Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Але мне не давялося пайсці за Каптахам, бо сам Каптах выскачыў з царскіх жаночых пакояў вельмі разгневаны, праціраючы сваё адзінае вока рукою, а з носу ў яго ішла кроў. Ён вохкаў і крычаў:
— Паглядзіце, што яны нарабілі са мной! Яны прапанавалі мне старых і тоўстых негрыцянак, а калі я захацеў паспытаць маладую цялушку, дык яна ператварылася ў шалёную тыгрыцу, выбіла мне адзінае вока і стукнула сандаляй па носе!
Тут Бурабурыяш зарагатаў так, што яму, каб не ўпасці, давялося ўчапіцца за мяне абедзвюма рукамі. А Каптах працягваў стагнаць і скардзіцца:
— Я болей не адважуся адчыніць дзверы гэтага дома, бо за імі маладзіца шалее, як дзікі звер. Я лічу, што ты, Сінухе, павінен пайсці туды і зрабіць ёй у чэрапе дзюрку, каб злы дух пакінуў яе, бо яна, безумоўна, апантаная нячыстым духам, іначай не асмелілася б напасці на свайго цара і стукнуць па носе так, што з мяне кроў цурчыць, як з параненага быка.
Бурабурыяш падштурхнуў мяне і сказаў:
— Сінухе, схадзі і паглядзі, што там дзеецца, ты ж ведаеш, што я сёння не магу туды зайсці, а потым ты раскажаш мне, што там. Праўда, я здагадваюся, пра каго гаворка: учора туды прывезлі дзяўчыну з мар-
ской выспы, і я чакаю ад яе шмат радасці і асалоды, але спачатку яе трэба ўтаймаваць з дапамогай макавага напою.
Ён так доўга чапляўся і ўпрошваў мяне, што я мусіў, нарэшце, пайсці ўжаночыя пакоі, дзе панаваў пярэпалах, і скапцы не прагналі мяне, бо ведалі, што я лекар. Старыя, пышна апранутыя і абвешаныя аздобамі бабы, якія адмыслова дзеля сённяшняга дня зафарбавалі свае зморшчыны, абступілі мяне і пачалі хорам пытацца:
— Куды ж ён уцёк, наша золатка, наша салодкая ягадка, наша пяшчотнае казлянятка, якога мы чакалі з самага рання?
Тоўстая негрыцянка, чые грудзі звісалі да самага пояса, ужо распранулася, каб першай прыняць Каптаха ў свае абдымкі, і жаласна крычала:
— Аддайце мне майго каханка, каб я магла абняць яго! Аддайце мне майго любага слоніка, каб ён паказытаў мяне сваім хобатам!
Але занепакоеныя скапцы павялі мяне далей, кажучы:
— He звяртай увагі на гэтых баб, ім загадалі пацешыць фальшывага цара, і яны ўсе напіліся, яго чакаючы. А нам сапраўды тут патрэбен лекар, бо дзяўчына. якую прывезлі ўчора, зусім звар'яцела. Яна дужэйшая за нас, балюча б'ецца нагамі, а цяпер недзе здабыла нож, і мы не ведаем, чым гэта скончыцца.
Яны павялі мяне ў двор, які пераліваўся пад сонцам стракатымі фарбамі, бо яго пакрывалі рознакаляровыя каменныя пліты. Пасярод двара быў круглы вадаём, дзе стаялі статуі розных жывёл, з пашчаў якіх білі струмені вады. На адным такім страшыдле сядзела здурнелая жанчына, сукенка на ёй прамокла і вісела лахманамі, бо скапцы стараліся яе ўтрымаць, ды толькі падралі вопратку.
Каб не ўпасці, яна адной рукой трымалася за разяўленую пашчу марскога звера, а ў другой яна трымала бліскучы нож. Вада шумела, скапцы вакол моцна крычалі, і я не мог разабраць ні слова з таго, што казала дзяўчына. Яна была вельмі прыгожая, хоць яе сукенка ператварылася ў лахманы і валасы змоклі. Я крыху збянтэжыўся і загадаў скапцам:
— Пайшлі прэч, мне трэба пагаварыць і супакоіць яе, і спыніце ваду, бо я нічога не чую, а яна нешта ўвесь час крычыць.
Яны спалохана папярэдзілі мяне:
— He падыходзь да яе і блізка, бо нож вельмі востры, мы, на сваю бяду, ужо змаглі ўпэўніцца ў тым.
Яны перакрылі ваду, марскія страшыдлы перасталі яе выплёўваць, і толькі ручайкі сцякалі па целу дзяўчыны. Цяпер мне ўдалося яе добра разгледзець. Яна была зграбная і прыгожая, хоць тады мне доўга думаць пра гэта не выпадала. Калі сціх шум вады, я зразумеў, што яна не крычала, а спявала нейкую песню на невядомай мне мове. Яна спявала яе, закінуўшы галаву, яе зялёныя вочы гарэлі, якудзікай кошкі, а шчокі пунсавелі ад хвалявання, і я злосна ёй крыкнуў:
— Змоўкні і не скуголь, як кошка. Выкінь свой нож і падыдзі да мяне, каб я мог цябе вылечыць, бо ты, яўна, ужо звар'яцела.
Яна перастала спяваць і адказала мне па-вавілонску, але гаварыла на гэтай мове яшчэ горш за мяне:
— Скачы ў ваду, павіян, і плыві да мяне, каб я магла напаіць свой нож крывёю з тваёй пячонкі, бо я вельмі раззлаваная!
Я крыкнуў ёй:
— Я не жадаю табе нічога дрэннага!
Яна пракрычала ў адказ:
— Так казалі ўсе мужчыны, якія хацелі зрабіць мне зло, а я не магу савакупіцца з мужчынам, нават калі б і хацела гэтага, бо я прысвечаная богу і танчыла дзеля яго. Таму ў мяне гэты нож, і я лепш напаю яго сваёй крывёю, чым дазволю мужчыне авалодаць маім целам, і менш за ўсё — таму аднавокаму нягодніку, які палез да мяне, хоць сам больш падобны да раздзьмутага скуранога мяшка, чым да мужчыны.
— Дык гэта ты пабіла цара?
Яна адказала:
— Я стукнула яго кулаком у вока і сапсавала сандалю, разбіўшы яму нос так, што кроў, на маю радасць, пацякла з яго ручаём. Цар ён ці не цар — мне ўсё адно, бо ніхто не смее да мяне дакрануцца, калі я сама не захачу гэтага, але мне наканавана служыць сваімі танцамі богу і мне забаронена дакранацца да любога мужчыны.
Скачы колькі хочаш, дурная дзяўчынка, — сказаў я. — Мяне гэта не тычыцца, але нож трэба выкінуць, бо будзе крыўдна, калі ты паранішся: скапцы кажуць, цар заплаціў за цябе цэлую кучу золата.
Яна адказала:
— Ніякая я не рабыня, і ты мог сам здагадацца, калі маеш вочы! Мяне выкралі падманам. Ты можаш гаварыць на якой-небудзь прыстойнай мове, якую тут не разумеюць? Бо я заўважаю, што скапцы падслухоўваюць нас з-за калонаў.
— Я егіпцянін, — адказаў я на сваёй роднай мове, — мяне завуць Сінухе-Самотнік і Сын дзікага асла. Я лекар, і табе няма чаго баяцца.
Тады яна кінулася ў ваду і падплыла да мяне, але нажа з рук не выпусціла. Яна кінулася перада мною на зямлю і сказала:
— Я ведаю, што егіпецкія мужчыны слабыя і не прычыняюць зла жанчыне, калі яна сама таго не захоча. Таму я давяраю табе і прашу прабачэння за тое, што не аддам табе свой нож, бо, напэўна, ужо сёння мне давядзецца парэзаць сабе вены, каб яны не зганьбілі майго бога. Але калі ты баішся багоў і хочапі мне дабра — выратуй мяне і звязі з гэтай краіны, хоць я і не здолею ўзнагародзіць цябе так, як ты заслужыў бы, бо сапраўды не магу савакупіцца з мужчынам.
— Я не маю ніякага жадання савакупляцца з табою, — адказаў я. —
У гэтых адносінах ты можаш не хвалявацца. Але ты сапраўды вар'ятка, калі хочаш уцячы адсюль, дзе можна смачна есці і піць, насіць прыгожыя строі і каштоўнасці і мець усё, што пажадаеш.
— Мужчына гаворыць пра ежу і піццё, адзенне і каштоўнасці, таму што не ведае нічога лепшага, — і яна злосна паглядзела на мяне сваімі зялёнымі вачыма, — а жанчына можа сумаваць і аб тым, што мужчыне невядома. Але чаму ты не хочаш злучыцца са мной? Гэта мяне абражае. Я ўжо прызвычаілася да таго, што ўсе вы хочаце пацешыцца са мной, я чытаю гэта па мужчынскіх вачах і дыханню, калі танцую з імі. Асабліва гэта было бачна на рынку, калі мужчыны ашалела глядзелі на мяне і загадвалі сваім скапцам правяраць, ці дзяўчына я. Калі хочаш, мы пагаворым пра гэта іншым разам, але спачатку ты павінен выратаваць мяне і вывезці з Вавілоніі.
Прастадушнасць яе словаў была такая вялікая, што я адразу не знайшоў нават, чым адказаць, пакуль не раззлаваўся:
— Я зусім не збіраюся дапамагаць табе ўцячы, бо ў адносінах да цара, майго сябра, які заплаціў за цябе кучу золата, гэта было б здрадай. Mary табе таксама сказаць, што той тоўсты мяшок быў фальшывым царом і будзе кіраваць усяго толькі сённяшні дзень, а заўтра да цябе прыйдзе сапраўдны цар. Гэта яшчэ безбароды юнак прыемнага выгляду, і ён чакае, утаймаваўшы цябе, атрымаць потым шмат радасці. Я не думаю, што ўлада твайго бога распасціраецца аж да гэтых земляў, а таму ты нічога не страціш, калі падпарадкуешся непазбежнасці, і будзе лепей, калі ты выкінеш нож, апранешся і прывядзеш сябе дзеля маладога цара ў парадак, бо цяпер са сваімі мокрымі пасмамі ды размазанымі да вушэй фарбамі ты маеш сапраўды страшны выгляд.
Mae словы падзейнічалі на яе, яна паправіла валасы, паслініла палец, каб сцерці фарбы з вуснаў і з вачэй. Твар яе стаў прыгожы і пяшчотны, яна паглядзела на мяне і сарамліва сказала:
— Мяне завуць Мінея, і калі мы ўцячэм з гэтай жахлівай краіны, ты зможаш называць мяне гэтым імем.
Ад такой даверлівасці я крыху ачмурэў і, каб ачухацца, ускінуў рукі да неба і пайшоў прэч, але яе твар так выразна ўсё яшчэ стаяў перад маімі вачыма, што я вярнуўся назад і сказаў:
— Мінея, я пайду да цара пагутарыць пра цябе, нічога іншага я зрабіць для цябе не магу, а ты за гэты час апраніся і супакойся. Калі хочаш, я дам табе лекаў, якія цябе супакояць і табе стане ўсё адно, што з табою здарыцца потым.
— Ну, паспрабуй, калі не спалохаешся, — адказала яна. — Аднак, калі ты возьмешся дапамагчы мне, я аддам табе свой нож, які да гэтага часу ахоўваў мяне, і я ведаю, што атрымаўшы гэты нож, ты будзеш мяне аберагаць, вывезеш з гэтай краіны і ўцячэш разам са мною.
Яна ўсміхнулася і паклала нож мне на далонь, хоць я ўсклікнуў:
-Мне не патрэбен твой нож, звар'яцелая дзеўка!
Але яна не забрала яго назад, хоць я і стараўся адвесці руку. Яна глядзела на мяне, усміхаючыся, пакуль я не рушыў прэч у вялікай разгубленасці.
Калі я вярнуўся з жаночай паловы, Бурабурыяш сустрэў мяне поўны цікавасці і спытаў, што здарылася.
— Твае скапцы зрабілі дрэнную пакупку, адказаў я яму. — Мінея, гэтая дзяўчына, якую табе купілі, поўная вар’ятка і не хоча злучацца з мужчынам, бо яе бог забараніў ёй гэта. Таму будзе лепш пакінуць яе ў спакоі, пакуль у яе не зменіцца настрой.
Але Бурабурыяш хітра засмяяўся:
— А я сапраўды атрымаю ад яе шмат радасці і асалоды, бо добра ведаю такіх дзяўчат. Лепш за ўсё іх утаймоўваць палкай. Я яшчэ малады, у мяне нават не вырасла барада, і таму я часта стамляюся ад уцех з жанчынамі, мне куды цікавей слухаць іхні лямант і енк, глядзячы, як скапцы лупцуюць іх бізунамі. Таму гэтая неўтаймавальная дзяўчына мне яшчэ больш даспадобы: я магу загадаць скапцам лупцаваць яе пры мне і клянуся, што ўжо заўтра скура на яе спіне ўспухне так, што ляжаць яна болей не зможа. I гэта радуе мяне і больш за ўсё.
I ён пайшоў прэч, паціраючы рукі і хіхікаючы, бы малое дзяўчо. Гледзячы яму ўслед, я зразумеў, што ён больш мне не сябар, і я ўжо не хацеў яму дабра, а нож Мінеі ўсё яшчэ заставаўся ў маёй руцэ.