• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    —	Мне не патрэбньія падарункі, — сказаў я. — Самым дарагім я лічу веды. Прымнажаючы іх, я пабываў у многіх краінах свету і добра абазнаны ў вавілонскіх і хецкіх багах. Я спадзяюся спазнаць і крыцкага бога, пра якога кажуць шмат дзіўнага і які любіць юнакоў і дзяўчат, у адрозненне ад сірыйскіх багоў, чые храмы ператварыліся ў дамы ўцехаў, а жрацамі ў іх служаць скапцы.
    — У нас шмат багоў, якім пакланяецца наш народ, — адказаў жрэц. — А ў порце ёсць храмы і іншым багам, там пры патрэбе можна прынесці ахвяру і Амону, і Ваалу. Але падманваць цябе не буду: сіла і моц Крыта сапраўды залежаць ад нашага галоўнага бога, якому людзі пакланяюцца спрадвеку. Яго бачылі толькі пасвечаныя, але яшчэ ніхто не вярнуўся расказаць, як ён выглядае.
    — Багі хетаў, — сказаў я, — гэта Маці Зямля, Неба і Дождж, які апладняе Зямлю, а значыць крыцкі бог — гэта Мора, бо ўсе багацці Крыта ідуць ад мора.
    — Можа, ты і маеш рацыю, Сінухе, — адказаў Мінатаўр з нейкай дзіўнай усмешкай. — Але мы служым жывому богу, у адрозненне ад народаў з мацерыка, якія моляцца памерлым багам і драўляным статуям. Наш бог — не статуй, не ідал, хоць яго параўноўваюць з быком, і пакуль ён жыве, будзе захоўвацца ўлада Крыта над морам. Так было наканавана, і мы гэта добра ведаем. Хоць, разам з тым, мы вельмі спадзяемся і на свае ваенныя караблі, з якімі не могуць зраўнацца караблі ніякіх прыбярэжных краінаў.
    — Кажуць, ваш бог жыве ў лабірынтах цёмнага палаца, — упарта сказаў я. — Мне вельмі хацелася б пабачыць гэты лабірынт, пра які я шмат чуў. Я не магу зразумець, чаму пасвечаныя ніколі адтуль не вяртаюцца, бо пасля таго, як месяц зробіць новае кола, яны ж маглі б і вярнуцца!
    Увайсці ў свяшчэнны палац бога — гэта найвышэйшы гонар і невыказнае шчасце, якія толькі могуць выпасці на долю крыцкага юнака ці дзяўчыны, — сказаў Мінатаўр, паўтараючы словы, якія яму даводзілася казаць ужо безліч разоў. — Таму ўсе марскія выспы навыперадкі прысылаюць да нас сваіх самых прыгожых юнакоў і дзяўчат, каб яны патанчылі перад нашымі быкамі і маглі ўдзельнічаць у кіданні жэрабя. He ведаю, ці чуў ты аповеды пра залы марскога бога, дзе жыццё зусім не падобнае да нашага зямнога і адкуль кожны, хто туды трапіў, ужо ніколі не захоча вярнуцца да зямных пакутаў і клопатаў. А ты, Мінея, хіба ты баішся ўвайсці ў палац бога?
    Мінея нічога не адказала, а таму сказаў я:
    — На берагах Сіміры я бачыў патанулых маракоў, іх галовы і жываты разбухалі, і радасці не было на іх тварах. Гэта адзінае, што я ведаю пра жытло марскога бога, хоць не сумняваюся і ў тваіх словах і жадаю Мінеі шчасця.
    Мінатаўр холадна адказаў:
    Хутка ты пабачыш наш лабірынт, бо да поўні засталося нядоўга, і тады Мінея ўвойдзе ў свяшчэнны палац.
    — А калі яна адмовіцца? у запале спытаўся я, бо ягоныя словы мяне раззлавалі, і маё сэрца роспачна сціснулася.
    — Такога яшчэ не было ніколі, — сказаў Мінатаўр. — Наконт гэтага можаш быць спакойны, Сінухе-егшцянін. Патанчыўшы перад быкамі, Мінея сама захоча туды ўвайсці. — I ён апусціў на твар залатую маску быка, даючы зразумець, што нам пара сыходзіць.
    Мінея схашла мяне за рукаў і павяла прэч, але ўжо не радавалася.
    3
    Каля я вярнуўся ў заезны двор, Каптах быў ужо там. Ён паспеў нажлукціцца віна ў партовай таверне і адразу пачаў мне расказваць:
    — Мой гаспадар, Крыт — гэта сапраўдная Краіна Захаду для слуг: тут ніхто іх не б'е, ніхто не памятае, колькі грошай у яго ў кашальку і якія ён купіў каштоўныя аздобы. Далібог, мой гаспадар, слугам тут — блаславёны край, бо нават калі гаспадар раззлуецца і прагоніць слугу з дому — а гэта самае страшнае тут пакаранне — слузе дастаткова пераначаваць дзе-небудзь у іншым месцы і на другі дзень вярнуцца: гаспадар тым часам усё забудзе. Але маракам і рабам, што жывуць у порце, гэта краіна дрэнная. Сквапныя аканомы лупяць рабоў вострымі палкамі, а ганддяры падманваюць сіміранаў гэтак сама лёгка, як сіміране — егіпцянаў. Затое тут ёсць маленькія рыбкі, якіх зберагаюць у гаршчках, заліўшы алеем, і якімі вельмі смачна заядаць віно. За гэтых смачных рыбак я многае ім дарую.
    Усё гэта ён казаў, нібы сапраўды быў моцна п'яны, але, зачыніўшы дзверы і ўпэўніўшыся, што нас ніхто не падслухоўвае, паведаміў:
    — Мой гаспадар, у гэтай краіне творыцца нешта дзіўнае, маракі ў тавернах і корчмах кажуць, што крыцкі бог памёр, і жрацы ліхаманкава шукаюць новага бога. Але весці такія размовы вельмі небяспечна, бо калі хто іх пачуе, дык таго, хто пра гэта кажа, скідваюць з высокай скалы ў мора на з'ядзенне кальмарам. Кажуць, што існуе прадказанне, нібыта моц Крыта знікне, калі яго бог памрэ.
    Надзея ўспыхнула ў маім сэрцы, і я сказаў Каптаху:
    — У час поўні Мінея павінна ўвайсці ў палац бога. Але ж калі бог напраўду памёр, — а гэта цалкам магчыма, бо народ усё роўна ўсё ведае, нават калі яму нічога не кажуць, — тады Мінея зможа вярнуцца назад, хоць да гэтай пары з палаца ніхто не вяртаўся!
    Каптах адказаў:
    — Няўжо гэтае праклятае дзяўчо яшчэ мала прынесла нам смутку і непрыемнасцяў?! Гэта вялікая абраза маёй годнасці калі нейкая жанчына б'е мяне сандаляй па твары і разбівае нос так, што ажно кроў цурчыць ручаём! Але ты правільна сказаў, што народ урэшце пра ўсё даведаецца, нават калі яму нічога не кажуць! Спачатку, можа, ён адчувае ўсё невыразна і цьмяна, нібыта ў сне, але потым усё высвятляецца, і тады пачынаюцца змены, бойкі на скрыжаваннях, падпальваюцца дамы, і шмат чаго мяняецца. Я зусім не зайздрошчу крыцкай знаці, калі іхні бог напраўду памёр, бо думаю, даведаўшыся пра гэта, жыхары гавані кінуцца ў верхні горад, кавалі возьмуць свае молаты, рыбакі — свае восці, а насільшчыкі ўзброяцца каламі... Хоць, можа, будзе і іначай.
    Пакуль ён гаварыў, я ўспомніў прадказанне вавілонскіх зоразнаўцаў. — Вавілонскія жрацы вылічылі па зорках, што год Зямлі на зыходзе,
    і,	калі багі памруць, народы пяройдуць у новы год Зямлі, і ўсё пойдзе па-іншаму. А можа гэтае прадказанне тычыцца толькі Крыта, бо сімірскія і егіпецкія багі не памруць, яны будуць жыць вечна.
    — Мудрасць твая непамерная, мой гаспадар, — сказаў Каптах, — і калі б віно недастаткова моцна разгулялася ў маёй галаве, я зразумеў бы твае словы, але цяпер у мяне ўсё змяшалася: багі, зоркі, жрацы, гады Зямлі, — і адно, што я зразумеў, — гэта што ты сказаў пра Мінею. Яна ва ўсіх тваіх размовах — і пачатак, і канец, і сярэдзіна, і мне вельмі цябе шкада, бо я ўжо колькі разоў казаў: любая рабыня ці вясёлая дзяўчына дасць табе тое самае, толькі без ніякіх пакутаў. Дый гэтыя крыцянкі з голымі грудзьмі даволі ахвотна рассоўваюць каленкі. Але ж калі табе так ужо патрэбна Мінея, дык чаго прасцей стукнуць яе палкай па галаве, пасадзіць у мех, занесці на карабель, і з дапамогаю скарабея мы хутка будзем у Егіпце. Справа нескладаная, хоць я разумею, што такім чынам ты прывязеш у дом цэлы мех дзікіх кошак. Але ж дзеля цябе я гатовы ў гэтым нават дапамагчы. Я не магу спакойна глядзець, як ты на вачах худнееш і бялееш, нібы засмучаная каза, а валасы ў цябе зблытваюцца, як поўсць у ката вясной.
    Я не раззлаваўся на яго за гэтыя шчырыя словы, а наадварот — доўга думаў над тым, што ён сказаў. Яго прапанова здавалася мне прывабнай. Але вельмі шануючы Мінею і яе жаданні, я нават пры сваёй звар'яцеласці не мог пагадзіцца з Каптахавай парадай. Я лічыў, што Мінея мне гэтага не даруе ніколі.
    Наступным днём мне дасталося вельмі добрае месца на трыбунах, якія ўздымаліся ўгору прыступкамі — так, што адна лава месцілася над другой на ўзроўні, з якога кожны бачыў быкоў без ніякае перашкоды. Я шмат здзіўляўся і захапляўся такой разумнай будовай, якой ніколі не бачыў, бо ў Егіпце, напрыклад, наадварот — падчас святочных шэсцяў у гонар багоў ці ў дні відовішчаў будуюць высокія падмосткі для бога, жрацоў і танцораў, каб усе іх бачылі. Але быкоў пачалі ўжо па чарзе выпускаць на арэну, і кожны танцор выконваў свой танец — складаны, з мноствам розных фігураў, якія патрабавалі высокага майстэрства і выконваліся ў строгай паслядоўнасці, а самае цяжкае было ўскочыць быку на галаву, стаць між рагамі, а потым высока падскочыць, перакруціцца ў паветры і стаць бягучаму быку на спіну. He ўсім танцорам гэты скачок удаваўся, бо залежаў не толькі ад іх, але і ад быкоў, ад таго, як яны беглі, як выгіналі шыю, як спыняліся. Знаць і багацеі ішлі ў заклад, ставілі на асобныя нумары і на сваіх улюбёнцаў, але я, паглядзеўшы некалькі выступленняў, так і не зразумеў узбуджанасці гледачоў. Усе быкі і ўсе танцоры здаваліся мне аднолькавымі, і я не здольны быў убачыць паміж імі адрознення.
    Мінея танцавала таксама, і спачатку я вельмі за яе баяўся, але потым
    дзівоснае майстэрства і гнуткасць дзяўчыны зачаравалі мяне так, што я забыўся нават пра небяспеку, якая пагражала ёй,як і іншым танцорам, і я радаваўся яе поспеху. Дзяўчаты і юнакі танцавалі зусім без адзення, бо іх гульні былі да таго рызыкоўныя, што нават самая лёгкая вопратка магла замарудзіць іх рухі і паставіць іх жыццё ў небяспеку. Мінея намасціла цела алеем, яна здавалася мне самай прыгожай з усіх дзяўчат, хоць сярод танцорак было шмат іншых прыгажунь, якія мелі вялікі поспех. Але я глядзеў толькі на Мінею. Пасля доўгай адсутнасці яна яшчэ не зусім аднавіла сваё майстэрства і не атрымала ніводнага вянку. Яе стары паклоннік быў засмучаны і раззлаваны, а таму пайшоў выбіраць сабе новых быкоў і выканаўцаў, на што, бясспрэчна, меў права.
    А Мінея, сустрэўшыся са мной пасля прадстаўлення, холадна паведаміла:
    — Я больш не змагу сустрэцца з табою, Сінухе. Mae сябры клічуць мяне, і я павінна рыхтавацца да сустрэчы з богам, бо поўня настае ўжо заўтра. Але мы, напэўна, зможам убачыцца перад тым, як я пайду ў палац бога, калі ў цябе ўзнікне жаданне развітацца са мною.
    — Хай будзе так, — адказаў я. — На Крыце для мяне, безумоўна, знойдзецца яшчэ шмат цікавага, і я хачу бліжэй пазнаёміцца са звычаямі гэтай краіны. Пакуль я сядзеў на трыбуне, мяне запрасілі ў госці некаторыя твае сяброўкі, і мне было прыемна глядзець на іх твары і грудзі, хоць, праўду кажучы, яны крыху таўсцейшыя за цябе.
    Яна схапіла мяне за руку, яе вочы загарэліся гневам, ноздры расшырыліся, і яна злосна сказала:
    —	А я не хачу, каб ты хадзіў да маіх сябровак без мяне. Можаш пачакаць, пакуль я вярнуся. I хоць, на тваю думку, я занадта хударлявая — пра што раней я, дарэчы, і не здагадвалася, — але дзеля нашага сяброўства ты павінен выканаць маю просьбу.