• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    На другі дзень я прачнуўся позна, бо дурманнае зелле аказалася вельмі моцнае. Я не адразу нават уразумеў, дзе знаходжуся, а калі ўспомніў, што адбылося ўчора, паступова супакоіўся, мая галава праяснела і я ўжо не ўпадаў у шаленства. Многія ўдзельнікі свята вярнуліся ў горад, а некаторыя яшчэ спалі ў кустах — і мужчыны, і жанчыны разам, бессаромна агаліўшыся, бо пілі, елі і весяліліся да самага ранку. Прачнуўшыся яны апранулі новыя ўборы, жанчыны паправілі свае прычоскі і вельмі засмуціліся, што не могуць прыняць ванну, бо вада ў ручаі была надта халодная, а яны прывыклі да гарачай вады са срэбных трубаў у хаце. Але яны прапаласкалі раты, намазалі і падфарбавалі твары і пачалі распытваць адна другую, пазяхаючы на ўвесь рот:
    — Ну, хто застаецца чакаць Мінею, а хто вяртаецца ў горад?
    Шмат каго забавы на траве і ў кустах ужо болей не вабілі, і яны, стомленыя, вярталіся ў горад. Каля палаца засталіся толькі самыя маладыя і нястомныя — нібыта з мэтаю пачакаць Мінею, хоць усе добра ведалі, што з палаца бога ніколі ніхто не вяртаецца. Па праўдзе, яны засталіся толькі таму, што сустрэлі мінулаю ноччу таго, хто прыйшоўся ім даспадобы, і жанчыны адаслалі ў горад мужоў, каб без іх ужо ўволю пацешыцца. Тады я сцяміў, чаму ў горадзе няма ніводнага дома ўцехаў, і ўсе яны толькі ў порце. Паглядзеўшы, як крыцяне забаўляліся міну-
    лыя дзень і ноч, я прыйшоў да высновы, што прафесійныя дзяўчаты для ўцех шмат у чым саступалі знатным крыцянкам.
    Перш чым Мінатаўр таксама пайшоў, я спытаў у яго:
    — А ці можна мне, хоць я і чужынец, таксама пачакаць Мінею разам з яе сябрамі?
    Той непрыязна паглядзеў на мяне і адказаў:
    — Табе ніхто не забараняе, але, думаецца, у гавані стаіць карабель, які можа адвезці цябе ў Егіпет, бо ты будзеш чакаць дарэмна: з гэтага палаца ніхто яшчэ не вяртаўся.
    Тады я прыкінуўся дурненькім і, жадаючы залагодзіць яго, сказаў:
    — Мінея мяне, сапраўды, вельмі зачаравала, але была ўсё-ткі досыць нудная: ад яе вернасці богу з ёю немагчыма было пацешыцца. Праўду кажучы, я хачу застацца не дзеля яе, а таму што тут шмат прывабных дзяўчат і замужніх кабет, якія пажадліва глядзяць на мяне. Жадаючы мяне спакусіць, яны пхаюць свае аголеныя грудзі прама мне ў рукі — са мною такога яшчэ не было ніколі. А Мінея напраўду была дзяўчына вельмі раўнівая і строгая, яна не давала мне цешыцца з імі, хоць і з ёй я не мог рабіць гэтага. Відаць, мне трэба папрасіць у цябе прабачэння, бо мінулаю ноччу я напіўся п'яны і абразіў цябе, хоць я не памятаю чаму, бо галава ў мяне яшчэ не дарэшты прайшла. Памятаю толькі, што нібыта клаў рукі табе на плечы і прасіў навучыць мяне танцаваць гэтак сама прыгожа, як ты, бо, напраўду, я ніколі не бачыў такіх прыгожых і ўрачыстых танцаў. Але калі я, чужаземец, і абразіў цябе, дык ад усяго сэрца прашу дараваць мне, бо я дрэнна ведаю вашы звычаі і не ведаў, што за тваёю святасць дакранацца да цябе нельга.
    Усё гэта я балбатаў, робячы няўцямны выгляд і скардзячыся на галаўны боль, пакуль жрэц нарэшце не заўсміхаўся і не паверыў, што я такі сапраўды дурны. Тады ён сказаў:
    — Ну, калі так, то не хачу перашкаджаць табе забаўляцца — у нас на Крыце, норавы вольныя. Заставайся і чакай Мінею, колькі захочаш. Толькі глядзі, каб ні адна жанчына ад цябе не зацяжарала, бо ты ж чужынец. Гэтая парада не мае на мэце цябе абразіць — я проста кажу табе пра нашы звычаі, як мужчына мужчыне.
    Я паабяцаў, што буду асцярожны і яшчэ шмат балбатаў пра тое, чаму мяне навучылі дзяўчаты ў храмах Сірыі і Вавілона, пакуль ён не ўпэўніўся, што я поўны дурань. Калі ж я цалкам яму надакучыў, ён паляпаў мяне па плячы і пайшоў да горада. Але ахоўнікаў ён, мусіць, усё-ткі папярэдзіў, каб тыя пільна сачылі за мной, а крыцянам параіў мяне пазабаўляць, бо пасля яго адыходу да мяне падышлі адразу некалькі жанчын. Яны пачаплялі на мяне вянкі і пачалі зазіраць мне ў вочы, прыціскаючыся сваімі аголенымі грудзьмі. Але я выпіў так многа, што хутка ім надакучыў, і яны пачалі мяне штурхаць, называючы свіннёю і
    варварам. Каптах, гучна праклінаючы маё п'янства, выцягнуў мяне з натоўпу і прапанаваў жанчынам забаўляць яго замест мяне. Жанчыны разглядвалі яго і ціхенька хіхікалі, а юнакі ў адкрытую рагаталі і паказвалі пальцамі на яго тоўсты жывот і лысіну. Але ён быў чужаземец, a ўсё незнаёмае вабіць жанчын ва ўсіх краях. Таму, насмяяўшыся, яны ўцягнулі яго ў сваю кампанію і пачалі абнюхваць, жахаючыся незнаёмаму паху. Зрэшты, хутка яны да яго прызвычаіліся і, ужо спакушаючы Каптаха, пачалі ласкава называць яго козлікам.
    Пакінуўшы на іх свайго слугу, я сам уцёк, бо, апроч Мінеі, думаць пра што-небудзь іншае проста не мог. Маю душу, як галодны пацук, грызла роспач. Калі ахоўнікі пасля абеду заснулі, я падышоў да брамы і знайшоў побач фортку, але адамкнуць яе без ключа было немагчыма. Тады я прыпаў да форткі вуснамі і пачаў гукаць Мінею, нягучна прамаўляючы яе імя, бо не адважваўся крыкнуць уголас. Потым ахоўнікі прачнуліся, і я, падышоўшы да іх з гарлачом віна, пачаў іх частаваць, чаму яны вельмі здзівіліся, бо на Крыце знатныя людзі нават не размаўляюць з прасталюдзінамі і жывуць так, нібы ніякіх беднякоў на свеце няма. Яны ведалі, што я чужынец, і лічылі, што я так сябе паводжу, таму што я проста дурань. Яны пілі маё віно і кпілі з мяне, размаўляючы між сабой на сваёй мове. Жрэц з храма, пазайздросціўшы, выйшаў з дома, паглядзеў на нашу кампанію, а тады далучыўся піць разам. Гэта быў стары чалавек, які ўсё жыццё пражыў у храме, вартуючы медную браму, а калі я спытаў, ці заходзіў ён хоць раз у палац бога, той жахнуўся і адказаў, што ў боскі палац могуць уваходзіць толькі пасвечаныя ды Мінатаўр, астатніх там чакае жахлівая смерць. У пацверджанне ён расказаў, што ў старадаўнія часы, калі Крыт яшчэ не быў такі магутны, піраты высадзіліся на беразе побач з храмам, захапілі стражнікаў і ўвайшлі ў палац, спадзеючыся знайсці ў ім вялікія скарбы. Але з тых, хто пайшоў першы, ніхто не вярнуўся, як не вярнуліся і тыя, хто пайшоў іх шукаць, а стражнікі чулі жахлівыя крыкі, што даносіліся з палаца. Тады піраты, якія заставаліся на беразе, так напалохаліся, што адпусцілі стражнікаў і ўцяклі на свой карабель, не асмеліўшыся нават забіць захопленую ў палон ахову. Пасля таго ніхто ўжо не спрабаваў увайсці ў палац бога. Таму жрэц лічыў, што ахоўваць яго, па сутнасці, няма патрэбы: увайсці туды ўсё адно ніхто не адважваецца. Ён завёў мяне ў сваё жытло, паказаў ключ ад форткі, ніколькі яго не хаваючы, і расказаў, што Мінатаўр, ідучы ў палац, бярэ гэты ключ з сабою, каб неўпрыкмет выйсці, калі брама за абранай дзяўчынай зачыніцца.
    Я купіў у жраца некаторыя амулеты і фігуркі быкоў, якія ён, каб неяк прабавіць час, выразаў з каменя. Ён быў гэтым вельмі задаволены, і мы пасябравалі. Кожны раз, гаворачы нешта пра цёмны палац, ён адразу сцішваў голас, і я зразумеў, што ён сам вельмі баіцца палаца, які
    ахоўвае. Ён сказаў, што і не асмеліўся б жыць у гэтым храме, калі б брама ў палац была ўвесь час адчыненая. Але чаго ён баяўся, так і не растлумачыў.
    Я не хацеў доўга ў яго затрымлівацца, каб не прыцягваць увагу, і паспяшаўся да Мінеіных сяброў, зноў пачаў піць віно і жартаваць з жанчынамі, прыкідваючыся, што моцна захоплены імі. Каптах ужо зусім сп'янеў і нешта хлусіў ім пра краіны, дзе яму давялося пабываць, а яны смяяліся, пляскалі ў ладкі і крычалі ад захаплення, як малыя дзеці. Ён расказваў, як быў вавілонскім царом і як судзіў, седзячы ў царскім крэсле, пра свае вялікія подзвігі ў царскіх жаночых пакоях, але ўсе лічылі, што гэта хлусня, смяяліся і прыгаворвалі: «У ім, напэўна, цячэ крыцкая кроў».
    Так прайшоў яшчэ дзень, і мне надакучылі ўжо і забавы, і легкадумнасць, і вольныя норавы. I тады я падумаў, што болей нуднага жыцця і ўявіць сабе немагчыма, бо капрызы, якія не ведаюць межаў, надакучваюць хутчэй, чым размеранае жыццё. Мінеіны сябры зноў гулялі ўсю ноч, і час ад часу я абуджаўся ад віску і гікання ў лесе, куды жанчыны нібыта ўцякалі ад юнакоў, а тыя, дагнаўшы ўцёклых, здзіралі з іх у цемры сукенкі. Уранні ўсе пачуваліся стомленымі і незадаволенымі ад таго, што нельга прыняць ванну, і яшчэ многія вярнуліся ў горад, а каля меднай брамы засталіся толькі самыя маладыя ды бесклапотныя.
    Але на трэці дзень ужо і яны адправіліся ў горад, і я аддаў ім насілкі, што мяне дагэтуль чакалі, бо тыя, хто прыйшоў пешшу, проста не маглі хадзіць. Яны хісталіся з боку ў бок ад недасыпу і залішніх уцехаў, а мне было важна, каб ніхто, нават насільшчыкі, мяне не чакаў. Я штодзень паіў ахоўнікаў віном, і яны да гэтага ўжо прывыклі і не здзіўляліся, калі на зыходзе дня я прыносіў новы гарлач. Яны прымалі яго з задавальненнем, бо цяпер цэлы месяц, пакуль да палаца ўрачыста не прывядуць новага пасвечанага, рабіць ім не было чаго. Іх здзіўляла хіба толькі, што я так упарта чакаў Мінею. Раней тут такога ніколі не здаралася, але ж я быў чужаземец, а таму здаваўся ім дурнем, і яны задаволена папівалі маё віно, а калі да іх далучыўся і жрэц, я шапнуў Каптаху:
    — Багі нам загадваюць зараз расстацца, бо Мінея не выйшла назад, і я не веру, што яна вернецца, калі я сам па яе не прыйду. Але ж адтуль не вяртаўся яшчэ ні адзін чалавек, то можа быць, не вярнуся і я. Табе лепш схавацца ў тым лесе, а калі я да заўтра не выйду, вяртайся ў горад. Усім, хто пра мяне спытае, кажы, што я зваліўся са скалы ў мора, пляці, што хочаш, — ты здолееш прыдумаць лепш за мяне. Але я ўпэўнены, што не вярнуся, таму можаш ісці ў горад нават цяпер. Я напісаў табе гліняную таблічку, заверыўшы яе сірыйскай пячаткай, і цяпер ты можаш паехаць у Сіміру і атрымаць там у гандлёвым доме ўсё, што належыць мне. Калі хочаш, можаш прадаць мой дом. Пасля гэтага ты
    будзеш вольны і зможаш пайсці ці паехаць, куды захочаш. А калі баішся, што цябе, як уцёклага раба, шукаюць у Егіпце, дык заставайся ў Сіміры і жыві ў маім доме і на мае грошы, як хочаш. Клапаціцца аб тым, зберажэцца маё цела ці не, ты не павінен, бо калі я не знайду Мінеі, мне будзе ўсё адно, зберажэцца яно, ці не. Ты быў мне адданым слугою, хоць часта надакучваў сваімі навязлівымі размовамі, і мне шкада, што я балюча біў цябе палкай, але спадзяюся, гэта пайшло табе на карысць, бо я рабіў гэта з добрым намерам і прашу цябе не крыўдаваць. А цяпер можаш ісці, і хай скарабей прынясе табе ўдачу. Я думаю, што там, куды я іду, скарабей мне будзе ўжо без патрэбы.