Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Каптахава выхадка да таго раззлавала мяне, што я хацеў выкінуць яго ў ваду і ўтапіць, але Мінея сказала:
— Твой Каптах мае рацыю: у кожнага дня свой клопат. Чаму б і нам не выпіць віна і не адпачыць тут, куды нас вынесла плынню. Гэтае месца прыгожае, нас засланяе і хавае трыснёг, і чаплі спакойна гукаюць сваіх сяброў. Я бачу, як лятуць віць свае гнёзды качкі, як вада адсвечвае пад сонцам зеленню й золатам, і маё сэрца робіцца лёгкім, як птушка, што вырвалася на волю.
Я абдумаў яе словы і вырашыў, што яна мае рацыю. Тады я сказаў:
— Калі ўжо вы абое вар'яты, дык і я паддамся вашаму шаленству: кажучы праўду, мне ўсё на свеце ўстыла і зусім не хвалюе, калі маю скуру расцягнуць сушыцца на гарадскім муры — заўтра ці праз дзесяць год, бо ўсё даўно запісана і наканавана зоркамі задоўга да майго нараджэння, як тлумачылі мне жрацы Вежы. Сонца так пяшчотна грэе, і рунь зелянее на палетках, дык чаму б мне не пакупацца і не палавіць рыбу рукамі, як я рабіў гэта ў дзяцінстве. Гэты дзень нічым не горшы за іншыя.
Мы пакупаліся ў рацэ, высушылі на сонцы вопратку, а калі паелі і выпілі віна, Мінея прынесла свайму богу ахвяры і, стоячы ў чоўне, станцавала перада мной тыя танцы, якія звычайна выконвала ў гонар свайго бога. Гледзячы на яе, у мяне дых займала ажно, і я сказаў:
— Толькі аднойчы ў жыцці я сказаў жанчыне: «Сястра мая»,— але
яе абдымкі былі для мяне, як пякельны агонь, і яе цела было сухое, як мёртвая пустэльня, і не магло мяне напаіць жыватворным сокам. Таму, я малю цябе, Мінея, вызвалі мяне ад сваіх чараў, якімі ты працінаеш усё маё цела, і не глядзі на мяне вачыма, падобнымі да месячнага святла на вадзе, іначай я скажу табе: «Сястра мая», — і ты ўцягнеш мяне ў злачынства, як тая жанчына, і давядзеш да пагібелі.
Мінея паглядзела на мяне з цікаўнасцю і сказала:
— Ты, мабыць, вадзіў кампанію з дзіўнымі кабетамі, Сінухе, калі расказваеш такія рэчы, але, можа, у тваёй краіне ўсе жанчыны такія. Мяне ты не павінен баяцца, бо я не збіраюся спакушаць цябе. Мой бог забараняе мне мець справу з мужчынамі, і калі я парушу гэтую забарону, мне давядзецца памерці. Таму я вельмі асцярожна паводжу сябе і не маю намеру цябе спакушаць.
Яна ўзяла маю галаву ў рукі, паклала сабе на калені і, гладзячы мае валасы і шчокі, казала:
— У цябе напраўду вельмі неразумная галава, калі ты так дрэнна думаеш пра жанчын. Вядома, ёсць жанчыны, якія атручваюць усе студні, але ёсць, безумоўна, і такія, што як крыніца ў пустэльні ці раса ў сухім поле. Але хоць галава ў цябе неразумная і нездагадлівая, а валасы на ёй чорныя і грубыя, я з задавальненнем трымаю яе ў руках, бо твае вочы і твае рукі маюць штосьці прывабнае, і яно з такой лёгкай пяшчотаю прыцягвае мяне. Я вельмі шкадую, што не магу даць табе таго, што ты хочаш, і мне сумна не толькі дзеля цябе, але і дзеля сябе таксама, калі табе прыемна чуць гэтыя словы.
Вада, адліваючы залатым і зялёным, струменілася ўздоўж чоўна, я трымаў яе моцныя прыгожыя рукі, глядзеў у яе цёплыя вочы і казаў:
— Мінея, сястра мая! На свеце ёсць безліч багоў, кожная краіна мае іх вялікае мноства, але ўсе яны мне ўстылі, бо, на маю думку, багоў прыдумалі людзі проста ад страху. Таму адрачыся ад свайго бога: яго патрабаванні жорсткія і неразумныя, а сёння асабліва бязлітасныя. Я звязу цябе ў тую краіну, куды не дасягае ўлада твайго бога, хоць бы нам і давялося ехаць на край свету, хоць бы нам давялося жыць у краіне дзікуноў, есці адну траву ды сушаную рыбу, і спаць на мулкіх чаротавых ложах. Бо павінна ж быць недзе мяжа, дзе заканчваецца ўлада твайго бога!
Але яна толькі мацней сціснула мае рукі і, адвёўшы позірк, сказала:
— Мой бог правёў мяжу ў маім сэрцы, і куды б я не йшла, яго ўлада будзе ісці следам за мною, і калі я аддамся мужчыне, мне давядзецца памерці. Сёння, гледзячы на цябе, я таксама думаю, што мой бог, мабыць, надта жорсткі, калі патрабуе такога, але я не магу пайсці супраць яго, бо заўтра ўсё можа змяніцца: я ўстыну табе і ты пра мяне забудзеш, як гэта робяць зазвычай усе мужчыны.
— Заўтрашні дзень невядомы нікому, — нецярпліва адказаў я, і ўва мне ўсё ўспыхнула супраць яе абурэннем, быццам маё цела было сухою капой чароту на рачным беразе, якая ўсё лета сохла на сонцы і раптам загарэлася ад выпадковай іскры. Твае словы простая адгаворка, бо ты хочаш падражніць мяне і пацешьіцца з маіх пакутаў, як гэта робяць зазвычай усе жанчыны.
А яна забрала свае рукі і, дакорліва паглядзеўшы на мяне, сказала:
— Я не якая-небудзь цёмная неадукаваная жанчына, я размаўляю, апроч роднай мовы, яшчэ і па-вавілонску, і па-егіпецку, мне вядомыя тры алфавіты, і ў любым з іх я магу паставіць свой подпіс як на глінянай таблічцы, так і на папірусе. Я наведала шмат вялікіх гарадоў, я была са сваім богам нават на егіпецкім узбярэжжы і танцавала перад шматлікімі гледачамі, і яны дзівіліся майму майстэрству, пакуль падчас караблекрушэння гандляры не захапілі мяне. Я ведаю, што мужчыны і жанчыны аднолькавыя ва ўсіх краінах і адрозніваюцца толькі мовамі ды колерам скуры ды пакланяюцца розным багам. Я ведаю таксама, што адукаваныя людзі ва ўсіх вялікіх гарадах не надта розняцца ў сваіх думках і звычаях і не надта пачціва ставяцца да багоў, яны пакланяюцца ім болей дзеля прыліку і ўласнай бяспекі, яны з большым задавальненнем шукаюць суцяшэння ў віне. Мне гэта ўсё добра вядома, але я з дзяцінства расла ў храмах, я пасвечаная ва ўсе таямніцы свайго божышча, і ніякая сіла на свеце, ні чарадзейства не змогуць разлучыць мяне з маім богам. Калі б ты хоць раз танцаваў перад быком і, ускочыўшы яму на лоб, сеў паміж яго вострымі рагамі, датыкаючыся да рыкаючай морды, тады, можа, ты зразумеў бы, пра што я кажу. Але здаецца мне, ты ніколі не бачыў, як юнакі і дзяўчаты танцуюць перад быкамі.
— Я чуў пра такое, — адказаў я. — Я ведаю, што ў Ніжніх Землях праводзяць такія гульні, але думаў, што гэта робіцца дзеля забавы, хоць мог бы і здагадацца, што бог і да гэтага прыклаў руку, як да ўсяго, што адбываецца ў свеце. А калі так, дык і мы ў Егіпце пакланяемся быку, які мае боскую адмеціну і нараджаецца толькі раз на працягу жыцця аднаго пакалення, але я ніколі не чуў, каб нехта адважыўся скочыць яму на карак ды пачаў на ім скакаць, — гэта было б абразай і апаганьваннем божышча, бо такі бык у нас лічыцца свяшчэнным вестуном багоў. Калі ж ты хочаш сказаць, што зберагаеш сваю нявіннасць дзеля быка, дык гэта нечуваная справа, хоць я ведаю, што ў Сірыі жрацы падчас патаемных абрадаў у гонар Маці-Зямлі прыносяць у ахвяру казлу нявінных дзяўчат, выбраных дзеля гэтага са свайго народа.
Тады яна балюча ўдарыла мяне па шчоках, яе вочы, як у дзікай кошкі, загарэліся ў цемры зялёным агнём, і яна злосна крыкнула:
- Калі ты так кажаш, дык сам не лепшы за казла, і ўсе твае думкі пра цялесныя ўцехі цалкам можа задаволіць каза — не горш за жанчы-
ну. Ідзі да сваіх продкаў, пакшь мяне ў спакоі і адчашся са сваёй рэўнасцю, — ты разважаеш пра тое, у чым разумееш не болыц, чым свіння ў срэбры!
Mae шчокі гарэлі ад аплявух, але я стрымаў сябе і, холадна адсунуўшыся, перайшоў на карму лодкі. Каб неяк прабавіць час, я ўзяўся перабіраць лекарскія прылады ў сваім куфэрку, а тады пачаў гатаваць з іх усякае зелле. А яна, пасядзеўшы на носе лодкі і злосна тупаючы пятой па дне чоўна, раптам раздражнёна скінула з сябе адзенне, намасціла цела алеем і пачала танцаваць так бурна, што лодка загайдалася. Я ўпотай паглядаў на яе, бо яна сапраўды валодала вялікім майстэрствам: яна лёгка адкідвалася назад, дастаючы падлогу рукамі і выгінаючыся дугою, потым лёгка з такога становішча ўскоквала на ногі, і ўсе яе мышцы пад гладкай, бліскучай ад алею скурай, гулялі, нібы хвалі, яна перарывіста дыхала, валасы развіваліся ў паветры вакол галавы, такі танец патрабаваў вялікай сілы й майстэрства, і я ніколі не бачыў нічога падобнага, хоць не раз любаваўся танцамі дзеваў у дамах уцех розных краінаў.
Я глядзеў на яе, і паступова гнеў у маім сэрцы растаў і знік, і я ўжо не думаў, што і колькі я страціў, калі выкраў гэтую капрызную і няўдзячную дзяўчыну з царскага палаца ў Вавілоне. Я зразумеў, што яна напраўду магла б нажом пазбавіць сябе жыцця, аберагаючы сваю нявіннасць, і зразумеў, што паводзіў сябе няправільна і нядобра, патрабуючы ад яе таго, чаго яна не магла мне даць.
Натанцаваўшыся да знямогі, так што кропелькі поту пакрылі ўсё яе цела, а кожная мышца трымцела ад стомы, яна выцерлася, абмыла ногі і рукі ў рацы, апранулася і з галавой залезла пад дыван, з-пад якога данесліся гукі плачу. Кінуўшы свае прылады і лекі, я хуценька падышоў да яе, асцярожна дакрануўся да пляча і спытаў:
— Ці ты не захварэла?
Яна адштурхнула маю руку і заплакала яшчэ горай. Я адчуў, што маё сэрца разрываецца і, сеўшы побач, сказаў:
— Мінея, сястра мая, не плач, калі я гэтаму прычына: я не збіраюся цябе дабівацца і не дакрануся да цябе, нават калі б ты сама мяне папрасіла, — я не хачу прычыняць табе боль і пакуты, я хачу, каб ты заставалася такая, як ёсць.
Яна ўзняла галаву, выцерла слёзы з вачэй і злосна сказала:
— Я не баюся ні пакутаў, ні болю, і плачу я зусім не праз цябе. Я плачу таму, што злы лёс разлучыў мяне з маім богам і зрабіў мяне слабай, накшталт мокрай анучы, — так, што ад позірку неразумнага мужчыны мае калені падгінаюцца, нібы з мяккага цеста. — Кажучы гэта, яна ўпарта глядзела міма мяне і страсала слёзы з вачэй.
Я ўзяў яе за рукі, і яна не вырвала іх у мяне, а павярнулася да мяне
і сказала:
— Сінухе-егіпцянін, напэўна, на тваю думку, я вельмі няўдзячная і капрызлівая дзяўчына, але я нічога не магу зрабіць з сабою і не пазнаю сама сябе. Я з задавальненнем расказала б табе пра свайго бога, каб ты мог мяне зразумець, але непасвечаным пра яго нельга расказваць. Mary толькі сказаць, што гэта марскі бог, ён жыве ў цёмных сутарэннях, высечаных у скале, і ніхто, аднойчы ўвайшоўшы туды, назад ужо не вяртаўся 1 назаўжды заставаўся там. Некаторыя кажуць, што ён падобны да быка, хоць жыве ў моры, і, мабыць, таму нас, прысвечаных богу, вучаць танцаваць перад быкамі. Кажуць таксама, што ён падобны да быкагаловага чалавека, але я пабывала ў многіх краінах і гарадах, a таму думаю, што гэта проста байкі. Я ведаю толькі, што кожны год па жэрабю з ліку прысвечаных яму выбіраюцца дванаццаць юнакоў і дзяўчат, якія ў ноч поўні па чарзе заходзяць у яго ўладанні, і няма на свеце болей шчаслівых людзей, чым тыя юнакі і дзяўчаты, на якіх выпаў гэты шчаслівы кон. Мне таксама выпала гэтае шчасце, але тады як прыйшла мая чарга, карабель, на якім я плыла, патануў, і мяне падабралі гандляры рабамі ды прадалі на рынку нявольнікаў у Вавілоне, я табе ўжо гаварыла. Усё сваё юнацтва я марыла пра цудоўныя залы бога, пра яго боскі ложак і вечнае жыццё з ім, хоць яго абранніца, пражыўшы з ім месяц, можа потым вярнуцца назад. Але ніхто яшчэ адтуль не вяртаўся, бо напэўна, таму, хто сустрэўся з богам, жыццё не можа прапанаваць нічога лепшага.