Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Мы абступілі гліняную пасудзіну, і яны пачалі далей тлумачыць таямніцы авечай печані, але ўвесь час крадком на мяне паглядалі і перашэптваліся.
3 таго дня думка пра таямніцу майго нараджэння пачала грызці мяне, і маё сэрца налівалася свінцом, калі я думаў, што я — чужаніца для ўсіх чатырох бакоў свету. Я вельмі хацеў распытаць пра сваё паходжанне зоразнаўцаў, але не ведаў дакладнага дня і часу свайго нараджэння, а таму яны нічога не змаглі б мне сказаць. Але па просьбе жрацоў, якія таксама вельмі цікавіліся маім паходжаннем, зоразнаўцы выцягнулі свае гліняныя таблічкі, якія адносіліся да таго года і дня, калі рака прынесла мяне, і сказалі, што калі б я радзіўся ў пэўны час сутак, то быў бы царскай крыві і з'явіўся б на свет, каб пакарыць шмат розных народаў. Такія звесткі ніколькі не палегчылі пакутаў майго сэрца, бо калі я пачынаў думаць пра сваё мінулае, я ўспамінаў пра злачынства, якое зрабіў у Фівах, і пра ганьбу, якая пакрывала мяне. А можа, думаў я, зоркі праклялі мяне ўжо ў самы дзень нараджэння і знарок адправілі ўтрысняговым чоўне, каб я раней часу зжыў са свету Сэнмута і Кіпу і ўкраў у іх не толькі радасць апошніх дзён, але нават і іх магілу. Ад такой думкі маё цела ажно скаланулася, бо калі я пракляты зоркамі, значыць, мне і далей не ўнікнуць гэтага лёсу, значыць, я і далей буду чыніць злачынствы і несці бяду людзям, якія палюбяць мяне, Таму будучыня страшыла мяне, і я зразумеў, што павінен ад усіх адвярнуцца сэрцам і жыць адзін, бо толькі тады не прычыню бяды іншым.
5
Але я мушу яшчэ расказаць пра дзень фалыпывага цара. Як толькі зазелянела рунь на палетках і халодныя ночы пацяплелі, жрацы выйшлі за горад, выкапалі пахаванага ў полі бога і абвясцілі, што ён уваскрос. Тады ўвесь Вавілон заскакаў, забурліў, вуліцы загаціў святочна апрануты люд , а розныя шкаддіўцы пачалі рабаваць лаўкі, і горад напоўніўся яшчэ большым крыкам і гвалтам, чым пасля вялікага ваеннага агляду, учыненага царом. Жанчыны і дзяўчаты разышліся па храмах Іштар, каб сабраць сабе на пасаг срэбра, і цешыліся з усімі, хто пажадае, прычым гэта не лічылася нечым ганебным, і кожны цешыўся, колькі хапала сілы і жадання. Апошні дзень свята быў днём фальшывага цара.
Я ўжо прывык да розных вавілонскіх звычаяў, але быў вельмі ўражаны, калі яшчэ ўначы, да світання, п'яныя царскія ахоўнікі ўварваліся ў «Альтанку Іштар», нагамі адчыняючы дзверы і лупячы ўсіх сустрэчных дрэўкамі дзідаў. Яны штомоц гарлалі:
— Дзе тут хаваецца наш цар? Зараз жа аддайце нам нашага цара, бо хутка ўзыдзе сонца і цар павінен чыніць суд над сваім народам!
Стаяў дзікі гвалт, слугі ашалела бегалі па ўсіх праходах, запальваючы свяцільні, а Каптах вырашыў, што ў горадзе пачаўся бунт, і схаваўся пад маім ложкам. Я голы выскачыў з пасцелі і, накінуўшы шарсцяны плашч, выйшаў да воінаў.
— Што вам трэба? — спытаў я. — Вы не смееце мяне абражаць, бо я Сінухе-егіпцянін, Сын дзікага асла! Вы, мусіць, чулі маё імя?!
Тады яны радасна зараўлі:
— Калі ты Сінухе, дык ты нам і патрэбен!
Яны сарвалі з мяне плашч і разглядаючы мяне голага, пачалі здзіўлена паказваць на мяне пальцамі, бо ніколі не бачылі мужчыну, якому было зроблена абразанне. Яны казалі:
— Напраўду, мы нічога не бачылі дзіўнейшага з той пары, як да нас з выспаў цёплага мора прыязджаў чорны чалавек, што пракалоў сабе член палачкай са званочкам, каб больш падабацца жанчынам.
Пазабавіўшыся ўдосталь, яны адпусцілі мяне і сказалі:
— He займай больш нашага часу сваімі дзівосамі, а давай лепш сюды свайго слугу: наш цар загадаў як мага хутчэй прывесці яго ў палац, бо сёння дзень фальшывага цара.
Пачуўшы гэта, Каптах напалохаўся і задрыжаў пад ложкам аж так, што затросся і ложак. Воіны заўважылі гэта і выцягнулі Каптаха. Яны пачалі ўслаўляць яго крыкамі, кланяцца да зямлі і казаць адзін аднаму:
— Сёння наш вялікі дзень! Мы нарэшце знайшлі цара, які хаваўся ад нас! Цяпер нашы вочы, радуюцца, гледзячы на яго, і мы спадзяемся, што ён шчодра ўзнагародзіць нас за нашу адданасць.
Каптах глядзеў на іх вылупленымі вачыма і ашалела ківаў галавою. А воіны, убачыўшы, што ён напалоханы і разгублены, сталі смяяцца яшчэ больш і сказалі:
— Ён напраўду ўладар чатырох бакоў свету — мы пазналі яго ў твар!
Яны нізка схіліліся перад маім рабом, а тыя, што стаялі ззаду, сталі даваць Каптаху выспяткі, каб прыспешыць яго. Але Каптах сказаў мне:
Напраўду, увесь гэты горад і ўся краіна з'ехалі з глузду, спаганіліся і напоўніліся злом! Мусіць, мой скарабей ужо не можа мяне абараніць, калі такое са мною творыцца. Я не ведаю, ці стаю я на галаве, ці на нагах, а можа сплю і бачу ўсё гэта ў сне. Але будзь што будзе, а я пайду з імі, бо за імі сіла, а ты, мой гаспадар, беражы сваё жыццё і, калі зможаш, знімі маё цела з гарадскога муру, калі яны павесяць мяне дагары нагамі, і не дазволь мяне кінуць у рэчку. Калі я загіну ад рук гэтых воінаў, зберагаючы гонар Егіпта, дык паводле ўсіх напісаных запаветаў я маю права трапіць у Краіну Захаду, нават калі маё цела знікне. Але будзе лепш, калі ты, каб унікнуць выпадковасцяў, зберажэш маё цела і забальзамуеш яго, бо ты валодаеш гэтым майстэрствам.
Воіны, пачуўшы такое, аж пакаціліся са смеху і пачалі лупцаваць адзін аднаго па спінах, каб не задыхнуцца ад рогату. Яны казалі:
— Мардук бачыць, што лепшага цара мы не змаглі б знайсці ніколі, бо яго язык на дзіва не заплятаецца ад такіх прамоваў.
Але віднела ўсё болып, і воіны, прыспешваючы Каптаха, пачалі дубасіць яго па хрыбту тронкамі дзідаў і павялі з сабою. А я паспешліва апрануўся і таксама пайшоў следам. Ля царскага палаца мяне ніхто не спыніў: усе двары, праходы і пярэднія пакоі тут ужо былі поўныя ашалелага крыклівага люду. Я быў упэўнены, што ў Вавілоне пачаўся бунт і хутка па канавах уздоўж вуліц пацячэ кроў. Спадзяванне было толькі на тое, што ў горад своечасова паспеюць увайсці войскі, якія месціліся вакол горада.
Аднак, калі я следам за воінамі трапіў у вялікую тронную залу, то ўбачыў, што цар Бурабурыяш сядзіць на сваім залатым троне з ільвінымі лапамі, у сваёй царскай вопратцы і трымае ў руках знакі царскай улады. Абапал стаялі вышэйшыя жрацы Мардука, царскія дарадцы і знатныя людзі. Але воіны не зважалі на іх, яны шчыльным колам атачылі Каптаха і пачалі дзідамі пракладаць яму дарогу да трона, дзе нарэшце спыніліся, чагосьці чакаючы. I тут у зале запанавала мёртвая цішыня, ніхто не прамаўляў ні слова, і толькі пачуліся Каптахавы словы:
— Выведзіце гэтага праклятага звера, ато я адмоўлюся ад вашай гульні і пачну ўсё рабіць па-свойму.
У гэты самы момант праз усходнія вокны залу заліло сонечнае святло, і ўсе прысутныя — жрацы, царскія дарадцы, знаць і воіны — дружна закрычалі:
— Так, так! Ён кажа праўду, забярыце гэтага звера, нам надакучыў гэтае безбародае дзіцё на троне! А вось гэты чалавек мудры, і хай ён будзе нашым царом і ўладарыць над намі!
Я не паверыў сваім вачам, калі ўбачыў, як усе яны, штурхаючыся і смеючыся, з лаянкай накінуліся на маладога цара, вырвалі ў яго з рук знакі царскай улады, сарвалі царскія строі, і праз нейкую хвіліну Бурабурыяш стаяў такі ж голы, як я ў гасцёўні, калі воіны паднялі мяне з ложка. А людзі тузалі яго за рукі, шчыкалі яго голыя клубы і смяяліся:
— Адразу відаць, што ён толькі нядаўна перастаў ссаць матчына малако: яно ў яго яшчэ на вуснах не высахла! Настаў час парадаваць жанчын у палацы! Мы спадзяемся, ужо гэты стары егіпецкі прайдзісвет Каптах добра ведае, як ездзіць у жаночым сядле!
Бурабурыяш не пярэчыў і не супраціўляўся, а яго леў, напалоханы такім шумам, разгублена падціснуў хвост і праз ногі натоўпу ціхенька адпоўз у бок.
Гледзячы на ўсё гэта, я ўжо не разумеў, ці стаю дагары нагамі, ці можа мне ўсё гэта сніцца: яны кінуліся да Каптаха, апранулі яго ў царскую вопратку, прымусілі ўзяць у рукі знакі царскай улады, гвалтам пасадзілі на царскі трон і кінуліся перад ім ніцма, вуснамі выціраючы пыл перад яго нагамі.
I першым да яго падпоўз голы і радасны Бурабурыяш . Ён весела закрычаў:
— Гэта правільна! Хай ён будзе нашым царом, бо лепшага ўладара мы ніколі не знойдзем!
Усе ўсталі з падлогі і, валячыся ад смеху, абвясцілі Каптаха царом.
А той глядзеў на іх, вылупіўшы вочы, і яго валасы пад царскай каронай, якую паспешліва насунулі яму на галаву, усталі дыбарам. Нарэшце ён раззлаваўся і закрычаў так моцна, што ўсе змоўклі і пачалі слухаць яго. Каптах крычаў:
— Гэта нейкі дурны сон, які наслаў на мяне нячысцік! Здарыцца ж такое! Я не маю ніякага жадання быць вашым царом, ужо лепш быць царом павіянаў ці свіней! Але калі вы так ужо хочаце, каб я стаў вам царом, дык, вядома, я тут зрабіць не магу нічога: я адзін супраць вас усіх. Але тады прысяніцеся, што я сапраўды ваш цар!
Тут усе наперабой загалёкалі:
— Ты наш адзіны цар і ўладар чатырох бакоў свету! Ці ж ты гэтага сам не разумееш, ёлупень!
Яны зноў пачалі кланяцца, а адзін накінуў на сябе ільвіную шкуру і лёг каля ног новага ўладара, смешна рыкаючы і пацягваючыся. Каптах крыху падумаў і сказаў:
— Калі я і сапраўды ваш цар, дык з такой нагоды трэба выпіць. Гэй, слуті! Прынясіце нам віна, калі яно тут ёсць, ды хутчэй, ато вашы спіны
пазнаёмяцца з маім кійком, і я загадаю павешаць вас на гарадскіх мурах! Прынясіце шмат віна, бо гэтыя паны і мае сябры, якія зрабілі мяне царом, будуць піць разам са мною, а сам я намерваюся сёння залезці ў віно па самае горла.
Гэтыя словы выклікалі вялікае захапленне, натоўп радасна зароў і пацягнуў Каптаха ў вялікую залу, дзе на стале было шмат розных смачных страваў і вінаў. Кожны браў, што хацеў, а Бурабурыяш надзеў фартух слугі і, як дурны паслугач, круціўся ва ўсіх пад нагамі, выпускаючы з рук чашы з віном, абліваючы дарагую вопратку гасцей усякімі соўсамі і падліўкамі, так што людзі лаяліся і кідалі ў яго агрызкамі і касцямі.
Ва ўсіх унутраных дварах палаца народ таксама частавалі віном і ежай, якая была падрыхтаваная загадзя, цэлыя тушы бараноў і быкоў смажылі і рэзалі на кавалкі, чэрпалі піва і віно з вялікіх гліняных ночваў, і ўсе прагна набівалі вантробы кашай з вяршкамі і фінікамі. I калі сонца ўзнялося вышэй, на дварах палаца стаяў такі гвалт, крык, смех і шум, што я нават не мог уявіць, каб такое магло тварыцца на свеце.