• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Начальнік аховы ведаў, што я хутка пакіну краіну, і вырашыў, што золата можна скарыстаць з большым толкам, чым аддаваць нейкаму, хай сабе і добраму, лекару. Таму ён урэшце падарыў мне нож, які быў такі востры, што галіцца ім было лепей, чым нажом крамянёвым, ён пакідаў сляды нават на медзі, і яго лязо пры гэтым амаль не псавалася. Я так радаваўся гэтаму падарунку, што вырашыў аздобіць яго серабром, як гэта рабілі знатныя людзі ў Мітанні. Начальнік аховы ніколькі не шкадаваў аб сваім падарунку, і мы з ім моцна пасябравалі. Апроч таго, што я цалкам вылечыў яго ад паганай хваробы, я параіў яму таксама прагнаць з порта дзяўчыну, пацешыўшыся з якою ён захварэў, але мой сябар сказаў, што ўжо загадаў яе пасадзіць на паль, бо такую хваробу, вядома, можна наслаць толькі чарадзействам.
    У тым горадзе, як і ва ўсіх тагачасных партах, было адмысловае поле, на якім пасвіліся дзікія быкі, і юнакі практыкаваліся, выпрацоўваючы свае спрыт і гнуткасць, у бойках з быкамі, скачучы цераз іх і шпурлялі вострыя дзіды. Мінея, пабачыўшы быкоў, прыйшла ў захапленне і захацела выпрабаваць сваё майстэрства. Там я ўпершыню ўбачыў, як яна танцуе перад дзікімі быкамі. Я ніколі не бачыў нічога падобнага, і калі глядзеў на яе, маё сэрца халадзела ад страху, бо дзікі бык страшнейшы за любога драпежніка і нават слана, які паводзіць сябе спакойна, пакуль яго не чапаеш. А ў быка доўгія і вострыя рогі, ён лёгка працінае імі чалавека наскрозь, падкідае ў паветра, а потым топча нагамі.
    Мінея танцавала перад быкамі ў адной тонкай сукенцы і лёгка ад іх ухілялася, калі яны, угнуўшы голаў, з дзікім рыкам кідаліся на яе. Яе твар расчырванеўся, у гарачцы яна скінула з валасоў сетку, і тыя рассыпаліся на яе плячах. Мінеіны рухі былі такія хуткія, што вока не паспявала сачыць за імі. Калі бык кінуўся на яе, яна ўскочыла яму на галаву паміж рагамі, а потым, трымаючыся за рогі, стала быку на спіну, хутка перабіраючы нагамі ў паветры. Я глядзеў на Мінею, і гэта, напэўна, распаляла яе, бо пачалося такое, чаго мне не даводзілася бачыць ніколі, а калі б мне хто распавёў, я проста не паверыў бы. Я сядзеў на месцах для гледачоў і, бачачы яе штукарствы, абліваўся халодным потам, раз-пораз ускокваючы ад хвалявання на ногі, а тыя, хто сядзеў за мной, лаяліся і тузалі мяне за адзенне.
    Каля Мінея выходзіла з поля, гледачы захоплена віталі яе. Ёй на шыю надзелі вялікі вянок з кветак, а юнакі падаравалі дзівосную чашу з чырвонымі і чорнымі фігурамі быкоў. Усе казалі: «Такога мы не бачылі ніколі». А капітаны, якія былі на Крыце, казалі, дыхаючы піўной парай: «Наўрад ці й на Крыце знойдзецца такая танцоўшчыца».
    Калі Мінея падышла, сукенка на ёй была мокрая ад поту. Яна прытулілася да мяне ўсім сваім тонкім напружаным целам, і кожны яе мускул дрыжаў ад гордасці і стомы.
    — Я не бачыў нікога, хто мог бы з табой параўнацца, — прызнаўся я.
    Але на маім сэрцы ляжаў цяжкі камень, бо, гледзячы, як Мінея танцуе перад быкамі, я зразумеў, што яны і ёсць тое насланнё, якое нас з ёй разлучае.
    Неўзабаве пасля таго ў порт прыйшоў карабель з Крыта, які быў не надта вялікі і не надта маленькі, капітан меў прыемны выгляд і гаварыў на роднай мове Мінеі. Таму яна сказала:
    — Гэты карабель у поўнай бяспецы давязе мяне да радзімы і майго бога. Так што цяпер ты зможаш мяне пакінуць і парадавацца, што пазбавіўся ад клопатаў і непрыемнасцяў, якія я вымусіла цябе перажыць.
    Але я адказаў:
    — Ты добра ведаеш, Мінея, што я паеду за табою на Крыт.
    Яна глядзела на мяне, і яе вочы былі падобныя да мора ў месячным святле. Урэшце яна сказала:
    Я не магу зразумець, Сінухе, навошта табе ехаць за мною? Карабель давязе мяне ў поўнай бяспецы, і са мною нічога не здарыцца.
    — Ты ведаеш навошта гэтак жа добра, як я, — прамовіў я ў адказ.
    Тады яна паклала мне на далонь свае тонкія моцныя пальцы і, уздыхнуўшы, сказала:
    — Я шмат перажыла з табою, Сінухе, і бачыла шмат розных народаў, так што радзіма пачала мне здавацца далёкім прыгожым сном. I я ўжо нават не так сумавала па сваім богу. Рознымі пустымі адгаворкамі я
    адцягвала свой ад'езд, але цяпер, зноў патанцаваўшы перад быкамі, зразумела, што памру, калі ты авалодаеш мною.
    — Так, так, так, — адказаў я. — Мы ўжо шмат з табой гаварылі пра гэта, і я не збіраюся цябе гвалціць. Мне не так ужо гэта важна: галоўнае, каб ты не разгневала свайго бога. А даць тое, на што ты не здольная, мне можа любая рабыня, як кажа Каптах.
    Яе вочы адразу ўспыхнулі зялёным агнём, як у дзікай кошкі, яна ўсадзіла мне ў далонь пазногці і сярдзіта сказала:
    — Вось і выпраўляйся да гэтых рабыняў, а мне брыдка на цябе глядзець. Бяжы да сваіх брудных дзевак, калі табе так хочацца. Але потым не паказвайся мне на вочы — я ведаць цябе не ведаю! А калі прыйдзеш, я тваім жа нажом выпушчу ўсю тваю кроў! Без чаго жыву я, пражывеш і ты!
    Я ўсміхнуўся і сказаў:
    — Але ніводзін бог не забараняў мне гэтага.
    — А я забараняю, і толькі паспрабуй прыйсці да мяне пасля!
    — Ды не хвалюйся, Мінея, мне смяротна надакучыла тое, што ты маеш на ўвазе. Уцехі з жанчынай — вельмі нудны занятак, і паспытаўшы яго, я больш не маю жадання паўтараць стары досвед.
    — Твае словы глыбока абражаюць ува мне жанчыну, — зноў загарэлася яна. — Калі б ты хоць раз паспрабаваў гэта са мною, я наўрад ці табе надакучыла б.
    Але ўжо як я ні стараўся ўлагодзіць Мінею прыемнымі словамі, дагадзіць ёй мне так і не ўдалося. Уначы яна не лягла са мной, як звычайна, а, забраўшы посцілку, пайшла ў другі пакой і, накрыўшыся з галавою, прыкінулася, быццам спіць. Аклікнуўшы яе, я з дакорам сказаў:
    — Чаму ты больш не саграваеш мяне, Мінея, ты ж маладзейшая, a ночы цяпер халодныя, я ажно калачуся адзін на сваёй посцілцы.
    — Ты ўсё хлусіш, — запярэчыла яна. — Я задыхаюся ад гарачыні! А калі табе халодна, дык загадай, каб табе ў пакой прынесці жарніцу, ці пакладзі пад бок кошку і не чапляйся больш да мяне.
    Тады я сам пайшоў да яе і, датыкнуўшыся яе цела, упэўніўся, што яно гарыць агнём і, адначасова, дрыжыць пад коўдрай. Я прапанаваў:
    — Ты, здаецца, захварэла. Дазволь мне цябе палячыць.
    Але яна скінула нагамі коўдру, адштурхнула мяне і злосна сказала:
    — Ідзі прэч! А мяне, спадзяюся, вылечыць мой бог.
    Але праз нейкі час яна папрасіла:
    — Дай мне якіх-небудзь лекаў, Сінухе, ато я расплачуся і задыхнуся.
    Я даў ёй супакаяльнае зелле, і яна нарэшце заснула. А я не спаў, аж пакуль у ранніх прыцемках не забрахалі сабакі. Так настаў дзень нашага ад'езду, і я сказаў Каптаху:
    — Складзі ўсе нашы рэчы: мы адплываем на Крыт, дзе радзіма Мінеі.
    — Я прадбачыў гэта і не буду драць на сабе адзенне, бо потым яго зноў давядзецца зашываць, — адказаў Каптах. — А тваё каварства не вартае таго, каб я пасыпаў галаву попелам, хоць, калі мы пакідалі Мітанні, ты кляўся, што на караблях мы плаваць болей не будзем. Я пра ўсё даўно здагадаўся, гледзячы, як ты ходзіш па гавані ды шэпчашся з гэтай праклятай Мінеяй, якая ўрэшце канчаткова пагубіць нас! Я гэта скеміў адразу — яшчэ калі яна разбіла мне нос сваёю сандаляй, хоць тады я меў да яе самыя добрыя намеры. А цяпер я ўжо так зачарсцвеў душою, што нічога табе не скажу і нават не зарыдаю, каб не згубіць апошняе сваё вока. Я ўжо ўдосталь наплакаўся праз цябе ў розных краінах, куды цябе заносіла тваё праклятае шаленства. I я загадзя скажу табе, што гэта маё апошняе падарожжа: мне падказвае гэта мой бедны страўнік. Але я не буду цябе вінаваціць, хоць мне брыдка на цябе нават глядзець і ўдыхаць смурод тваіх чортавых зёлак. Рэчы я даўно склаў і гатовы пусціцца ў падарожжа, бо ты ж не можаш паплыць без нашага скарабея, а я без яго і па зямлі не дабяруся жывы да Сіміры. Таму я вымушаны ехаць з табою і скарабеем і памерці на караблі ці патануць у моры. Суцяшае мяне толькі, што ўсё гэта ты ўжо напісаў сваёй палкай на маёй задніцы, калі купіў на рынку рабоў у Фівах.
    Я здзівіўся такой пакорлівасці Каптаха, але потым заўважыў, што ён распытвае ў порце маракоў аб розных спосабах выратавання ў моры і купляе амулеты супраць марской хваробы. Перад нашым ад'ездам ён павешаў сабе на шыю ўсе гэтыя амулеты, папасціў, туга падперазаўся і напіўся гарачага дурманнага настою з розных траваў так, што калі мы ступілі на мост карабля, вочы ў яго былі, як у зваранай рыбіны. Ён няроўным голасам папрасіў тлустай свініны, бо маракі, пацяшаючыся, сказалі яму, што гэта найлепшы сродак супраць марской хваробы. Потым ён упаў на ложак і заснуў, сціскаючы ў адной руцэ свіны кумпяк, а ў другой — нашага скарабея. Начальнік аховы ўзяў нашы гліняныя таблічкі, весляры апусцілі вёслы ў ваду і павялі карабель з гавані. Так пачалося наша падарожжа на Крыт. Калі мы выйшлі з порта ў адкрытае мора, капітан прынёс ахвяры марскому богу і патаемным багам свайго карабля і загадаў падняць ветразі. Карабель нахіліўся, рэжучы марскія хвалі, а мой страўнік падскочыў аж да самага горла, бо бераг знік з вачэй і перад намі калыхалася толькі бязмежнае мора.
    ПАПІРУС восьмы
    Цёмны палац
    і
    Бязмежнае мора калыхалася наўкола, і ўжо шмат дзён мы не бачылі берагоў, але гэта не палохала мяне, бо са мною была Мінея, якая, удыхаючы свежае марское паветра, нібыта набіралася новай сілы, і яе вочы гарэлі месячным святлом, калі яна стаяла на носе карабля, падаўшыся ўперад, быццам сваім намаганнем хацела дапамагчы караблю рухацца хутчэй. Неба сінелася над намі, вецер не шалеў, а раўнамерна поўніў нашыя ветразі і гнаў карабель у патрэбным кірунку. Так казаў капітан і сумнявацца ў ягоных словах у нас не было ніякай прычыны. Я прывык да гайданкі і ўжо зусім ад яе не пакутаваў, хоць маё сэрца сціснулася, калі праз пару дзён белакрылыя марскія птушкі, якія кружылі над караблём, раптам зніклі. Замест іх карабель пачалі суправаджаць коні марскога бога дэльфіны, якія, адсвечваючы чорнымі спінамі, скакалі ў вадзе, і Мінея гучна крычала, вітаючы іх на сваёй мове, бо яны неслі ёй прывітанні ад яе бога.
    Мора не было пустэльняй, і праз некалькі дзён мы сустрэліся з крыцкім ваенным караблём, барты якога былі абшытыя меднымі лістамі. Яго каманда, упэўніўшыся, што мы не піраты, радасна нас вітала і дружалюбна ўзняла над мачтаю вымпел. Каптах тым часам ужо ачомаўся і, адчуўшы, што гайданка на яго не дзейнічае, пачаў выхваляцца перад маракамі сваімі вандраваннямі па розных краях. Ён распавёў гісторыю пра падарожжа з Егіпта ў Сіміру, калі на карабель наляцела страшэнная бура і ніхто за выключэннем яго самога ды капітана не мог нічога есці і толькі апаражняў свой страўнік за падветраны борт. Ён расказаў пра драпежных марскіх страшыдлаў, якія ахоўвалі вусце Ніла і праглыналі цалкам рыбацкія лодкі, якія выходзілі занадта далёка ў мора. А маракі распавядалі яму ў адказ казкі пра слупы, што падпіраюць небакрай, пра марскіх дзеваў з рыбінымі хвастамі, што падпільноўваюць мараплаўцаў, каб зачараваць і прымусіць цешыцца з імі. Ад гісторый пра марскіх драпежнікаў усе валасы ў Каптаха ўставалі дыбарам, ён спалохана прыбягаў і пачынаў тузаць мяне за адзенне. Свіны кумпяк яму такі давялося выкінуць у ваду, бо есці ён яшчэ не мог.