Сінухе егіпцянін
Міка Валтары
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 628с.
Мінск 2006
На маю думку, галоўнае багацце хетам якраз даюць руднікі, дзе працуюць рабы ды зняволеныя. Апроч медзі і золата, там выкопваюць япгчэ нейкі невядомы метал — ён адлівае шэрым і сінім і цвярдзейшы за ўсе астатнія, што мы ведаем. Таму ён такі каштоўны, што ў Вавілоніі з яго робяць аздобы, але хеты пускаюць яго толькі на зброю. Як апрацоўваюць гэты метал, я не ведаю, бо ў іншых краінах яго няма, дый у агні ён не плавіцца. Апроч руднікоў, у хецкіх горных далінах ёсць светлыя ручаіны і сады, а на ўзбярэжжы вырошчваюць вінаград. Але самае вялікае багацце хетаў, якое кідаецца ў вочы, — гэта іх статкі гавяды.
Звычайна, калі кажуць пра вялікія гарады, дык найперш называюць Вавілон і Фівы, часам Ніневію, хоць мне не давялося там пабываць, але ніхто не называе Хатушаш — самы вялікі хецкі горад, асяродак усёй улады ў краіне, арлінае гняздо ў скалах над неабсяжнымі прасторамі, адкрытымі для драпежных ловаў хецкіх дружын. Памерамі гэты горад не саступае ні Фівам, ні Вавілону, а калі ўспомніць пра яго жахлівыя муры, складзеныя з вялізных каменных глыбаў, то магу сказаць, што гэты горад — самае вялікае дзіва, якое я сустрэў за свой доўгі жыццё-
вы шлях. Таямніца гэтага горада зберагаецца таму, што хецкі цар закрыў яго для чужаземцаў, і толькі паслы, якія прыносяць цару дарункі, могуць пабываць у Хатушашу, праўда, таксама пад пільным наглядам варты. Таму жыхары горада неахвотна размаўляюць з чужаземцамі, абмяжоўваючыся толькі кароткімі адказамі на пытанні: «Не ведаю», «Не разумею», — прычым баязліва азіраюцца, асцерагаючыся, каб ніхто не заўважыў, што яны размаўляюць з чужынцам. Разам з тым, па сваёй прыродзе яны даволі добразычлівыя і дружалюбныя, і могуць з задавальненнем і цікаўнасцю разглядваць прыгожыя чужаземныя строі, ідучы за табою па вуліцы.
Хецкія знатныя людзі і чыноўнікі апрануты гэтак сама раскошна, як і чужаземныя і царскія паслы, яны носяць стракатыя ўборы з залатымі і срэбнымі ўзорамі, падобнымі да зубцоў каменных муроў і сякераў, якія ўяўляюць сабой сімвалы іх багоў. На святочных строях часта ткуць фігуры крылатага сонца. Яны абуваюцца ў боты з мяккай скуры з высока загнутымі насамі, носяць спічастыя шапкі, і рукавы ў іх адзення шырокія і спускаюцца да зямлі, а сама вопратка мае шмат аборак і такая доўгая, што аж валачэцца па зямлі. У адрозненне ад жыхароў Сірыі, Мітанні і Вавілоніі, яны, як і егіпцяне, голяць твары, а многія знатныя людзі голяць і галовы, пакідаючы на макушцы чуб, які заплятаюць у касу. Падбароддзі ў іх масіўныя, а насы шырокія і падобныя да дзюбы драпежных птушак.
Знаць і чыноўнікі, што жывуць у горадзе, вызначаюцца сваёй таўшчынёй, іх твары ільсняцца, бо яны, як усе багацеі ў гарадах, прызвычаеныя да раскошнага жыцця.
Воіны ў іх не атрымліваюць платы, як гэта прынята ў цывілізаваных краінах, бо ў хетаў усе — воіны; людзі ў іх дзеляцца ў залежнасці ад вайсковых чыноў. Вышэй за ўсіх стаяць тыя, хто мае грошы купіць баявую калясніцу, і ад іх патрабуецца не знатнасць роду, а ўменне валодаць зброяй. Таму ўсе хецкія мужчыны, і знатныя ў тым ліку, штогод збіраюцца, каб папрактыкавацца ў ваенным майстэрстве. Хатушаш, у адрозненне ад іншых вялікіх гарадоў, горад не гандлёвы, у ім шмат розных майстэрняў ды кузняў, адкуль на вуліцы даносіцца няспынны ляскат металу, бо там куюць наканечнікі дзідаў і стрэлаў, вырабляюць колы і спіцы баявых калясніцаў.
Хецкія суды таксама адрозніваюцца ад судоў іншых народаў, і іх прысуды здаюцца дзіўнымі і нават дзікімі. Так, калі які-небудзь князёк учыніць змову супраць цара, каб заняць царскае месца, яго не забіваюць, а пасылаюць у аддаленыя мясціны здабываць сабе славу і выпраўляцца. У іх мала злачынстваў, ад якіх нельга адкупіцца золатам: напрыклад, калі адзін чалавек заб'е другога, дык забойца можа заплаціць віру родзічам нябожчыка і пазбягае іншага пакарання. Калі жанчына
сыходзіць ад мужа да другога мужчыны, яе не караюць, але друп мужчына павінен заплаціць былому мужу. Калі ў сям'і няма дзяцей, такі шлюб афіцыйна скасоўваецца, бо цар патрабуе ад сваіх падданых шматдзетнасці. Калі хто-небудзь заб'е чалавека ў бязлюднай мясцовасці, то павінен заплаціць менш, чым за забойства ў горадзе на вачах у людзей, бо на думку хетаў, чалавек, які пайшоў адзін у бязлюднае месца, мімаволі выклікае ў другога чалавека жаданне яго забіць, каб набыць практыку ў рамястве забойства. Ёсць толькі два злачынствы, за якія людзей асуджаюць на смерць, і гэта найлепшым чынам паказвае варварства іх закону. Брат і сястра пад страхам смерці не могуць узяць шлюб, і гэтак сама караюцца заняткі магіяй без дазволу, а каб атрымаць такі дазвол, трэба спачатку паказаць сваё майстэрства перад правіцелямі.
Каля я прыехаў у краіну хетаў, іх вялікі цар Супілуліума правіў ужо дваццаць восем гадоў, і толькі яго імя ўжо наводзіла жах, — пачуўшы яго, людзі, кланяліся, уздымалі рукі і гучна ўсхвалялі свайго цара, які навёў парадак у краіне і пакарыў шмат народаў. Ён жыў у каменным палацы пасярод горада, і пра яго нараджэнне і незвычайныя ваенныя чыннасці хадзіла безліч паданняў і чутак, як пра кожнага вялікага ўладара, але мне ўбачыць яго не давялося, як не давялося і паслам Мітанні, якім дазволілі толькі пакінуць дарункі на падлозе ў зале прыёмаў, a царская варта пры тым пацяшаліся і ўсяляк пасміхаліся з іх.
Спачатку мне здавалася, што лекару ў Хатушашу рабіць няма чаго, бо я ведаў, што хеты саромеюцца сваіх захворванняў, а слабых дзяцей, калек і хворых рабоў забіваюць. На мой погляд, хецкія лекары не вызначаліся ведамі і майстэрствам. Аднак яны ўмелі вельмі добра лячыць раны, пераломы і ўцятыя месцы, мелі добрыя сродкі супраць горных хваробаў, якія хутка збівалі жар у чалавека. Гэтаму я ў іх навучыўся. Але той, хто захворваў небяспечнай для жыцця хваробай, лічыў за лепшае памерці, а не вылечыцца, баючыся застацца бездапаможным калекам. Хеты не баяліся смерці — застацца цялесна нямоглым ім было значна страшней.
Але ў цэлым усе вялікія гарады аднолькавыя, а багацеі ды знаць ва ўсіх краінах падобныя. Таму, калі слава аб маім лекарскім майстэрстве разляцелася па горадзе, да мяне ў гасцёўню пачалі прыходзіць цэлыя натоўпы хетаў, якім карцела вылечыцца, хоць кожны прыходзіў з галавою захутаўшыся і ўпоцемках. За сваё выздараўленне яны давалі мне багатыя дарункі, і ў выніку я зарабіў шмат срэбра і золата, хоць спачатку думаў, што пакіну Хатушаш жабраком. У маім поспеху была вялікая заслуга Каптаха, які па сваёй звычцы бавіў час у корчмах, лаўках і паўсюль, дзе толькі збіраліся людзі, — ён расхвальваў маё лекарскае майстэрства на ўсіх мовах, якія ведаў, а слугі расказвалі пра мяне гаспадарам.
Хецкія парадкі былі вельмі строгія, і знатны чалавек не мог з'явіцца на вуліцы п'яны, каб не зняславіць сябе, але як і паўсюдна ў вялікіх гарадах, знатныя і багатыя людзі тут шмат пілі, і мне нярэдка даводзілася лячыць іх ад хваробаў, выкліканых залішнім спажываннем віна, і пазбаўляць ад дрыжыкаў у руках, калі неўзабаве ім трэба было паўстаць перад сваім грозным царом. А тым, каму здавалася, што іх цела грызуць пацукі, я дапамагаў супакаяльнымі сродкамі і ваннамі. Таксама я дазваляў Мінеі забаўляць іх сваімі танцамі, — гэта прыводзіла іх у шалёнае захапленне, і яны рабілі ёй багатыя падарункі, не патрабуючы нічога больш, бо хеты — шчодрыя з тымі, хто ім падабаецца. Такім чынам я змог шмат з кім пасябраваць і задаваць такія пытанні, якія не мог бы задаць адкрыта ў іншым выпадку. Больш за ўсё звестак я атрымаў ад загадчыка царскіх архіваў, які гаварыў і пісаў на многіх мовах, вёў усю царскую перапіску з іншымі краінамі і не вельмі прытрымліваўся строгіх хецкіх звычаяў. Я пераканаў яго, што навекі выгнаны з Егіпта і ніколі не змагу ўжо туды вярнуцца, што я вандрую па розных краінах, збіраю золата і веды, і не маю на мэце нічога іншага. Таму ён цалкам даверыўся мне і шчыра адказваў на ўсе пытанні, тым часам як я частаваў яго віном і дазваляў Мінеі перад ім танчыць. Аднойчы я спытаў у яго:
— Чаму Хатушаш закрыты чужынцам, а гандляры і караваны могуць праходзіць праз вашу зямлю толькі строга вызначанымі шляхамі? Бо ваша зямля такая багатая, дый горад па колькасці цікавых мясцін і багаццю не саступіць ніякаму іншаму? Ці не лепей было б, каб іншыя народы даведаліся пра вашу моц і маглі заслужана ўславіць ваш край?
Ён з задавальненнем сербануў віна і, гледзячы на стройны Мінеін стан, адказаў:
— Наш вялікі цар Супілуліума, калі ўзыходзіў на трон, сказаў: «Дайце мне трыццаць гадоў, і я зраблю зямлю хетаў самай магутнай краінай, якая толькі існавала на зямлі». Гэты тэрмін ужо на зыходзе, і я думаю, хутка ўвесь свет даведаецца пра краіну хетаў значна больш, чым таго хацеў бы.
— Але, — сказаў я, — у Вавілоне я бачыў шэсцьдзесят разоў па шэсцьдзесят і яшчэ раз па шэсцьдзесят воінаў, якія праходзілі перад сваім царом, а калі пабеглі, дык іхні тупат грукацеў, як навальніца на моры. А тут я бачыў толькі дзесяць разоў па дзесяць воінаў і не разумею, навошта вы трымаеце ў горадзе баявыя калясніцы, якія майструюць у вашых кузнях, бо калясніцы прыдатныя толькі для бітвы на раўніне.
Ён засмяяўся і, хітра прыжмурыўшыся, адказаў:
— Як лекар, ты занадта цікаўны, Сінухе-егіпцянін. А можа мы зарабляем свой бядняцкі хлеб, прадаючы баявыя калясніцы царам раўнінных краінаў?..
— Я гэтаму не паверу, — дзёрзка запярэчыў я. — Наколькі я вас ведаю, такое проста немагчыма: воўк не аддасць зайцу свае кіпцюры і зубы.
Ён гучна зарагатаў і, хлопнуўшы сябе па калене так, што ажно віно пралілося з кубка, сказаў:
— Трэба будзе пераказаць гэта цару, і хто ведае, можа, ты яшчэ дажывеш да таго часу, калі ўбачыш вялікае паляванне на зайцоў, бо законы краіны хетаў зусім не такія, як законы раўнінных народаў. Калі я правільна разумею, у вашых краінах багатыя пануюць над беднымі, a ў нас моцныя — над слабымі, і думаецца мне, што свет так хутка даведаецца пра новае вучэнне, што ты, Сінухе, не паспееш пасівець.
— Фараон Егіпта таксама знайшоў новага бога, — адказаў я, прыкінуўшыся дурненькім.
— Я пра гэта ведаю, — сказаў ён. — Я чытаю ўсю перапіску свайго цара: яго новы бог вельмі любіць мір і абвяшчае, што паміж народамі няма супярэчнасцяў, якія немагчыма было б уладкаваць мірам. Мы нічога не маем супраць такога бога, наадварот, мы вельмі яго шануем, пакуль ён пануе ў Егіпце і на раўнінах. Ваш фараон прыслаў нашаму вялікаму цару егіпецкі сонечны крыж, які ён назваў сімвалам жыцця. Што ж, можа быць, яму ўдасца пражыць яшчэ некалькі мірных гадоў, калі ён будзе прысылаць нам шмат золата, каб мы маглі назапасіць яшчэ больш медзі, жалеза і зерня, пабудаваць новыя кузні і нарабіць яшчэ больш баявых калясніцаў. Наш уладар сабраў у Хатушашу найлепшых збройных майстроў і плаціць ім вялікія грошы, а нашто ён так робіць, думаю, — гэта ўжо не па розуму простаму лекару.