• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сінухе егіпцянін  Міка Валтары

    Сінухе егіпцянін

    Міка Валтары

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 628с.
    Мінск 2006
    179.18 МБ
    Мне не спатрэбілася доўга хадзіць па горадзе, каб упэўніцца ў праўдзівасці Каптахавых словаў. Мяне не чапалі, бо я насіў сірыйскую вопратку, але знаёмыя адварочваліся ад мяне на вуліцы. А іншыя егіпцяне хадзілі з аховай, хоць і нягледзячы на гэта іх абражалі, кідалі ў іх гнілымі
    пладамі і дохлай рыбай. Але я не лічыў гэта нечым надта небяспечным, я думаў, што сіміране проста раззлаваліся за новыя падаткі, уведзеныя фараонам, а такія хваляванні хутка міналі, бо Егіпет быў карысны Сірыі не менш, чым Сірыя Егіпту. Я думаў, што ўзбярэжныя гарады не змогуць пражыць без егіпецкага зерня.
    Таму я са спакойнай душой загадаў навесці парадак у доме і пачаў прымаць хворых, а яны, даведаўшыся, што я вярнуўся, пачалі зноў наведваць мяне, бо хвароба і боль не пытаюцца ў лекара, адкуль ён паходзіць, а пытаюцца, наколькі добрае яго майстэрства. Аднак хворыя часта спрачаліся са мной і казалі:
    — Вось ты — егіпцянін, дык скажы, ці справядліва, што Егіпет цягне з нас падаткі і тлусцее на нашай галечы, як п'яўка, што смокча нашую кроў? Прысутнасць егіпецкага гарнізона ў горадзе — таксама абраза для нас, бо мы і самі можам падтрымліваць парадак і бараніцца ад непрыяцеля. Несправядліва, што нават за свае грошы нам не даюць аднавіць муры вакол горада. Нашы правіцелі самі маглі б кіраваць намі не горш за егіпцян, якія ўмешваюцца ў каранацыю нашых цароў, хоць не павінны таго рабіць, як не павінны ўмешвацца і ў справы нашага правасуддзя. Пры святой дапамозе Ваала мы маглі б жыць квітнеючым жыццём, каб не гэтая егіпецкая саранча, што сядзіць у нас на шыі! А тут яшчэ ваш фараон навязвае нам свайго новага бога, а нашы багі праз гэта пачынаюць быць да нас меней прыхільнымі.
    Я не хацеў з імі спрачацца, але ўсё-ткі казаў:
    — Ад каго ж вы хочаце адгарадзіцца мурамі ды вежамі — ці не ад Егіпта? У часы вашых прашчураў ваш горад сапраўды быў вольны, але ж вы пралівалі кроў і бяднелі ад бесперапынных войнаў з суседзямі, якіх ненавідзіце і сёння, а вашы правіцелі чынілі такія расправы, што ні бедныя, ні багатыя не маглі знайсці рады. Сёння ж вас ахоўваюць ад ворагаў егіпецкія шчыты і дзіды, а егіпецкія законы абараняюць правы багатых і бедных.
    Але мае словы толькі іх раздражнялі, іх вочы наліваліся крывёю, ноздры раздзімаліся, і яны адказвалі:
    — Усе егіпецкія законы дзярмо, а егіпецкія багі для нас — брыдкія. I ў тое, што нашы князі былі жорсткія і несправядлівыя, мы не верым, бо ўсё гэта — егіпецкія хлуслівыя выдумкі, каб мы забыліся пра свабоду! А мы хочам, каб князі ў нас былі зноў нашымі сапраўднымі правіцелямі, і сэрца кажа нам, што ўжо лепш несправядлівасць у свабоднай краіне, чым справядлівасць у рабстве.
    Я адказваў:
    — Нешта не бачна на вас рабскага кляйма, вы тлусцееце і пахваляецеся, што вашае багацце расце, дзякуючы дурасці егіпцян. Калі б вы былі свабодныя, то рабавалі б адзін у аднаго караблі, ламалі б пладовыя
    дрэвы ў суседскім садзе і не маглі б бяспечна падарожнічаць па дарогах уласнай краіны.
    Але яны не слухалі мяне і, кінуўшы мне пад ногі свае дарункі, адыходзілі са словамі:
    — Хоць ты і носіш сірыйскае адзенне, але ў сэрцы сваім ты егіпцянін. А кожны егіпцянін — гэта прыгнятальнік і несправядлівец’. Добры егіпцянін — гэта мёртвы егіпцянін!
    Праз усё гэта мне не жылося ў Сіміры, я паціху пачаў падрахоўваць свае здабыткі і рыхтавацца да ад'езду. Апроч таго, мне трэба было сустрэцца з Харэмхебам і расказаць, што я бачыў у розных краінах. А дзеля гэтага трэба было ехаць у Егіпет. Тым не менш, я марудзім з ад'ездам, бо кожны раз, як я думаў, што мне зноў давядзецца выпіць вады з Ніла, маё сэрца пачынала пачашчана біцца. Час ішоў, настрой у горадзе мяняўся, і аднойчы з вады ў гавані выцягнулі егшецкага воіна з перарэзаным горлам. Гэта вельмі напалохала саміх сірыйцаў, яны пахаваліся па дамах, і горад заціх. Аднак чыноўнікі з егіпецкага пасольства, не знайшоўшы забойцу, нікога не пакаралі, і неўзабаве сірыйцы зноў адчынілі дзверы сваіх дамоў, пачалі гаварыць яшчэ болей адкрыта і ўжо не саступалі егіпцянам дарогу, так што тым самім даводзілася збочваць і хадзіць са зброяй.
    Аднойчы ўвечары, калі ўжо сцямнела, я вяртаўся з храма Іштар, куды часам заходзіў, як чалавек, які пакутуе ад смагі і якому ўсё роўна, з якой студні вада. Каля храмавага мура мне насустрач трапілася купка мужчын, якія, калі я іх мінуў, пачалі перашэптвацца ў мяне за плячыма:
    — А ці не егіпцянін гэта? Ці можам мы дапусціць, каб гэты абрэзаны спаў з нашымі дзяўчатамі і апаганьваў наш храм?
    Я адказаў ім:
    — Вашы дзяўчаты не звяртаюць увагі на выгляд мужчыны і яго паходжанне, яны ацэньваюць яго па вазе золата, якое ляжыць у яго ў кашальку, за што я іх зусім не асуджаю, бо хаджу проста цешыцца з імі і збіраюся рабіць гэта далей, калі захачу.
    Тады незнаёмцы закруцілі галовы ў плашчы і накінуліся на мяне, павалілі на зямлю і пачалі біць галавой аб каменны мур. Але калі яны пачалі ўжо мяне рабаваць і сцягваць адзенне, каб потым кінуць мяне ў ваду, нехта ўбачыў мой твар і крыкнуў:
    — А ці ж гэта не Сінухе, егіпецкі лекар і сябар цара Азіру?
    Я пацвердзіў гэта і паабяцаў забіць іх усіх, а целы скарміць сабакам, бо галава мне страшэнна балела і я быўтак злы, што забыўся і на страх. Тады яны адпусцілі мяне, аддалі назад вопратку і, захінаючыся плашчамі, кінуліся наўцёк, хоць я так і не зразумеў, чаго яны напалохаліся, бо мае пагрозы былі пустыя — я цалкам быў у іхніх руках.
    2
    А праз некалькі дзён да майго дома пад'ехаў ганец. Ён быў на кані, што было вялікаю рэдкасцю, бо егіпцяне ніколі не ездзяць верхам, дый сірыйцы рэдка. На конях ездзяць толькі дзікія рабаўнікі з пустэльні. Конь — жывёла высакарослая і гарачая, ён брыкаецца, кусаецца і скідае ездака, калі паспрабаваць залезці яму на спіну, — не тое што прывычны да ўсяго асёл. Нават запрэжаны ў калясніцу конь застаецца страшнай жывёлай, і ніхто не можа з ім зладзіць, апроч спецыяльна навучаных воінаў, якія ўтаймоўваюць коней, засоўваючы ім пальцы ў ноздры. Гэты пасыльны падляцеў да майго дома на кані, які быў увесь у пене, страшэнна фыркаў, і з рота ў яго цякла кроў. Па вопратцы чалавека было відаць, што ён спусціўся з гор ад сваіх авечак, яго твар быў не на жарт усхваляваны.
    Ён паспешліва кінуўся да мяне, ледзь паспеўшы дакрануцца рукой да ілба і пакланіцца ў знак прывітання.
    —	Загадай прынесці свае насілкі, лекар Сінухе, — усхвалявана прамовіў ганец, — і паспяшайся за мной, бо я прыехаў з зямлі амарэйцаў, і цар Азіру паслаў мяне за табой. Яго сын захварэў і ніхто не ведае, якая ў малога хвароба. У роспачы цар кідаецца, як леў у пустэльні, і ўсім, хто наблізіцца да яго, ламае рукі і ногі. Дык бяры свой куфэрак з лекамі і едзь за мной, іначай я перарэжу табе горла і пакачу галаву ўздоўж вуліцы.
    —	Наўрад ці твайму цару будзе якая карысць ад маёй галавы без рук, бо адна яна не зможа вылечыць царскага сына, — адказаў я. — Але я дарую табе грубыя словы, якія ты сказаў у гарачцы. Я паеду з табой не таму, што баюся тваіх пагрозаў, а таму, што цар Азіру — мой сябар.
    Я загадаў Каптаху схадзіць па насілкі і рушыў за пасланцом, адчуваючы ў душы радасць ад будучай сустрэчы з Азіру, чые зубы я некалі пакрыў золатам, — настолькі вялікая была мая самота. Але калі мы дабраліся да цясніны, маёй радасці прыйшоў канец, бо там мяне перасадзілі на ваенную калясніцу і дзікія коні паімчалі нас па камяністых горных дарогах так, што ў мяне гатовыя былі паламацца ўсе косці, і я адчайна крычаў, жадаючы ганцу, які адстаў на стомленым кані, зламаць сабе шыю.
    Калі мы пераехалі горы, мяне перакінулі ў другую калясніцу, запрэжаную свежымі коньмі, і мы зноў паімчалі так, што я ўжо не ведаў, стаю на нагах ці на галаве.
    —	Паскуднікі, нягоднікі, гнойнікі, — толькі і мог крычаць я, зрэдку на роўных участках адрываючы рукі ад поручняў, каб памалаціць вазніцаў кулакамі ў спіну. Але яны не звярталі на мяне ніякай увагі, і толькі мацней хвасталі коней ды нацягвалі лейцы.
    Такім чынам, маё падарожжа ў зямлю амарэйцаў цягнулася не надта доўга, і яшчэ да захаду сонца мы прыехалі ў горад, акружаны толькі што пабудаванымі высокімі мурамі. Па мурах хадзілі воіны са шчытамі, але нам вароты былі ўжо адчыненыя, і мы прамчалі праз горад пад крыкі аслоў, жанчын ды плач дзяцей. Нашы колы з хрустам пераязджалі гаршчкі, з трэскам раскідалі кашы з фруктамі, бо каляснічыя не глядзелі, на што наязджаюць і каго душаць.
    Калі мяне высадзілі з калясніцы, ісці я не мог: я хістаўся, як п'яны, і слугам давялося бегма несці мяне, падхапіўшы пад рукі, у палац Азіру, а рабы несліся ззаду з маім куфэркам для лекаў. Як толькі мы ўбеглі ў першы пакой у палацы, насустрач нам, равучы, як паранены слон, вылецеў Азіру. Усё адзенне на ім было падранае, галава пасыпаная попелам і па раздрапаным твары цякла кроў.
    Дзе вы так доўга бадзяліся, рабаўнікі, паскуднікі, слімакі!? лямантаваў ён, цярэбячы сваю кучаравую бараду так, што залатыя ніткі, якія абвівалі яе, ляталі ў паветры, нібы маленькія маланкі. Ён біў вазніцаў кулакамі і роў, як звер:
    — Дзе вы капаліся, паганыя нягоднікі, мой сын памірае!
    Возчыкі абараняліся і казалі:
    — Мы да смерці загналі некалькі коней і праляцелі праз горы, як птушкі. Але ў тым найперш заслуга лекара, якога мы везлі, бо ён палаў нецярпеннем вылечыць твайго сына і падганяў нас тады, калі мы ўжо знемагалі ад стомы, а як толькі рух запавольваўся, ён біў нас кулакамі па спіне, мы ніколі б нават не западозрылі, што егіпцянін здольны на такое, і можам запэўніць, што ніхто і ніколі не адольваў шлях ад Сіміры да Амарэі з такою хуткасцю.
    Тады Азіру пачаў са слязьмі горача абдымаць мяне, галосячы:
    — А ты ж праўда вылечыш майго сына, Сінухе? Ты вылечыш яго? Усё маё тады стане тваім!
    Я адказваў яму:
    — Дазволь мне хоць паглядзець на твайго сына, каб я мог сказаць, ці здолею яго вылечыць.
    Ён паспешліва завёў мяне ў вялікі пакой, дзе, нягледзячы на летнюю цеплыню, гарэла жарніца, што аж не было чым дыхаць. Пасярод пакоя стаяла калыска, у якой, заходзячыся ад плачу, ляжала не больш як аднагадовае немаўля, закручанае ў ваўняныя коўдры. Дзіцё крычала так, што яго твар ужо стаў сіня-чорны і пакрыўся кропелькамі поту. У яго былі густыя чорныя валасы, як у бацькі. 3 першага погляду не ўбачыў ніякіх прыкмет хваробы: каб дзіцё было смяротна хворае, у яго не хапіла б сілы так моцна крычаць. На падлозе побач з калыскай ляжала Кефцью, жанчына, якую я некалі аддаў у жонкі Азіру. Цяпер яна стала яшчэ болей дзябёлая і белая, яе раскошнае цела калыхалася, калі яна ў