Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Чаму я так рабіў, забыўшы пра страх быць выкрытым, я і сам не ведаю. Можа. маё сэрца памякчэла побач Мінеяй, якою я любаваўся штодзень і якая па начах мяне сагравала, калі мы спалі на мулкім гліняным доле, ад якога пахла саломай і гноем? А можа дзеля яе я імкнуўся задобрыць багоў добрымі справамі? Ці проста хацеў падтрымаць сваё майстэрства, каб рука не страціла цвёрдасці, а вочы зоркасці. Чым далей я жыў, тым лепш разумеў, што кожную справу чалавек робіць дзеля многіх прычынаў, але зразумець іх яму не пад сілу. I таму ўсе чалавечыя ўчынкі здаваліся мне марнымі, як пыл пад нагамі: я не ведаў, дзеля чаго ўсе яны робяцца і ў чым іх прызначэнне на гэтым свеце.
На сваім шляху мы спазналі нямала нягодаў, мае рукі сшэрхлі, скура на нагах задубела, сонца выпетрала мой твар, пыл заляпіў вочы, але пазней гэтае падарожжа па вавілонскіх прасторах уяўлялася мне незабыўнаю залатой часінай, і я шмат аддаў бы з маёмасці й ведаў, набытых за сваё жыццё, каб толькі яшчэ раз прайсці тымі дарогамі — маладым, бадзёрым і нястомным, і каб побач са мною ішла Мінея са сваімі зіхоткімі, як месячнае святло на вадзе, вачыма. Па тых дарогах следам за намі неадрыўным ценем ішла смерць, — і каб нас злавілі ды аддалі ў рукі цара, яна не была б лёгкая. Але я тады пра смерць нават не ўспамінаў і не баяўся яе, хоць і жыццё было мне дарагое, як ніколі раней, бо побач была Мінея і я мог глядзець, як яна танцуе на гліняных таках, якія, каб не было пылу, палівалі вадой. Дзякуючы ёй я забыўся на ганьбу
і злачынства сваёй маладосці, і кожную раніцу, калі мяне сваім мыканнем будзілі каровы, любаваўся, як падобнае да залатога чоўна сонца плыве па сінюткім небасхіле, і маё сэрца ўзлятала ў неба, як лёгкая птушка.
Нарэшце мы дабраліся да выпаленай сонцам мяжы Вавілоніі, дзе тамтэйшыя пастухі, палічыўшы нас за беднякоў, паказалі нам бяспечныя і патаемныя сцяжыны, і мы ў выніку трапілі ў Мітанні і ў Нахарын, не заплаціўшы мыту і не спаткаўшы ні мітаннійскіх, ні вавілонскіх памежнікаў. I толькі прыйшоўшы ў вялікі горад, дзе нас ніхто не ведаў, мы пайшлі ў гандлёвыя рады, купілі сабе новую вопратку, памыліся і апрануліся належным чынам, а потым пасяліліся ў гасцёўні для багатых падарожнікаў. Але золата ў мяне заставалася мала, і я вырашыў затрымацца ў гэтым горадзе, каб лекаваннем зарабіць трошкі грошай. Хворых было шмат, і працы ў мяне было хоць адбаўляй, бо жыхары Мітанні па-ранейшаму вызначаліся сваёй цікаўнасцю і любілі ўсё новае і замежнае. Сваёй прыгажосцю Мінея звяртала на сябе ўвагу на вуліцах, і шмат якія гандляры хацелі яе купіць у мяне. Каптах адпачываў ад дарожных нягодаў, таўсцеў і сустракаўся са шматлікімі жанчынамі, якія былі ў захапленні ад ягоных баек. Напіўшыся віна ў дамах уцех, ён з асалодай распавядаў, як быў уладаром Вавілоніі, а слухачы рагаталі, пляскалі сябе па каленях і казалі: «Такога хлуса мы яшчэ ніколі не чулі. Язык у яго даўгі і звілісты, бы тая рэчка».
Так ішоў час, пакуль у вачах Мінеі, калі яна глядзела на мяне, я не пачаў заўважаць неспакой, па начах яна не магла заснуць і плакала. Нарэшце я ёй сказаў:
— Я ведаю, што ты сумуеш па сваіх радзіме і богу, і наперадзе нас чакае далёкая дарога. Аднак спачатку мне трэба пабываць у землях хетаў, але чаму — я, на жаль, не магу табе адкрыць. Я ўжо распытваў ганддяроў і падарожнікаў у заезных дварах і шмат даведаўся. Праўда, звесткі ў іх супярэчлівыя — кажуць, што з краіны хетаў можна напрасткі даплысці да Крыта, але я не зусім упэўнены, і таму, калі хочаш, магу адвезці цябе на сірыйскае ўзбярэжжа, адкуль штотыднёва на Крыт ідуць караблі. Разам з тым, мне казалі, што зусім хутка ў краіну хетаў адпраўляецца пасольства са штогоднімі падарункамі хецкаму цару ад цара Мітанні. Мы маглі б далучыцца да таго пасольства і шмат чаго пабачыць і зведаць, чаго раней не ведалі, бо другі такі выпадак надарыцца толькі праз год. Але я не хачу вырашаць сам, давай зробім так, як ты скажаш.
У сваім сэрцы я ведаў, што падманваю яе, бо мой намер трапіць у зямлю хетаў тлумачыўся толькі маім жаданнем як мага долей утрымаць яе побач з сабой і неяк адцягнуць нашу ростань, але яна адказала:
— Хто я такая, каб змяняць твае планы? Я з задавальненнем паеду туды, куды паедзеш ты, бо ты ж абяцаеш урэшце адвезці мяне на ра-
дзіму. Апроч таго, я ведаю, што на ўзбярэжжы ў краіне хетаў юнакі і дзяўчаты таксама танчаць перад быкамі, а гэта значыць, што адтуль недалёка да Крыта. У хетаў я змагу папрактыкавацца ў танцах, бо хутка ўжо год, як я не танчыла перад быком, і баюся, што ён уздзене мяне на рог, калі я паспрабую зрабіць гэта на Крыце.
Я адказаў:
— Наконт быкоў я нічога не ведаю, але мушу цябе папярэдзіць, што хеты, калі верыць чуткам, — народ злы і падступны, а таму ў дарозе нам можа пагражаць усякая небяспека і нават смерць. Таму я лічу, што табе лепей застацца ў Мітанні і чакаць, пакуль я вярнуся. Я дам табе золата, і ты будзеш жыць гэты час у дастатку.
Але Мінея запярэчыла:
— Ты кажаш неразумныя словы, Сінухе. Куды пойдзеш ты, туды пайду і я, а калі нас напаткае смерць, то я буду журыцца не па сабе, a па табе.
Такім чынам я вырашыў далучыцца да царскага пасольства і спакойна дабрацца да зямлі хетаў. Пачуўшы пра новае падарожжа, Каптах пачаў лаяцца і заклікаць багоў у дапамогу:
— Мы толькі пазбеглі смерці, а мой гаспадар зноў шукае сабе пагібелі. Кожнаму вядома, што хеты горшыя за дзікіх, што яны ядуць чалавечыну, выколваюць чужаземцам вочы і прымушаюць іх круціць цяжкія жорны. Відаць, багі наслалі на майго гаспадара шаленства, і ты, Мінея, таксама звар'яцела, калі падтрымліваеш яго! Лепш бы нам звязаць яго, замкнуць у пакоі ды паставіць пад калені п’яўкі, каб ён супакоіўся. Святы скарабей, толькі я зноў ад’еўся — як немаведама чаго зноў адпраўляйся ў небяспечную дарогу! Хай будзе пракляты той дзень, калі я з'явіўся на свет, каб цярпець штукарствы свайго звар'яцелага гаспадара.
Каб супакоіць раба, я мусіў адлупцаваць яго палкай, а калі ён змоўк, я сказаў:
— Хай будзе так, як ты хочаш. Я пашлю цябе адсюль наўпрост у Сіміру і заплачу за тваю дарогу. Будзеш там даглядаць мой дом, пакуль я не вярнуся, бо мне сапраўды надакучылі твае прыхамаці.
Але Каптах і тут закрычаў:
— Як гэта можна, каб мой гаспадар паехаў у хецкія землі ды без мяне?! Хіба я мог бы адпусціць нованароджанае ягняці ў сабачую будку?! Такога злачынства маё сэрца не вытрывае! Я пытаюся ў цябе толькі адно, і адкажы мне шчыра: ці па моры туды трэба ехаць?
Я адказаў, што, наколькі мне вядома, паміж Мітанні і зямлёй хетаў мора няма, хоць кажуць рознае, і дакладнай адлегласці ніхто не ведае. У адказ на гэта Каптах усклікнуў:
— Хай будзе блаславёны наш скарабей! Бо калі б давялося ехаць па
моры, я не змог бы суправаджаць цябе, бо ты ведаеш, што я пакляўся багам ніколі не ступаць на мост карабля. Нават дзеля цябе і гэтай бясстрашнай Мінеі, якая паводзіць сябе, як юнак, я не змог бы парушыць сваю клятву.
Сказаўшы гэта, ён пачаў збіраць нашыя рэчы і рыхтавацца ў дарогу, і я спакойна даверыў яму гэты клопат, бо ён тут разумеў, што і як трэба, лепш за мяне.
3
Я ўжо расказваў, што чуў у Мітанні пра хетаў, а зараз распавяду, што ўбачыў на свае вочы. He ведаю, праўда, ці паверыць хто маім расказам, бо хецкае ўладнае панаванне ў свой час прымусіла скалануцца ўвесь свет ад жаху і людзі шмат чулі пра злыя справы, якія чыніліся хетамі. Але і ў хетаў ёсць нешта добрае, вартае пераймання, хоць народ гэта небяспечны і яго звычаі рэзка адрозніваюцца ад звычаяў усяго свету. У іхняй краіне, насуперак таму, што пра яе расказваюць, няма беспарадку і бязладдзя, там пануе дысцыпліна і парадак, а таму, калі хто падарожнічае па хецкіх гарах, маючы царскі дазвол, той знаходзіцца ў большай бяспецы, чым падарожнікі ў іншых краінах, а калі ён трапляе ў бяду ці на яго нехта нападае ў дарозе, то ён атрымлівае ад цара хетаў добрую кампенсацыю за страты. Калі ж такі падарожнік гіне ад рукі хета, дык родзічам выплачваецца віра, памер якой залежыць ад таго, наколькі каштоўнае было жыццё нябожчыка.
Таму падарожжа з царскім пасольствам прайшло без прыгодаў, і я не маю распавесці пра тую вандроўку нічога асаблівага, — хіба толькі, што нас увесь час суправаджалі хецкія баявыя калясніцы, і хеты клапаціліся, каб на кожным прыпынку мы мелі, што піць і есці. Хеты — вельмі загартаваны народ, яны не баяцца ні спёкі, ні холаду, бо жывуць у пустэльных, неўрадлівых гарах і з дзяцінства прызвычайваюцца цярпець усе цяжкасці такога жыцця. Таму яны не баяцца смерці ў бітвах і не шкадуюць сябе, яны з пагардай ставяцца да слабых народаў і скараюць іх сваёй сіле, а вось моцных яны паважаюць і шукаюць з імі сяброўства.
Хецкі народ падзяляецца на шматлікія плямёны і кланы, якімі кіруюць мясцовыя князькі, у сваю чаргу, цалкам падпарадкаваныя вялікаму цару, што жыве ў горадзе Хатушаш, высока ў гарах. Хецкі цар — гэта вярхоўны жрэц, вярхоўны ваявода і вярхоўны суддзя, такім чынам ён трымае ў сваіх руках усю — як зямную, так і нябесную — уладу, і хоць царская ўлада лічыцца бязмежнай паўсюдна, я не ведаю іншага ўладара, чыя ўлада была б настолькі неабмежаваная. У іншых краінах, як і ў Егіпце, жрацы і суддзі абмяжоўваюць царскую ўладу значна больш, чым мы думаем.
Хачу распавесці пра горную сталіцу вялікага цара хетаў, хоць ведаю, што мне не дадуць веры, калі хто-небудзь прачытае маю кнігу.
Падарожнічаючы па выпаленых прасторах памежжа, ахоўванага атрадамі варты, якая здабывае свой хлеб рабункам суседніх краінаў, уявіць багацце хетаў немагчыма. Улетку іх суровыя горы спапяляе сонца, a ўзімку, як кажуць, пакрывае белы халодны пух. Кажуць, той пух падае на зямлю з неба і цалкам яе пакрывае, а пад лета ён растае і ператвараецца ў ваду. Хоць я і не зразумею, як пух здольны ператварыцца ў ваду, але ж у хецкіх землях я бачыў гэтулькі цудаў, што магу паверыць і ў гэта. Дарэчы, я на свае вочы бачыў, што вяршыні некаторых гор былі пакрытыя гэтым белым пухам.
На выпаленым сонцам сірыйскім памежжы стаіць магутная крэпасць Каркеміш, чые муры зробленыя з вялізарных каменных глыбаў і спрэс пакрытыя жахлівымі карцінамі. У гэтай крэпасці збіраюць мыт з гандляроў і караванаў, якія перасякаюць землі хетаў, і з гэтага мыту складаецца вялікае багацце краіны, бо Каркеміш стаіць на скрыжаванні караванных шляхоў. Хто бачыў, як у ранішніх прыцемках над раўнінай страшнай гарой узвышаюцца чорныя жахлівыя муры, як з іх з карканнем узлятаюць чароды крумкачоў, кіруючыся пакляваць чалавечыя чарапы і косткі, — той, безумоўна, паверыць маім расказам пра хетаў. Караванам і ганддярам хеты дазваляюць перасякаць свае землі толькі па строга вызначаных шляхах, уздоўж якіх знаходзяцца толькі бедныя вёскі з невялічкімі латкамі апрацаванай зямлі, а калі хто зверне з дазволенага шляху, дык яго адразу хапаюць, яго тавар забіраюць, а самога пасылаюць у рабства на руднікі.