Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
— Дзе ты хавалася, чаму я так доўга цябе не бачыў? Я ўжо думаў, што настала твая чарга ісці ў дом бога? Але я яшчэ не выбраў сабе новай выхаванкі, і таму твае пакоі вольныя, калі толькі мая жонка не загадала іх паламаць і зрабіць на іх месцы басейн з рыбкамі: з тае пары, як яна пачала гадаваць рыбак, яна ўжо не можа думаць ні пра што іншае.
— Хелея пачала гадаваць рыбак? — здзівілася Мінея.
— Гэта ўжо не Хелея, — адказаў стары, крыху нервуючыся. — У мяне новая жонка, але яна цяпер занятая: у яе нейкі непасвечаны юнак, што танцуе перад быкамі, ён прыйшоў паглядзець на рыбак. Калі мы перашкодзім, жонка будзе вельмі незадаволеная. Ну, ды лепш пазнаём
мяне са сваім сябрам, каб ён стаў і маім сябрам, а мой дом — яго домам.
— Гэта Сінухе-егіпцянін на мянушку Самотнік, ёнлекар,— сказала Мінея.
— He думаю, што ён тут доўга застанецца самотнікам, — пажартаваў стары. — Ты, спадзяюся, не захварэла, Мінея, чаму ты падарожнічаеш з лекарам? He засмучай мяне! Я спадзяюся, ты заўтра будзеш танцаваць перад быкамі і зноў прынясеш мне ўдачу. Мой аканом скардзіцца, што мае даходы не пакрываюць маіх выдаткаў ці нешта такое: я нічога не разумею ў складаных разліках, якія ён мне штодзень падсоўвае, каб псаваць настрой.
— Я зусім не хворая, — адказала Мінея. — Але мой сябра пазбавіў мяне ад шматлікіх бедаў, мы праехалі з ім шмат земляў, каб я магла вярнуцца на радзіму. А я ж трапіла ў караблекрушэнне, калі плыла ў Сірыю, каб танчыць там перад быкамі.
— Як? Праўда? — спалохана сказаў стары. Але, спадзяюся, нягледзячы на ваша сяброўства, ты засталася некранутаю, іначай табе не дазволяць танцаваць перад быкамі! I наогул будзе шмат непрыемнасцяў. Мяне гэта вельмі хвалюе, бо я бачу, як ты вырасла, як наліліся твае грудзі і які красамоўны выраз у тваіх вачах. Мінея, Мінея, ты не сапсавала сябе?
— Не,— злосна адказала Мінея.— Калі я кажу «не», можаш мне верыць. I няхай мяне ніхто не правярае, як на рынку нявольнікаў у Вавілоне! Наўрад ці ты разумееш, што толькі дзякуючы гэтаму сябру я пазбегла шмат якіх няшчасцяў і трапіла на радзіму! Я думала, мае сябры ўзрадуюцца, а ты заняты толькі сваімі быкамі ды выйгрышамі. — Яна заплакала, і па шчоках ад слёз утварыліся чорныя плямы з размытае фарбы.
Дзед вельмі збянтэжыўся, засмуціўся і пачаў апраўдвацца:
— Я не сумняваюся, што ты ўражана сваім падарожжам па чужых краінах, дзе і мыцца табе даводзілася не кожны дзень, праўда? Я не думаю, што вавілонскіх быкоў можна параўнаць з нашымі. Але я зусім забыўся — мне ж пара быць у Мінаса! Трэба зараз жа ісці, не буду нават пераапранацца. Там заўжды шмат усялякага люду, так што ніхто не зверне ўвагі на маё адзенне. Ешце і піце, любыя сябры, а ты, Мінея, пастарайся супакоіцца, а калі выйдзе мая жонка, скажыце, што я пайшоў да Мінаса і не хацеў перашкаджаць ёй забаўляцца з госцем. Уласна кажучы, я мог бы спакойна пайсці спаць, там ніхто і не заўважыў бы маёй адсутнасці, але, напэўна, лепш усё-ткі пайсці ды па дарозе заглянуць у хлеў, распытаць наконт новага быка з плямаю на баку. Гэта, скажу я вам, незвычайны бык! — I дзед безуважна развітаўся з намі, нават не пачуўшы апошніх Мінеіных словаў:
— Мы таксама пойдзем з табою, я хачу пабачыцца з сябрамі і пазнаёміць іх з Сінухе.
Такім чынам мы пайшлі ў палац да Мінаса пешшу, бо дзед так і не змог вырашыць, ці варта браць на такую кароткую адлегласць насілкі. Толькі ў палацы я зразумеў, што Мінас — гэта і ёсць крыцкі цар, і даведаўся, што ўсіх цароў тут заўжды звалі Мінасамі і не іначай, каб лягчэй адрозніваць іх ад іншых. Але якім Мінасам па ліку быў цяперашні — ніхто не ведаў, ніхто не лічыў і не запамінаў іх, бо проста не хапала цярпення. Затое людзі ведалі, што некалі гэты Мінас знікне, a на ягонае месца сядзе другі, такі самы, як папярэдні, і нічога на Крыце не зменіцца.
У палацы было безліч розных пакояў, сцены ў прыёмнай зале былі размаляваныя выявамі дзіўных рыб, якія плавалі сярод водарасцяў у празрыстай вадзе. Тут было поўна народу, усе былі апранутыя адзін раскошней за друтога, прагульваліся, размаўлялі, гучна смяяліся і пілі з невялікіх чашаў ахалоджаныя напоі, — як віно, так і сокі з разнастайных пладоў, — і жанчыны зайздросліва разглядалі адна на адной святочныя строі. Мінея пазнаёміла мяне з некаторымі сваімі сябрамі, якія паставіліся да мяне даволі прыязна, але безуважна, а цар Мінас, сказаўшы мне некалькі ласкавых слоў на сваёй мове, падзякаваў, што я збярог Мінею дзеля іхняга бога і прывёз на радзіму: цяпер яна ўжо пры першай магчымасці зможа нарэшце ўвайсці ў боскі палац, хоць паводде кону яе чарга прайшла.
Пачуўшы гэта, я адышоў убок і пачаў разглядаць царскіх гасцей, адчуваючы сябе сярод іх чужаніцай. Я не разумеў ні іх мовы, ні прычынаў іх весялосці. Я доўга стаяў самотны, пакуль да мяне не падышла пажылая жанчына з высокай, як вежа, прычоскай, аздобленай жывымі кветкамі. Грудзі ў яе былі аголеныя, хоць, на мой погляд, лепей было б іх схаваць і не паказваць нікому. Яна звярнулася да мяне на ламанай егіпецкай мове:
— Мне здаецца, што мы недзе сустракаліся, хоць я і не памятаю твайго імя. Ты не той егіпецкі жрэц, які прыязджаў, каб пасвяціць нас, аматарак Ісіды, у яе таямніцы?
Я адказаў, што ніколі не бачыўяе раней, іначай абавязкова запомніў бы, і гэта была чыстая праўда, бо, гаворачы, яна вельмі нагадвала казу, што перажоўвае жмут сена. Я адказаў, што я сапраўды жрэц, але — лекар. Тады яна спытала:
— А быкоў ты таксама лечыш?
Гэта мяне абразіла, хоць беспадстаўна: быкі на Крыце шануюцца больш за знатных людзей, а лячыць іх ці вяртаць ім жвавасць гэта ўжо само па сабе вялікае майстэрства. Але я гэтага тады не ведаў і адказаў:
— Я вылечыў некалькі коз і павіянаў, але быкоў пакуль не даводзілася.
Тады яна жартаўліва стукнула мяне веерам па руцэ і сказала, што я сараматнік. He ведаю, як бы я ад яе адчапіўся, калі б мяне не выратавала Мінея.
Мінея хадзіла па палацы, як па ўласным доме, мы пераходзілі з аднаго пакоя ў другі, яна радасна ўскрыквала, заўважаючы знаёмыя постаці, віталася са слугамі, і тыя адказвалі так, нібыта бачыліся толькі ўчора. Мінея расказала, што на Крыце любы чалавек мог, не папярэджваючы знаёмых, з'ехаць у свой маёнтак, і ніхто не хваляваўся, доўга яго не бачачы’, а калі ён вяртаўся, той далучаўся да сяброў так, нібы яны і не расставаліся. Такія адносіны, напэўна, дапамагалі ім лягчэй успрымаць і смерць, бо, калі хто-небудзь прападаў, пра яго не распытвалі, ім не цікавіліся, а проста забывалі, калі ён не прыходзіў на спатканні ці не адгукаўся на запрашэнні. I нікога гэта не здзіўляла: кожнаму можа стукнуць у галаву куды-небудзь з'ехаць.
Нарэшце Мінея прывяла мяне ў прыгожы пакой на верхніх паверхах палаца, што стаяў на схіле гары. Адсюль адкрываўся прыгожы краявід на раўніны з аліўкавымі дрэвамі і на палі за горадам. Яна сказала, што гэта яе пакой, у скрынях усё было на месцы, нібы яна пакінула сваё жытло толькі ўчора, праўда, адзенне састарэла так, што Мінея болып не магла яго апранаць. Толькі тут я даведаўся, што яна паходзіць з царскага роду Мінасаў, аб чым я і сам мог бы здагадацца па яе імю. Таму ні золата, ні срэбра, ні багатыя падарункі для яе нічога не значылі: яна з дзяцінства прывыкла атрымліваць усё, што хацела. Але яшчэ малой дзяўчынкай яе прысвяцілі богу, а таму яна вырасла ў будынку ддя быкоў, дзе і жыла, хоць часам прыходзіла пагасціць і ў палацы, ці ў доме свайго старога апекуна, ці калі-нікалі ў якой-небудзь сяброўкі, бо выбар жытла на Крыце вызначаўся такімі ж прыхамацямі, як і ўсё астатняе.
Мне цікава было паглядзець на памяшканне для быкоў, і мы вярнуліся ў залу, каб развітацца са старым сябрам Мінеі. Убачыўшы мяне, той вельмі збянтэжыўся і ветліва спытаў, ці не сустракаліся мы раней, бо мой твар яму крыху знаёмым. Мінея звяла мяне да быкоў, якім быў пабудаваны цэлы горад з хлявамі, арэнамі, глядацкімі трыбунамі, бегавымі дарожкамі, школамі і жытлом для жрацоў. Мы пераходзілі з хлява ў хлеў, дыхаючы брыдкім жывёльным смуродам, а Мінея ласкава клікала кожнага быка па мянушцы, хоць усе яны, стараліся бадануць яе рогам праз загарадку і з налітымі крывёю вачыма гучна рыкалі ды рылі капытамі пясок.
Яна сустрэла тут знаёмых юнакоў і дзяўчат, навучаных танцаваць перад быкамі. Але звычайна яны сябравалі не надта, а больш зайзд-
росцілі майстэрству суперніка і не хацелі дзяліцца сваімі прыёмамі і сакрэтамі. Затое жрацы, якія выхоўвалі танцораў і вырошчвалі быкоў, прынялі нас вельмі прыязна, а даведаўшыся, што я лекар, пачалі пытацца ў мяне пра ўсякае рознае, асабліва пра харчаванне быкоў, іх кармы і дагляд за іх скурай, хоць, безумоўна, разумелі ў гэтым больш за мяне. Яны любілі Мінею, адразу выдзелілі ёй быка і ўключылі ў склад удзельнікаў заўтрашніх спаборніцтваў. Яна проста гарэла нецярпеннем паказаць сваё майстэрства і патанцаваць перад лепшымі быкамі.
Нарэшце Мінея прывяла мяне ў маленькі будыначак, дзе самотна жыў галоўны жрэц крыцкага бога. Увогуле галоўным жрацом на Крыце лічыўся Мінас, але дзяржаўныя і гандлёвыя справы яго займалі так, што часу на жывёлаў не заставалася. Ён хіба толькі, як і ўсе крыцяне, рабіў стаўкі на гульбішчах. Калі цара заўжды звалі Мінасам, дык галоўнага жраца — Мінатаўрам. Чамусьці ён быў самы паважаны і самы страшны чалавек на выспе: людзі апасаліся нават прамаўляць уголас яго імя, называючы проста гаспадаром маленькай хацінкі. Мінея таксама баялася ісці да яго, хоць марна спрабавала схаваць ад мяне гэта: я даўно навучыўся чытаць настрой па яе вачах.
Мінатаўр прыняў нас у зацененым пакоі, і, убачыўшы яго, я спачатку падумаў, што гэта напраўду бог, я нават паверыў усім казкам пра Крыт, бо перада мной стаяла істота з целам чалавека і залатой галавой быка. Але пасля таго, як мы нізка перад ім схіліся, ён зняў залатую маску і адкрыў свой твар. Мінатаўр ветліва мне ўсміхаўся і, тым не менш, прыязнасці не выклікаў: твар у яго быў уладны і жорсткі, хоць чаму стваралася такое ўражанне, не магу растлумачыць: гэта быў прыгожы смуглы мужчына з усімі прыкметамі высокага паходжання. Мінеі не давялося яму нічога расказваць, бо Мінатаўр ужо ўсё ведаў: і пра караблекрушэнне, і пра Мінеіна падарожжа, — а таму не задаваў лішніх пытанняў, а падзякаваў мне за дапамогу і сказаў, што ў нашым заезным двары мяне ўжо чакаюць вялікія падарункі, якія павінны мне спадабацца.