Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Сінухе-егіпцянін, хай блаславяць цябе багі, хоць ты і прычыніў мне боль.
Тут умяшаўся стары і сказаў:
— Я зрабіў бы гэта нашмат лепей, калі б ты дазволіў мне дакрануцца да твайго царскага падбароддзя. А твой зубны лекар зрабіў бы гэта яшчэ лепей.
Стары вельмі здзівіўся, калі я пацвердзіў:
— Стары кажа праўду, ён сапраўды зрабіў бы гэта не горш за мяне, а зубны лекар — яшчэ лепей. Але іх воля не была такою моцнай, як мая, таму яны і не змаглі пазбавіць цябе ад болю. Лекар павінен мець смеласць прычыняць боль нават уладарам, калі гэта патрэбна. Яны баяліся, а я не баяўся, бо мне было ўсё роўна, і, калі хочаш, можаш зараз, калі я вылечыў цябе, загадаць сваім воінам праткнуць маю печань.
Цар плюнуў, пацёр шчаку рукою, плюнуў яшчэ раз, але шчака больш не балела, і ён сказаў:
— Ніхто і ніколі не размаўляў са мной так, як ты, Сінухе. Калі ўсё, што ты кажаш, — праўда, то я не буду загадваць воінам праткнуць тваю печань, бо якая мне з таго радасць, калі ты не баішся смерці. Але ты сапраўды прынёс мне вялікую палёгку, а таму я дарую табе тваю дзёрзкасць і дарую твайму рабу тое, што ён бачыў, як ты трымаў маю галаву пад пахай, і чуў, як я крычаў. Я дарую яму ўсё за тое, што сваім дураслівым скачком ён рассмяшыў мяне, а я ўжо даўно не смяяўся. Скокні яшчэ раз.
Але Каптах змрочна адказаў:
— Гэта ніжэй маёй годнасці і зусім мне не да твару.
Бурабурыяш усміхнуўся і сказаў:
— Ну, зараз пабачым.
Ён паклікаў ільва, той устаў, пацягнуўся так, што ажно хруснулі суставы, і паглядзеў на гаспадара разумнымі вачыма. Той паказаў на KanTaxa, і леў, млява памахваючы хвастом, нетаропка накіраваўся да майго слугі, які пачаў здаваць тулам перад ільвінай мордай, не могучы адвесці вачэй ад страшэннага звера. Раптам леў разявіў пашчу і зароў. Тады Каптах павярнуўся, ухапіўся за заслону ля дзвярэй і, лямантуючы ад жаху, хуценька палез наверх, бо леў стараўся дастаць яго лапай. Цар смяяўся яшчэ болей залівіста, чым раней, і казаў:
— Ніколі не бачыў нічога болей пацешнага!
Леў сядзеў на падлозе і, паглядаючы на Каптаха, час ад часу аблізваўся, а да смерці перапалоханы Каптах вісеў на заслоне. Тут цар запатрабаваў, каб яму прынеслі паесці і папіць.
— Я хачу есці, — абвясціў ён.
Тады стары царскі лекар заплакаў ад радасці, што ягоны ўладар вылечыўся, і перад царом з'явіліся розныя смачныя стравы на срэбным посудзе і віно ў залатых кубках, і цар прапанаваў:
— Паабедай са мною, Сінухе, хоць гэта мне не да твару, але сёння я забудуся на сваю веліч, бо ты трымаў маю галаву пад пахай і калупаўся пальцамі ў мяне ў роце.
Я раздзяліў з ім абед і растлумачыў:
— Табе цяпер прыкметна палегчала, але боль можа вярнуцца ў любы момант, калі не вырваць твой хворы зуб, які і быў прычынаю болю. Было б лепш, каб ты дазволіў свайму зубному лекару зрабіць гэта зараз жа. Твая шчака цяпер апала, і выдраць зуб можна будзе лёгка і без ніякай шкоды твайму здароўю.
Цар засмуціўся і раздражнёна сказаў:
— Ты гаворыш дрэнныя словы і азмрочваеш маю радасць.
Ён крыху падумаў, а потым сказаў:
— А можа, ты маеш рацыю, і менавіта таму гэты боль паўтараецца кожную вясну і восень, варта мне толькі прамачыць ногі. I кожны раз я так пакутую, што гатовы памерці. Калі ўжо так трэба, дык лячы мяне сам, бо я не хачу бачыць свайго зубнога лекара, які так доўга прымушаў мяне дарэмна пакутаваць.
Я адказаўяму:
— Па тваіх словах я бачу, што ў дзяцінстве ты выпіў болей віна, чым малака, дый салодкія ласункі табе не дадалі здароўя — гэта таму, што яны гатуюцца ў вас з фінікавага сіропу, а ён раз'ядае зубы. У Егіпце ж ласункі гатуюць з мёду, які для людзей збіраюць маленькія птушачкі, таму я раю табе цяпер есці толькі прывазныя прысмакі.
Цар адказаў:
— Ты, напэўна, вялікі жартаўнік, Сінухе, бо ўсё, што ты кажаш, — яўна хлусня. Я ніколі не чуў, каб птушкі збіралі мёд.
Я гаротна ўздыхнуў:
— Дрэнь мае справы, бо мне ніхто не дасць веры і дома, калі я скажу, што бачыў птушак, якія не ўмеюць лятаць і жывуць з людзьмі, кожны дзень даючы ім па свежаму яйку. Лепш мне, бадай, увогуле нічога нікому не расказваць, іначай я толькі здабуду славу вялікага хлуса і пагублю сваё добрае імя.
Але цар горача запярэчыў:
— Гавары, гавары, бо я ніколі не чуў нічога падобнага.
Тады я сур'ёзна сказаў яму:
— Я не буду выдзіраць твой зуб, хай гэта зробіць твой лекар, бо ён у гэтай краіне самы спрактыкаваны чалавек у лекаванні зубоў і, бадай, болей спрактыкаваны, чым я. Апроч таго, я не хачу, каб мяне сталі ненавідзець. Калі ты хочаш, я пастаю побач, каб табе не было так страшна, і буду трымаць цябе за руку. Апроч таго, я аслаблю твой боль усімі сродкамі, якім навучыўся ад розных народаў. Хай гэта адбудзецца праз два тыдні, лічачы ад сёння. Лепей прызначыць пэўны тэрмін, каб ты не перадумаў. Да таго часу рана ў роце дастаткова загоіцца, а ты кожны дзень, уранні і ўвечары, палашчы рот настойкай, якую я табе дам, хоць яна горкая і вельмі нясмачная.
— А калі я не буду гэта рабіць?
— Ты павінен даць тваё царскае слова, што будзеш рабіць усё так, як я кажу, бо ўладар чатырох бакоў свету не можа парушыць сваё царскае слова. Калі ты выканаеш усё, я пазабаўлю цябе і ператвару ваду ў кроў, а потым навучу рабіць гэта і цябе, каб ты мог уразіць сваіх падланых. Але ты павінен паабяцаць мне, што не навучыш гэтаму цуду нікога болей, бо гэта святая таямніца жрацоў Амона. Гэтуто таямніцу не ведаў бы і я, каб не быў малодшым жрацом, і я не насмеліўся б навучыць цябе, каб ты не быў царом.
Толькі я сказаў гэта, як зверху пачуўся голас Каптаха, які ўсё яшчэ вісеў на заслоне:
— Прыбярыце нарэшце адсюль гэтую пачвару, іначай я злезу і заб'ю яе. У мяне ўжо і рукі здранцвелі, і ажно задніца баліць ад такога няёмкага становішча, якое прыніжае маю годнасць. Я сапраўды зараз злезу і заб'ю гэтага звера, калі яго не звядуць прэч.
Бурабурыяш рассмяяўся яшчэ больш і сказаў:
— Мне будзе шкада, калі ты заб'еш майго ільва, бо ён вырас у мяне на вачах і стаў маім сябрам. Лепш ужо я адвяду яго, каб у маім палацы не адбылося забойства.
Ён паклікаў ільва да сябе, і Каптах спусціўся і пачаў расціраць занямелыя ногі. Ён так злосна глядзеў на ільва, што цар засмяяўся, пахлопаў сябе па каленях і сказаў:
— Сапраўды, ніколі не бачыў больш пацешнага чалавека. Прадай мне яго, а я цябе азалачу.
Але я не захацеў прадаваць Каптаха, а цар не настойваў, і мы рассталіся сябрамі: ён не спаў некалькі начэй і неўзабаве пачаў клюкаць носам.
Яго стары асабісты лекар вывеў мяне на вуліцу і сказаў:
Цяпер я па тваіх дзеяннях і паводзінах бачу, што ты не махляр, a ўмелы лекар і сваю справу ведаеш добра. Але я дзіўлюся на тую смеласць, з якой ты размаўляеш з уладаром чатырох бакоў свету. Калі б
хто-небудзь з яго лекараў адважыўся так размаўляць з ім, яго прах даўно ляжаў бы ў гліняным гаршчку побач з продкамі.
Я прапанаваў яму:
— Нам было б добра сабрацца і разам абмеркаваць, што мы будзем рабіць праз два тыдні. Трэба прынесці ахвяры патрэбным багам, бо гэты дзень будзе цяжкі.
Mae словы вельмі яму спадабаліся, бо стары быў чалавек пабожны, і мы дамовіліся сустрэцца ў храме, каб разам прынесці ахвяры і наладзіць нараду лекараў, як вылечыць царскі зуб. Але раней, чым мы пайшлі, ён наладзіў у двары пачастунак насільшчыкам, якія прынеслі мяне ў палац. I яны так наеліся і напіліся, што па дарозе назад да «Альтанкі Іштар» узяліся спяваць хваласпевы ў мой гонар. За намі сабраўся цэлы натоўп, і з таго дня маё імя праславілася на ўвесь Вавілон. А Каптах ехаў на белым асле і не размаўляў са мной, бо ягоная годнасць была прыніжаная.
3
Праз два тыдні, калі я сустрэўся ў Вежы Мардука з царскімі лекарамі, мы разам прынеслі ў ахвяру авечку і выслухалі прадказанні жрацоў, якія яны зрабілі, разглядаючы яе печань, бо ў Вавілоне жрацы робяць прадказанні па печані ахвяры і ўмеюць чытаць па ёй шмат такога, што недаступна іншым. Яны прадказалі, што цар на нас вельмі раззлуецца, аднак усе застануцца жывыя і ніхто нават не будзе пакалечаны. Але нам трэба асцерагацца кіпцюроў і дзідаў. Потым мы папрасілі зоразнаўцаў прачытаць па зорках, ці падыходзіць намечаны дзень для лекавання царскіх зубоў.Яны адказалі, што падыходзіць, хоць можна было б выбраць і болей удалы. Апроч таго, мы папрасілі жрацоў уліць у ваду алею, каб такім чынам прадказаць будучае, але на паверхні плавалі нейкія цьмяныя фігуры, і жрацы, паглядзеўшы на іх, сказалі, што нічога дрэннага тыя фігуры не прадвяшчаюць. Калі мы выйшлі з храма, над намі праляцеў арол, несучы ў кіпцюрах чалавечы чэрап, які ён падхапіў на сцяне, што жрацы палічылі для нас добрым знакам, хоць, на маю думку, гэты знак быў не надта добры.
Памятаючы прадказанні, прачытаныя на авечай печані, мы выгналі царскіх ахоўнікаў і зачынілі ў пакоі ўсе дзверы, каб леў не мог увайсці і раз'юшаны цар не нацкаваў яго на нас: па сведчаннях лекараў такое здаралася ўжо не аднойчы, і леў раздзіраў няшчасных на кавалкі. Каб парадаваць сваю печань, як кажуць у Вавілоне, цар выпіў віна і смела ўвайшоў у залу. Але як толькі ўбачыў крэсла зубнога лекара, адразу спалатнеў і сказаў, што яго чакаюць неадкладныя дзяржаўныя справы, пра якія ён ледзь не забыў, бо, відаць, зашмат выпіў.
Ён ужо мерыўся пайсці прэч, але пакуль астатнія вавілонскія лекары
ляжалі перад царом ніц, я ўхапіў яго за руку і, каб супакоіць, сказаў, што, калі ён не будзе баяцца і перашкаджаць, усё зойме не больш за імгненне.
Я загадаў усім абмыцца, ачысціў прылады зубнога лекара скарабеевым агнём і стаў уціраць цару ў дзясны абязбольвальнае зелле, пакуль ён не сказаў, што яго шчака стала, нібы драўляная, і язык ледзь варочаецца ў роце. Тады мы пасадзілі яго на крэсла, прывязалі да спінкі царскую галаву, а ў рот усунулі драўляныя кліны, каб ён не змог сціснуць зубы. Я трымаў цара за руку, а зубны лекар, гучна паклікаўшы ўсіх вавілонскіх багоў на дапамогу, сунуў цару ў рот абцужкі і выдраў зуб з майстэрствам, якога я ніколі не бачыў. Але нягледзячы на гэта, цар закрычаў, ды так страшна, што ў калідоры адразу пачуўся рык ільва, які пачаў драпаць дзверы сваімі кіпцюрамі і кідацца на іх з такой сілай, што яны затрашчалі.
Гэта была жахлівая хвіліна, бо як толькі мы адвязалі цару галаву і вынялі з рота кліны, ён застагнаў і заплакаў так, што слёзы ручаём пацяклі па шчоках. Плюючыся крывёй і рыдаючы, ён пачаў гучна клікаць ахоўнікаў, каб яны нас забілі, і клікаў ільва, каб ён нас задраў. Дрыгаючы нагамі, ён перакуліў свяшчэнны агонь і пачаў лупцаваць посахам сваіх лекараў, але я забраў у яго посах і загадаў прапаласкаць рот. Ён паслухаўся, а лекары ляжалі на падлозе, дрыжалі і думалі, што настаў іхні апошні час. Але цар паціху супакоіўся, выпіў віна і, хоць рот у яго ўсё яшчэ быў перакошаны, папрасіў яго пазабавіць, як я раней абяцаў. Мы пайшлі ў вялікую залу, бо пакой, дзе яму выдралі зуб, ён пракляў навекі і загадаў забіць у ім дошкамі ўсе ўваходы. У вялікай зале я наліў вады ў сасуд, даў пакаштаваць яе цару і лекарам, і яны ўсе пацвердзілі, што гэта была звычайная вада. Потым я стаў павольна пераліваць ваду ў другі сасуд, і па меры таго як вада пералівалася, яна ператваралася ў кроў, так што цар і лекары аж закрычалі ад здзіўлення і страху.