці.
Жыхары Мітанні былі вельмі цікаўныя да ўсяго чужаземнага: яны
насілі чужаземнае адзенне, каштавалі чужаземныя стравы, пілі горнае віно ды насілі чужаземныя аздобы. 3 гэтай прычыны яны прыходзілі і да мяне — каб іх палячыў Чужаземны лекар. Сярод наведнікаў былі і жанчыны, яны спакусліва ўсміхаліся і распавядалі пра свае немачы і крыўды, скардзячыся, што іх мужы сталі халодныя, стомленыя і абыякавыя. Я выдатна ведаў, чаго яны ад мяне хочуць, але ні разу не дазволіў сабе нават датыкнуцца да іх, а не тое што пацешыцца з імі — я не хацеў парушаць законы чужой краіны. Замест гэтага я даваў ім зелле, якое яны маглі цішком падмяшаць у мужаву страву, а ўжо яно было здольнае выклікаць жаданне весяліцца з жанчынамі нават у мёртвага, — тое зелле я атрымаў ад сімірскіх лекараў, якія былі ў гэтай справе найлепшыя ў свеце і перасягалі нават егіпецкіх лекараў. Зрэшты, не ведаю, каму тыя жанчыны падмешвалі мае лекі — сваім мужам ці чужым, але я заўважыў, што да чужых мужчын у іх была большая схільнасць, бо норавы мітаннійскіх жанчын былі вельмі вольныя, у іх было мала дзяцей, і я зноў падумаў, што над гэтай зямлёй павісла цень смерці.