• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    —	Ды я толькі пажартаваў. Я не хачу табе замінаць, бо, напэўна ж, перад адыходам у лабірынт у цябе шмат справаў! А я пайду ў свой заезны двор ды займуся лекаваннем хворых, якіх шмат у порце. Ім патрабуецца мая дапамога.
    Я пайшоў прэч і доўга яшчэ адчуваў мярзотны смурод быкоў, які не забуду ніколі. Нават цяпер, сустракаючы статак гэтых жывёлаў, я амаль захворваю: я не магу есці, і сэрца мне пачынае балець. А тады, вярнуўшыся да сябе, я цалкам аддаўся лячэнню хворых і палягчэнню іхніх пакутаў. Паступова спусціўся вечар, у дамах уцехаў запаліліся агні. Праз сцены я чуў музыку і смех, бо крыцкія рабы і слугі перанялі бесклапотны нораў гаспадароў і жылі так, нібы ў свеце няма ні смерці, ні болю, ні журбы, ні смутку.
    Сцямнела, а я ўсё сядзеў, не запальваючы лямпы і не кладучыся, хоць Каптах паслаў на падлозе дываны дзеля сну. Месяц выплыў на
    небе яшчэ не поўны, але вялікі і зіхоткі, і я ненавідзеў яго, бо ён назаўжды разлучаў мяне з адзінай жанчынай, якую я лічыў сястрою, і ненавідзеў сябе, бо быў слабы і не рашаўся на тое, чаго так прагнуў. Раптам дзверы адчыніліся, і, асцярожна аглядваючыся, увайшла Мінея. На ёй была ўжо не крыцкая вопратка, а тая простая сукенка, у якой яна танцавала перад знаццю і прасталюдзінамі ў розных краінах. Свае валасы яна павязала залатой стужкай.
    — Мінея! — ускрыкнуў я ў здзіўленні. — Як ты сюды трапіла? Я думаў, ты рыхтуешся да сустрэчы з богам.
    — Гавары цішэй,— адказала яна. Я не хачу, каб нас пачулі.
    Яна села побач, паглядзела на месяц і сказала:
    Я не люблю там свой ложак, і мне ўжо не цікава з маімі сябрамі, як было раней. Але я не ведаю, чаму я прыйшла сюды, у гэты заезны двор, ведаючы, што гэта вельмі непрыстойна. Калі хочаш спаць, скажы, і я пайду прэч, але там я не змагла заснуць, і мне захацелася падыхаць паветрам, якім дыхаеш ты, — тваім водарам лекаў і траваў, і захацелася яшчэ раз ушчыкнуць Каптаха за вуха і патузаць за валасы, каб ён не заводзіў дурных размоваў. Напэўна, падарожжа і жыццё сярод чужых людзей узбунтавалі мой розум, бо я ўжо не адчуваю, што маё жыццё — туг, побач з быкамі, я не радуюся поспехам у спаборніцтвах і не імкнуся, як раней, трапіць у палац бога, і ўсе размовы вакол мяне здаюцца мне неразумным мармытаннем немаўляці. Цяпер тое, што для маіх сяброў радасць — для мяне, як марская пена, маё сэрца апусцела, і на яго месцы ўтварылася вялікае дупло. I мая галава таксама пустая, у ёй няма ніводнае думкі, якую я магла б назваць сваёю, мяне ўсё раніць, і на душы ў мяне яшчэ ніколі не было так маркотна і цяжка. Таму я прашу цябе, Сінухе, патрымай мяне за руку, як рабіў раней, хоць я ведаю, што ты з большым задавальненнем патрымаў бы іх за руку і паглядзеў бы на болей дзябёлых жанчын, чым я.
    Я адказаў на гэта:
    — Мінея, сястра мая, мае дзяцінства і юнацтва былі падобныя да чыстае ручаінкі, а сталасць — да вялікай ракі, якая шырока разлілася і пакрыла зямлю так, што яе неглыбокая стаячая вада пачынае гніць. Але калі побач са мной узнікла ты — ты сабрала ўсе мае воды ў глыбокае рэчышча, і яны зноў радасна заструменіліся, ува мне ўсё ачысцілася, мір вакол засвяціўся, і ўсё злое і нядобрае здалося мне толькі павуцінай, якую вельмі лёгка абтрэсці з сябе. Я хачу быць дзеля цябе добрым і лячыць людзей незалежна ад аплаты і падарункаў, якія яны прыносяць. Дзякуючы табе злыя багі страцілі нада мной уладу. Так здарылася тады, калі ты прыйшла да мяне, але цяпер, калі ты мяне пакідаеш, вакол зноў згушчаецца цемра, маё сэрца ірвецца і плача, бы самотны крумкач у пустэльні, і я больш не хачу людзям дабра, я ненавіджу іх, я ненаві-
    джу нават багоў і не хачу пра іх нават слухаць. Але я хачу табе, Мінея, сказаць, што на свеце ёсць шмат краінаў, але толькі адна рака. Дык дазволь мне завезці цябе ў Чорную зямлю на бераг тае ракі, дзе качкі крычаць у чароце і сонца штодзень плыве па небе ў залатым чоўне. Паедзем са мною, Мінея, мы разаб'ем гаршчок, станем мужам і жонкай, пражывем разам усё жыццё, і яно будзе ў нас лёгкае, а калі мы памрэм, нашыя целы захаваюць, каб мы маглі сустрэцца ў Краіне Захаду і жыць там вечна.
    Але ў адказ Мінея сціснула мае рукі, дакранулася пальцамі да маіх павекаў, вуснаў і шыі і сумна сказала:
    — Сінухе, я ўжо не змагу паехаць з табой, нават калі вельмі гэтага захачу, бо ніводзін карабель не забярэ нас з Крыта, ніводзін капітан не адважыцца схаваць нас на сваім караблі. Мяне ўжо строга ахоўваюць, і я не магу дапусціць, каб праз мяне цябе пакаралі смерцю. Як бы мне не хацелася з табою паехаць, я не магу зрабіць гэтага, бо калі я танцую перад быкамі, іх воля робіцца мацнейшая за маю. Але ты не зразумееш гэтага, бо сам ніколі не паспытаў. У ноч поўні я павінна ўвайсці ў палац бога, і ні я, ні ты, ніякая сіла не можам гэтаму перашкодзіць. Чаму так — мне невядома, як невядома і нікому, апроч, напэўна, Мінатаўра. Усё маё дзяцінства прайшло пад богам, і сёння, калі я танцавала перад быкамі, яны перамаглі мяне. Але нягледзячы на гэта я люта іх узненавідзела, бо яны разлучаюць мяне з табою, і я ўзненавідзела свой горад, бо яго радасці — марныя прывіды, а жыццё — як дзіцячая гульня, але ў гэтай гульні жорсткія людзі, падобныя да дзяцей, прагнуць убачыць кроў. Гледачы сёння былі расчараваныя і засмучаны таму, што быкі нікога не затапталі, не разарвалі і не наматалі нічые кішкі на рогі. Вось на чым трымаюцца іх заклады і любоў да быкоў, хоць ніхто ў гэтым не прызнаецца, можа, нават самому сабе, кажучы, што яго вабіць вялікае мастацтва.
    Яна дакранулася да маіх вуснаў і шыі і раптам, моцна абняўшы і прытуліўшыся ўсім целам, сказала:
    —	Сінухе, я вельмі спадзяюся вярнуцца да цябе ад нашага бога. Я маю на гэта права, хоць ніхто адтуль ніколі яшчэ не вяртаўся. Але я буду першая, хто вернецца. I калі я вярнуся, можаш рабіць са мною, што хочаш, тваё жыццё стане маім жыццём, твой народ — маім народам, а твае багі — маімі багамі.
    Але на душы ў мяне было пуста і змрочна, як у магіле, і я сказаў:
    —	Заўтрашні дзень невядомы нікому, Мінея, і я не магу паверыць, што ты вернешся адтуль, адкуль ніхто і ніколі яшчэ не вяртаўся. Можа, у залатым палацы марскога бога ты набудзеш вечнае жыццё і забудзешся пра мяне і пра ўсё, што лучыць цябе з гэтым светам.. Зрэшты я не веру ў гэтыя казкі, як не веру і ў іншых багоў, пра якіх мне шмат
    чаго баялі ў розных чужых краінах. А таму ведай: калі ты не вернешся ў прызначаны тэрмін, я пайду па цябе ў палац твайго бога і выведу цябе адтуль. Я забяру цябе, нават калі ты не захочаш сама вярнуцца са мною. Я зраблю так, Мінея, нават калі гэта станецца апошнім маім учынкам.
    Яна спалохана заціснула мне рот, азірнулася і сказала:
    — Маўчы! Такое забаронена казаць уголас і нават думаць пра гэта нельга! Палац бога — цёмны палац, і ніводзін чужынец не знойдзе ў ім дарогі, а непасвечаны, увайшоўшы, спаткае страшную смерць. На шчасце, ты не зможаш у яго трапіць, бо палац зачыняе медная брама, ато ў сваім шаленстве ты сапраўды мог бы зрабіць тое, што кажаш, і пагубіў бы сябе. Вер, я вярнуся — мой бог не можа быць такі бязлітасны, каб не дазволіць таго, чаго я так хачу. Гэта на дзіва прыгожы бог, ён аберагае моц і сілу Крыта і ўсім жадае дабра. Дзякуючы яму плоданосяць нашы алівы, каласяцца нашы палеткі і з гавані ў гавань плаваюць караблі. Ён пасылае спадарожныя вятры і, аберагаючы мараплаўцаў, накіроўвае іх у тумане, каб з імі не здарылася бяды. Дык чаму ён будзе жадаць мне зла?
    Мінея з маленства расла пад абаронаю свайго бога, і яе вочы аслеплі, але я не мог вярнуць ім зрок, хоць раней рабіў гэта шмат якім слепакам. У бяссільнай страсці я прытуліў яе да сябе, цалаваў і гладзіў яе гладкае, як царскі лён, цела, і не хацеў пакідаць, як падарожнік, заблукаўшы ў пустэльні, не хоча пакідаць свежай крыніцы. А яна дрыжала ўсім целам і, абліваючы мне шыю гарачымі слязьмі, шаптала:
    — Сінухе, мой сябра, калі ты не верыш, што я вярнуся, дык рабі са мною, што хочаш, я не адмоўлю табе ні ў чым, каб толькі парадаваць цябе. Хай мне нават давядзецца памерці — у тваіх абдымках я не баюся смерці, бо страшней за разлуку з табою няма нічога на свеце.
    — А ты сама будзеш рада, калі зраблю тое, чаго хачу? — спытаў я.
    Павагаўшыся, яна адказала:
    He ведаю. Калі цябе няма побач, маё цела напаўняецца неспакоем і смуткам, а калі ты дакранаешся да мяне, мае вочы засцілае туман і калені ў мяне падгінаюцца. Раней, калі мне ўсё было ясна і зразумела і нічога не азмрочвала маю радасць, я ненавідзела цябе, я баялася тваіх дотыкаў, я ганарылася тады толькі сваім майстэрствам, сваімі спрытам і гнуткасцю. Але цяпер мне вядома, якія ў цябе бываюць пяшчотныя рукі, нават калі яны прычыняюць мне боль. He ведаю, ці буду я радавацца, але ж калі гэта прынясе радасць табе, то пра мяне не думай, бо твая радасць — яна і мая, бо парадаваць цябе — гэта ўсё, чаго я жадаю.
    Тады я выпусціў яе са сваіх абдымкаў, пагладзіў яе валасы, вочы і шыю і сказаў:
    — Мне досыць ужо таго, што ты прыйшла да мяне такая, якой была
    ў час нашага вандравання па Вавілоніі. Дай мне залатую стужку з тваіх валасоў, і больш мне не трэба нічога.
    Яна з падазрэннем зірнула на мяне і спытала:
    — Можа, я, на тваю думку, занадта худая, і ты баішся, што маё цела не дасць табе радасці? Можа, табе больш даспадобы легкадумныя дзяўчаты? Я пастараюся стаць легкадумнай і зраблю ўсё, каб цябе задаволіць і не падмануць у тым, чым жадаю цябе парадаваць.
    Я гладзіў яе тонкія плечы, усміхаўся ёй і супакойваў:
    — Hi адна жанчына не параўнаецца з табою, Мінея, і ніхто не парадуе мяне так, як ты. Але я не хачу ўзяць цябе толькі дзеля свайго жадання, — гэта не прынясе табе радасці, бо ты надта хвалюешся за свайго бога. Але я ведаю, што рабіць. Мы разаб'ем гаршчок, як гэта прынята ў маёй краіне, і станем мужам і жонкай, няхай нават пры гэтым мы і не зліемся ў адно, і побач не будзе жрацоў, якія запішуць нашы імёны ў храмавыя спісы. Давай папросім Каптаха прынесці гаршчок і здзейснім абрад.
    Яна ўсміхнулася і запляскала ў далоні, яе вочы павялічыліся і загарэліся радасцю. Я пайшоў па Каптаха і ўбачыў, што той сядзіць пад дзвярыма і горка плачма, выціраючы слёзы рукамі. Убачыўшы мяне, ён зарыдаў яшчэ гучней.
    — Што здарылася, Каптах? — спытаў я. — Чаго ты плачаш?