Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
Мінея з кожным днём ажыўлялася, яе валасы ўзвіваліся на ветры, вочы зіхцелі, як месячны водбліск на моры, і ўся постаць была такая прыгожая і прывабная, што маё сэрца сціскалася ад тугі, калі я глядзеў 231
на яе і думаў, што хутка страчу. Без яе вяртанне ў Сіміру і ў Егіпет уяўлялася мне бессэнсоўным, дый усё маё жыццё мне цяпер здавалася попелам у роце, — калі я думаў, што хутка настане час, і яна больш не падасць мне рукі і ніколі не дакранецца да мяне сваім бокам. Капітан і маракі вельмі яе запаважалі, калі даведаліся, што яна танчыла перад быкамі і ёй выпаў кон, які даваў права ў час поўні ўвайсці ў боскі палац, і толькі караблекрушэнне перашкодзіла ёй гэта зрабіць. Аднак калі я спрабаваў распытаць іх пра іхняга бога, яны ўсе як адзін адказвалі: «Ды я не ведаю», — або: «Я не разумею тваёй мовы, чужаземец». Я зразумеў толькі, што Крыцкі бог уладарыць над усім морам і з іншых выспаў да яго пасылаюць юнакоў і дзяўчат, каб яны танчылі перад божымі быкамі.
I вось настаў дзень, калі Крыт, як сіняя хмара, паўстаў перад намі з мора. Мараплаўцы радасна закрычалі, а капітан прынёс ахвяру марскому богу за тое, што ён падараваў нам спадарожны вецер і добрае надвор'е. Крыцкія горы і высокія берагі, пакрытыя аліўкавымі садамі, паўставалі перад маімі вачыма, як невядомая і чужая зямля, дзе мне было наканавана пахаваць сваё сэрца. Але Мінея глядзела на востраў, як на родную зямлю і плакала ад радасці, гледзячы на стромкія горы і ласкавыя зялёныя даліны, якія цешыліся ў абдымках мора. Пакуль спускалі ветразі, весляры падвялі карабель да прыстані, праслізнуўшы паўз судны, што стаялі на якары. Тут былі тысячы ваенных і гандлёвых караблёў з розных краінаў. Каптах паглядзеў на іх і прызнаўся, што ніколі не паверыў бы, каб яму сказалі, што на свеце ёсць такая колькасць караблёў. У гавані не было ні вежаў, ні сцен, ні ваенных умацаванняў, а горад пачынаўся адразу ад вады. Гэта сведчыла, што Крыт сапраўды цалкам пануе над морам, а Крыцкі бог — вельмі магутны.
2
А цяпер я павінен распавесці пра Крыт, Але не буду казаць, што думаю пра востраў ці яго бога, раскажу толькі пра тое, што бачыў: маё сэрца будзе маўчаць, а расказ будуць весці вочы. Найперш павінен прызнацца, што нічога прыгажэйшага і дзівоснейшага за Крыт я не бачыў, хоць аб'ездзіў нямала краінаў. Крыт паўстае перад маімі вачыма зіхоткім, як маціцовая ракавіна ці марская пена на беразе, ён ззяе ўсімі колерамі вясёлкі, якая адбіваецца ў свежай pace. Такая радасць жыцця і весялосць не сустракаецца нідзе ў свеце, нідзе людзі не могуць атрымліваць такую асалоду ад жыцця, як на Крыце, і кожны там робіць толькі тое, што ўзбрыдзе яму ў галаву, а таму з жыхарамі вострава вельмі цяжка заключаць дамовы ці верыць іх абяцанкам: усе — у залежнасці ад настрою — сёння абяцаюць адно, а праз пэўны час робяць зусім іншае. Тутэйшыя астраўляне кажуць толькі тое, што гучыць прыгожа і
прыемна, нават калі гэта няпраўда, бо ім падабаецца сама музыка слова. Я нават думаю, што ў іхняй краіне не ведаюць смерці, — дый увогуле ці ёсць у іх мове слова «смерць»: прынамсі, мне яго чуць не даводзілася, — а калі хто памірае, дык яго хаваюць употай, каб не псаваць настрой іншым. Я думаю, сваіх нябожчыкаў яны спальваюць, бо могілак на Крыце я нідзе не бачыў, апроч, хіба, старажытных царскіх магіл, складзеных з вялізных камянёў, ад якіх людзі стараюцца трымацца далей, бо не хочуць думаць пра смерць. Быццам так яе можна пазбегчы!
Іх мастацтва таксама дзівоснае і вычварнае, бо кожны мастак малюе, як сам захоча, і тое, што яму самому здаецца прыгожым, не зважаючы на каноны і правілы. Іх гарлачы і чашы ажно гараць яркімі фарбамі, па баках сасудаў у вадзе плаваюць, як жывыя, дзівосныя марскія звяры і рыбы, расцвітаюць кветкі, у паветры лётаюць матылькі, і ад усяго таго, чалавек, які прывык трымацца правілаў, адчувае нейкую занепакоенасць і думае, што ўсё гэта яму мроіцца.
Будынкі на Крыце не такія вялікія і магутныя, як храмы і палацы ў іншых краінах, бо тутэйшыя жыхары найперш думаюць пра раскошу і ўтульнасць і надаюць мала ўвагі ўнушальнаму выгляду сваіх збудаванняў. Яны любяць свежае паветра і чысціню, вокны ў будынках шырокія, памяшканні добра праветрываюцца, у кожным доме некалькі ванных пакояў, дзе досыць толькі адкрыць краны і са срэбных труб цячэ гарачая і халодная вада. У прыбіральнях таксама бруіцца вада, якая ўсё змывае і зносіць, і я нідзе не бачыў і не сустракаў такой раскошы, як у дамах на Крыце. I так жывуць не толькі знатныя людзі, а ўсе жыхары, за выключэннем порта, дзе пасяляюцца чужаземцы ды рабочы люд.
Крыцкія жанчыны бясконца мыюцца, вышчыпваюць на целе валасы, даглядаючы за скурай, фарбуюць твары ды пераапранаюцца, а таму ніколі не бываюць гатовыя ў прызначаны час: яны прыходзяць у госці як папала і спазняюцца нават на царскія прыёмы, але ніхто не лічыць гэта непрыстойным. Аднак самае дзівоснае — гэта іх строі. Яны пашытыя з тканіны, вытканай срэбрам і золатам і зверху шчыгульна аблягаюць цела, апроч рук і грудзей (а жанчыны тут вельмі ганарацца сваімі грудзьмі), а вось спадніцы — шырокія, упрыгожаныя незлічонымі забаўнымі малюнкамі і ўзорамі, якія спецыяльна робяць на іх мастакі. Ёсць нават уборы, сатканыя з водарасцяў, з соцень розных ракавінак, мятлікаў ды пальмавага лісця, і праз такую вопратку ва ўсіх месцах прасвечвае голае цела. Апроч таго, жанчыны цэлымі днямі робяць сабе дзіўныя высокія прычоскі, упрыгожваючы іх маленькімі лёгкімі шапачкамі, якія прыколваюць залатымі шпількамі, і яны калышуцца на галаве, нібы матылькі. Фігуры ў жанчын зграбныя, гнуткія, іхнія клубы вузкія, як у юнакоў, а таму радзіць ім цяжка, яны не лічаць ганебным зусім не мець дзяцей або мець толькі аднаго-дваіх.
Мужчыны носяць высокія прыгожыя боты аж да каленяў, а вось паясныя павязкі ў іх простыя, і яны туга зацягваюць іх, бо ганарацца вузкімі клубамі і шырокімі плячыма. У іх маленькія прыгожыя галовы, тонкія рукі і ногі, і, як жанчыны, яны не церпяць валасоў на целе. Тут рэдка хто валодае мовамі іншых народаў, бо ўсе выдатна пачуваюцца ў роднай краіне і не рвуцца наведваць чужыя землі, дзе няма такой раскошы і весялосці. Хоць усё багацце ім прыносяць гандаль і мараплаўства, я сустракаў шмат людзей, якія ніколі не былі ў порце, бо там непрыемна пахне, а трапляліся і такія, хто не ўмеў нават лічыць, цалкам пакладаючыся на свайго аканома. Затое кемлівыя чужаземцы на Крыце хутка багацеюць, асабліва калі задавальняюцца жыццём толькі ў порце.
Крыцяне маюць музычныя інструменты, якія граюць без музыкаў, a яшчэ яны могуць запісваць музыку на папірус, так што можна навучыцца граць, гледзячы ў запісы, нават калі раней не чуў той музыкі. Вавілонскія музыкі казалі, што таксама ўмеюць гэта, ды я і не хачу аспрэчваць ні іх, ні крыцянаў, бо сам нічога ў тым не разумею, дый музыка ўсіх народаў ужо змяшалася ў мяне ў вушах. Але цяпер я разумею, чаму кажуць: «Хлусіць, як крыцянін».
Яны не маюць вялізных храмаў, не хочуць мець шмат багоў і пакланяюцца збольшага толькі быкам. Затое ўжо гэта яны робяць з вялікім захапленнем, і не праходзіць дня, каб яны не хадзілі палюбавацца быкамі. Аднак я не думаю, што яны гэта робяць праз вялікае шанаванне бога, — проста танцы перад быкамі — захапляючае відовішча, таму яны і любяць гэта глядзець.
He магу сказаць, каб яны надта ўшаноўвалі свайго цара. Ён ва ўсім падобны да сваіх, хоць і жыве ў болей велічным палацы, чым астатнія. А падданыя гавораць і жартуюць з ім, як з роўным, расказваюць яму казкі, прыходзяць на царскія прыёмы, калі захочуць, і гэтак сама нечакана іх пакідаюць, калі ў голаў прыйдзе штось іншае. Яны п’юць віно, каб павесяліцца, і звычаі ў іх даволі вольныя, але да непрытомнасці яны ніколі не напіваюцца, бо гэта лічыцца ў іх дзікім і непрыстойным, і я ніколі не бачыў, каб нехта ванітаваў на прыёме ад перапою, як гэта нярэдка здараецца ў Егіпце ці іншых краінах. Затое крыцяне, загараючыся жаданнем, цешацца дзе заўгодна і з кім заўгодна, не зважаючы, хто чый муж і хто чыя жонка. Жанчыны асабліва любяць юнакоў, якія танчаць перад быкамі, а таму шмат нават непасвечаных мужчын займаюцца такімі танцамі і дасягаюць у іх не меншага майстэрства, чым пасвечаныя юнакі, якім забаронена мець справу з жанчынамі, гэтак сама як пасвечаным дзяўчатам — з мужчынамі. Чаму так я не ведаю, бо мяркуючы на іх вольных звычаях, яны не павінны былі б надаваць гэтаму вялікае значэнне.
Я расказваю гэта, каб паказаць, як часта мяне многае тут дзівіла, пакуль я крыху не прывык да крыцкіх нораваў. А людзі тут заўсёды стараюцца прыдумаць што-небудзь новае і незвычайнае, і ніколі не ведаеш загадзя, што здарыцца ў наступны момант.
Але я мушу сказаць і пра Мінею, хоць, калі я расказваю пра яе, на сэрцы ў мяне становіцца цяжка. Прыехаўшы ў порт, мы спыніліся ў заезным двары, невялічкім, але самым утульным з тых, што мне даводзілася бачыць, нават «Альтанка Іштар» у Вавілоне з усёй яе пыльнай раскошай і бесталковымі слугамі ў параўнанні з гэтым домам здавалася проста варварскай. Там мы памыліся і апрануліся належным чынам, прычым Мінея загадала завіць сабе валасы і купіла новае адзенне, каб паказацца сябрам, і я нават збянтэжыўся, убачыўшы яе ў новым убранні: на галаве ў яе была маленькая шапачка, падобная да лямпы, а на нагах — боты на такіх высокіх абцасах, што хадзіць у іх было немагчыма. Але я не хацеў засмучаць яе і нічога не сказаў пра яе ўбранне, падараваўшы завушніцы і каралі з рознакаляровых каменьчыкаў, якія — так сказаў гандляр — сёння носяць на Крыце, а што будуць насіць заўтра — сказаць ён не мог. Я здзіўлена глядзеў на яе аголеныя грудзі, якія вытыркаліся з-пад срэбнай сукенкі. Саскі яна пафарбавала чырвоным, і пазбягаючы майго позірку, з пагрозай сказала, што ёй няма чаго саромецца сваіх грудзей — яны нічым не горшыя, чым у іншых крыцянак. Паглядзеўшы яшчэ, я не стаў пярэчыць, бо, вядома, яна мела рацыю.
Потым мы нанялі насілкі і накіраваліся ў горад, які пасля гавані з яе цеснатой, шумам, штурханінай ды рыбным смуродам здаўся іншым светам — з лёгкімі будынкамі і садамі. Мінея прывяла мяне да нейкага знатнага дзеда, свайго добрага сябра, які вельмі яе любіў і, калі адбываліся танцы перад быкамі, заўсёды рабіў на яе стаўку. Раней Мінея жыла ў яго доме, як у сваім. Калі мы прыйшлі, дзед сядзеў і вывучаў спіс быкоў, якія ўдзельнічалі ў заўтрашніх спаборніцтвах, але ўбачыўшы Мінею, забыўся пра ўсё і радасна абняў яе, ніколькі мяне не саромеючыся. Ён сказаў: